Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ну і яшчэ адно. Ён першы ў Расіі, ужо праз год пасля выхаду кнігі Чарльза Дарвіна "Паходжанне відаў", прызнаў дарвінаўскае вучэнне і ў 1860 годзе пазнаёміў з ім студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, зрабіўся прыхільнікам Дарвіна і папулярызатарам яго. Уяўляю сабе, якія, мабыць, шышкі сыпаліся на ягоную галаву. Як заўсёды, на галаву першага. А можа, як падумаеш, і нічога, і абышлося, і непрыкметна сышло. Бо проста не паспелі разабрацца і ацаніць усё значэнне гэтага рэвалюцыйнага для біялогіі выбуху.

Штогод разам з братам, прафесарам Пецярбургскага універсітэта Міхаілам Сямёнавічам, Сцяпан Сямёнавіч праводзіў у Мсціславе лета, ведучы вялізную культурна-асветніцкую работу ў горадзе і наваколлі. А брат ягоны быў таксама асобай надзвычай цікавай. Адным з самых

выдатных на той час, калі не самым выдатным у Расійскай дзяржаве гісторыкам Старажытнай Грэцыі. З другога курса Пецярбургскага універсітэта таксама быў накіраваны ў Дэрпут, а паколькі Дэрпутскі універсітэт быў універсітэтам шматлікіх моўных стыхій, то выдаў там па латыні першую сваю працу, а затым абараніў магісцерскую дысертацыю, а пасля і стаў доктарам за працу "Калены і саслоўі антычныя", праз год перакладзеную на французскую мову. Працаваў у Парыжы, Берліне, Мюнхене і Гэйдэльбергу, быў прафесарам Пецярбургскага і (з 1869 па 1874) Маскоўскага універсітэтаў.

Бліскуча ведаў крыніцы, але і ўмеў крытычна ставіцца да іх. Даводзіў, што антычныя традыцыі ў апавяданнях і паданнях аб ранніх гістарычных эпохах верагодныя, а, часам, і дакладныя.

Распрацоўваў вузлавыя пытаніі сацыяльнай і палітычнай гісторыі антычнасці (рабы ў антычнай Грэцыі, становішча вольнаадпушчанікаў у Афінскай рэспубліцы, раздзяленне ўласнасці ў Афінах, барацьба дэмакратаў з арыстакратамі ў элінскіх рэспубліках). Такія яго выдатныя кнігі, як "Гісторыя Афінскай рэспублікі ад убіення Іпарха да смерці Мільціяда" (СПб, 1858 г.) і асабліва дужа змястоўная і важлівая "Грамадскае становішча рабоў і вольнаадпушчанікаў у Афінскай рэспубліцы" (выйшла пасмяротна) не страцілі свайго значэння і да нашага часу, і доўга яшчэ не страцяць. Бо гэта не кампіляцыя, бо ён першы ў свеце ўзняў і даследаваў пытанне аб рабстве ў старажытнай Грэцыі, бо гэта работы, заснаваныя на глыбінным веданні першакрыніц.

Вось якія птушкі выляталі, часам, з Мсціслаўскага гнязда. І, ведаеце што? Адну я тут бачу загану, уласцівую ўвогуле беларусам. Яны ствараюць Чылійскую навуку, твораць палітыку Гавайскіх астравоў, робяцца лепшымі ў свеце знаўцамі арабскіх рукапісаў, або, як у дадзеным выпадку, антычнасці, але… Нельга, вядома, абняць неабдымнае, але шкада, што за старажытнай Грэцыяй так мала знайшлося ў Кутаргі ўвагі да сваіх з братам малых Мсціслава ды Чэрыкава, да свайго роднага Пасожжа. Толькі вельмі багатыя кадрамі народы могуць дазволіць сабе вывучаць інкскую пісьменнасць у той час, як на сваёй ніве хапае рук.

А можа? Можа гэта і ёсць галоўная вартасць і добрая якасць беларускіх вучоных: не абмяжоўвацца толькі сваім і заўсёды самаахвярна прыходзіць на дапамогу суседу? Можа менавіта за гэта даруецца нам вялікае мноства нашых грахоў? Бо павінна ж некалі адгукнуцца народу ягоная самааданасць і жаданне служыць не толькі сабе, але і ўсяму Роду Чалавечаму.

… Вось яшчэ два браты, якія зрабілі вельмі многае. Браты Прахавы. Таксама беларусы з Мсціслава. Старэйшы Мсціслаў Віктаравіч, філосаф, паэт, перакладчык (ледзь не першы ў Расіі) Гейне і Гафіза, гісторык. І малодшы яго брат Адрыян, гісторык мастацтва і археолаг.

Доўгі час я неяк не звязваў іх з Мсціславам. Пасля ўспомніў, што недзе бачыў рэпрадукцыю карціны Рэпіна "Юнак у беларускай жаночай вопратцы" і чытаў пра яе, і што прозвішча юнака, здаецца, было Прахаў і быў ён сынам кагосьці з братоў.

Карціну помню. Сапраўды сядзіць падлетак у тым узросце, калі хлопцы падобныя на дзяўчат і наадварот. І вопратка на ім багацюшчая і гожая-гожая, і вопратка тая…мсціслаўская, сумненняў быць не можа.

І выявілася, што аб Мсціславе Прахаве і аб ягоным вялізным і доўгім уплыве на іх гаварылі і Антакольскі і Рэпін, бо чалавек гэты сфарміраваў іхнія пагляды на мастацтва і іхні інтэлект. Прычым не толькі ў сэнсе мастацкіх густаў, але і ў сэнсе палітычных поглядаў (сам ён, было і такое, пасядзеў у Петрапаўлаўцы за кіраўніцтва студэнцкімі хваляваннямі).

А малодшы Прахаў, Адрыян (нарадзіўся у 1864 г.) скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта і, атрымаўшы камандзіроўку

за мяжу, напісаў пад час паездкі магісцерскую дысертацыю "Пра рэстаўрацыю групы ўсходняга франтона Эгінскага храма ў Афінах". Выкладае гісторыю прыгожых мастацтваў у родным універсітэце, у 1879 годзе робіцца доктарам за працу "Дойлідства старажытнага Егіпта", пераходзіць у Кіеўскі універсітэт — у 1887 годзе.

Вакол яго вечна людзі, ён вечна гарыць неймавернымі пачынаннямі (і здзяйсняе іх), ён верыць у талент зусім маладых і бязведамных людзей і смела выцягвае іх на свет, даручаючы вялікую работу (юнаму Урубелю — Кіеўскую Кірылаўскую царкву, юнаму Несцераву, разам з вядомымі ўжо мастакамі, - роспіс Кіеўскага Уладзімірскага сабора, унутраным аздабленнем і ўпрыгожваннем якога Прахаў кіраваў).

Прахаў вечна віруе. Прахаў робіць немагчымае. Ён не толькі піша змястоўныя працы па старажытнарускаму мастацтву — ён адкрывае яго. Так ён адкрыў, замаляваў і даследваў старажытныя фрэскі многіх кіеўскіх цэркваў (Сафійскай, Кірылаўскай і іншых). Вялікі рускі мастак Несцераў пісаў аб ім: "Знаёмства з А. В. Прахавым было радаснае і склала ў маім жыцці цэлую эпоху… Усё жывое, натхнёнае, што было ў гэтым надзвычай таленавітым чалавеку, не пройдзе бясследна".

І на ўсё яго хапала, і там, дзе ён быў, заўсёды ствараўся мастацкі цэнтр Расіі.

Рэпін і Куінджы, Антакольскі і Шышкін, паэты Майкаў і Мінаеў, Васняцоў і Урубель — усе яны ў сферы ўплыву гэтага чалавека. А ўплывае ён і як рэдактар (ілюстраваны часопіс "Пчала"), і, перш за ўсё, як асоба вялікай прыцягальнай сілы, асоба, якая выклікае ў людзях неадольную сімпатыю і бязмежны давер. Побач з ім нельга самому не зрабіцца больш таленавітым, больш адданым сваёй справе. Ён з самага закаранелага флегматыка зробіць энтузіяста і байца.

Паболей бы нам i зараз такiх людзей, як гэты мсцiславец! На жаль, такiя з'яўляюцца не так часта, як хацелася б. А яны як дрожджы ў жыццi грамадства. I не загадам яны вядуць людзей да лепшага, а ўласным прыкладам. Тым, што людзi не хочуць адстаць ад iх i хочуць быць падобнымi да iх. Больш чыстымi, больш высакароднымi, лепшымi, чым яны ёсць.

Разнастайных людзей нараджаў Мсіслаў. У 1865 годзе ў мяшчанскай сям'і нарадзілася тут народаволка Анісся Давыдаўна Балоціна. Вучылася ў Маскве, у вучылішчы жывапісу, ваяння і дойлідства. Народніцкі гурток, у які яна ўваходзіла, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Быў данос і арышты. Быў прысуд (у 1887 годзе): восем год Сібіры. Праз два гады ўзброеныя ссыльныя ў Якуцку паўсталі. Узброенае супраціўленне скончылася тым, што шасцёра ссыльных было забіта, сем паранена. Пасля зноў быў суд і ваенна-судовая камісія, якая прыгаварыла трох чалавек да павешання, а параненую ў перастрэлцы жанчыну да жыццёвай катаргі і пазбаўлення ўсіх правоў. Спачатку была Вілюйская катаржная турма, пасля — турма на Кары для асабліва небяспечных палітычных злачынцаў. Пасля было вольнае пасяленне, пасля — жыццё пад наглядам паліцыі ў Шклове. У 1898 годзе А. Д. Балоцінай удалося выехаць за мяжу, дзе далейшыя яе сляды губляюцца.

Яшчэ адно імя цесна звязана з Мсціславам, імя чалавека, значэнне якога для беларускай і агульнаславянскай культуры цяжка перабольшыць. Гэта Іван Іванавіч Насовіч, беларускі мовазнавец-лексікограф, этнограф і фалькларыст (1788–1877). Вось прыклад чалавека, які доўгі свой век пражыў нездарма, зрабіўшы многае, калі не ўсё, што было накавана яму лёсам. Скончыўшы ў 1812 годзе Магілёўскую духоўную семінарыю, ён трыццаць два гады аддаў педагагічнай дзейнасці, якая, вядома, мала пакідала яму часу для галоўнага свайго прызвання. Быў ён настаўнікам, інспектарам Аршанскага павятовага вучылішча, рэктарам Мсціслаўскага духоўнага вучылішча (1814–1822), рэктарам Маладзечанскага і Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. У 1844 годзе выйшаў у адстаўку. Пасяліўся ў Мсціславе. Яму 56 год. Многія людзі ў гэтым узросце падводзяць вынікі жыцця. Ён разумее: для яго сапраўднае жыццё толькі пачынаецца. І дзякуй богу, што лёс не паставіў хуткай мяжы ягонаму існаванню, даў яму яшчэ трыццаць тры гады жыцця. Іначай паглядзіце самі, чаго мы былі б пазбаўленыя.

Поделиться с друзьями: