Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

А першай ночы Васю ледзь не пераехаў дзяжурны трамвай. Кіроўца толькі ў апошні момант бачыць, што на рэйках нешта ёсьць, сабака, думае кіроўца, і вырашае давіць, але ўсё ж пасьпявае заўважыць, што не – не сабака, які сабака, сабакі вадзяру з горла ня глушаць, пасьпявае прытармазіць, выбягае з трамвая і знаходзіць на рэйках п’янага Васю. Ты што – дэбіл? крычыць ён, я ж цябе, бля, ледзь напапалам не разьдзяліў. Прабач, кажа Вася, я ад цягніка адстаў, на, вось, вадзяры, кіроўца бярэ, добра, кажа ён сам сабе, ад стрэсу трошкі можна, і сядае каля Васі. Так яны і сядзяць сабе на рэйках, нават не размаўляючы, сядзяць, маўчаць, не перашкаджаюць адзін аднаму – рэйкі шырокія, месца ўсім хопіць, пачынае накрапваць дробны дождж, ладна, кажа нарэшце кіроўца, паехалі, я цябе магу да парку падкінуць, там неяк дабярэшся, дзякуй, кажа Вася, але квіток купіш, у нас тут кантралёры на лініі, якія кантралёры? дзівіцца Вася – ноч на двары, ага, абражаецца кіроўца, прызвычаіліся без квіткоў езьдзіць, ладна, мне час ехаць, і яны залязаюць у

халодны трамвай і едуць у парк, па дарозе сапраўды падсажваецца кантралёрка, падыходзіць да Васі, той хоча заплаціць ёй, лезе ў кішэню, але знаходзіць там толькі тоўсты пачак расійскіх рублёў, вытаргаваных у гуцулаў, і ўсё, і больш нічога, вось, кажа ён кантралёрцы, вазьміце. Што гэта? – пытаецца тая, грошы, – гаворыць Вася, якія гэта грошы? гэта брудныя грошы, – гаворыць Вася, – брудныя. Вазьміце іх, калі ласка. Але кантралёрка раптам кажа: ні фіга – мне гэтыя грошы не патрэбныя, давай нашыя. Ды дзе я іх вазьму? – стомлена адбіваецца Вася. Бяры дзе хочаш, – жорстка гаворыць кантралёрка. Я ад цягніка адстаў, – кажа Вася, але кантралёрка не рэагуе. Ну, хочаце, я вам вадзяры дам? Не, – адмаўляецца кантралёрка, не хачу. Як гэта? – зьдзіўляецца Вася.

«Што тут скажаш, – думае ён. – Ні квітка ўзяць, ні штраф заплаціць, няпруха, адным словам». Ён выходзіць з трамваю, сядае на рэйкі і дастае другую пляшку. Мокрыя бліскучыя рэйкі раўнамерна цягнуцца ад яго ў абодва бакі бясконцасьці, менавіта гэта, па вялікім рахунку, і мірыць яго з рэчаіснасьцю.

Уступ №4

22.00

Калі я стану дарослым і мне будзе 64, я абавязкова ўзгадаю ўсё гэтае марнатраўства, хоць бы дзеля таго, каб спраўдзіць, ці ператварыўся і я ў такую маларухомую худобу, якая толькі і можа што перажоўваць нікелевымі сківіцамі запасы хаўкі, нарыхтаваныя для доўгай палярнай зімы. Як я буду пачувацца ў 64? Ці будуць мяне таксама ненавідзець усе гэтыя дзеці вуліц і супэрмаркетаў, як сёньня я ненавіджу ўсіх, каму за 40 і хто пасьпеў ужо акапацца на зялёных пагорках гэтага жыцьця, акурат зь яго сонечнага боку? І як я сам буду ставіцца да іх? Што трэба рабіць цягам жыцьця са сваімі мазгамі, каб яны наскрозь не пратухлі і не ператварыліся ў сьлізкую масу водарасьцяў, непрыдатных нават для харчовага ўжываньня? Падазраю, калі я нешта пра гэта і даведаюся, дык менавіта ў свае 64, і тады штосьці мяняць мне ўжо не захочацца. Што зь імі з усімі робіцца, яны, вядома ж, таксама пачыналі як нармальныя вясёлыя жыхары нашых гарадоў і вёсак, ім, натуральна, падабалася гэтае жыцьцё, не маглі ж яны адпачатку быць такімі дэпрэсіўнымі ўёбкамі, якімі яны зьяўляюцца цяпер, у свае 50-60. Тады з чаго пачыналася іхная пэрсанальная вялікая дэпрэсія, дзе яе карані? Пэўна, гэта ад сэксу ці ад савецкай улады, іншага тлумачэньня асабіста я не знаходжу. Я люблю разглядаць старыя фотаальбомы з карткамі 40-50 гадоў, дзе гэтыя чувакі, вясёлыя і коратка стрыжаныя, абавязкова ўсьміхаюцца ў камэру, у вайсковых або пэтэвэшных формах, з простымі і патрэбнымі ўсім рэчамі ў руках – разваднымі ключамі, фугаснымі гранатамі, ці на крайняк – макетамі самалётаў, дзеці вялікага народу, сьцяганосцы, бляха-муха, куды гэта ўсё падзелася, савок выціснуў зь іх усё людскае і ператварыў у паўфабрыкаты для дзядзькі сэма, вось што я думаю. Ва ўсялякім разе я ўвесь час заўважаю, зь якой нянавісьцю і агідай яны глядзяць на ўласных дзяцей, яны плююць на іх, адлоўліваюць у глухіх калідорах нашай бязьмежнай краіны і хуячаць па нырках цяжкім кірзавым ботам сацыяльнае адаптацыі. Вось такая вось рэч.

19.00

Калі перад табой столькі дзьвярэй, ты ніколі ня ведаеш, у якія менавіта табе трэба зайсьці, – думаю я, стоячы перад тралейбусам. Гэта ўжо трэці ці чацьвёрты, якія я прапускаю, я ніяк не магу сканцэнтравацца і вырашыць, што канкрэтна мне трэба і для чаго. То бок, куды я маю паехаць і хто мяне там чакае. Неяк неспадзявана я застаўся адзін, без сяброў і знаёмых, без настаўнікаў і гуру, і толькі пасажыры, што стаяць тут поруч са мной, на канцавой, пад дажджом, запіхваюцца ў тралейбусы, і я ім, здаецца, перашкаджаю. Ва ўсялякім разе глядзяць яны на мяне непрыветна, гэта ўжо дакладна. І вось, калі я ўжо больш-менш вырашаю, чаго хачу, за маёй сьпіной узьнікаюць дзьве постаці ў плашч-палатках і пагонах і забіраюць мяне з сабой, я спачатку вырашаю ўскочыць у пусты тралейбус, ну, але гэта дакладна быў ня мой маршрут і ня мой дзень – мяне схапілі за рукі і пацягнулі праз плошчу.

19.30.

Выглядае, як казарма. І пахне, як у казарме, дарэчы, чым тут напраўду пахне? Тушонкай, ва ўсіх казармах пахне тушонкай і дэзэртырамі, доўбанае гарматнае мяса, вось чым тут пахне. У шкляной будцы сядзіць вартавы з абрэзаным калашом, чытае парнуху і жарэ кансэрвы, выцягваючы іх са слоіка раскладной лыжкай. Калі мы зайшлі, ён нават не варухнуўся, вось што значыць баявая выпраўка і жалезныя нэрвы. У калідоры вісіць некалькі вялікіх лямпаў, праўда, сьвятло ня надта яркае, але ў мяне паўгадзіны ўжо цякуць сьлёзы, я амаль нічога ня бачу, так што лямпы мяне сьлепяць, я нават не магу разглядзець што там за кансэрвы жарэ вартавы. Ён нас моўчкі прапускае, і яны нават не вітаюцца адзін з адным, чмошны народ – сяржанты, чмошны і суворы, як фіны альбо лапландцы. Яны мяне проста ненавідзяць, ублюдкі фашысцкія, сядзяць тут, жаруць сваю тушонку, я б зараз ужо дома быў, калі

б ня гэтыя лапландцы. З выгляду нармальныя чувакі, магчыма, на некалькі гадоў старэйшыя за мяне, у іншых абставінах мы маглі б пасябраваць, хадзілі б на футбол, у кіно, я ня ведаю, што там яшчэ робяць сябры, ну, але людзі вельмі псуюцца, варта ім толькі абматацца службовымі анучамі, магу толькі ўявіць, што зь імі далей будзе, гэта ж так проста ня скончыцца, яны ж самі павінны разумець такія рэчы, лапландцы гэтыя.

19.15

Так, пацан, – кажа адзін зь іх, відавочна, старэйшы, або нахабнейшы. – Альбо ты ідзеш далей, альбо мы зараз цябе заб’ем. Пачакайце-пачакайце, – кажу я, – вы не разумееце – у мяне ўсё нармальна, давайце я сапраўды пайду, але ў іншы бок, туды, куды я ўжо ішоў. Куды ты ішоў? – крычыць старэйшы, ты захрас у дзьвярах, людзі зайсьці не маглі. Сур’ёзна? – пытаюся. – Ну, мяне, вядома ж, падштурхнулі. Хто цябе штурхаў? – крычыць той самы. – Ты проста пад колы кінуўся, а потым у дзьвярах захрас. Добра-добра, – кажу я, – давайце я пайду туды і яшчэ раз паспрабую, добра? І я напраўду спрабую вызваліцца зь іхных абдоймаў, і ўжо тады яны пачынаюць мяне біць. А калі і гэта не дапамагае, то проста дастаюць балончыкі і шчодра паліваюць мяне чаромхаю, адварочваючыся пры гэтым. Пэўна, гэты пах ім не падабаецца.

22.30

І ты, блядзь, ты – які ад прыроджанага алькагалізму і шырокай душы яшчэ ўчора рабіў цалкам вар’яцкія рэчы – ты раптам згодны падтрымаць якія заўгодна рэпрэсіі і карныя апэрацыі, ты валяешся дома, чытаеш крымінальную хроніку і балееш не за сумленных у сваім вар’яцтве маньякаў, а за генэралаў стаўкі і касталомаў з асаблівых аддзелаў, стары рэакцыйны ўблюдак, што забыўся на церпкі пах руус. Менавіта так і пачынаецца фашызм – учорашнія байцы нябачнага фронту раптам ператвараюцца ў тлустае апірышча для антыгуманных эксперыментаў з рэчаіснасьцю і сьвядомасьцю, тыя, хто толькі ўчора вярнуліся з франтоў і акопаў пераможцамі, ужо празь нейкія дзесяць-пятнаццаць гадоў раптам ператвараюцца ў фашысцкіх сьвіней, вось ў чым найвялікшая таямніца цывілізацыі, грамадства пажырае самое сябе, яно цяжэе й асядае пад цяжарам сылікону, якім само сябе і накачвае.

19.45

– Так, – кажа адзін з фашыстаў, – даставай, што там у цябе ў кішэнях.

– Не магу, – адказваю. – Спачатку наручнікі здыміце.

– Не выёбвайся.

– Ну, хаця б часова здыміце, я дастану, а потым вы зноў іх надзенеце.

– Ну да, мы іх здымем – а ты зноў уцякаць. Давай выцягвай, а то па галаве дамо.

– Вы ня маеце права мяне біць, – кажу я фашыстам. – Я дэкану патэлефаную.

– Гэта мы зараз дэкану патэлефануем, – кажуць фашысты.

– Не, гэта мой дэкан, так што тэлефанаваць яму буду я.

– Менш пізьдзі, – гавораць яны.

Да, размова нешта ня клеіцца. Цікава, дзе ў іх тут газавая камэра, я ўсё яшчэ дрэнна бачу. Да таго ж газ, накладзены на выпітае мной, складае нейкія вясёлкавыя камбінацыі ў галаве.

– Зараз мы цябе сфатаграфуем.

– Гэта яшчэ навошта? – пытаюся я.

– На памяць, – сьмяюцца фашысты.

– А дзе тут у вас газавая камэра? – пытаюся я.

– Што? – не разумеюць яны.

– Ну, камэра, – кажу я. – З газам.

– Ага, – кажуць яны. – І з душам. Зараз будзе.

Зараз яны мяне расстраляюць, – думаю я. – Ублюдкі фашысцкія. І тут у пакой заходзіць тоўсты капітан, у сэнсе, не капітан карабля, гадоў пяцідзесяці, з рэшткамі сумленьня ў вачах і рэшткамі бутэрбродаў на кіцелі. Я зразумеў, што гэта мой шанец і вырашыў за яго трымацца, ну, не за кіцель, канешне.

23.00

Потым пачынаецца старасьць, ты проста пусты зь сярэдзіны, у табе проста нічога не застаецца, цябе выціснулі, раздушылі, і ўсё тут, і выкінулі, так што можаш цяпер ганарыцца сваімі пратэзамі і мэдалямі. Каму ты патрэбны, па вялікім рахунку, што ты рабіў цягам усяго гэтага часу, чаму цябе ўсе ненавідзяць і чаму ты ім ня можаш адказаць нават гэтым? Дзе твая нянавісьць? Дзе твая злосьць? Што з табой здарылася? Ува што цябе ператварыла сыстэма? Як жа так – ты ж нядрэнна пачынаў, яшчэ тады, у свае 16-17, ты ж быў нармальным чалавекам, не зусім кончаным і не цалкам прадказальным, што ж ты так аблажаўся, як ты паглядзіш у вочы анёлам на кпп пасьля таго, як памрэш ува ўласным гаўне, як ты ім у вочы паглядзіш, што ты ім скажаш, яны ж цябе не зразумеюць, яны наагул нікога не разумеюць, нікога-нікога.

20.00

– Кім жа ты будзеш?

– Настаўнікам.

– Які зь цябе настаўнік? Ты ж п’яны ўвесь.

Так, трэба неяк адсюль выбірацца, бо гэты ўблюдак мяне дакладна расстраляе. Здаецца, я памыліўся. На гэтых фашыстаў ніколі нельга спадзявацца, абавязкова здадуць.

– Скажыце, як вас завуць?

– Мяне? Хм. Мікалай Іванавіч. Мікалай Іванавіч Плоскіх.

–Як?

– Плоскіх.

– Можна я вас буду проста Мікалаем Іванавічам называць?

– Валяй.

– Мікалаю Іванавічу...

– Ну?

– Вы разумееце, я наагул ня п’ю.

– Я бачу.

– Сур’ёзна. Ня п’ю. Наагул.

– А што ж ты так нахуячыўся?

– Мікалаю Іванавічу, вы разумееце.. Гэта мой дэкан.

– Што дэкан?

– Ну, у яго народзіны сёньня, разумееце?

– Ага, і ўвесь факультэт бухаў, так?

– Ну, не, канешне. Ён проста папрасіў дапамагчы яму пераехаць. У новую лябараторыю.

– Якую лябараторыю?

– Новую. Пераехаць. Там, рэчы перавезьці, апаратуру.

Поделиться с друзьями: