Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Шрифт:
Гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя збольшага ўкладваецца ў шэсць словаў: Рэвалюцыя, Вайна, Міграцыя, Меліарацыя, Чарнобыль і Незалежнасць. За кожным з гэтых словаў стаяць амаль апакаліптычныя падзеі, але я наважуся сцвярджаць, што найвялікшая з іх пазначаная словам Меліарацыя. Бо пасля татальнай меліарацыі ў нас няма і ўжо ніколі не будзе той краіны, якую Багушэвіч колісь назваў жаночым імем Беларусь…
Каб ператварыць жывую зямлю ў тапаграфічную мапу, толькі ў 1976 годзе на абшарах нашай бацькаўшчыны штодня ўлягаліся ў працу адзінаццаць тысяч трактароў, больш як тры тысячы экскаватараў, амаль тры тысячы бульдозераў і безліч іншай тэхнікі. Ніякі землятрус не змог бы нагэтулькі
Але ж ці толькі ландшафт зрабіўся іншым?
Не!
Меліарацыя не была адно касметычнай дзеяй, гэта была аперацыя па змене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасля яе завяршэння Беларусь развіталася са сваёй жаночай сутвай.
Медыцына ўжо досыць даўно мяняе пол чалавеку, але, здаецца, упершыню падобнае было прароблена з цэлай краінай. Толькі ці ўлічылі рэфарматары, што хаця праз пластычныя маніпуляцыі жанчына можа прыдбаць сабе чэлес (а мужчына – цыцкі), але жаночы чэлес не здольны апладніць улонне (як з цыцак мужчыны не выціснеш і кроплі малака)…
Напэўна сяго-таго мае апошнія словы трохі збянтэжаць. Буду шчырым, мяне таксама бянтэжыць метафара Беларусі, як істоты з чэлесам, якая звонку выдае на жанчыну, але не здольная не вывергнуць жыццядайнае семя, не прыняць яго ў сябе… І я б вокамгненна змяніў яе на іншую, каб цераз перамену метафары можна было вярнуць плоднасць знявечанаму чэраву краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імем Беларусь.
У Бібліі сказана: “І завершыў Бог да сёмага дня справы Свае, якія Ён рабіў, і адпачываў у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх, якія Ён рабіў”. А паколькі чалавек створаны па вобразу і падабенству Бога, то ў сёмы дзень тыдня людзі таксама адпачываюць, іншымі словамі -- нічога ня дзелаюць. Верагодна, адсюль і – нядзеля…
Адпачывае Бог, адпачывае чалавек, але нехта ж мусіць рупіцца, каб трымаць быццё і ў нядзелю. Імя гэтага рупліўцы дакладна назваў Ніцшэ: “Д’ябал ёсць адпачынкам Бога ў сёмы дзень тыдня”.
Ужо ж напэўна, менавіта ў нядзелю, калі спрацаваны Бог прыдрамаў ў ціхамірным забыцці, д’ябал спакусіў Адама і Еву ўчыніць першародны грэх, каб ад іх нарадзіўся чалавек.
Усе мы дзеці Нядзеля і Грэх наш бацька. Таму ў сёмы дзень тыдня мацней, чым звычайна, звоняць званы і святары ў сваіх казаннях як ніколі палымяна заклікаюць да чысціні і цноты.
Але чалавек цнатлівы толькі ў працы, а ў нядзелю працаваць грэх. І гэта зусім слушна, бо грэх патрабуе вольнага часу. А яшчэ – багата пладоў з Дрэва ведання і ліха.
З гэтага ў нядзелю на стале чарка і скварка, а за чаркай і гулянка, і юр, і, здараецца, сварка. Пакуль Бог адпачывае, мы святкуем Нядзелю, свята першароднага граху, самую вялікую падзею з усіх, што здарыліся пасля таго, як Усемагутны Творца аддзяліў святло ад цемры.
Чалавеку толькі здаецца, што ён прагне Бога, грошай, свабоды… Насамрэч, ён усюды і заўсёды прагне аднаго – утульнасці. Іншая справа, што нехта пачувае сябе няўтульна без Бога, нехта без грошай, а хтосьці – без свабоды.
Але што найперш скажа вернік, калі адшукае сцежку да Бога? – Падзячыць Бога за прытулак у вечнасці.
А што перад усім зробіць жабрак, калі трохі набярэцца грошай? – Прыдбае сабе катух.
А чым зоймецца вызвалены ад прыгнёту, як толькі набудзе
свабоду? – Пабудуе ўласны Дом.Чалавек не птушка. Ён не любіць бясконцасць прасторы і беспрытульнасць волі. Таму чалавек увесь час будуе сцены і акрэслівае межы.
Мяжа – гэта зусім не тое, што раз’ядноўвае людзей, мяжа – гэта тое, што атуляе чалавека ад скразнякоў бязмежжа.
Чалавек можа знайсці сабе прыстанак дзе заўгодна, але кожны, хто здалёк вяртаўся на радзіму, ведае, што адразу за памежным слупом робіцца і зацішней і цяплей, нават калі ён вяртаецца ў непагадзь…
І што б там ні казалі іншыя, але нашая прага незалежнай краіны паходзіць не з любові да свабоды, самастойнасці ці чаго там яшчэ, а з патрэбы беспрытульнага сэрца, што прагне, як уласным домам, атуліцца Беларуссю ад скразнякоў бязмежжа.
– - Не лезь жаба туды, дзе коней куюць,-- не аднойчы казаў мне бацька. Слушна казаў, толькі хто ў наш век слухае старых? Але калі шыхты АМАПа насунуцца на людзей, якія выйшлі на плошчу абараняць Бацькаўшчыну, і ўжо няма куды ім падзецца, я адразу згадваю бацькаву параду. Ды позна. Бачна, што зараз адлупцуюць, як мае быць. Зразумела, не толькі мне аднаму бачна. І таму мы ўсе (беларусы, расейцы, габраі, палякі) на прамілы Бог пачынаем лямантаваць: “Ганьба, ганьба…”
Паразумецца чалавеку з чалавекам можна на якой заўгодна мове, а вось супрацьстаяць гвалту магчыма адно на мове таго краю, у якім цябе гвалтуюць. І таму цалкам натуральна, што ў супраціве размаіты натоўп галосіць па-беларуску. Але хто б мне сказаў, чаму ён енчыць менавіта “Ганьба”? Ці мала ў нашай мове цяжкіх словаў, якімі добра кідацца замест камянёў?
Можа таму гэтае слова першым патрапляе пад руку, што мы яго заўсёды маем “за пазухай”?.. Ганьба за папраную долю і пабраны край цяжкім каменем ляжыць на сэрцы кожнага, хто адважыўся на супраціў. І нам няма патрэбы нагінацца і шукаць камяні пад нагамі, мы іх проста бярэм з крушні свайго сэрца і шпурляем у шыхты, што перагарадзілі нам шлях ад сораму ў сабе да гонару за сябе…
Дарэчы, неяк мой бацька, сказаў:
– - Сорам яшчэ нікому вочы не выеў, а з вялікага гонару ўжо не адзін рызыкант на шыбеніцы язык высалапіў.
Так то яно так, мой абачлівы і мудры бацька, але колькі можна трываць гэты цяжар на сэрцы, імя якому – “Ганьба”?!
На прыпынку ля жытла ці працы гарадскі чалавек бывае часцей, чым дзе-кольвек яшчэ, акрамя жытла ці працы. З гэтага бліжэйшы прыпынак абжываецца як свой уласны і неўпрыкмет становіцца своеасаблівай прыватнай тэррыторыяй. І хаця на прыпынку зазвычай шмат людзей, аднак кожны з іх тут застаецца сам-насам, быццам на бязлюднай выспе…
Між іншым, нідзе яшчэ, акрамя як на прыпынку, урбанізаваны чалавек не бачыць штодня незашклёнае неба, дыхае хай і засмуроджаным, але не працэджаным форткамі паветрам, цешыць вока зяленівам травы, а слых – шапаценнем лістоты. Толькі тут, на прыпынку, ён хоць на момант далучаецца да адкрытай прасторы сусвету, ад якога ва ўсе астатнія часы яго адсланяюць тунэлі і катухі тэхнакратычнай цывілізацыі.
Але ў сярэдзіне дзевяностых прыпынак займеў яшчэ адну, на гэты раз цалкам адмоўную ролю… Не ведаю, як у іншых гарадах Беларусі, але ў Мінску шмат каго з актыўных удзельнікаў апазіцыйных мітынгаў і шэсцяў так званыя “людзі у цывільным” хапалі менавіта на прыпынках альбо паблізу іх. Можа гэтак адбывалася менавіта таму, што нідзе чалавек надалей не адасоблены ад людзей, нідзе ён настолькі не адзінотны, як на прыпынку?