Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Лёс часам падкідае розным людзям і ў розныя часы амаль зусім аднолькавыя выпадкі і сітуацыі. Вы памятаеце "Далёкія гады" К. Паўстоўскага? Там малады чалавек, спяшаючыся да бацькі, які памірае, ледзь не гіне ў паводку на грэблі цераз Рось. Смешна і неверагодна, але тое самае здарылася і са мной на пачатку вясновых канікул недзе ў 55-м або 56-м годзе. Ехаў у Кіеў, не ў брычцы, а ў кузаве грузавіка, вядома. І грэбля была не земляная, а бетонная, з занадта вузкім вадасцёкам. Але была тая самая рака Рось і тая самая Белая Царква, і паводка, мабыць, яшчэ больш моцная, і такое ж вясновае расторганае неба, і вада валіла паўзверх грэблі магутным пластом. Грузавік, па згодзе

ўсіх, хто ехаў, увайшоў у яе і пачаў рухацца, і вось, недалёка ўжо ад берага, машыну пачало павольна, мякка і ўладна валачы задам да краю грэблі, адкуль падаў уніз таўшчэзны шкляны пласт вады. Зеленавата-шэры, бязгучны там, дзе зрываўся ў прорву, ён унізе, вельмі далёка, вантробна і драпежна бурчаў.

Не памятаю, ці падумаў я тады, што гэта канец нават для мяне, які плавае вельмі добра. Канец, бо апрануты я цяжка, бо гэта падзенне разам з машынай і людзьмі, сярод якіх былі кабеты, бо ўнізе яшчэ могуць быць і камяні.

Памятаю толькі, які страшны крык узнялі людзі на берагах, хоць крычаць, уласна, належала нам, якія маўчалі.

Машына павольна, сантыметр па сантыметры, ужо звісаючы адным колам над стромай і нібы на апошніх ударах сэрца, усё ж паўзла, бясконца паўзла і — выпаўзла…

Бачыце, як багата ўсяго было там перажыта?! Вайна, сяброўства, каханне, некалькі разоў смяротная небяспека, кнігі, пазнанне праўды і зла (і такое было!), настаўнікі і вучні, - вось што такое для мяне (і для многіх тысяч іншых) гэтая зямля.

Перш за ўсё, вядома, я абавязаны жыццём і ісцінай свайму куту, свайму краю, сваёй Беларусі. Але як жа я абавязаны добрай цётцы маёй Украіне, якая не шкадавала для мяне ні піражкоў, ні шлапакоў, ні ўшчування, ні добрай парады.

То ж я павінен быць удзячны не толькі маці, але і ёй. І як ёй аддзячыць? Хіба што адказваючы любоўю на любоў. А большага яна і не патрабуе.

І яшчэ адно, самае галоўнае. Красою і высакароднасцю сваёй яна зрабіла на мяне адваротны ўплыў. Паспрабую растлумачыць.

Бяру лепшы прыклад — Шаўчэнку. Што такое ўсе яго вершы першага перыяду? Гэта містэрыі, легенды, камедыі і трагедыі, гэта геніяльныя абстракцыі, з якіх паўстае перад намі не менш абстрактная Украіна.

А дзе яна пачынае паўставаць перад вачыма раем пад вечнай вясёлкай? У Орскай крэпасці, на берагах Каспія, што рыпяць ад сухасці, як вярблюджая калючка, на рыжых узгорках Кос-Аралу. Менавіта там напісаны вершы, якія будуць жыць, калі знікне варожасць, вершы для свабодных людзей на прасветленай зямлі. Гэта "Садок вишневий коло хати", "Мені тринадцятий минало", "Зацвіла в долині", "На великдень на соломі".

Здалёк свой край здаецца азораным ззяннем вечнага незгасальнага дня. І так ён пачынае здавацца самым гожым на свеце (а быў — "нічога асаблівага"). І так нараджаецца вышэйшая ступень любові да бацькаўшчыны.

Украіна ў зялёнай, залатой і сіняй сваёй красе зусім не падобная на пустыню, яна не так і адрозніваецца ад маіх родных мясцін. Але менавіта на Украіне мне суджана было пазнаць апошнюю любоў да самай жалю вартай былінкі на ўзбочыне самай запыленай нашай дарогі.

Я не скажу, што вучыў бы любові да гэтай былінкі, ссылаючы кагосьці ў пустыню. Ссылаць людзей нельга, тым больш у пустыню. Нават калі б яны трапілі ў Італію ці на востраў Таіці, то як бы яны там праз пару год узвылі без карычнявата-чырвоных баравікоў у бэзавым верасе, як бы заплакалі пад кіпарысамі аб ядлоўцы на пустках, аб дымах у марозным небе, аб драздах, якія латашаць чырвоныя арабіны над плотам, аб срэбрачаканым слове сваім і аб песні, аб тумане ранішнім над цёплай вадой возера.

