Дэпэш Мод
Шрифт:
Сяброў у мяне досыць шмат, гэта нават не кампанія, хутчэй такі дружны калектыў сымулянтаў, што кідаюць усіх вербавальнікаў і працадаўцаў, мы жывем у некалькіх суседніх пакоях на адным паверсе, сьпім упокат, я нават ня ўсіх ведаю, сапраўдны сябар тут адзін – Вася Камуніст, іншыя – публіка больш-менш выпадковая, хоць яны таксама нашыя сябры, яны то зьяўляюцца, то зьнікаюць, час ад часу іх набіваецца на нашым паверсе больш як дзесяць, іншым разам я сам па некалькі сутак блукаю па калідорах, вылажу на дах і гляджу навокал. Нам усім па 18 – 19, пераважную большасьць маіх сяброў павыганялі ўжо з вучобы, яны цяпер або беспрацоўныя, або займаюцца нікому не патрэбнымі рэчамі, напрыклад, Сабака Паўлаў – я ніколі ня мог зразумець, чым ён напраўду займаецца. Бацькі ў Сабакі Паўлава габрэі, але на сябе ён гэта не пераносіць, гаворыць, што бацькі гэта бацькі, а ён – гэта ён, і больш за тое – Сабака Паўлаў гаворыць, што ён пр а вы. Адпаведна, з бацькамі ён не жыве, гаворыць, што ня можа жыць з жыдамі, тусуецца па знаёмых, часам завісае ў нас на тыдзень-другі, яшчэ ў яго ёсьць бабуля, відаць, не габрэйка, бо ў яе ён таксама іншым разам спыняецца. Час ад часу ён цягае ў бабулі з сэрвантаў розную антыкварную парцаляну і прадае яе на барахолцы, на атрыманыя грошы панакупляе ў аптэчных кіёсках каля рынку розных пігулак і ідзе да нас. Тады мы наагул не выходзім з пакою па некалькі дзён, хіба што
Сабак ідэйна не працуе, лічыць, западло, гаворыць: «Мне западло працаваць на іх», ён наагул лічыць, што ў нашай рэспубліцы адбыўся пераварот і да ўлады прыйшлі габрэі, жыды – кажа ён, – паўсюль жыды; я ў прынцыпе лічу, што ён дарэмна так гаворыць, але працаваць таксама не хачу. Ня так даўно, праўда, нашы сябры – рэкламнікі Вова і Валодзя – уладкавалі Сабаку да сябе ў газэту, у аддзел рэкламы, кур’ерам, Сабака доўга вагаўся, прыходзіў да нас на паверх, блукаў па кухні, называў Вову і Валодзю жыдамі і вагаўся. Нарэшце адважыўся і пайшоў працаваць. Прапрацаваў дзён дзесяць. Некалькі дзён таму зьнік разам зь нейкай карэспандэнцыяй, Вова і Валодзя прыяжджалі да нас, але мы нічога ня ведалі, тэлефанавалі бацькам, тыя таксама ня чулі пра свайго сына-Сабаку паўтары гады, здаецца, гэта іх задавальняла, нават да бабулі паехалі, бабуля іх не пусьціла, глядзела праз напаўадчыненыя дзьверы і не разумела, што ад яе хочуць, здаецца, Сабака да рэшты замардаваў старую, паспрабуйце, пажывіце з унукам, які на сьняданак спажывае спачатку вадзяру, а потым ужо ўсё іншае. Адным словам, Сабака зьнік і нашы сябры-рэкламнікі пагражалі зрабіць зь ім штосьці страшнае ў тым выпадку, калі ён знойдзецца: «Так і перадайце Сабаку, – казалі яны нам, – яйцы адарвем». Я сумняваўся, што такім спосабам можна было заманіць Сабаку назад у рэдакцыю, але абяцаў перадаць. Мне ня цяжка. Вову і Валодзю мы не далюблівалі, але цярпелі, яны вучыліся на гістарычным, і як большасьць выдатнікаў з гістарычнага, супрацоўнічалі з кдб; кдб, я думаю, моцна пацярпела ад прысутнасьці ў сваіх шэрагах двух даўнаў – Вовы і Валодзі, але парадак ёсьць парадак, я так думаю, інакш для чаго б іх трымалі ў штаце. Вова і Валодзя, вядома па пратэкцыі кдб, ужо на першым курсе