Эсэ
Шрифт:
Вось пра гэтую другую любоў я і раскажу. Без гучных слоў.
Я хачу прывесці некалькі звычайных выпадкаў са звычайнага жыцця, якія, магчыма, скажуць больш пра наша братэрства, чым усе оды на зямлі.
Упершыню тварам у твар сутыкнула мяне з Украінай вайна, зноў жа выпадковасць. Бацька вызваўся ехаць з Чкалава на Беларусь адразу ж, як толькі былі вызваленыя два маленькія лапічкі яе тэрыторыі (гэтыя лапічкі быў дом, свая зямля, няхай сабе пад абстрэлам). У гэты час ехаў з Далёкага Усходу мой дзядзька, прызначаны начальнікам штаба чыгуначных войск Першага Беларускага фронту, і ўзяў мяне і маці з сабой, пасяліў у Кіеве. Цяжка цяпер сабе ўявіць, як імкнуліся людзі ў небяспеку і разбурэнні, абы толькі быць бліжэй да дому, няхай сабе яшчэ і захопленага ворагам.
Украінскія хаты паўсталі
Горад быў ціхі, амаль бязлюдны. Горад прачнуўся ад страшнага сну. Вонкава цэлы, ён толькі пры набліжэнні да Крашчаціка адкрываў воку сваё знявечанае, абвугленае, узарванае, прастрэленае сэрца. Чалавек з прастрэленым сэрцам памірае. Горад і краіна не паміраюць, пакуль б'ецца сэрца хоць аднаго іхняга сына і дачкі.
Было цяжка і не дужа сыта, і ўсё ж у гэтых руінах быў вялікі аптымізм і вялікае абяцанне шчасця і для тваёй Беларусі, бо гэта была ўжо свая зямля, і твая Беларусь, пакуль што здратаваная і загнаная пад зямлю, павінны была ўжо вось-вось таксама зрабіцца сваёй. Хоць яшчэ мора крыві і роспачы трэба было перайсці, каб назваць яе сапраўды сваёй.
Ногі мае і тады і пасля насілі мяне па ўсім горадзе і асабліва часта заносілі туды, дзе гісторыкі, археолагі пачыналі расчышчаць, аднаўляць, капаць. Які нюх у мяне быў на гэта. Я ведаў, хто, дзе, калі і што робіць, і прыставаў да гэтых людзей, як смала. Часцей за ўсё з голага энтузіязму. І так вось праз раскопы і расчысткі, праз задуменныя каштаны на Сафійскім падвор'і, праз друз Успенскага сабора, праз кашлатыя арэхі ля Спаса на Берастове і глухую лагчыну Выдубецкага манастыра я паступова адчуваў галоўнае — прыналежнасць да Вялікай Гісторыі Славян. Уваходзіў у галоўную справу майго жыцця: асэнсаванне нас, сённяшніх, асэнсаванне таго, хто мы ёсць сёння і куды мы ідзём, праз асэнсаванне нашага ўчора.
Хто хоча ведаць, як там, у Кіеве, калі яшчэ ішла вайна, нараджаўся чалавек і як ён толькі дзівам не загінуў на парозе нараджэння, хай прачытае маю аповесць "Лісце каштанаў". Гэта адна з нешматлікіх маіх рэчаў, якія на дзевяноста пяць працэнтаў — праўда, да дробных рэалій, якія могуць засведчыць усе кіяўляне, што былі ў той час у горадзе.
Праўда аж да шыльдаў, аж да закладзенага цяпер пад'езда, аж да аднавокага бандурыста, аж да двара дамоў нумар 48–50 па вуліцы Леніна, дзе жартавала, геройствавала, спаборнічала ў высакароднасці наша мушкецёрскае войска, аж да таго, што я мог там памерці… Ну так, некалькі разоў мог. Адзін ці два разы ў вайну. А яшчэ раз студэнтам, калі мяне напярэдадні стыпендыі высадзілі з трамвая, а той пайшоў па схіле ўніз і разбіўся. Некалькі вось такіх дзіўных выхадак лёсу, пасля кожнай з якіх я мог зрабіцца ўкраінскай зямлёй, як калі-небудзь — аднаго хачу — зрабіцца зямлёй беларускай.
Сяброўства, небяспека, намёк на абуджэнне сэрца і намёк на будучы шлях — вось колькі ўсяго шчодра адваліла мне Украіна.
Няма чаго здзіўляцца, што ўспаміны аб вайне, сябрах, успаміны аб тым, як нарадзілася пачуццё прыналежнасці да мінулага, дзіўнае адчуванне, што ты жывеш усярэдзіне яго, прывялі мяне, калі прыйшоў час, зноў на Украіну, у Кіеўскі універсітэт. І я, відаць, не дужа памыліўся, прадчуваючы, што менавіта там мне ўдасца лепей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў, чым яно ў кожнага народа падобнае і чым адметнае. Там былі лепей упарадкаваныя бібліятэкі (асабліва аддзелы рэдкіх кніг і рукапісаў) і архівы. Акрамя таго, там ніхто не здзіўляўся, што я чытаю, напрыклад, Максіма Гарэцкага (быў 1949 год), літаратуру аб паўстанні 1863–1864 гадоў або, скажам, справу забойцы Лермантава М. С. Мартынава (ён сядзеў тры месяцы на гаўптвахце ў Кіеўскай крэпасці і ў
Кіеве ж павінен быў адбываць царкоўнае пакаянне). Або разнастайныя старадрукі ці перыёдыку 20-х гадоў. Гэта прыводзіла часам да дзіўных вывадаў. Да таго, скажам, што я здзіўляўся, чаму паўстанне Каліноўскага называюць сялянскім, калі яно было — статыстыка! — разначынна-шляхецка-сялянскім. Калі пазней гэты погляд — падзякуем Г. В. Кісялёву — стаў агульным, я ўспрыняў яго з радасцю, як заўсёды з радасцю ўспрымаем такую падзею, калі розум і вернасць ісціне бяруць верх над прадузятай думкай.І такіх адкрыццяў было шмат. На жаль, я працаваў без усякай сістэмы, не выпісваў часам імя вучонага, назвы твора, адкуль дакумент і г. д., так што цяпер часам і не помню, адкуль браў тое ці іншае. Нічога, для літаратуры гэта не так важна — спасылка на крыніцу. Пасля яе знойдзе гісторык-архівіст, пацвердзіць, што напісанае недзе дакументальна абгрунтавана, што ты не адступіў ад праўды.
Чырвоны корпус універсітэта (старая, яшчэ царскіх часоў, бунтарская чырвань — легенда казала, што так пафарбавалі будынак пасля студэнцкіх хваляванняў — настойліва лезла праз менш якасную новую), маладзенькія пірамідальныя таполі перад порцікам (цяпер яны засланілі ўвесь фасад, ды і ўвогуле зеляніна кіеўская разраслася так неўтаймавана, што схавала ад вачэй маіх абліччы многіх родных дамоў, і я не пазнаю іх у твар, а куткі, дзе я ведаў кожны камень, здаюцца мне чужымі), доўгая магіла кіта-фінвала на універсітэцкіх задворках (першая кітабойная флатылія падарыла яго універсітэту), а побач, між "кітовым капцом" і акадэмічнай бібліятэкай, у татарніках, чамусьці вялізная конная статуя Суворава: кліча ў паход на бібліятэчны мур.
Залы акадэмічнай бібліятэкі, ад строгай вялікай і да ўтульнай малой залы мастацкай літаратуры, дзе на стале ў яблычна-аранжавай, крыху спляшчанай зверху і знізу вазе стаялі нейкія барвяна-індзейскія галіны з лісцямі (за вокнамі даўно снягі, а тут была восень і яе лёгкі, празрысты настрой)…
Кнігі… Старыя, пульхныя, у скураных адзеннях, чорных і рыжых, з валікамі на карэньчыках, сухая сітаватасць паперы ХVІІІ стагоддзя, альманахі часоў Міцкевіча і Пушкіна, "Жалейка", прыжыццёвыя выданні Лесі Украінкі, "Матчын дар" (па вонкавым выглядзе кнігі адточанае вока можа меркаваць пра эпоху, у якую яна выйшла, часам не менш, чым па яе змесце). Кнігі, залашчаныя сотнямі рук, і кнігі (часта не менш цікавыя), якія за сто год не разрэзала нічыя рука, і тады ты першаадкрывальнік.
І — некалькі разоў — ледзь не выключэнне з універсітэта за тое, што я не хаджу на многія лекцыі, а замест гэтага прападаю ў бібліятэцы.
Неяк абыходзілася, і я зноў браўся за сваё. Ого! Стаў бы я замест скарбаў, якіх я так даўно чакаў і да якіх урэшце дарваўся па спецыяльнай просьбе акадэміка А. І. Бялецкага (першыя тры, здаецца, курсы ў "тайнае тайных" не пускалі), стаў бы я замест гэтай любоўнай, п'янай асалоды хадзіць на лекцыі і ў соты раз слухаць тое, што ўжо даўно ведаю і што мне даўно ўжо абрыдла!
Украіна пасадзіла мяне за раскошны банкетны стол — яна знайшла мне і настаўнікаў, якія ненавязліва, часта канфідэнцыяльна, з павагай "толькі рэкамендавалі і раілі, калі гэта мне падыдзе", які келіх піць з гэтага разліўнога мора ідэй і тэорый. Звярталі ўвагу на тое, які іранічны парадокс варты цэлай сістэмы, і якая дужа сур'ёзная кніга, высока ацэненая тым і тым, вартая прачытання толькі каб ведаць яе, не паступаць так, як раіць яна, і, калі нехта ўжыве яе як зброю, мець супраць яе надзейны шчыт: ведаць на тры метры пад аўтарам, чаго ён хацеў і чаго дабіваўся.
Гэта быў асцярожна-іранічны і пры гэтым надзіва адкрыты і шчыры А. І. Бялецкі, непрыкметны, а між тым шырокі эрудыт А. А. Назарэўскі, сівы С. І. Маслаў. І прафесар Шамрай (на жаль, рана пайшоў) з яго сарказмам. І паэт Рыльскі, заўсёды паглыблены ў сябе. І "свяцейшая" наша Л. А. Панамарэнка…
Украіна, Кіеў — гэта былі не толькі кнігі і архівы, не толькі лепшыя з настаўнікаў, якія разам са мной узважвалі меру дабрыні і зла, гэта былі археалагічныя раскопы, дзе я працаваў, музеі, опера і сімфанічныя канцэрты. Тады з вясны да восені чалавек з малымі грашыма (а адкуль яны ў студэнта?) мог праслухаць усю сімфанічную класіку бясплатна з эстрады ў парку над Дняпром.