Вось такі, апошні падарунак

мне зрабіўшы, і выправіла мяне ўкраінская зямля на радзіму, калі прыйшоў час справы.

Пасля было яшчэ шмат сустрэч. Была ружовая і бэзавая Адэса з карункавым ценем акацый на бруку і сінім прывідам мора, былі скамянелыя хвалі Львова, была Палтава з пляміста-чорнымі ад раздушанай шаўковіцы тратуарамі, Палтава, у якой некалі вянчаліся мае бацькі.

І кожны раз я вяртаўся дамоў узбагачаным, яшчэ цвярдзей абапіраючыся на свой дарожны кій.

Вось так. І пры чым тут гучныя словы? Я сказаў бы: калі ведаеш чужое як сваё, тады слоў не трэба. І каб усе ведалі пра ўсіх усё, як пра сябе, — не было б глебы для варожасці. На жаль, гэта далёка не так.

Дзіўны сум навеяла мне апошняе спатканне з Кіевам. Дамы нібы змарнелі, дрэвы разрасліся, нібы лес, там, дзе былі паляны майго юнацтва. Двор "лісця каштанаў" забудаваўся і паменеў, стаў цацачны; даўно ляжыць брук на месцы старых раскопаў непадалёк ад доміка М. Булгакава; фантаны майго юнацтва стаяць бязводныя і забытыя ў густых хмызах; стары зялёны тэатр падобны ўначы на марсіянскі цырк і не мільгнуць за рогам вуліц абліччы многіх маіх сяброў і дзяўчат. Горад, які я ведаў да апошняга каменьчыка, цяпер разросся і напалову невядомы мне.

Але ўсё адно душа мая, вершы мае, складзеныя там, словы мае да блізкіх блукаюць паркамі, бульварам Шаўчэнкі, начнымі вуліцамі, Пячэрскам, як каханне маё, незабытае і незабітае ні пуцявінамі, ні холадам год.

Але ўсё адно я стаю на беразе майго і твайго Дняпра і малюся не толькі за свой кут, але і за цябе. І жадаю табе таго, чаго пажадаў бы і свайму народу: адсутнасці гардыні, фанабэрыі і зазнайства ў час трыумфу і неадольнай, мужнай і спакойнай стойкасці ў бедах.

Малюся за цябе, Украіна.

Твой зорны шлях

Зорным часам аўстрыйскі пісьменнік Стэфан Цвейг назваў кульмінацыю, вышэйшы пункт кожнага чалавечага жыцця, тую вяршыню, вышэй за якую чалавек часам і не ўзнімаецца. А можа, і мог бы ўзняцца, ды не ведае пра гэта.

А павінен быў бы ведаць, павінен быў бы верыць у свае сілы, асабліва калі ён чалавек малады. Бо маладыя больш за іншых жывуць запалам свайго маладога сэрца, сваёй душы, свайго сумлення. Бо маладому ў вышэйшай ступені ўласцівая вера ў свае сілы, і, як вынік гэтага, — прадчуванне сваіх вялікіх здзяйсненняў.

Зорным часам для мараходаў было ў свой час адкрыццё Амерыкі і выхад на бераг Ціхага акіяна, для вучоных — адкрыццё электрычнасці і атрыманне радыю, для паэтаў — напісанне "Барыса Гадунова" і "Кургана".

Сёй-той, вядома, можа сказаць, што ён не Купала, не Кюры-Складоўская і ўжо аніяк не Калумб. I, аднак, ён не поўнасцю будзе мець рацыю. Амерыкі адкрыты, але мы дагэтуль не ведаем, як мігрыруюць птушкі і рыбы, хто насяляе глыбіні акіянаў. А гэта для нас, магчыма, не менш важна, бо няважных таямніц няма, і кожная патрабуе свайго героя, свайго Калумба.

Таму кожны павінен працаваць на карысць грамадства, бо яму без яго — без мяне, без цябе (так, менавіта без цябе, друг!) — абысціся нельга. Нельга абысціся без тваёй працы, без тваёй адданасці і адказнасці.

Антуан дэ Сент-Экзюперы сказаў:

"Быць чалавекам — гэта адчуваць… што, кладучы сваю цагліну, і ты дапамагаеш будаваць свет".

I гэта трэба памятаць, як і тое, што тваёй цагліны не падыме больш ніхто. I, значыцца, ні табе, ні мне, нікому на зямлі нельга кінуць справу сваю, нельга пазбыцца адказнасці за яе.

Поделиться с друзьями: