Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Тады няхай, — прымірыліся яны.

І сапраўды, чаго крыўдаваць на твае жарцікі і кепікі, калі і ты сам не лепшы, ва ўсякім разе, сам напалову такі. Ну, але жарты жартамі, а давайце прыпомнім хаця некаторых людзей, якіх даў Беларусі (і ўсяму свету) маленькі Мсціслаў і яго бліжэйшае наваколле. Таму што востры Мсціслаўскі розум, хватка, кемнасць, дзелавітасць заўсёды былі накіраваныя, але найбольш на карысць чалавеку і на ягоны поступ наперад.

Пра дойлідаў і мастакоў, у прыватнасці Сцяпана Палубеса, мы ўжо гаварылі. Давайце цяпер пагаворым пра людзей асветы, думкі, навукі і культуры.

І, перш за ўсё, увогуле пра мсціслаўскую пісьменнасць.

Доўгі час існавала думка, што на ўсходнеславянскіх землях пісьменнае было ці не адно толькі духоўнае саслоўе, ну і хіба частка самых вярхоў грамадства. Яно і праўда: пергамент рэч дарагая, амаль

недаступная для сярэдняга чалавека. Пергаментныя кнігі ХІ — ХІІ стагоддзяў дайшлі да нас у адзінкавых, па пальцах можна пералічыць, экземплярах. Адсюль вывад: насельніцтва было малапісьменнае.

Такая думка панавала аж да 1951 года, калі археолагі знайшлі ў Ноўгарадзе першую берасцяную грамату. Цяпер іх знойдзена там 588. Значыць, не былі рэдкасцю пісьменныя людзі. Значыць, для штодзённых сваіх патрэб людзі сярэдняй заможнасці карысталіся бяростай. Але ці была такая распаўсюджаная пісьменнасць асаблівасцю толькі адной Ноўгарадскай гандлёвай рэспублікі? Выявілася, што не. Проста асаблівасці паўночнай ноўгарадскай глебы лепш зберагалі бяросту. Але з цягам часу берасцяныя граматы былі знойдзены ў Смаленску, Старой Русе, Пскове.

Потым загаварыла беларуская зямля. У 1959 годзе была знойдзена берасцяная грамата ХІІІ стагоддзя ў Віцебску. Мсціслаў быў другі беларускі горад, дзе ў 1980 годзе таксама знайшлі такую грамату. Яна ляжала ніжэй сёмага бярвенчатага вулічнага насцілу. Мяшчэнне гэтыя датуецца 1249 годам, і значыць, пісалі грамату раней, недзе ў першае трыццацігоддзе ХІІІ стагоддзя.

Грамата гэтая дайшла да нас не цэлая. Гэта, уласна кажучы, невялікі ўрывак, тэкст якога паддаецца прачытанню з цяжкасцю і сэнс якога цьмяны. Ва ўсякім разе гэта дзелавы дакумент (большасць берасцяных грамат гаворыць менавіта аб прыватным жыцці людзей, аб іхніх справах, пакупках, даручэннях: гэта просьбы, загады зрабіць нешта і нават прапановы рукі і сэрца), у якім размова ідзе пра пшаніцу, палупяць грыўняў і пра нейкага Сямёна. Што нарабіў гэты Сямён з пшаніцай і грашыма, для нас, напэўна, так і застанецца невядомым. Але гэта, відаць, дакумент пра закупку пшаніцы, прычым на досыць буйную суму. Што здарылася тады? Куплялі збожжа таму, што быў недарод (а з усіх тагачасных недародаў Мсціслаў закрануў толькі недарод у 1219 годзе). Рабілі запасы на выпадак магчымай вайны з кімсьці? Здарылася яшчэ нешта? Гэтага мы не даведаемся таксама. Але для нас нязмерна важлівы ўжо сам факт знаходжання граматы, як і знаходжанне шовернага колца з неразумелымі літарамі на ім, як і тое, што знойдзена было металічнае пісала, якім выціскалі літары на бяросце (для адной граматы яго заводзіць бы не сталі), значыць, іх было шмат, значыць, іншых грамат мы проста пакуль што не знайшлі.

Бязмерна важлівы, бо праз бяросту гаворыць з намі не афіцыйная, а прыватная, асабістая гісторыя нашых продкаў, паўсядзённая, шырока распаўсюджаная іхняя пісьменнасць. На кожны час, на кожную нязначную патрэбу. Не загад палкаводцу ці паслу, а "сарочку забыла", "прадай адзенне і купі жыта", "выйдзі за мяне замуж", і нават вось гэтая неразумелая нам галаваломка пра грошы, пшаніцу і нейкім чынам звязанага з імі Сямёна, якога ўжо даўно няма на свеце і які, аднак, наш сабрат па роду чалавечаму.

Здаўна давён пісьменны Мсціслаў мае яшчэ адну неацэнную заслугу перад усходнеславянскай кніжнасцю. Тут нарадзіўся Пётр Цімафееў Мсціславец, друкар, заснавальнік, разам з Іванам Фёдаравым, першай друкарні ў Маскве. Мы не ведаем года яго нараджэння і смерці, не ведаем, дзе ён вучыўся друкарскай справе, на радзіме ці яшчэ недзе (друкаваная старажытнабеларуская кніга лічыла тады за сабою ўжо амаль палову стагоддзя). Адзіныя вехі ягонага жыцця гэта кнігі, выдадзеныя ім.

Нарадзіўся недзе, мабыць, у першай чвэрці XVI стагоддзя. Разам з Фёдаравым заснаваў у Маскве друкарню, у якой у красавіку 1563 года прыступілі яны да набору першай маскоўскай кнігі, "Апостала". Скончылі яе друкаванне 1 сакавіка наступнага года. Праз год выдалі два выданні "Часоўніка". І — не першыя і не апошнія — вымушаны былі пад напорам цёмнай чэрні, падбухторанай перапісчыкамі і цемрашаламі з вярхоў, як духоўных, так і свецкіх, бегчы з Масквы ў Заблудаў, непадалёку ад Супрасля. Заблудаў належаў гетману Вялікага княства Літоўскага Рыгору Хадкевічу, які дапамог ім заснаваць там друкарню і надрукаваць "Евангелле вучыцельнае" (выйшла 17 сакавіка 1569 года) і "Псалтыр" (выйшаў у 1570 годзе). Ёсць звесткі, што, па прыкладзе Скарыны, нашы майстры хацелі выдаць усё гэта ў перакладзе на простую мову, "каб научение людем

ширилося". Чамусьці гэта не атрымалася. А шкада.

У 1569 годзе Мсціславец пераязджае ў Вільню на запрашэнне віленскіх купцоў, братоў Мамонічаў і братоў Зарэцкіх (Івана — скарбніка Вялікага княства Літоўскага і Зянова, бурмістра Віленскага). Там ён будуе паперню і друкуе "Евангелле напрастольнае", потым "Часоўнік" і "Псалтыр", у пасляслоўі да якога ваюе за прасвету супраць невуцтва (тады па "Псалтыры", часцей за ўсё, людзі вучыліся чытаць).

Гэта кнігі выключнага паліграфічнага майстэрства: прыгожы шрыфт, буйны і ясны, нібы спецыяльна для таго, хто вучыцца, гравюры мастацкія, арнамент прыгожы. Кнігу, апрача ўсяго іншага, нават проста прыемна ўзяць у рукі і цешыцца з яе. Яна прыцягвае да сябе. Ужо тады наш мсціслаўскі асветнік разумеў гэта.

Недзе пасля 1580 года Пётр Мсціславец памёр. Што мы ведаем пра яго? Ведаем толькі ягонаю справу: кнігі, якія неслі святло тысячам людзей. Гэты чалавек прадоўжыў друкарскую справу на тэрыторыі Беларусі, быў адным з дваіх заснавальнікаў друкаванага кніжніцтва на Маскоўскай Русі і (паколькі шрыфтамі ягонымі карысталіся Дзерманская, Астрожская і іншыя друкарні) заснавальнікам друкарніцтва таксама і на Украіне.

Мы чытаем больш за ўсіх у свеце, то, згадзіцеся, што тут немалая заслуга ўсходнеславянскіх першадрукароў.

Францыска Скарыны. З Полацка.

Івана Фёдарава. Радзіма невядомая.

Пятра Цімафеева Мсціслаўца. З Мсціслава.

Па-мойму, гэта зусім не так мала. І каб малы Мсціслаў нават нікога больш не даў чалавецтву — хапіла б і гэтага, каб людзі засталіся навекі ўдзячныя яму. І, як слабую даніну падзякі, паставілі б Пятру Мсціслаўцу помнік у ягоным родным горадзе. Помнік, які пакуль што ўзвышаецца толькі ў сэрцах жыхароў Мсціслава.

Давайце будзем называць уразбіўку людзей больш і менш па маштабах іхняй дзейнасці. Бо няма вялікіх і малых працоўнікоў у чалавецтва, бо кожны, хто шчыра служыць яму і прыносіць яму карысць, заслугоўвае на нашу павагу і памяць.

Адным з вядомых публіцыстаў і вучоных-гаспадарнікаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя быў Іван Іванавіч Сердзюкоў, гаспадар маёнтка Кудрычы на Мсіслаўшчыне. Сам ён быў з Украіны і прывёз у Кудрычы з Палтаўшчыны 25 мужчын і 25 жанчын, якія і склалі ядро гаспадаркі. Ён, вядома, не быў такім асветнікам і дэмакратам-народнікам, як, напрыклад, А. Н. Энгельгардт, якога ведаў Маркс і высока ацэньваў Ленін.

Аднак аб'ектыўна атрымалася так, што ён, яшчэ напярэдадні прыгоннай рэформы, павёў гаспадарку па шляху такой эвалюцыі, у якой ужо вельмі прыкметныя былі капіталістычныя рысы.

Будаваліся млыны, гаспадарчыя пабудовы, разрабляліся культурныя лугі, капаліся асушальныя (і паліўныя) канавы, расцяробліваліся аборкі, павялічвалася жывёлагадоўля, спрабавалася новае паляводства, уводзіліся штучныя ўгнаенні.

У "Земляробчай газеце" — і асобна з'яўляліся працы Сердзюка (называюць толькі малую частку) "О ценах на сельские произведения", "О болезни овец", "О белорусском хозяйстве", высока ацэнена "О скотоводстве", "Испорченное и поправленное хозяйство", "Народные приметы и метеорология", большой труд "Очерки хозяйства моего", "Климатология мстиславского уезда" і ўдастоенае ганаровым водгукам вучонага камітэта Міністэрства Дзяржаўных Маёмасцяў "Описание Мстиславского уезда".

Ва ўсім разе гэта не быў пан-паразіт, гэта быў інтэлігент, які сеў на зямлі і думаў не толькі пра сваю гаспадарку, але і ўвогуле пра карысць сваёй зямлі. Пісаў і падаваў дзяржаўныя праекты, на якія, як заўсёды, мала звярталі ўвагі, будаваў шашу ў Крычаве "паміж Сожам і Чорнай рэчкай".

Ну а для душы напісаў па-ўкраінску некалькі камедый, аперэт, склаў "Маларасійскі слоўнік".

З яго сям'і выйшла пасля некалькі значных вучоных.

Мсціслаўскае поле было ўвогуле ўрадлівае на вучоных. Вельмі значнымі вучонымі былі, напрыклад, у ХІХ стагоддзі браты Кутаргі. Сцяпан Сямёнавіч (нарадзіўся ў 1805 годзе ў Мсціславе, у сям'і павятовага чыноўніка, памёр у 1886 годзе) і брат ягоны Міхаіл Сямёнавіч (1809–1886 гг.). С. С. Кутарга, вучоны-прыродазнаўца, заолаг і геолаг, вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і дактарантуры Дэрпутскага ўніверсітэта. Доктар медыцыны (1832), прафесар заалогіі Пецярбургскага ўніверсітэта (1833), старшыня Пецярбургскага мінералагічнага таварыства. У 1852 годзе за падрабязную геалагічную карту Пецярбургскай губерні быў удастоены Дзямідаўскай прэміі. Асабліва каштоўныя, акрамя гэтай, яшчэ ягоныя работы па Фінляндыі. І яшчэ: ніякі даследчык пермскіх асадкаў Урала дагэтуль не можа абысці ягоныя работы.

Поделиться с друзьями: