Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Прадаўшы оптыку й атрымаўшы на рукі неблагую, як на іхныя сьціплыя скаўцкія патрэбы, суму, сябры тут жа, над целам напаўпрытомнага Вахі, купляюць у ягоных наложнікаў два літровыя «Кайзеры» і проста так ідуць на вакзал, каб сесьці на першую ранішнюю электрычку да горада Белгарада, яны трохі ўзбуджаныя і шумныя, сярод пахучага летнягя ранку, пад сьвежымі нябёсамі, адчайныя шукальнікі радасьці і прыгод, з боку яны сапраўды падобныя да турыстаў, ці лепш нават да багамольцаў, што едуць сабе на багамольле ў горад рускай славы Белгарад і не бяруць з сабой нічога лішняга, акрамя двух «Кайзераў» і студэнцкіх квіткоў, а ўлічваючы, што да Белгарада «Кайзераў» яны вып’юць, то і наагул нічога лішняга, сапраўдныя табе багамольцы.

11.00

У Белгарадзе яны вырашаюць спачатку паглядзець горад, усё-ткі цікава, як тут людзі жывуць, потым узяць тое, што ім належыць, і вячэрняй электрычкай вярнуцца назад, часу ў іх дастаткова, сьпяшацца няма куды, таму яны выходзяць праз зарыганы вакзал горада рускай славы, й ім адразу трапляецца крама зь вялікай колькасьцю алькаголю. Не хуй у гэтым Белгарадзе глядзець, – кажа Вася і заходзіць унутр. Яму ніхто не пярэчыць.

«Што вам, сыночкі?» – пытаецца прадавачка. «Мамаша, мамаша, – гаворыць Вася Камуніст, – нам водачкі».

«Сколькі?» – пытаецца прадавачка. «Дзьве», – гаворыць Вася. «Бутылкі?» – дзелавіта пытаецца яна. «Скрыні», – кажа Вася. «А вам, сыночкі, па шаснаццаць гадкоў ужо ёсьць?» – кампанія дружна дастае студэнцкія квіткі зь дзяржаўнай сымболікай сваёй рэспублікі. Пасьля чаго крэпасьць здаецца, і вадзяру ім прадаюць.

«Добра было б яе трахнуць», – кажа Марак ужо на вакзале. «Чувак, – нэрвова адказвае Вася, – ты тут бізнэсам займаешся ці блядствам?» Рытарычнае пытаньне ў прынцыпе.

14.00

На зваротным шляху іх пабіў патруль. Увогуле, яны самі вінаватыя, разьняволіліся, маючы ў руках такое дабро, расслабіліся і закурылі проста ў вагоне, а паколькі вагон быў амаль пусты, то патруль нават ня меў выбару, моўчкі падышоў і надаваў дубінкамі па сьпінах. Скаўты маўчалі і, каб ня выказаць болю і роспачы, думалі пра нешта добрае, а паколькі яно – гэтае добрае – знаходзілася зусім поруч, пад лавай, то і думалася ім лёгка, і экзэкуцыю яны перанесьлі годна. Хоць патруль, вядома, разьлічваў на нейкае ўзброеннае супраціўленьне, яны ўжо некалькі гадзін тут катаюцца туды-сюды, іх па-свойму можна зразумець, катаешся тут у занюханай электрычцы ўздоўж дзяржаўнай мяжы і нават пабіцца няма з кім – навокал адны спэкулянткі, з кім тут біцца, яны і скаўтаў білі хучэй па інэрцыі, так – каб форму ня страціць, хоць лягчэй ад гэтага нікому не было.

«Підарасы, – кажа Вася, калі патруль зьнікае, – лепш ішлі б на завод, у цэх». «Правільна, – кажа Марак, – у ліцейны цэх». Усе пагаджаюцца – правільна, у ліцейны цэх, у ліцейны цэх, ліцейны цэх гэта крута.

18.00

На вакзале, ужо ў Харкаве, яны знаходзяць гуцулаў, што другі месяц прабіваюцца аднекуль з-пад Кастрамы, з заробкаў, і сядзяць некалькі сутак на харкаўскім вакзале, бабкі прасадзілі, так што цяпер ня ведаюць куды ім лепш паехаць – назад пад Кастраму, яшчэ бабак зарабіць, ці ўсё-ткі дадому, паколькі не сэзон, яны вырашаюць ехаць дадому, дастаюць з абшчаку рэшткі бабак і купляюць у скаўтаў адну са скрыняў вадзяры, вадзяра ў скаўтаў таньнейшая, чым паўсюль на вакзале, таму гуцулы бяруць адразу скрыню, хто яго ведае, як яно далей складзецца, лепш гэтым не рызыкаваць.

У Васі з кампаніяй раптам зьяўляецца плойма грошай. Двое безыменных чувакоў адразу намагаюцца ўсё падзяліць, але Вася кажа ім – хуй, робім, як дамовіліся, чувакі настойваюць, Марак у гэтай сытуацыі шчыра ня ведае як паводзіцца, у ягоным жыцьці пры ім яшчэ ніхто бабак не дзяліў, таму чувакі вырашаюць, што ён таксама за Васю і проста набіць ім рыла не адважваюцца, добра, кажуць яны, тады ганіце нам вадзяру, – хуй вам, – Вася прытрымліваецца нейкіх сваіх камуністычных прынцыпаў і дзяліцца ня хоча, тады чувакі нахабам лезуць у торбу, адкуль бяруць па флакону ў руку, то бок, колькі гэта выходзіць, – чатыры флаконы, і валяць адтуль, фотаапарат вернеце, – кажуць яны на разьвітаньне і зьнікаюць у падземным пераходзе. «Чаго гэта яны?», – пытаецца Марак, яму сытуацыя не падабаецца, такая прыкольная кампанія была, вадзяру пілі, пра жыцьцё гаварылі, ніхто яго – Марака – не абражаў, і раптам, на табе. «Бачыш, – кажа Вася Камуніст, – як грошы людзей псуюць». «Мяне не псуюць», – гаворыць Марак. «У цябе іх няма», – адказвае Вася Камуніст і ідзе далей прадаваць вадзяру.

Але гандаль неяк затарможваецца, плятформы пустыя, усе, хто хацеў паехаць, напэўна, паехалі ўжо, Вася не прыдумвае нічога лепшага, як зноў пайсьці да гуцулаў, а гуцулы ўжо п’яныя настолькі, што згаджаюцца зноў узяць вадзяру, добра, кажуць яны, і бяруць у Васі яшчэ некалькі флаконаў, пасьля гэтага Вася спрытна ўцюхвае пляшку нейкай бабулі, якая безнадзейна чакае чагосьці, каля яе таўчэцца ўнук гадоў сямі, уласна, унук і раіць бабулі ўзяць флакон, бяры, кажа, у дарозе прыдасцца, бабуля сварыцца на яго, але да парады прыслухоўваецца і флакон бярэ, таму ў Васі застаеца зусім няшмат.

З суседняй плятформы за імі ўжо трывалы час сочаць трое сур’ёзных чувакоў у адзідасаўскіх касьцюмах, яны падыходзяць да Васі з Мараком, заціскаюць іх у коле і кажуць: «Хто вы такія?»

Вася пачынае тлумачыць. Чувакі слухаюць, потым ім гэта, здаецца, надакучвае і яны гавораць, ведаеце, гэта мы спыталі, як кажуць, зь ветлівасьці, насамрэч нам усё адно, хто вы і адкуль, і колькі вас тут, мы вам вось што хацелі сказаць: калі мы вас тут яшчэ раз убачым – мы вас закапаем недзе між першай і другой плятформамі, так, каб штовечар над вашымі магіламі трывожна гудзеў кіеўскі фірмовы, але пакуль што мы гэтага рабіць ня будзем (пасьля гэтага перапужаны Вася трошкі супакойваецца, перапужаны Марак – не), тут наагул мы гандлюем усім алькаголем, гэта, калі можна так казаць, нашая зямля, і вы нам тут не патрэбныя (і Вася, і Марак раптам востра гэта адчуваюць), і мы вось тут з вамі пагаварылі, бачым, што вы напраўду не канкурэнты, здаецца, вы проста дэбілы (абодва ў думках з гэтым пагаджаюцца), таму, на першы раз, мы вас чапаць ня будзем, але ў якасьці кампэнсацыі («Вой», – думае Марак. Вася напалохана маўчыць) мы возьмем у вас вадзяру. Але ня ўсю, вось такія мы высакародныя разбойнікі, каб вы ведалі. Яны залязаюць ў торбу і бяруць адтуль па флаконе, а, кажуць, яшчэ адно – мы б вас наагул не чапалі, але вы вадзяру вельмі танна прадаеце, зьбіваеце цану, ясна, дэбілы?

Вася і Марак забягаюць у падземны пераход і там пераводзяць дых. «Підарасы, – Вася бярэцца за старое, – іх бы ў цэх». Але Марака ідэя ўжо не прыкольвае, пайшлі дадому, – пачынае ён, хуй, – кажа Вася, – яшчэ пяць флаконаў засталося, прададзім і паедзем, забьюць, – кажа Марак, ай, перастань, – кажа Вася, чаго ты баішся, зараз хутка ўсё сплавім, купім хаўкі і дадому, давай, ня бойся, не, – гаворыць Марак, – не хачу, баюся. Ладна, – не вытрымлівае Вася Камуніст, – хрэн з табой. Вось табе за работу, давай, валі: ён дастае дзьве пляшкі і дае іх Мараку. Марак вагаецца толькі нейкае імгненьне – значыць так, – думае ён, – зранку ў мяне не было нічога. Зараз у мяне дзьве пляшкі. Відавочна, што я ў плюсах, – вырашае ён і забірае сумленна заробленую вадзяру. Усе, давай, – кажа Вася, дома ўбачымся. «Да, сапраўды дэбіл», – думае ён, гледзячы ў сьпіну кампаньёну, чыя стомленая ваенна-марская туша зьнікае ў цемры пераходу. На вуліцы

таксама цямнее, зьяўляюцца зоры, і птушкі хаваюцца ад дажджу ў памяшканьні вакзалу. «Калі зараз паехаць дахаты, – думае Марак, – можна зачыніцца ў д у шы і да ранку ўсё выпіць». Так ён і робіць.

21.00

Ён бярэ ўсё, што ў яго засталося, і ідзе па вячэрнім пэроне, хочаш ня хочаш, мусіш рызыкаваць, калі табе 19 і галава забітая голымі цёткамі з газэтных вокладак, рэклямай і прапагандай – чаго табе баяцца на трэцяй плятформе Паўднёвага вакзала горада Харкава. А 21.00 падыходзіць транзытны на Баку, праваднікі бакінцы, людзі салідныя, з бабкамі, можна рызыкнуць. Вася падыходзіць да першага вагона, яго пасылаюць, потым да наступнага, на трэці раз тоўсты бакінскі камісар спыняе яго: «Водка нэ травлэна?» – пытае, «нармальна водка, нармальна», – кажа Вася, «ладна, давай, пашлі ў вагон», «навошта ў вагон?» – Вася насьцярожваецца, «нэ бойся, нэ бойся, – кажа камісар, – я проста праверу – палёная ў цябе водка ці не, калі ўсё нармальна – вазьму всю сразу». Яны заходзяць у купэ правадніка, там пахне анашою і проста дарагім тытунём, у вагоне цёпла і напаўпуста, у Баку амаль ніхто ня едзе, тыя, хто едзе – сьпяць, дзявятая вечара, што ім яшчэ рабіць, на пэрон не выходзяць, каб лішні раз не нарвацца на шмон, водку потым у правадніка купяць, лепш не совацца на вакзал, ад іх усіх за некалькі мэтраў нясе спэрмаю і плянам, так, нібы ўсю дарогу, некалькі дзён і начэй, яны дрочаць па абкурцы, грамадзяне ёбанага Азэрбайджану. «Захадзі», – кажа Васю праваднік, Вася заходзіць у паўзмрок купэ і праваднік рэзка зачыняе за ім дзьверы, «пасядзі тут», – кажа, зачыняе дзьверы на ключ і кудысьці ідзе, Вася пачынае панікаваць, б’е з нагі ў сьценку, стукае ў зачыненае акно, круціцца як шчур у цесным, прапахлым азыяцкімі травамі пакоі, нарэшце сядае на пранумераваную коўдру, якой засьцеленая паліца, і пачынае плакаць, сьціскаючы пад пахай пакет з вадзярай. Ну, добра, гаворыць ён сам сабе, добра, ня ный, што яны табе зробяць, ну, забяруць вадзяру, на хера мне гэтая вадзяра, падумаеш – вадзяра. Трахнуць. Да, трахнуць могуць, асабліва гэты кабан у чыгуначным картузе, які зачыніў мяне тут. Не, ня трахнуць, як мяне можна трахаць, але Вася глядзіць на столік, засыпаны цыгарэтамі і прэзэрватывамі, і думае, што ў прынцыпе могуць і трахнуць. Могуць прадаць чачэнам на камплектуючыя запчасткі. Патрэбны я чачэнам? Канешне, патрэбны. На органы, там, ныркі адрэжуць, лёгкія, яйцы, прывяжуць дзе-небудзь у сябе ў ауле за ногі і пачнуць дзяўбсьці пячонку як Праметэю, або прэпаруюць, як труса, і зробяць са скуры баявы чачэнскі барабан, мама з Чаркасаў нават на магілу ня прыйдзе, трэба валіць, валіць, пакуль бакінец не прыйшоў: Вася здымае пас і перавязвае ручку дзьвярэй, цяпер захочуць – не ўвайдуць, спрабуе адчыніць акно, яно трошкі паддаецца, Вася высоўвае галаву вонкі, у пахучае вакзальнае сутоньне, націскае яшчэ, адтуліна павялічваецца, Вася пераводзіць дых, бачыць на паліцы некалькі порначасопісаў і рачуша сігае ў вакно. Тут цягнік рэзка кранаецца, рыпіць сваімі рэўматычнымі храсткамі і рушыць у бок Баку, цягнучы з сабой, акрамя ўсяго, і ні ў чым не вінаватага Васю Камуніста, майго сябра, між іншым.

Заўжды так: хочаш ня хочаш – мусіш змагацца, інакш з гэтага нічога ня выйдзе, або сядзі дома і ня рыпайся, або ўжо давай – спрабуй узяць за яйцы прыкрыя абставіны, а там, калі ўсё атрымаецца, цябе абавязкова чакае джэк-пот, ну, там, ня ведаю, што ў такіх выпадках даюць пераможцам – дысконтная картка, пастаянныя зьніжкі, бясплатны сэкс, карацей – дрыгайся, інакш табе з гэтага гаўна ўсё адно ня выбрацца; Вася з адчаем глядзіць, як паўз яго праплываюць апошнія вакзальныя прыбудовы, зьнікаюць спэкулянткі і кантрабандысты, нават ментаўні нідзе не відаць, у такой сытуацыі ён бы і ёй быў рады, увесь гэты набор знаёмых і родных рэалій зьнікае недзе ў блакітнай далечыні, і ў гэты час бакінскі камісар разьбіраецца са сваімі няхітрымі справамі, згадвае пра закладніка і спрабуе зайсьці ва ўласнае купэ. Але дзьверы не паддаюцца. Гэй, няверны, давай адчыняй, крычыць ён нешта накшталт гэтага. Вагон трывожна чакае. Вася гарачкава круціцца ў вакне і раптам разумее, што захрас. Праваднік наагул нічога не разумее. Ён па звычцы гаворыць па-азэрбайджанску са шчодрымі дадаткамі з братніх славянскі моў, спачатку проста лаецца, потым пужаецца – раптам скаўта хапіў кандрацій, потым нэрвова пачынае заклікаць Васю да парадку і сумленьня, пасажыраў заклікае быць сьведкамі, цягнік ужо недзе ў прыгарадзе, і тут аконная рама, у якой захрас Вася Камуніст, не вытрымлівае і трашчыць, Вася пасьпявае згрупіравацца, выварочваецца ў акне і цалкам прыцэльна, як пацяганы дваровы кацяра, спланоўвае з акна, вецер урываецца ў пустое купэ для адпачынку праваднікоў і весела шпурляе пад столь гральныя карты, упакоўкі з-пад прэзэрватываў і парнаграфічныя ўлёткі, руйнуючы, адным словам, усталяваны побыт працаўніка азэрбайджанскага міністэрства шляхоў спалучэньня. І бясконцы цягнік, напоўнены мяшкамі з вугалем і валізамі з гераінам, весела памахвае хвастом і ўжо пярэднімі вагонамі ўяжджае на тэрыторыю Расіі, адным словам, чувакам не пазайздросьціш.

23.00 – 08.00

Вася нават нічога не ламае, у сэнсе, не ў вагоне нешта, а сабе – нічога не ламае. Проста скочваецца з насыпу, рве правую штаніну, але нават вадзяру – якую ён увесь гэты час сутаргавата прыціскае да сэрца – не выпускае і не разьбівае. Ужо не гаворачы пра розныя там рэбры ,галенастопы і ўсякую такую анатамічную паябень. Устае так, нібы нічога не адбылося, абцярушвае штаніну, выцірае ўспацелыя далоні аб швэдар, каб гарэлка, глядзі, ня высьлізнула, і ідзе шукаць цывілізацыю, ну, але якая там цывілізацыя, калі ты з вагона выпаў, так – ідзеш, куды можаш, уздоўж заводзкіх парканаў, мінаючы колішнюю гордасьць абароннай прамысловасьці і толькі зямля пад падэшвамі чвякае – вязкая і прыставучая, як пажаваны стымарал. Але раптам Вася выходзіць на трамвайныя рэйкі, ну, гэта ўжо добра, думае ён, яшчэ б ведаць, у які мне бок, ён сядае на рэйкі і дастае пляшку. Надпівае і думае пляшку схаваць, але вырашае не сьпяшацца, куды сьпяшацца, думае ён, да раніцы пратрымаюся, а там пабачым, і ён п’е далей і не пераймаецца надта ні гэтай ноччу, ні ўсім сваім няўдалым бізнэсам. Усё нармальна ў прынцыпе, усё нармальна, магло быць нашмат горш, маглі наагул забіць або падвесіць дзе-небудзь у тамбуры, або ў топцы засмажыць, тунгусы сраныя, Вася смачна прыкладаецца да пляшкі, да, думае ён, добра, што вадзяры шмат, усю нават ня вып’ю. Добра, дарэчы, што ня вып’ю, а то дзе яе зараз купіш, думае ён і так і сядзіць – у драных джынсах, што спадаюць бяз паса, у цёмным швэдры і бітых красоўках, на мокрых рэйках, на якіх час ад часу пабліскваюць пранізьлівыя месяцовыя промні.

Поделиться с друзьями: