Дэпэш Мод
Шрифт:
Музыку граюць менавіта яны, прападобны правёў сярод іх дасканалы кастынг, выбраў у асноўным студэнтаў кансэрваторыі, толькі Малы Чак Бэры паходзіў з панкаў, яго прападобны ўзяў за пачуцьцё рытму, наагул для яго асьвета не была вызначальнаю, галоўнае, каб яны добра выглядалі на сцэне, ну, там, ніякіх габрэяў, ніякіх манголаў, ні ў якім разе каб ня чорныя, карацей, сапраўдны фашысцкі ўблюдак, але народу падабаецца.
Прападобны накручвае сябе ў грымёрцы, глытае нейкія пігулкі, п’е шмат кавы без кафеіну, і ўголас рэцытуе нешта з голі бібла, прымушаючы перакладчыцу паўтараць, перакладчыца панура маўчыць, прападобнага гэта заводзіць яшчэ больш, у яго ўжо першыя прыступы божага адкрыцьця, у яго гэта як срачка, яго проста разрывае і ўсё тут. Заходзіць нехта з адміністрацыі, час, кажа, ісьці, народ ужо чакае, прападобны сёрбае зь вялікага плястыкавага кубка сваю беспантовую каву, аблівае ёю сваю беласьнежную кашулю, шыт, кажа, факін шыт, перакладчыца спрабуе перакласьці гэта чуваку з адміністрацыі, але той толькі адмахваецца. Добра, гаворыць прападобны, давядзецца зашпіліцца на ўсе гузікі, будзем як вустрыцы, або як малюскі, як васьміногі адным словам, усе мы пад богам ходзім, дадае ён і выходзіць у калідор. За кулісамі, пад самаю сцэнай, прападобны на імгненьне спыняецца, яго ўвагу прыцягвае паўнаваты юнак у пясочным касьцюме, нішто сабе юнак, думае прападобны і на хвілінку прытарможвае. «Ты хто?» – пытаецца ён, і ў закулісным сутоньні на імгненьне бліскае корпус яго наручнага гадзіньніка, Какава
Какава вырачана глядзіць на тое месца, дзе стаяў прападобны, доўга прыходзіць у прытомнасьць і на ватных нагах ідзе шукаць прыбіральню, нарэшце знаходзіць, з апошніх сіл адчыняе дзьверы, запаўзае ўнутр і пачынае бляваць. Я даўно заўважыў – калі ён нэрвуецца, калі ў яго стрэсы ці што, ён абавязкова блюе, проста бяда нейкая, калі пачынаецца сэсія, да яго лепш увогуле не падыходзіць, такі чалавек. «Госпадзе, – думае Какава, – о, госпадзе. Няўжо гэта сапраўды я, няўжо гэта сапраўды да мяне толькі што падыходзіў гэты чалавек? Ня можа быць, я, натуральна, ведаю сабе цану, у мяне добрыя сябры, у мяне мама ў бібліятэцы працуе, мяне ў Макееўцы няблага ведаюць і ў Мелавым таксама, але каб так! Ня ведаю нават, што і падумаць», – думае ён і зноў пачынае бляваць. «Як жа гэта, – думае ён адпляваўшыся, – гэта ж каму распавяду – не павераць. Скажуць, што ты вярзеш. Блін, сам сабе ня веру – жыў як жыў, сумленна рабіў сваю справу, нікому не перашкаджаў, нікога не падстаўляў, магчыма, гэта і ёсьць падзяка госпада. Інакш як, як – проста не разумею, як так сталася, што да мяне, проста да мяне, непасрэдна, вось так узяў і падышоў чалавек, У ЯКОГА НА РУЦЭ ЗАЛАЧОНЫ РОЛЕКС!!!»
Какава яшчэ раз нахіляецца і бачыць на падлозе, побач з ракавінай, стосік брашурак з казаньнямі прападобнага, ён пабожна бярэ адну, разглядае трошкі пажмяканы твар Джонсана-і-Джонсана, разглядае ролекс у яго на руцэ, і ўсьміхнуўшыся, хавае брашуру ў кішэню свайго пясочнага пінжака.
Дарагія браты і сёстры! (Дарагія браты і сёстры! – перакладае цётка ў касьцюме). Госпад маніпуляцыямі сваіх боскіх рук сабраў тут нас з вамі! (Госпад прарабіў пэўныя маніпуляцыі, – перакладае яна. – З вамі.) Так падзякуем яму за тое, што мы тут сабраліся – і вы, і я! (Таму дзякуй вам, што вы тут сабраліся, і я.) Я кажу вам, браты і сёстры, – устанем, устанем і прачытаем малітвы, у імя госпада, алілюя! (Алілюя, – не зусім разумее яго цётка.) Госпадзе, кажу я! (Ён кажа – «Госпадзе».) Паглядзі на гэтых людзей, якія тут сабраліся гэтым ранкам! (Зранку ўжо сабраліся.) Іх прывяла сюды твая боская любоў, ці не так? (Іх прывяла сюды не так любоў.) Так, Госпадзе! (Так.) Так, алілюя! (Цётка маўчыць.) Але вы можаце запытацца, чаму ты, прападобны Джонсан-і-Джонсан, гаворыш нам пра гэта, мы ведаем, усё гэта пра нас, таму лепш пакажы цуд! (Мы ведаем пра вас усё! – пагрозьліва гаворыць цётка, – можаце запытацца.)
Я хачу апавесьці вам адну гісторыю, я хачу вам паказаць на канкрэтным прыкладзе, каб вы зразумелі, што я маю на ўвазе. (Я хачу вам, напрыклад, паказаць, вы разумееце, што я маю на ўвазе.) Адна дзяўчына з паўднёвага Канэктыкуту (Адна дзяўчына з поўдня) жыла ў вялікай скрусе (жыла сабе на поўдні), яна ня мела бацькоў, ня мела сяброў, ня мела ўласнага псіхолага (яна займалася псіхалогіяй, была псіхолагам, уласным), яна зусім страціла надзею на божае адкрыцьцё, і яе дні цягнуліся бясконцай плыняй (яна ўсё страціла і цягалася без канца.) Алілюя! (Цётка маўчыць.) Аднаго разу на яе шляху трапіўся божы чалавек, пастар (у ейным жыцьці зьявіўся чалавек, мужчына) і ён сказаў ёй – сястра! (гэта была яго сястра) сястра! (яшчэ адна) спыніся, гэта кашмарна – ты сама зачыняеш дзьверы, празь якія мог бы ўвайсьці да цябе Ісус (зачыняй дзьверы, сказаў ён, да цябе можа прыйсьці кашмарны джызус.) Навошта ты гэта робіш? (Што ты для гэтага робіш?) І ён пайшоў ад яе, ён меў ужо досыць яе зьнявер’я (Стары, выяўляецца, меў яе, і ён сказаў досыць. І пайшоў.) І яна засталася адна, і дні яе далей цягнуліся бясконцай плыняй (І так яна далей цягалася, адна.) І вось аднаго разу, калі яна вярталася з пакупкамі (Аднаго разу яна такі патрапіла на шопінг) і пераходзіла вуліцу, нейкі п’яны аўтааматар ня змог як сьлед прытармазіць і зьбіў яе з ног (яна была ўжо такая п’яная, але не магла спыніцца і падала з ног, як аўтааматар), і калі яна апрытомнела ў рэанімацыі, на апэрацыйным стале (яна прачнулася на стале, ну там п’яная, брудная, у разарваным аддзеньні, шалава), пад скальпелем хірурга (на ёй ужо быў хірург), яна не змагла ўзгадаць свайго імені (яна не магла яго нават узгадаць. Ды яна ўсё забыла, яна п’яная была, алькагалічка кончаная), яна страціла памяць! Яна зусім нічога ня памятала (прапіла ўсё – і хату, і рэчы, грошы зьняла з кніжкі – таксама прапіла, знайшла хахаля, пачалі самагон гнаць), ня памятала сваіх бацькоў, свайго тату, сваю маму (тваю маму, казалі яны, што за курва падсялілася да нас у пад’езд, нам хутка электрычнасьць адключаць празь яе апарат), яна забылася на ўсё сваё жыцьцё (усё сваё жыцьцё мы тут не разгінаемся, а гэтая прашмандоўка прыйшла на ўсё гатовае, яшчэ і хахаля з сабой прывяла), і калі ўжо ўсе, нават дактары, страцілі надзею (мы табе, сука, пакажам будынак узорнага побыту і маральны кодэкс будаўніка камунізму. Мы табе, падла, ногі паадрываем. А хахаля твайго ў дыспансэр здамо, хай лечыцца), ёй раптам зьявілася божае адкрыцьцё (а то зусім абарзела сучка прывакзальная, з хахалем сваім, прашмандоўка, думае, што мы замест яе за электрычнасьць плаціць будзем, думае, яна тут самая разумная, дрэнь марская, і яшчэ гэты, хахаль ейны, ёбаны-сьмешны: здамо ў дыспансэр і кранты, ды хулі мы тут зь імі ручкаемся – зараз паклічам участковага, абрэжам драты і хахаля ейнага таксама абрэжам, знайшоўся тут – марак тарговага флоту, ёбаны-сьмешны, прыйшлі на ўсё гатовае, прашмандоўкі, блядзь), і Бог сказаў ёй (на хуй, на хуй з пляжу, дзевачка, мы ўсё сваё жыцьцё тут гарбацімся, а ты думаеш што – самая галоўная, за хахаля за свайго думаеш схавацца, за марачка? Дыспансэр па тваім марачку плача, вось што мы табе скажам, да-да – дыспансэр.) Які дыспансэр? – раптам думае Джонсан-і-Джонсан, што гэтая факін-сучка перакладае? Ён робіць паўзу, падчас якой чутны плач інвалідаў, і працягвае.
Дарагія браты і сёстры! (Дарагія браты і сёстры! – вяртаецца бліжэй да тэмы перакладчыца.) І вось Госпад кажа ёй – згадай усё (госпад кажа вам – згадайце і ўсё!), устань і ідзі! (і ідзіце сабе!), і яна пайшла (і пайшла яна), і яна спыталася дактароў (запытайце дактароў) – хто плаціў за маё лячэньне? (хто за ўсё плаціць будзе). І яны сказалі ёй – гэта цуд, божы цуд, але нехта аплаціў тваю страхоўку (страхуйце свой цуд), і нехта перадаў табе адзеньне, рэчы, і гэта другі цуд (іншая рэч, што нехта перадаў табе цуд), і нехта зьняў для цябе жытло, ты маеш цяпер дах над галавой, і гэта трэці цуд (і гэта цуд, які ўжо трэці раз у цябе над галавой.) І тады яна зразумела – вось яно, адкрыцьцё госпада, адкрыцьцё, што адкрылася ёй (і тады ў ёй адкрылася), і што гэта сам ісус дорыць ёй прасьвятленьне, зусім невялічкае, невялічкую такую палоску сьвятла, як уначы, калі вы адкрываеце лядоўню (кашмарны джызус уночы хоча падарыць ёй лядоўню, зусім такую невялічкую.) Дзеля чаго я апавядаў вам гэта, браты і сёстры? (Для чаго вам браты, сёстры?) Дзеля таго, каб вы зразумелі, што божае адкрыцьцё гэта як марскія прадукты (цётка
замучана змаўкае і пра нешта задумваецца) – галоўнае ня проста злавіць яго, галоўнае – умець яго прыгатаваць. Божае адкрыцьцё гэта як мазгі васьмінога – ты ня ведаеш, дзе яны ў яго знаходзяцца. Таму што ты падыходзіш да васьмінога, глядзіш на яго, і ты думаеш – алілюя! – дзе ў гэтага факін васьмінога мазгі? Вось жа, калі ёсьць васьміног, то павінны быць і мазгі? Але ты ня можаш дайсьці да гэтага сваім розумам, твой розум лянівы і зьнявераны, ты ня можаш вось так проста ўзяць васьмінога і зрабіць сваю справу, ты мусіш усё зьвяраць з унутраным голасам, які гаворыць табе – кінь яго, кінь, ты ня знойдзеш тут нічога, гэтая задача не для цябе. І тады ты пачынаеш сумнявацца ў сабе. Алілюя! Ты думаеш – так, я ня варты гэтага, я надта слабы і немачны, каб прайсьці гэты шлях да канца і ўва ўсім разабрацца, гэтая праца не для мяне. Я лепш адыйду ўбок. Таму што ты бачыш ягонае цела, яно такое самае, як тваё цела. І ты бачыш ягоныя вочы – яны такія самыя, як твае вочы, і ты слухаеш, як б’ецца яго сэрца, – хай будзе слаўны госпад – яно б’ецца гэтаксама, як тваё! Так хто ты такі?– Васьміног! – крычыць нехта з залі.
Які васьміног? – не разумее Джонсан-і-Джонсан, чаму васьміног? ён на імгненьне разгублена замаўкае, але не губляе хвалі і зноў дае нырца ў квяцістае пурпуровае казаньніцкае гаўно: правільна, ты – дзіцё божае! Усе мы дзеці божыя! Адкрыцьцё госпада ў кожным з нас (Кожнаму з вас, – уключаецца цётка, – на выхадзе дадуць брашурку і каляндарык з фота прападобнага), памятайма пра ўвагу ўсявышняга (дзякуй вам за ўвагу, усяго добрага, да наступных сустрэч на казаньнях Царквы Ісуса (аб’яднанай)), сустрэча зь якім нас чакае наперадзе! (да наступных сустрэч, – паўтараецца цётка. – Не забывайце свае рэчы, – дадае яна, – і забярыце адсюль гэтых траханых інвалідаў.)
Ах, як я іх зрабіў, – гаворыць прападобны Джонсан-і-Джонсан чуваку з адміністрацыі. Чувак глядзіць на яго закаханымі вачыма. Так, – паўтарае прападобны, – як я іх зрабіў. Толькі навошта я зноў пра васьміногаў вёрз, што са мной апошнім часам адбываецца? – пытаецца ён у чувака, – толькі-тка прыму вітаміны, як адразу пачынаю гаварыць пра васьміногаў. Нічога не магу з сабой зрабіць, – апраўдваецца ён, – мяне проста прэ ад гэтых чароўных істот. Вой, як мяне прэ, – радасна гаворыць ён і зьнікае ў грымёрнай.
11.00
Пакуль усе гэтыя артадоксы сёмага дня яшчэ не разышліся і прападобны, размахваючы рукамі, пакідае сцэну, Какава сядзіць на лаве і намагаецца зразумець, пра што яны там гаварылі, але да яго ня надта даходзіць зьмест прамовы прападобнага, штосьці там пра электрычнасьць і пра дыспансэр, пра васьмінога, Какава нудзіцца, лепш бы дома тэлевізар паглядзеў, – думае ён, – але тут, у дадатак да адкрыцьцяў прападобнага, вытрымліваючы драматургію агітацыйнай работы сярод абарыгенаў, у гульню ўступае «Боскі аркестар прападобнага Джонсана-і-Джонсана», сябры Какавы, на вырашальным этапе няроўнай барацьбы дабра са злом і прападобнага Джонсана-і-Джонсана з уласным маразмам. Яны граюць блюзы, клясычныя рэчы, якія патрон выбіраў для іх асабіста, інваліды ў залі пачынаюць падтанцоўваць, бізнэсмэны расшпільваюць гузікі на сваіх салатавых пінжаках, публіка ажыўляецца, прападобны ў грымёрнай радасна выцірае пот на твары, пабліскваючы ролексам, аркестар заводзіцца, яны граюць старую тэму, паступова адыходзячы ад яе, канчаткова распальваюцца і заводзяць нешта такое, чаму іх у кансэрваторыі дакладна не вучылі – «Atomic Bomb Blues», напісаны ў далёкія пасьляваенныя гады Гомэрам Гарысам, нікому тут не вядомым, нават прападобнаму Джонсану-і-Джонсану не вядомым, яго божае адкрыцьцё не залазіць на такія паўзьмежныя тэрыторыі, адкуль яму ведаць пра Гомэра Гарыса, васьміногу ёбанаму. Вось гэта Какаву падабаецца значна больш, чым казаньне прападобнага, яму тут усё зразумела, ён таксама пачынае падтанцоўваць за сцэнай і раптам чуе, як нехта проста выграбае з аркестру, валіць упоперак партытуры, Какава адразу ж пазнае гітару Малога Чака Бэры, які, відавочна, таксама злавіў сваё адкрыцьцё, і нібы гаварыў, зьвяртаючыся да натоўпу інвалідаў –
божа, калі ты мяне чуеш за крыкамі гэтай скаціны Джонсана-і-Джонсана, калі ты наагул яшчэ не абламаўся браць ува ўсім гэтым удзел, дай мне хаця б шанец, усяго некалькі фразаў, і ўсё, я хутка ўсё табе патлумачу, галоўнае, зьвярні на мяне ўвагу, я ўсё ж такі ў боскім аркестры граю, хай я нават суцэльнае гаўно ў тваіх вачах і табе сорамна за мяне, за ўсё, што я, так бы мовіць, раблю, але не адварочвайся яшчэ хаця б некалькі сэкунд, мне херова, божа, як мне херова, хто б ведаў, і граю я херова, але ўсё адно – пашлі мне хоць бы які пробліск ,калі я зразумела тлумачу, разбоўтай гэты смутак у маіх лёгкіх, у маім сэрцы і страўніку, усё гаўно, умоўна кажучы, чуеш, я прашу ўсяго толькі прасьвятленьня, мне толькі 19, магчыма, я мала чакаў, але ж я гавару толькі пра палоску сьвятла, невялічкую такую, як уночы, калі адчыняеш лядоўню, ну ты ведаеш, пра што я, каб можна было выдыхнуць усё тое, што ўдыхнуў у сябе за ўсе гэтыя 19 гадоў, хоць бы якую радасьць, божа, якуюсьці мінімальную, так каб спэцыяльна не замарочвацца, проста як-небудзь пры нагодзе, паслухай мяне, хоць бы нешта, хоць бы трошкі, ну хоць бы нешта, хоць бы якогасьці прасьвятленьня, чуеш, божа, добра? добра? ну і красоўкі, божа, красоўкі, пару красовак, ты чуеш?! ты чуеш мяне?!! ты, чуеш ты, чуеш наагул, пра што я тут гавару?!!! а??!!!!! а?!! ааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!ааааааааааааааааааааааааааааааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!
Аркестар падхоплівае гэтую хімэрную тэму, усе раптам прах а валі які клёвы чувак, гэты Малы Чак Бэры, як ён усё зьвязаў прыкольна, таму кожны намагаецца нічога не сапсаваць, Какаву даўно так не ўстаўляла, ён проста ўпаў на лаву, сядзеў забіты і слухаў, слухаў, а яны ўсё валілі і валілі, і нават калі інваліды пачалі распаўзацца і бізнэсмэны разбрыліся па тачках і прыбіральніцы рушылі зьбіраць паміж радамі пустыя пляшкі з-пад вадзяры і пакамечаныя каляндарыкі з амэрыканскім яблом прападобнага – яны і далей ніяк не маглі спыніцца. І як яны гралі! Як багі! То бок амаль не лажалі.
Уступ № 3
00.00
Мае сябры хочуць, каб зь імі лічыліся. Яны раўніва ставяцца да таго, як зь імі размаўляюць і пра што, як на іх пры гэтым глядзяць, намагаюцца зразумець, што пра іх думаюць, калі гавораць, пастаянна скандаляць, зь імі цяжка мець справу, яны нэрвуюцца ў кампаніях, калі гэта ня іхняя кампанія, іх час ад часу аднекуль выкідаюць, калі б нехта зь іх ляцеў на самалёце, яго б і з самалёта выкінулі, гэта ўжо дакладна. Я сам да такіх рэчаў раней нармальна ставіўся, але апошнім часам таксама пачынаю замарочвацца – не люблю, скажам, калі нехта забывае маё імя, вось, скажам, мы гаворым-гаворым, і раптам выяўляецца, што ніхто ня ведае як мяне завуць, навокал столькі прыдуркаў круціцца; або не цярплю, калі ў кагосьці на твары розная хуйня, ну, я маю на ўвазе не якіхсьці там цыклопаў аднавокіх, вядома, проста калі ў некага твар парэзаны пасьля галеньня, або кроў на вуснах, або іншыя рэчы – не люблю, па-мойму, гэта непавага – хадзіць з такой брыдотай на твары, ня ўмееш галіцца – сядзі дома, утыкай ў тэлевізар, або займіся чым-небудзь карысным, не – абавязкова расхуячыць сабе пысу якім-небудзь станком, перастрэне цябе на вуліцы і давай грузіць нікому не патрэбнымі рэчамі, не памятаючы, да таго ж, як цябе завуць. Або не люблю касмэтыку, жахлівая рэч – касмэтыка, агрэсыўная і дрэнна пахне, парфуму цярпець не магу, піць яшчэ ладна, але так – не разумею, розныя бранзалеткі, завушніцы, значкі – ува ўсім гэтым ёсьць непавага, ва ўсялякім разе мне так здаецца. Раней я спакойна ставіўся да такіх рэчаў, наагул – раней я шмат рэчаў проста не заўважаў, жыцьцё такая прыкольная штука – чым далей заплываеш у яго акваторыю, тым больш гаўна плавае наўкола, плавае і ня тоне, але зь іншага боку так і цікавей.