Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А будаўнічая традыцыя княстваў Паўночна-Заходніх не была спыненая. Яна развівалася і ўдасканальвалася і вось у XVII стагоддзі прыйшла з Беларусі ў Маскву. Якраз тады, калі там пачалі асабліва цаніць вонкавую ўбранасць, багацце, шыкоўнасць і пышнасць, казачную вясёлкавасць будынка. Так што беларускія майстры кафлі, размаляванай яскравымі эмалямі, якраз прыдаліся да кампаніі і нават пачалі верхаводзіць у ёй. У прыватнасці, Ігнат Максімаў з Копысі і, асабліва, як я ўжо казаў, мсціславец Сцяпан Палубес.

Мы не ведаем яго падрабязнай біяграфіі, не ведаем гадоў нараджэння і смерці, не ведаем, што ён рабіў у Мсціславе, з якога быў родам. Мы ведаем толькі ягоныя маскоўскія работы,

якія праславілі яго.

Мы гаварылі ўжо, што пасля "разні" 1654 года князь Трубяцкі вывез у Маскву з Мсціслаўля гарадскіх майстроў, у ліку якіх быў і Сцяпан Палубес. Спачатку ён, відаць, працаваў на князя, пасля стаў царскім майстрам.

Упрыгожваў Уваскрасенскі сабор у Новым Іерусаліме, а з 1666 года зрабіўся майстрам Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Разам з іншымі беларускімі майстрамі (з Копыся, Оршы і іншых гарадоў) аздабляў Пакроўскі сабор у Ізмайлаве (1674 год), рабіў фрызы царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (1669 год), удзельнічаў у афармленні Церамнога палаца, Аптэкарскага прыказа і царквы Спаса за залатой рашоткай у Крамлі, стварыў шматкаляровыя маялікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691), на якіх пануе гармонія карычневага, чорнага, сіняга, зялёнага і залатога колераў.

Гэта стараннямі ягоных рук расцвілі на мурах маскоўскіх палацаў і цэркваў кветкі, грона, зёлкі, павіныя пер'і. Блішчастая, вясёлкавая гульня святла і колераў. Залацістага, блакітнага, сіняга і колеру марской вады.

І вышэйшае, па-мойму, што ён стварыў, лазурны церам на Круціцкім падвор'і. Небывалая, лёгкая, сіняя казка, зірнуўшы на якую, лягчэй робіцца жыць. Дзіва, пабудаванае з нябеснага блакіту і месячнага святла.

Так, адзіны і небывалы ў сваім родзе, непераўзыдзены быў мсціслаўскі майстра Сцяпан Палубес.

На жаль, у родным ягоным горадзе не засталося нічога створанага ягонымі рукамі (замест гэтага ў раскопе тоўсты след пажарышча). Мала таго, сакрэт высокага мастацтва ягонага загінуў у войнах. А калі зірнеш на тую кафлю, на таго "кабанчыка", якім абкладаюць і "упрыгожваюць" муры дамоў сучасныя дойліды (не толькі мсціслаўскія), — хочацца адно махнуць рукою.

XVIII і ХІХ стагоддзі ў Мсціславе ўвогуле перыяд будаўнічага ўпадку. Рэгулярны план 1778 года з прамавугольнай сістэмай вуліц парушае традыцыі гарадской забудовы. Пасля архітэктары, як заўсёды, парушаюць і той план. Давяршаюць справу частыя пажары (асабліва моцныя ў 1858 і 1863 гадах). Пасля пажараў забудоўваюцца дзве і як хто хоча. На месцы плошчы разбіваюць бульвар (цяперашні бульвар разбіты ў 1863 годзе).

Пажары ўвогуле часта шкодзілі гораду. Пад час агульнагарадскога пажару 1858 года згарэў, напрыклад, не прастаяўшы і стагоддзя, царскі палац, узведзены для Кацярыны ІІ пад час яе падарожжа ў Крым (Мсціслаў тады, у 1787 годзе, сустракаў яе з вялікай помпай, прычым асабліва вялікая ўрачыстасць адбывалася ў Кармяліцкім касцёле).

Многія пабудовы пажэрлі войны, час, а найбольш нядбальства і варварскія адносіны людзей да свайго мінулага, да сваей спадчыны, да продкаў сваіх. Так вось сабе зніклі многія цэрквы ў самім Мсціславе, манастыры ў наваколлі ягоным.

Тым больш трэба берагчы тое, што засталося. Хай сабе той жа царкве Аляксандра Неўскага толькі сто год — будзе і яна калісь узорам таго, як будавалі ў той час людзі, а пакуль няхай бы несла службу, як музей.

Хай сабе ў Ануфрыеве ад былога манастырскага комплексу (а манастыр заснаваны ў 1407 годзе героем Грунвальда Лугвенам Альгердавічам) збераглася адна толькі царква XVIII стагоддзя — яе позняе барока павінна яшчэ доўга радаваць людзей. Таксама як позняя, на дзіва зграбная, тамтэйшая званіца.

Нічога нельга

нішчыць. Ні Мікалаеўскага сабора з будынкам семінарыі, ні царквы Спасапраабражэння на могілках. Усё мае каштоўнасць — вялікую ці крыху меншую, але каштоўнасць — у будучым нашым жыцці.

Мы павінны шанаваць усё гэта як і позні (1906 год) будынак гімназіі, у якім вучыліся столькі карысных і нават вядомых сыноў і дачок нашай зямлі (у тым ліку паэт Аркадзь Куляшоў), як і мемарыяльныя будынкі. Бо не захочам жа мы, каб нашы нашчадкі з непавагаю ставіліся да пабудаванага намі і да нашых магіл. А іх тут многа. Асабліва з вайны 6407 мсціслаўцаў. Магілы ў Шамаве, Лютні, Сяльцы, Капачах, Забалацці. 55, 152, 271, 246, 328, 331, 437, 147 чалавек… Стамляешся лічыць! А тут жа кожны раз сонца згасала. І як падумаеш, што з гэтых пагубленых людзей, сярод якіх былі юнакі і дзеці, мог бы вырасці новы Пётр Мсціславец, новы Максім Гарэцкі, новы Насовіч, або нешта зусім на свеце небывалае, нейкі касманаўт або вялікі паэт, дый проста добры муж, добрая маці, добры дзед, добрыя работнікі — хоць ты сядай і плач.

Стэлы. Помнікі. А што памогуць стэлы і помнікі? Яны толькі памагаюць жывым крыху менш адчуваць сваю віну перад мёртвымі. Мабыць, галаву адкруціць трэба таму, хто паганіць магілу. І таго самага варты той, хто паганіць або знішчае старую будыніну. Бо гэтым ён павялічвае віну нас, жывых, перад тымі, хто аджыў, хто смяяўся і плакаў, як мы, хто працаваў і будаваў, чые мары аб прыгажосці і шчасці жывуць у гэтых старых мурах.

…Розны бываў па колькасці жыхароў Мсціслаў у розныя часы сваёй гісторыі.

А трыццаць тысяч у ім жыло, і тысяча трыста (у 1780 годзе) і восем тысяч з паловай (1897 год) і дзесяць з паловай тысяч (1905 год). Але колькасць жыхароў яшчэ нікому ніколі і нічога не гаварыла і не гаворыць. Людзі, якія тут жылі і жывуць, вось што галоўнае.

Калі б у мяне спыталі, якая рыса асабліва ўласцівая жыхарам Мсціслаўскай зямлі, што асабліва вызначае іх сярод астатніх беларусаў, я перш за ўсё назваў бы не розум, не мяккасць і дабрыню, не гасціннасць, не іншыя агульнанародныя рысы. Перш за ўсё, бадай, я назваў бы ініцыятыўнасць, прадпрыймальнасць, энергічнасць, дзейнасць і спрыт. Ужо якія толькі беды не хадзілі па ягонай мсціслаўскай спіне, як толькі не стараліся пазбавіць яго жыцця, а ён жыве і выжывае стойкі і ўпарты, як дрэва на камені; ён выкруціцца — дзе мужнасцю, дзе сілай, а дзе й хітрасцю (што ўжо адмаўляцца) з самых невыгодных абставін, ды яшчэ й выйдзе з іх, на ўсеагульнае здзіўленне не толькі з перамогаю, але і з некаторай прыбыллю, хай сабе маральнай.

Ходзячы аднойчы па вуліцах горада з двума паважанымі мсціслаўцамі, я ўздумаў паддражніць іх. Успомніў пару выпадкаў, калі мсціслаўцы каралю жменю блох прадалі, успомніў, што "мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы", прыпомніў, між іншым, як "недасекі" на працягу ста пяцідзесяці год аблапошвалі ўсю імперыю кубрачаствам.

— Гэта што?

— А хадзілі па імперыі з просьбітнымі кніжкамі (заверанымі ў начальства і ў свяшчэнніка). Збіралі грошы на пабудову пагарэльных і ўзвядзенне новых цэркваў.

— Ну і што?

— Ну, каб усе тыя грошы, што яны сабралі, пусціць у справу, то ў Мсціславе не сем цэркваў было б, і не "сорак саракоў" (тысяча шэсцьсот), як у старажытнай Маскве, а мінімум шаснаццаць тысяч.

— Быць не можа.

— А вы зірніце ў "Расію", т. ІХ, ст. 397.

Крыху абзадачаныя, яны раздумвалі надзьмуцца ім на мяне ці пусціць усю справу так, аж тут адзін з іх успомніў пра маю маці:

— Э, дык і вы ж таксама недасек.

— Ну так. Калі меркаваць па тым, што маці нарадзілася тут, і я таксама напалову недасек.

Поделиться с друзьями: