Эсэ
Шрифт:
Ад паэтаў, вядома, цяжка патрабаваць логікі. Глушэц "шчоўкае" і "скшыжыкае", але ніяк не "плачет со звонами". Гівал (івалга), хоць усё жыццё чакай, не "схоронится в дупло" і не стане "плакать".
Але тут ёсць адна вялікая розніца. Гэта Ясенін, паэзія, і "што вольна ваяводзе, то…".
Падумайце аб тым, што знікае ў нябыт, і аб тым, што ёсць і што будзе. Падумайце, што яшчэ ў дваццатыя гады дзевятнаццатага стагоддзя К. Контрым гаварыў аб спробах знішчыць тураўскія лясы (выкупілі іх за 64 тысячы рублёў і хацелі сплавіць па Дняпры), што ўжо тады гаварылі аб знікненні многіх жывёл і птушак (і спасылаліся пры гэтым на старыя дакументы).
Падумайце аб душы народа, які ўзрастае сярод гэтых дуброў і на
— У ёдку хацю!
Аб людзях, якія ўзраслі на гэтых берагах такімі, якія яны ёсць, якіх за гэта трэба паважаць і з думкай якіх трэба лічыцца.
Падумайце, як думалі аб усім гэтым мы, ад'язджаючы шэрым ранкам ад гэтых хат і садоў, развітваючыся з суровай Прыпяццю, з гэтай зямлёй, якая адарыла нас вышэйшым шчасцем І гонарам нарадзіцца на ёй і якой мы таму павінны адплаціць працай, даверам, павагаю і ісцінай.
Тысячу стагоддзяў табе!
…Над гарамі дождж. Над гарамі гнілы — іначай не скажаш — лютаўскі туман. Кіпарысы абвіснулі. Мокнуць пад злівай нахохленыя чорныя дразды. Хваля матляе ў бухце судны, і яны крэсляць мачтамі пахмурнае неба. І ў такія хвіліны міжволі думаеш: а які ж чорт занёс цябе сюды, чалавеча?!
Не сюды трэба было ўцякаць, калі ўжо надакучыў табе Мінск. Некуды на Дняпро ці на Дзвіну. Некуды на Невельска-Віцебскую граду, дзе дрэмлюць густа аснежаныя хвоі, дзе на грывах стаяць лілаватыя лясы. На дзве, здаецца, з лішкам, тысячы паўночных беларускіх азёр. На віцебскія, дзе па святах сядзяць на лёдзе падобныя на пінгвінаў рыбакі, але дзе ёсць і такія азёры, да якіх амаль не дабіраецца чалавек.
А ўрэшце, чаму і не ў сам Віцебск уцячы? У цяперашні, няхай сабе і падобны на іншыя гарады, ушчэнт выпаленыя вайной і адноўленыя па тыпавых праектах, — галоўнае — адноўлены, галоўнае — свой, зялёны, гаманлівы, часам аж да крыку, вясёлы, адбіты ў плынях Дзвіны, аточаны лясамі.
Або ў горад, які я памятаю з дзяцінства, з арачным мостам над Віцьбай, са стрэламі званіц, з вулачкамі, што збягаюць да Дзвіны, суматохлівы і, як мне тады здавалася, надта ж ужо вялікі.
Хадзіць пад снегам ці нават — няхай! — пад дажджом, або, лепей, летам стаяць над вялікай ракой, швэндацца паркамі, дзе ў дажджлівыя ночы стаяць вакол ліхтароў вясёлкавыя кругі. І ўспамінаць, шмат успамінаць, хаця з таго, што ўспамінаеш, мала чаго засталося, хаця там цяпер усё новае.
Шматпакутны тысячагадовы прыгажун! Колькі ж разоў даводзілася табе за гэтую тысячу гадоў твайго жыцця ператварацца ў прысак і ўваскрасаць з гэтага прыску! І хай мяне шасне пярун, калі я, нягледзячы на трывіяльнасць такой паралелі, успомніўшы пра ўсё гэта, не ўспомніў фенікса.
Тысяча гадоў… Калі табе споўніцца дзве тысячы, ад нас нічога не застанецца, але і тады наша любоў да цябе будзе нячутна блукаць вуліцамі тваімі, горад, і жыць у вачах і душах новых тваіх грамадзян.
Ёсць шмат тысячагадовых гарадоў. Часам куды галаснейшая іхняя слава. Таму што там галоўным быў меч, а рукі — толькі пасля. А ў цябе былі залатыя рукі тваіх творцаў, тваіх грамадзян, якія толькі па крайняй неабходнасці браліся за меч. А гісторыя чамусьці болей аддавала ўвагі заваёўнікам, а не тым, хто мірна ткаў палотны, рабіў па золаце і срэбры, араў, гарбарнічаў — словам, рабіў простую і сумленную справу, працу, без якой чалавек даўно б перастаў быць. Праўдзівей, проста не стаў бы чалавекам.
Гэтыя рукі і выкапалі тут тысячу гадоў назад першую напаўзямлянку, звалілі першую залатую хвою, паклалі камень у падмурак першай хароміны і, мабыць, высеклі на камені пасярэдзіне Дзвіны, ля Забежжа (відаць,
каб першыя ладдзі ведалі фарватар), глыбокі шасціканечны крыж. Не ведаю, ці ляжыць той камень і зараз. Калі так, то ён памятае ладдзі з лебядзінымі цыямі і барвянымі ветразямі, а ў іх — суровых людзей, першых віцьбічаў, а магчыма, і саму княгіню Вольгу, якая (прынамсі, так кажа пазнейшае паданне) заснавала горад.Не ведаю, ці так гэта. Ды, урэшце, такая жанчына, перад якой схіляліся плямёны, чалавек падступнага сэрца і дзяржаўнага розуму, па слове якой сутыкаліся народы і звінела "варажская сталь у візантыйскую медзь", у сэрцы якой ужываліся разлік і каханне, здрадніцтва і вера, — жанчына гэтая магла не толькі паліць, але і будаваць гарады.
Як далёка відаць з узвышша! Які кашлаты дыван лясоў, разарваных толькі Дзвіной ды малой Віцьбай. Да самага небасхілу. І толькі у-унь там адна нітачка дыму. І цішыня.
І першы ўдар сякеры аб камель дрэва. І ўпершыню спалоханая сойка заверашчала і рванулася з яго прэч.
Што думаў, што мог прадбачыць у будучых стагоддзях, у шалёным іхнім пажары і дыме гэты не вядомы нам чалавек?
Па-першае, ён ужо ведаў, што назва гораду будзе тая, якой мы завём яго і зараз. Чамусьці амаль заўсёды менавіта маленькія, а не вялікія рэкі даюць назву вялікім гарадам.
Па-другое, ён ведаў, што месца вольнае, адкрытае вятрам, высокае, а значыць, здаровае і бяспечнае і нашчадкам ягоным някепска будзе тут жыць.
Па-трэцяе, ён беспамылкова ведаў, што гораду шырыцца, і расці, і багацець. Таму што тут вялікі ўсходні рачны шлях: Балтыка, Дзвіна, Каспля, Дняпро. А па Дняпры — хочаш у грэкі, а хочаш і на ўсход, у Булгары Волжскія. А колькі сухапутных шляхоў! Увесь свет перад табою, чалавеча. Уцвярдзіся і стой. Давеку.
I ён уцвярдзiўся. I, мабыць, досыць хутка мiж Вiцьбаю, Дзвiною i Ручаём з'явiлiся зямлянкi i хаты, а там забялелi i першыя частаколы, якiя потым, вельмi хутка, пайшлi расколiнамi i пацямнелi пад сонцам, i ветрам, i завеямi, што наляталi з Дзвiны. Тут вось i ўсталi пасля два замкi — Верхнi i Нiжнi. Але пасля прагны — увесь рух i рост — горад зрабiў крок праз Вiцьбу, i там стала Узгор'е, i там стаў гандлёвы цэнтр, i адабраў iмя "места" ад старэйшых сваiх братоў.
А пасля пайшло. Задунаўе, Задзвінне. Паўсюль вырасталі звонкія хаты, млыны, званіцы, склады для сваіх і іншаземных тавараў, закураныя буды. Паўсюль з'яўляліся ў дрымучых пушчах лапікі палёў, дыміліся ляды, звінеў пасля на іх месцы блакітнымі завушніцамі авёс і гразіліся дзідамі жыта і ячмень.
Словам, стаў Горад. А паколькі стаў Горад, то з'явіліся і князі з дружынамі… А з імі разам прыйшло тое, што летапісцы звалі: "і ўста род на род, і племя на племя". І заспявалі па ярах Віцьбы, па гарах Места, па пясках і хвалях Дзвіны мячы. Брачыславы, Ізяславы, Давіды — хто іх там разбярэ з іхнімі сварамі, перадачай гарадоў з рук у рукі і іншым такім.
А горад ведаў: трэба працаваць, нягледзячы на князёў, трэба ўзвышаць адзінае, што яны лічылі сапраўды каштоўным: свой Вітбеск, сваю родную зямлю, цягнуць ніці гандлю ўсё далей на захад — да Любека, Данцыга, Мюнстэра, Брэмена, усё далей на поўдзень — да Кіева і Царграда, усё далей на ўсход — да Масквы, да Суздаля і Уладзіміра і далей, далей…
Трэба, каб па-ранейшаму на віцебскіх прыстанях чуліся галасы іншаземных купцоў, жаўцелі колы воску і залаціўся ў бочках бурштынавы мёд, трапяталі ветразі, іскрыліся пад рукой футры, кашлаціліся аўчыны, пераліваліся індыйскія і арабскія тканіны, звінелі скандынаўскія бронза і срэбра, свяціўся прыбалтыйскі бурштын. Каб было золата і, побач з ім, яшчэ даражэйшая пры патрэбе соль, і нямецкія віны, і галандскія сукны, і імбір, і мігдал немаведама адкуль, і ўсё-ўсё. І каб гучна, як на імшу, перазвоньваліся раніцамі кузні, цягнула гараю з домніц, смярдзела скурамі, дубовай карою, рогам.