Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дубянецкі

Неизвестно

Шрифт:

Хоць выданне беларускамоўнае, аднак беларускага тут менш чым мала. Затое “саюзныя” партыйна-палітычныя падзеі прадстаўлены раскошна. Напрыклад, дадзены дні адкрыцця ўсіх партыйных з’ездаў, нават калі яны і не прыпадаюць на “круглую” гадавіну. Хапае і “інтэрнацыяналізму”. У яго, вядома, прыярытэт перад нацыянальным. Вось на лістку “1 студзеня, пятніца” чытаем: “1959 – Перамога кубінскай рэвалюцыі. Дзень Вызвалення”. А ўжо ніжэй даецца: “1919 – Утварэнне Беларускай ССР.”

16 лютага 1988 года. Нарэшце з партыйнага дазволу ў мінскім Доме літаратара (са спазненнем на год) адзначана 100-годдзе з дня нараджэння вялікага сына Беларусі паэта Алеся Гаруна. На сцэне галоўнай залы – добра выкананы мастаком вялізны партрэт песняра-барацьбіта, песняра-пакутніка.

Побач залачоная лічба “100”. Злева ад партрэта – выказванне М. Чарота пра Гаруна. У прэзідыуме – сакратар ЦК КПБ таварыш (скажам так, каб яму падабалася) Пячэннікаў(!), Максім Танк, Васіль Зуёнак, Іван Чыгрынаў, Ніл Гілевіч, Максім Лужанін, Алег Лойка, Уладзімір Казбярук, Барыс Сачанка, Вячаслаў Рагойша, Браніслаў Спрынчан. Усе яны, акрамя першых чатырох, выступалі з прамовамі, Б. Спрынчан, як заўсёды, “меладычна” пракрычаў свае пераклады вершаў Юбіляра на рускую мову.

Усе 350 месцаў у зале былі заняты. У праходах таксама было цесна. Гэта пры тым, што цэлы тыдзень усё рабілася, каб сарваць святкаванне, каб зала была пустой. Запрашэнні не рассылаліся нават у выдавецтвы і рэдакцыі. Мне сказаў С. Андраюк, што ён спецыяльна званіў у СП, высвятляў, чаму не далі білеты. Адтуль сказалі – няма.

Мабыць, запрашэнні забралі “кампетэнтныя” таварышы. Але ж нічога. Хоць без іх, вядома, не абышлося, але зала была поўная і жыла ідэямі неўміручага Гаруна. Праводзілі б у оперным тэатры, было б тое самае, у Палацы спорту – таксама.

Апрача афіцыйных прамоўцаў, вершы чыталі і прафесійныя артысты. Было ж два аддзяленні вечара.

Некалі Алесь Гарун пісаў у вершы “Людзям”:

Скажу яшчэ чаго б хацеў:

З дзявочых вуст пачуць

Хаця б адзін мой бедны сьпеў,

Хаця б калі-небудзь!

Сёння не адзін і не два ягоныя “сьпевы” прагучалі ў цудоўным выкананні вядомых спевакоў. Адгэтуль яны будуць гучаць, пакуль будзе жыць Беларусь. Шкада толькі, што не чуў і не пачуе іх Творца.

Узрадавалі прысутных і два самадзейныя калектывы са Шчучынскага раёна. Асабліва спадабаўся ўсім скрыпач. Гэта цэлы аркестр у адной асобе! Яго доўга трымалі на сцэне, часта выклікалі гучнымі воплескамі. Часткова поспех яго тлумачыцца “удасканаленнем” ім свайго інструмента: на скрыпку ён прымацаваў губны гармонік, якім эфектыўна карыстаецца. Мне здалося, што нават быў не адзін гармонік, а два.

Свята гэтае ўпрыгожыла выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выпусціўшы факсімільнае выданне Гаруновага “Матчынага дару” з 1918 года. Прыстойна зрабілі. Кнігу забяспечылі ахоўным дэкаратыўным суперам. На яго клапанах змешчаны партрэт Аўтара (42 х 58 мм) і слова Васіля Быкава (87 радкоў х 38 знакаў).

Серафім (Андраюк – рэд.) расказваў мне, што і цяпер цяжка ўсё гэта рабілася. Яшчэ сёння загадчыца вытворчага аддзела заявіла зранку на выдавецкай планёрцы, што кніга не выйдзе. Дырэктар абурыўся, распусціў планёрку і пачаў высвятляць справу. Гэта дало станоўчы вынік: да 18 гадзін (вечар – з 19-ці) паспелі зрабіць тысячу экземпляраў. Праўда, чамусьці без reraty. У аўтэнтыку ёсць жа лісток выпраўленых памылак. Не паспелі, а можа, яго не было ў Сачанкаўскім экземпляры, з якога рабілася факсіміле?

Не будзем ужо казаць пра тую затрымку з выпускам “Матчынага дару”, што нарадзілася яшчэ ў тым самым ЦК КПБ і Кадэбэ у адказ на маю спробу выдаць яго. Тады абмежавалася ўсё змяшчэннем добрай нізкі з гэтага зборніка ў альманаху “Дзень паэзіі – 1981” і маёй патаемнай падрыхтоўкай да самастойнага (!) на ўласную рызыку выдання яго ў 1985 годзе. Гэта ўжо далёкая гісторыя з часоў “застойных”. Але ж і цяпер, у перыяд “свабоды” і “дэмакратыі”, яшчэ і яшчэ раз пад лупай прачытваўся зборнік. Вядома ж, ён напалохаў тых чытальнікаў. Яны запатрабавалі “расказаць у Быкаўскім слове ўсю праўду пра Гаруна-антысаветчыка”. Быкаў прадумваў варыянты. Апошні з іх запатрабавалі ў ЦК. Чыталі там некалькі дзён тыя паўтары старонкі Бліскучага Слова Васіля Быкава. Яно іх, вядома, не задаволіла. Але ж мужны Васіль адмовіўся перарабляць.

Ён палічыў, што звышдастаткова і таго, што ён вымушана напісаў: (Гарун вярнуўся ў Мінск) “Да канца разабрацца ў зменлівых і імклівых падзеях ён не здолеў. Адсюль вынікала непаслядоўнасць яго ідэйна-палітычных пазіцый”.

Гэта, запамятаем добра, не Быкаўскія словы. Быкаўскія – гэта гімн Гаруну і ганьбаванне тых, хто “несправядліва асудзіў яго на немату”. “Алесь Гарун – кажа аўтар прадмовы, – прабыў у немаце ўдвая больш, чым ён пражыў на свеце”. В. Быкаў звяртаецца да чытача з заклікам удумацца “ў гэтыя даўнія радкі, народжаныя самотай і горам – у іх нямала адзнак высокай людскасці і прагнай надзеі. Надзеі на нас, тых, каму наканавана часам жывіць лёс роднага краю, якому на сібірскай катарзе гэтак сардэчна і самазабыўна спяваў Алесь Гарун”. Цяперашнія цэрберы вымушаны былі “прапусціць” такое, каб не было скандалу ў эру перабудовы, бо перарабляць ужо не было калі.

Вось чаму атрымліваліся новая “затрымка” і стрэсавая сітуацыя ў выдавецтве і друкарні.

Удзельнікі ўрачыстасці выказаліся за вяртанне на зямлю Беларусі праху двух вялікіх яе сыноў – Максіма Багдановіча і Алеся Гаруна. Сакратар ЦК у гэты момант разгублена пляскаў у далоні…

23 лютага 1988 года. Быў Сяргей Шупа. Прынёс мне сёлетні першы нумар “Маладосці”. Там – усе сем вядомых нумароў “Мужыцкае праўды”. Крыху пасядзелі, паразмаўлялі пра нашы беларускія справы. У прыватнасці гаварылі – пра мэтазгоднасць адаптацыі на сучасную беларускую мову Скарынаўскай Бібліі, пра іншыя беларускія Бібліі (Станкевіча…). Паціху перакінуліся на мой пераклад “Quo vadis” Г. Сянкевіча. Я выказаў сумненне наконт неабходнасці яго завяршэння. Ёсць жа беларускі пераклад Пятра Татарыновіча.

Сяргей, аднак, “супакоіў”, сказаўшы: па-першае, што добры выдавецкі густ патрабуе выпускаць і выпускаць шэдэўры ўсё ў новых перакладах, як мы робім цяпер, дзякаваць Богу, з “Панам Тадэвушам” вялікага Міцкевіча; па-другое, трэба даць беларускаму чытачу “Quo vadis” на яго мове, бо П. Татарыновіч няведама калі трапіць у яго рукі.

Мне падабаецца гэты юнак, і я з задавальненнем прэзентаваў яму свайго С.Жэ­ромскага, з адпаведным подпісам.

29 лютага 1988 года. Атрымаў з Беластока часопіс “Kontrasty” Nr. 2 – 88 з маім інтэрв’ю Яну Чыквіну “Пра польскую літаратуру на Беларусі” (стр. 34 – 36).

Нарэшце цукровая эпапея завяршылася тым, чым і павінна была завяршыцца – увядзеннем картак. “Дамавая актывістка” Альбіна Рыгораўна Папачаніха выдала чатыры талоны на сакавік. Па кілаграму на кожнага члена сям’і. Кажуць, што так будзе да чэрвеня. А там нібыта падвояць норму з улікам сезонных патрэб. Дакаціліся бальшавічкі! А ў сябе на радзіме, там, у Расіі, яны ўжо даўно ўвялі карткі на шырокую наменклатуру харчовых прадуктаў і прамысловых тавараў.

Што ж, джына з бутэлькі выпусціла Расія. Ёй больш за ўсіх цяпер і да­стаецца.

2 сакавіка 1988 года. Сяргей Дубавец і Алег Бембель. Якія розныя людзі! Але ж розныя яны толькі знешне, як бы мовіць, стылёва.

Адзін – журналіст, глыбокі, арыгінальны літаратурны крытык. Другі – вучоны і паэт, арыгінальны і шчыры ў абедзвюх гэтых іпастасях.

Але ж яны паводле сваіх поглядаў і памкненняў – браты і аднадумцы. Кожны перад усім за сваю мэту лічыць беларусізацыю (Алег яшчэ і хрысціянізацыю) Беларусі. Кожны самааддана, выракаючыся ўласных выгод, змагаецца за гэту святую справу.

Абодва пакутуюць ад улады за сваю зацятасць. Сяргея, напрыклад, тры гады трымалі ў ссылцы ў гомельскай газеце, не дазволіўшы асесці ў Мінску пасля атрымання універсітэцкага дыплома. Толькі нядаўна ён выцярпеў сабе права вярнуцца сюды. Алега праследуюць даўно і жорстка: выкінулі з партыі, спярша пазбавілі статуса навукоўца, перавёўшы ў лабаранты, а пасля зусім прагналі з інстытута. З лістапада мінулага года – ён беспрацоўны. Каб не судзілі за гэтак званае “тунеядство”, ён пісьмова прапануе свае паслугі то Саюзу мастакоў, то Саюзу пісьменнікаў. Ні там, ні там не адгукаюцца.

Поделиться с друзьями: