Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Шрифт:
Да самага апошняга часу амаль не было эсэ і на Беларусі. Хаця распачыналася наша літаратура не з вершаў і не з прозы, а з геніяльнага эсэ Францішка Багушэвіча, якое чамусьці лічаць усяго толькі прадмовай да паэтычнага зборніка “Дудка беларуская”. Чаго варты хаця б адзін сказ адтуль: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!”…
Дарэчы, і сама Беларусь пачыналася з гэтага эсэ. Вось чаму эпітэт “генільнае” тут абсалютна да месца… Але адпаведнага працягу гэты вялікі пачатак не меў. Станаўленне беларускай літаратуры спалучалася з фармаваннем нацыі і таму перадусім бралася пад увагу не персанальнае “я”,
А пазней эсэ на Беларусі не было таму, што тут пачалася эпоха бальшавіцкага таталітарызму.
Ясная рэч, эсэ і таталітарызм з’явы несумесныя. Пры таталітарызме аўтар можа і мусіць пісаць не пра мітрэнгі ўласнай душы, а толькі пра тое, што мацуе паноўную ўладу. Да таго ж таталітарызм не дапускае нават магчымасці свабоднага мыслення. А без незацуглянага мыслення якое там можа быць эсэ?
І вось што яшчэ цікава. Як сітуацыя прыгнёту задоўжыцца, дык нават потым, калі маналіт таталітарызму распушыцца ў парахню, літаратар ужо не ўяўляе сабе, што можна пісаць не дзеля грамадскіх патрэбаў, а чаго самому схочацца. Па прыклады няма патрэбы далёка хадзіць. Старэйшыя беларускія пісьменнікі да гэтай пары так і не адважыліся скінуць парадныя мундзіры, каб распрануцца да галізны і ўвайсці ў сцюдзёную ды празрыстую плынь эсэістыкі.
* * *
У Францыі эсэ аднойчы выбухнула свабодай, у Беларусі наадварот – свабода выбухнулі эсэістыкай. З пачатку дзевяностых (прыдбання незалежнасці) эсэ запанавала ўсюды: у філасофіі, літаратуры, гісторыі, журналістыцы… І толькі нашыя літаратуразўнаўцы дасюль не зважаюць на гэты феномен. Яны па-ранейшаму шукаюць плён айчыннага красамоўства ў паэзіі ды прозе – і не знаходзяць. Што натуральна. Бо ўсё самае вартае, што адбылося ў беларускай літаратуры за апошнія паўтары дзесяцігоддзі -- адбылося ў жанры эсэ.
Ёсць яшчэ адзін надзвычай цікавы момант, што да эсэ на Беларусі…
Ужо колькі стагоддзяў таму на прасторах нашай бацькаўшчыны сутыкнуліся і з тае пары існуюць у супраціве дзьве ментальнасці. Адна з іх, уласна еўрапейская, вызнае за асноўную каштоўнасць індывідуума. Другая, расейская, аддае перавагу “саборнасці” – калектывісцкаму “мы”.
Няма сумневу, што беларуская літаратура і надалей будзе падзеленая адпаведна менталітэту яе аўтараў. Але калі чалавек сам заблытаецца, да якога свету ён належыць (еўрапейскага ці расейскага), папытайцеся ў яго: ці піша таварыш эсэ?
* * *
Эсэ ўжо болей як чатырыста год, але і па сёння дакладна ніхто не ведае, што гэта такое? Таму пра эсэ заўсёды можна казаць, што яно ёсць, але ніколі нельга сказаць, чым яно ёсць?
Рэч у тым, што выразнай мяжы паміж эсэ і якім іншым тэкстам няма – прынамсі, вонкі. Адрозненне палягае не ў форме і нават не ў змесце, а ў прычыне, якая кліча эсэ аб’явіцца.
Артыкулы, нарысы, трактаты ёсць рэхам на нейкія з’явы ці падзеі. І таму яны не могуць быць не напісанымі – ні тым, дык іншым аўтарам.
Не так у эсэ. Нішто з таго, што дзеецца знадворку, само па сабе не змушае яго адбыцца. У прыклад згадаю хаця б яшчэ адно геніяльнае беларускае эсэ – “Чорны квадрат” Казіміра Малевіча.
Эсэ – гэта падзея, раптам народжаная вярэдзівам сэрца і спавітая здумленнем. Вось чаму пра кожнае сапраўднае эсэ можна сказаць, што яно магло быць не напісаным. Прынамсі, ніхто не можа напісаць тое самае эсэ іншым разам.
У эсэ, як у адну ваду,
нельга ўвайсці двойчы.Напісаць эсэ – гэта зачарпнуць жменяй з вірлівай плыні быцця і нейкі момант глядзець, як быццё празрыстымі цуркамі сцякае паўз твае пальцы…
Калі вы напісалі эсэ, вы не напісалі нічога.
Слова, што тут казаць – Бог. Цуд маўлення – найвялікшы на гэтай скрані бытнага. У параўнані з ім нішто нават само стварэнне свету. Не вымаўлены і праз маўленне не выяўлены свет – нешта настолькі жахлівае, што не можа мець свайго слова… Узнікаюць і гінуць галактыкі, запальваюцца і згасаюць сонцы, плывуць над снягамі аблокі, туляцца ў пушчах звяры, а ў карчах рыбы… Толькі ўсяго гэтага дзіва ніхто не заўважае, не трымае ў памяці, не беражэ да наступнага дня. І хаця свішча вецер, трушчацца камяні, рыкае звер, але вусцішная моўча пануе ўсюдна.
Усё ёсць і нічога няма. Як быццам чалавек яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр.
Інакш кажучы, пакуль свет быў адно сам для сябе, яго як не было. І толькі Адам, надаўшы істотам ды існасцям імёны, вызваліў іх з вязніцы саміх сябе. І ўсё, што было, сталася словам, а што не сталася словам, таго не знайсці.
Таму слова – Бог. І яно было на пачатку. Гэта бяспрэчна.
Напрыканцы слова зноў не будзе. Гэта напэўна.
Апакаліпсіс – не енк, лямант, мальба… Апакаліпсіс – той дзень, калі ўсім нам разам адыме мову.
Гэта канец свету,-- паспее сказаць чалавек, але ўжо не пачуе нават сам сябе.
Чалавек аб’явіўся і стаў жыць у свеце створаным Богам. А вось Божае Царства на зямлі ён мусібыў стварыць сам.
Колькі тысячагоддзўяў чалавек старанна ўлягаўся у працу, але замест Царства Божага ў яго атрымалася Цывілізацыя.
Цывілізацыя – гэта калі куды вока ні кінь, усюды бачна не створанае Богам, а зробленае рукамі чалавека. У дваццаць першым стагоддзі зямная куля, як цесны пакой, спрэс застаўленая людскім наробкам. І гэты рукатворны свет ужо мае сваю веру – тэхнічны прагрэс, свайго бога – атамную Бомбу, свой судны дзень – ядравы Апакаліпсіс.
У гэтым, наўсцяж чалавечым свеце, усё амаль як і ў тым, нерукатворным… З адной толькі розніцай. Бог стварыў белы свет для птушак, звяроў, зораў, Адама і Евы, а чалавек выштукаваў Цывілізацыю выключна для самога сябе.
Шэсць мільярдаў людзей штодня завіхаюцца ля камбайна сусветнай Цывілізацыі, каб забяспечыць хлебам і камфортам адно толькі чалавека. Дзеля яго дзень і ноч працуюць заводы, фабракі і электрастанцыі, грукочуць цягнікі і круцяць коламі машыны, плывуць какраблі і кружляюць касмічныя спадарожнікі…
Пэўна, з гэтага можна цешыцца. Ах, што за асілак, гэты маленькі чалавек, які агораў такую магутную Цывілізацыю…
Але хай кожны сам сябе запытае: а ці варты я таго, каб асабіста дзеля мяне, дзеля майго кароткага існавання, гіганцкі молах цывілізацыі без роздыху перамолваў на друз той жыццядайны сусвет, што аднойчы быў створаны Богам дзеля ўсяго бытнага?
Я таксама запытаўся ў сябе – і мне адразу зрабілася вусцішна…