Эсэ
Шрифт:
У вёсцы Доўгавічы нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Яўген Іванавіч Качанаў (1915). Сяржант, камандзір стралковага аддзялення. 25 студзеня 1945 года першы фарсіраваў раку Одэр (і гэта дзякуючы тысячам такіх, як ён, рацэ вярнулі яе праславянскую назву Одра), пашырыў з баямі плацдарм, быў паранены, але ў тыл не пайшоў, а наступнага дня першы ўстаў у атаку, падымаючы за сабою байцоў, і быў забіты.
У 1896 годзе нарадзіўся пад Мсціславам, у в. Старое Сяло, Іван Міхайлавіч Паўловіч. Паспеў яшчэ адхапіць два гады першай сусветнай вайны, пасля, у грамадзянскую, быў у Мсціславе сакратаром крымінальна-следчай камісіі, ваяваў супраць банд Мамантава і Булак-Балаховіча, удзельнічаў у разгроме Антонава. Быў у пагранічных войсках. У лютым 1943 года ён — намеснік камандзіра дывізіі на Цэнтральным і Беларускім
І яшчэ Рудкін Піліп Мікітавіч. Нарадзіўся ў вёсцы Чорная Сасна ў 1893 годзе. Працаваў у Данбасе, на рыбалоўных промыслах Далёкага Усходу. Салдат. З лютага 1917 года — чырвонагвардзеец. З 1918 года ў органах ВЧК — камандзір атрада, палка, дывізіі. Удзельнічаў у грамадзянскую ў бітвах пад Дзвінскам і Псковам, у разгроме мяцяжоў левых эсэраў у Маскве, Разані, Кранштаце, у баях з Булак-Балаховічам. З 1943 года генерал-маёр танкавых войск. Зорку Героя атрымаў за 31 сакавіка 1943 года.
Я не кажу тут пра тысячы тых, амаль безыменных у гісторыі, над рэшткамі якіх стаяць капцы па ўсёй зямлі, у гонар якіх насыпаны ў горадзе Курганы славы, якія, уласна кажучы, і ёсць тыя, галоўныя, што адстаялі самое права Мсціслава існаваць. Кожны з гэтых людзей, якія радаваліся, жылі і працавалі, як мы, быў бы варты найлепшай песні.
Ну і яшчэ адно імя. Мастака, які вельмі рана пайшоў ад нас. Міхал Якаўлевіч Лісоўскі (1931–1970). Нарадзіўся ў вёсцы Белы Мох Падсолтаўскага сельсавета. Гэта быў майстар партрэта, станкавага жывапісу. Гумар мсціслаўскай зямлі, назіральнасць яе жыхароў, іх тонкая, някрыўдная з'едлівасць, іхняе ўменне бачыць чалавека наскрозь, іхняе веданне глыбіняў душы чалавечай вадзілі алоўкам і пяром Лісоўскага.
Ну вось. Здаецца, сёе-тое вартае ўвагі мы памянулі. Далёка-далёка не ўсё, бо іначай давялося б пісаць тоўстую кнігу.
А цяпер давайце проста пройдземся па Мсціславу і Мсціслаўшчыне. Дзе ў машыне, а дзе і пехатою. Не па кожнай вуліцы горада і не па кожнай вёсцы, бо на гэта спатрэбілася б зашмат часу.
Адвядзём на гэта дзень ці два, тым болей што пра многія мясціны мы ўжо ведаем. І выберам для нашага паходу летнія дні. Ну хаця б сярэдзіну жніўня з сонцам і бясхмарным небам. Мала ўжо засталося нязжатага, паўсюль торпы саломы. І ва ўсім тое адчуванне радзімы, калі нейкае адценне колеру, нейкі намёк на пах выклікаюць у сэрцы даўно забыты ўспамін: нібы ты малы хлапчук у гародзе, а ў ім між бульбоўніку зелянеюць стрэлы бабоў і чапляюцца за порткі пахучыя двухзубыя ваўчкі. І драма, і лянота, і паснулі на мяжы пузатыя гарбузы.
І Мсціслаў у гэтую пару не дыяментавы, а такі сабе звычайны малы гарадок, які патанае ў садах і магутных дрэвах на адходнах над Віхрой, спакойны і лянотны, з рэдкімі малымі віхурамі на вуліцах.
Вечарамі слаба свецяцца вокны магазінаў і рэстаранаў галоўнай плошчы і ліхтары "рэтра" на газоне перад сучасным будынкам кіно. Выходзяць з яго рэдкія гледачы. І зноў кладзецца налёт таямнічасці на вулкі, якія збіраюцца спаць або ўжо заснулі, на вялізныя дрэвы. Гораду заўтра ўставаць з пеўнямі: чакае не дужа багатая прамысловасць, а галоўнае, чакаюць палі, чакае другі пакос сена. І начныя вулкі пахнуць палямі і сенам, а ты ідзеш імі і здзіўляешся, што мог рабіць тут вечарамі сто год назад хаця б той самы Насовіч у адстаўцы. А ні кіно, а ні тэлевізараў. А пасля ўспомніш і ўсміхаешся. Што рабіць? А ўсяго толькі скласці слоўнік на трыццаць з лішнім тысяч слоў.
…Дарогі на палях, надзіва добра ўходжаных, як і паўсюль на Мсціслаўшчыне. Адна з іх вядзе на Пустынкі, былы манастыр заснаваны ў 1380 годзе князем Лугвенам Сямёнам Альгердавічам, героем Грунвальда. Да Пустынак 9 кіламетраў, яны ляжаць на самай мяжы са Смаленшчынай.
Яшчэ здалёк-здалёк відаць з дарогі стройны аловачак званіцы і купы дрэў за ім.
Вельмі шкада, але ад XIV стагоддзя ў Пустынскім манастыры нічога
не засталося. І званіца, і размешчаныя за ёю па адной асі будынак сабора, моцна пашкоджанага, і будынак жылы — гэта стагоддзе ХІХ. Сабор, урэшце, уключае ў сябе (быў, відаць, паўтара з лішнім стагоддзя назад перабудаваны) вельмі значныя фрагменты стагоддзя XVIII і сям-там, магчыма, рэшткі будыніны XVII стагоддзя.Але вакол векавыя дрэвы, спакойнае сонца на іх, густая, па калена, трава і гаючая цішыня. Магутны, вялікі стары сад, які пачынае дзічэць. Крыніца б'е ля падэшвы яра. А крыніцы ж тут увогуле магутныя. І ўвогуле на Мсціслаўшчыне і ў прыватнасці тут, у Пустынках. І нізіна, куды яны збягаюць, яшчэ параўнаўча нядаўна, была ланцугом рукатворных азёр, багатых рыбай.
Зусім яўчэ нядаўна тут была школа. Будынак моцны. Уставіць толькі шыбы і ўсё. Ну і паступова адрамантаваць іншыя службы, закансерваваць і, з часам, аднавіць пад нешта званіцу і сабор. Сады, стогадовыя дрэвы, недалёкія лясы, ланцуг азёр. Маляўнічы спакойны край. І такі гожы комплекс будынкаў. Так шкада, што ён можа прапасці.
Гаспадара няма. І, можа, раёну гэта не зусім пад сілу, асабліва пры тэмпах будовы, пры колькасці будаўнічых аб'ектаў. Ну а вобласці? Рэспубліцы?
Чаму б рэспубліканскімі сіламі не дапамагчы давесці да ладу гэты раён. Артэк у Пустынках. Школа-інтэрнат, скажам, у Ануфрыеўскім манастыры. Краязнаўчы музей у Мікалаеўскім саборы, мастацкі музей і зала арганнай музыкі ў Кармеліцкім саборы, крыты павільён над раскопам на Замчышчы, археалагічны музей, гістарычны музей у царкве Аляксандра Неўскага. Я называю першыя — лепшыя аб'екты для рэстаўрацыі і размяшчаю ў іх першыя — лепшыя культурныя ўстановы. Ясна ж, што над гэтым трэба думаць, што сказанае мною пакуль што толькі фантазія.
Але ўявіце сабе, што гэта зроблена, што горад ператварыўся ў турысцкі, гістарычны, мастацкі, культурны цэнтр.
Сілы нашай на гэта не хопіць, ці што? Зрабіць першы пакуль што горад-музей і тым даць прыклад на стварэнне яшчэ некалькіх.
…Пасярэдзіне двара ў Пустынках ляжалі ў траве два веласіпеды і хатулькі. Два хлопцы, мастакі-рэстаўратары з тых чатырох, што працуюць зараз у Кармяліцкім касцёле, Ю. Маліноўскі і У. Ракіцкі, добрыя знаёмыя, крыху здзіўляюцца мне.
Кожнай раніцай яны едуць на веласіпедах сюды з Мсціслава. Кожны вечар вяртаюцца туды назад. 18 кіламетраў. Выявілі ў прыбудове фрэску XVIII (а можа і XVII) стагоддзя і зараз працуюць, рыхтуючыся зняць яе. Самой фрэскі я не бачыў, яны ўжо заляпілі яе папяроснай паперай. Потым яе замнуюць марляй, затым танюткімі рэйкамі, пасля аддзеляць ад атынкоўкі і павязуць на рэстаўрацыю. З часам гэта будзе зроблена. І фрэску вернуць назад, ва ўладанне гораду, які яе стварыў. Гэта зямля магутнай глыбінай сілы. Вонкава сціпла яна здзіўляе на кожным кроку.
…Спёка. Сонца пячэ дзіка. Палі плаўна спадаюць да Віхры, што струменіць сваю плынь у берагах, укрытых густым хмызняком. Праз гэтыя нетры не дабярэшся да чысцёткай, як слязніца, вады. Смага.
І раптам, гэта ў некалькіх кіламетрах ад Мсціслава, бераг пачынае літаральна вывяргаць ваду.
Вось на беразе, у пары метраў ад ракі, абгароджаны і прыкрыты дахам басейн (гэта метры тры на тры можа, болей). Сценкі бетонныя. З яго вядзе трубка сантыметраў на дваццаць у дыяметры, а з яе б'е няспынны і тугі шкляны вадаспад. Глыбіня крыніы метраў пяць, але вада такая празрыстая, што дно здаецца вось-вось, як руку працягнуць. І на гэтым дне — дзіва, якога я даўно ужо не бачыў. На дне — літаральна вулкан, які выкідае ў секунду, відаць, вёдраў пяць вады, варочае яе і вялізныя, тоўстыя клубы пяску, што тут жа ападаюць, а на іх месцы ўзнікаюць, уздымаюцца новыя.
Кінь валун — будзе варочаць і яго, такі магутны напор.
Не замярзае і ўзімку. І ўзімку няспынна бяжыць і бяжыць тоўстая ручаіна да Віхры. Стоячы ў ёй, некалькі юнакоў скрабуць рыбу і срэбныя бліскаўкі сплываюць у раку.
— Што гэта вы?
— Кажуць, лечыць раматус, — кажа адзін з іх.
– І радыкуліт, — дабаўляю я.
Вада больш ледзяная за лёд. Дзіўнага жывушчага смаку. Даўно я не бачыў такіх магутных крыніц. Магла б, мабыць, забяспечыць пітной вадой увесь горад, як забяспечвала яго калісьці, моцна цяпер запушчаная, крыніца Здаровец у яры пад Замчышчам, у межах самога горада.