ўладкаваліся ў рэклямны аддзел адной зь першых харкаўскіх незалежных газэт, газэта іхняя працавала ад нейкага фонду дэмакратычнага разьвіцця, рэдактар – підар-праныра – выбіў з амэрыкосаў салідны грант, і яны запусьцілі ў сьвет сваю незалежную газэту, аднымі зь першых пачалі друкаваць на вокладцы голых цётак, а ў сярэдзіне – шырокія праграмы тэлеперадач. Акрамя гэтага, пастаянна гналі на савок, можна сказаць, што за грошы амэрыкосаў палівалі гаўном нашу савецкую бацькаўшчыну, нашу маладосьць, можна сказаць, я не любіў гэтую газэту, хаця цёткі на вокладцы мне падабаліся. Вова і Валодзя працавалі, як я ўжо сказаў, у рэкламным аддзеле, ня ведаю, як яны там працавалі, напэўна, дрэнна, бо традыцыйна раз ці двойчы на тыдзень яны заяжджалі да нас, напіваліся вадзяры і біліся між сабой. Наагул яны сябравалі, а як напіваліся, выходзілі незаўважна ў калідор і пачыналі мачыць адзін аднаго, прычым па-сапраўнаму, бяз дурняў, з выбітымі зубамі, з саплямі і сьлязамі на фэйсах. Так што якія зь іх маглі быць кадэбісты – ня ведаю. Мы іх спачатку разводзілі, а потым глядзім – ну, хулі, б’юцца пацаны і няхай сабе. Можа, у іх, у гісторыкаў, так прынята, можа, ім кдб за гэта даплочвае, чаго лезьці.
Яшчэ з намі на паверсе жыве Ваха. Ваха – грузін, хоць Сабака яго таксама называе жыдом. У Вахі свой бізнэс – каля кальцавой, на самым выездзе з гораду, зусім блізка ад нас, у яго стаіць некалькі кіёскаў, у якіх працуе некалькі наложнікаў. Наложнікі жывуць ў адным з кіёскаў, зьбіраюцца там на ноч, узімку распальваюць вогнішча, аднаго разу ледзь не спалілі кіёск, добра, што ён быў жалезны, проста паапякаліся, але выжылі. Ваха мае цэлых два пакоі – у адным ён жыве, а ў іншым трымае кантрабанду, розныя там чакалядкі, колу, гераін і чупа-чупсы. Мянтуры ён плоціць, вахцёрам таксама, нас не чапае, так што Ваха – пазытыўны герой, дакладна пазытыўны, інакш ня скажаш. Нам ён прадае непалёную вадзяру, хоць і ня робіць зьніжак. Сабаку Ваха баіцца, і калі той прыходзіць да нас, зачыняецца ў адным са сваіх пакояў, я сабе ўяўляю, як ён у гэты час пералічвае пацёртыя банкноты і заглытвае залатыя манеты, каб габрэй-антысэміт Сабака Паўлаў не адабраў у яго чаго-небудзь.
Далей па калідоры, недзе ў яго нетрах, жыве Какава – данбаскі інтэлігент. То бок, яго мама працуе ў бібліятэцы на нейкай шахце. Какава тоўсты, і мы яго ня любім, ён, наадварот, цягнецца да нас, ну, у яго і выйсьця, па вялікім рахунку, іншага няма, хто стане вадзіцца з данбаскім інтэлігентам. Хаця ў яго ёсьць яшчэ нейкія знаёмыя ў горадзе, акрамя нас, нейкія музыканты, вядома ж такія самыя піжоны, як і Какава, калі ён зь імі сустракаецца, то прыпаўзае дадому на рагах, накачаны партвейнамі, і завальваецца спаць. У Какавы ёсьць пясочны касьцюм, у якім ён падобны да сапраўднага мудака, ён яго амаль ніколі не здымае, ледзь ня ў душ у ім ходзіць, калі накачваецца партвейнамі і прыпаўзае дадому, завальваецца ў ложак проста ў гэтым касьцюме, шматфункцыянальная штука выходзіць – касьцюм данбаскага інтэлігента. Прычнуўшыся, Какава выходзіць на кухню і назірае, хто там што сабе гатуе, нюхае паўфабрыкаты і размаўляе на ўсялякія адцягненыя тэмы – неапахмелены, тоўсты, у мятым піжонскім касьцюме.
Яшчэ ўвесь час недзе побач жыве Марак – адбіты чувак з парваным правым вухам, кажа, што вуха яму пракусіў сабака, Паўлаў? – перапытвае абавязкова хто-небудзь, такі нібы жарт, Марак нейкі богабаязны ці проста тармазнуты, нават ня ведаю як патлумачыць, ён, скажам, мыецца толькі ўначы, гаворыць, што ня хоча, каб яму перашкаджалі, перашкаджалі што? пытаюся я ўвесь час, Марак чырванее, але працягвае мыцца толькі ўначы, такі вось чувак.
Зь іншых сяброў можна ўзгадаць хіба што Карбюратара, так, Сашу Карбюратара, таксама майго добрага прыяцеля, Саша прыехаў аднекуль з памежжа, хоць яно тут паўсюль, гэтае памежжа, Саша, уласна, прыехаў насуперак бацькоўскай волі, выяўляецца, і такое бывае, у яго дома засталіся мама і айчым, Саша скончыў курсы кіроўцаў, мае сапраўднае пасьведчаньне кіроўцы і хоча з часам адкрыць якую-небудзь кантору па перавозцы грузаў, ну, там купіць сабе катафалк і вазіць, скажам, мэблю, ён наагул з жарсьцю ставіцца да тэхнікі, калі вы разумееце, пра што я. Аднаго разу ён нават купіў сабе падручнікі са схемамі й апісаньнямі аўтамабіляў і спрабаваў ва ўсім гэтым разабрацца. Пачаў ён, як ня цяжка здагдацца, з карбюратараў. Пасьля гэтага падручнікі зьніклі, я сабе так разумею, што іх проста нехта прапіў, чаго дабру прападаць. Наагул, Карбюратар мае такую здольнасьць – трапляць ў гаўно, не для яго прадрыхтаванае.
Ну, усіх астатніх я і сам ужо ня надта добра ведаю, зьяўляюцца розныя героі коміксаў час ад часу, але прасачыць, хто яны і для чаго зьяўляюцца ў нашым жыцьці, вельмі цяжка, так – прыходзіць які-небудзь, умоўна кажучы, Іваноўскі – хімэрны тып, калі не сказаць ёбнуты, і, ўласна, гэта ўсё, што пра яго можна сказаць. Фактычна ўсё.
Добрая, ад веку галодная, кампанія, якую незразумела што трымае разам, бо ў прынцыпе, усе адно аднаго недалюбліваюць, ну, але, гэта яшчэ не прычына,
каб ігнараваць здаровыя стасункі. Рабіць нам, па вялікім рахунку, няма чаго, хоць у кожнага сваё стаўленьне да рэчаіснасьці, у нашым веку яно зводзіцца да нейкіх простых прымхаў і жаданьняў – там, патрахацца, я нават ня ведаю, што яшчэ. Жанчыны нас ігнаруюць, нават прасталыткі з кальцавой, мы час ад часу ходзім паглядзець на прасталытак, так, нібыта экскурсіі, бясплатныя атракцыёны, грошай у нас, вядома, няма, таму мы проста зь імі тусуемся, клянчым цыгарэты, апавядаем розныя гісторыі з жыцьця, перашкаджаючы ім, адным словам, зарабляць цяжкі хлеб прасталыткі. Але яны да нас ставяцца няблага, там, на кальцавой, яны не асабліва каму і патрэбныя, таксама, як мы, і ім, і нам не хапае бабак і любові грамадства, і яны, і мы перажываем гэтае мокрае дажджыстае лета ў пустым харкаўскім прыгарадзе, зарослым травой і залепленым рэкламай, фантастычнае месца, фантастычныя прасталыткі, фантастычнае жыцьцё. Гомасэксуалізмам мы не займаеся, але ўсё да гэтага ідзе.7.00
Галоўнае, што яны ўсё правільна падлічылі, у такіх выпадках нешта недзе не дадумаеш – абвязкова пападзеш, тут усё ня так проста, калі пачынаеш рабіць свой бізнэс, нешта там прадаваць, найперш падумай, няхай ты нават бяспройгрышнымі, на першы погляд, фішкамі займаешся, усё адно лепш перастрахуйся. Адна рэч, калі маеш справу, скажам, з акцыямі або з пераразьлікамі, ну, карацей, калі бабкі табе ў рукі не трапляюць, тут яшчэ за цябе нехта можа ўсё падлічыць, ты толькі і маеш выконваць, што там ад цябе патрабуецца, і не займацца расьпізьдзяйствам на рабочым месцы. Іншая рэч, калі ты працуеш з жывымі бабкамі, з чорным, бля, налам, і за табой не стаіць кантора, калі апынаешся сам-насам, без аніводнага пасярэдніка, з жывой грашовай масай, вось тады лепш падумаць, інакш дзе-небудзь абавязкова ўляціш, гэта ўжо без варыянтаў. Колькі разоў даводзілася бачыць, як цалкам нармальныя людзі хапаліся за адпачатку лажовыя рэчы, адпаведна гарэлі разам з рэшткамі фінансавага дабрабыту і павагі супольнасьці, бізнэс сярэдняй рукі – жахлівая штука, адзін толькі няправільны крок, і ўжо маеш паяльнік у дупе, такое вось першаснае нарошчваньне капіталу ва ўмовах посттаталітарнага грамадства.
Яны і мне спачатку прапаноўвалі ўвайсьці ў долю, але я чамусьці адмовіўся, ня ведаю, нешта мяне насьцярожыла, нават ня ведаю, што – зьнешне ўсё выглядала сур’ёзна, мой сябра Вася Камуніст, добры хлопец, рэдкаснай душы пахуіст, у нейкі момант заламаўся жыць на гарэлцы з гарбатай з пастаяннымі перабоямі і ўсё падлічыў, выходзіла нібы зграбна: яны скідваюцца на чатырох, едуць у Расію, купляюць там на ўсе бабкі дзьве скрыні вадзяры, калі купіць у нас даляры і памяняць іх у Расіі, яны акурат выйгравалі на курсе, тым больш, калі бярэш оптам, ну, дзьве скрыні гэта не опт, але каго гэта хвалюе. У Расію і назад яны дабіраюцца электрычкамі, на квітках эканомяць, у дарозе харчуюцца ўсё той жа вадзярай, прывозяць яе назад і сплаўляюць на вакзале за падвойны кошт, потым зноў едуць у Расію і купляюць чатыры скрыні вадзяры, такім жа чынам прывозяць яе назад і таксама сплаўляюць, гэта зойме трохі часу, але за пару начэй на Паўднёвым вакзале горада Харкава можна прадаць што заўгодна, нават душу, калі яна ў цябе ёсьць, пасьля гэтага пачыналася найцікавейшае – яны едуць яшчэ раз, апошні, і на ўсе бабкі купляюць восем скрыняў вадзяры, перавозіць яе трохі рызыкоўна, але паспрабаваць можна, у выпадку чаго адкупіцца ад мытнікаў можна будзе той жа вадзярай, хоць і шкада.
І вось, – казалі яны мне, – у нас выходзіць па дзьве скрыні вадзяры на рыла, уяўляеш? Ну, – кажу, – і што? І мы, – гаварылі яны з прыдыхам, – іх прабухваем!!! Што, усе восем скрыняў? Так! Не агораем, – кажу. Хуй, – кажа Вася Камуніст, – дні за тры агораем, дакладна агораем. Я ўявіў сабе гэтыя тры дні і адмовіўся.
Вася сапраўды ўмее такія рэчы сур’ёзна правярнуць, я яго разумею ў прынцыпе, што яму губляць, гэта ягоны шанец хаця б некалькі дзён ня мець перабояў з харчовым кошыкам, які, у ягоным выпадку, складаецца амаль выключна зь лікёра-гарэлачнай прадукцыі, уласна гарэлачнай, прычым тут лікёры. Ён набірае скаўтаў, падгаворвае Марака, Марак пагаджаецца досыць хутка – чаго б і не паехаць, кажа, у горадзе яму рабіць няма чаго, ім нават міліцыя не цікавіцца, таму што жыве Марак без прапіскі, як і належыць сапраўднаму марскому воўку, уночы хаваецца ў д у шы, удзень адсыпаецца, пра яго існаваньне наагул мала хто ведае, майскі дзембель, адным словам, яшчэ да іх прыстаюць два нейкія чувакі невядомага сацыяльнага паходжаньня й адміністратыўнага падпарадкаваньня, Вася ўсю ноч зь серады на чацьвер праводзіць сярод іх агітацыйную работу, кажа, што ў Расіі зараз можна амаль за нішто скупіць ледзь ня ўсё, хоць танкі празь мяжу пераганяй, але танкаў яны ня хочуць, яны хочуць вадзяры, таму плян усім падабаецца, я б таксама пагадзіўся, я ўжо казаў, ды не склалася. І вось на раніцу яны такі зрываюцца ехаць за сваімі прымроенымі сінімі птушкамі дэмпінгавага алькаголю, скідваюцца ў каго колькі ёсьць, але ў іх не хапае нават на марозіва.
Трэба нешта прадаваць. Нехта з кампаніі прыцягвае фотаапарат, вось, кажа, фотаапарат, а не шкада? пытаюць яго, не, усё нармальна, кажа ён, усё адно фатаграфаваць няма каго, сапараўды, пагаджаюцца ўсе, што тут фатаграфаваць, сам Вася дастае аднекуль заныканы бінокль, я, напрыклад, ня ведаў, што ў яго ёсьць бінокль, хоць мы і сябры, такая вось штука. Ну, і застаецца цяпер камусьці ўсё гэтае непатрэбства прадаць. У прынцыпе, – думае Вася, – прадаць можна было б Мараку, ён лох, ён бы купіў. Але Марак у долі. Можна прадаць Какаву, Какава таксама лох, і ён ня ў долі. Але Какава ня толькі ня ў долі – ён наагул зьнік, яго ўжо некалькі дзён ніхто ня бачыў. І тут нехта згадвае пра Ваху, правільна, – кажа Вася, – Ваха – грузін, грузіны любяць оптыку, праўда? – недаверліва перапытвае нехта з кампаніі, ну, канешне, – кажа Вася, – канешне: усе грузіны любяць оптыку, і яны ідуць да Вахі і знаходзяць яго ў адным зь ягоных кіёскаў, кажуць, тыпу, Ваха, оптыку возьмеш?
Але Ваха гэтым прахалодным чэрвеньскім ранкам не зусім сябруе з галавой, ён па вушы завяз ва ўласным канабісе, які ён зь вечара паліць ва ўласным зноў жа кіёску разам з наложнікамі, таму ў Вахі пачынаюцца жахі, якую оптыку, камандзір? – пытаецца ён, – чаму оптыку? Вася дастае з пакета стары бінокль без матузкоў і амаль не ўжываны апарат «ФЕД 5» у рыпучым скураным футляры, вось, кажа Ваху, бяры, не пашкадуеш, тавар харошы. Але Ваха перапужаны і з кіёску не выходзіць, сядзіць там разам з наложнікамі і глядзіць на Васю скрозь цесную амбразуру, але Вася яму ўсьміхаецца па-сяброўску і астатнія скаўты таксама ўсьміхаюцца, хоць і трохі напружана, і Ваха раптам думае – бля, думае ён, бля, што я раблю, чаму я тут сяджу, якая зараз гадзіна, што гэта за мудакі стаяць перада мной, і галоўнае – чаму яны зь біноклем?!! Але нейкія галасы яму нешта нашэптваюць, і ён такі выпаўзае вонкі і бярэ ў свае непаслухмяныя рукі аптычную прыладу, яго адводзяць трошкі ўбок, каб ён меў на што паглядзець, на вуліцы пуста, паветра наўкола кіёскаў пахне канабісам і дажджом, Ваха глядзіць у бінокль і са сьвятым трымценьнем разглядае запоўненыя ціхія аўтастаянкі, канцавую трыццаць восьмага, некалькіх прасталытак на перакрыжаваньні, і далей па коле – недаробленую дзевяціпавярхоўку, што выпаўзае аднекуль з балота, і так павярнуўшыся вакол уласнае восі, ён раптам натыкаецца ўзброеным вокам на ўласны зноў жа кіёск, і перад яго затуманенымі вачыма раптам рэзка ўзнікае надпіс «ЧП ВАХА», ні хуя сабе, думае ён, гэта ж я, і тут яго прапірае канчаткова...