Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ферма

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Баксёр! — закрычала страшным голасам Канюшынка. — Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забіць!

Усе жывёлы падхапілі крык: «Уцякай, Баксёр, уцякай!» Але фургон усё хутчэй і хутчэй аддаляўся ад іх. Невядома, ці зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвіліну галава яго знікла з акенца і пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ён спрабаваў вырвацца. Былі часы, калі пары ўдараў Баксёравых капытоў хапіла б, каб разбіць гэты фургон на трэскі. Але, на жаль, колішняя сіла пакінула яго; і праз некалькі хвілін стукат капытоў зрабіўся слабейшы, а пасля зусім сціх. У роспачы жывёлы пачалі заклікаць двух коней, што везлі фургон, каб яны спыніліся. «Таварышы, таварышы! — крычалі яны. — Не вязіце вашага брата на смерць!» Але дурныя стварэнні, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робіцца, апусцілі вушы і пабеглі яшчэ хутчэй. Баксёрава галава больш не паказвалася ў акенцы. Нехта

надумаў забегчы наперад і зачыніць цяжкую браму, але было позна: праз хвіліну фургон мінуў браму і неўзабаве знік за паваротам. Больш Баксёра ніколі не бачылі.

Праз тры дні было абвешчана, што ён памёр у Ўілінгдонскім шпіталі, нягледзячы на ўсю дапамогу з боку лекараў. Віскун пераказаў гэтую навіну астатнім. Ён прысутнічаў, як ён сказаў, пры апошніх гадзінах Баксёравага жыцця.

— Гэта было сама кранальнае відовішча, якое я толькі бачыў, — сказаў Віскун, падняўшы нагу і змахнуўшы слязу. — Я быў каля ложка да апошняй хвіліны. Перад самай смерцю, ужо не могучы гаварыць ад слабасці, ён прашаптаў мне на вуха, што яго засмучае толькі тое, што ён адыходзіць, калі вятрак яшчэ недабудаваны. «Наперад, таварышы, — прашаптаў ён. — Наперад у імя Паўстання. Няхай жыве Ферма Жывёлаў! Няхай жыве таварыш Напалеон! Напалеон заўсёды кажа праўду». Такія былі яго апошнія словы, таварышы.

Раптам у паводзінах Віскуна наступіла змена. На хвіліну ён змоўк, пасля, перш чым прадоўжыць, падазрона зіркнуў у бакі сваімі маленькімі вочкамі.

Яму сталася вядома, сказаў ён, што пад час адпраўкі Баксёра распускаліся благія і злосныя чуткі. Некаторыя жывёлы заўважылі, што на фургоне, які адвозіў Баксёра, было напісана «канарэз», і таму ім прыйшло ў галаву, што Баксёра вязуць на скуралупню. Проста неверагодна, казаў Віскун, што нехта з жывёлаў можа быць такі дурны. Вядома ж, крычаў ён з абурэннем, круцячы хвастом і скачучы сюды-туды, яны ведаюць іх любімага Правадыра таварыша Напалеона і давяраюць яму. Тлумачэнне ж было вельмі простае. Фургон раней належаў скуралупу і быў прададзены ветэрынарнаму лекару, які яшчэ не зафарбаваў старога надпісу. Вось адкуль узялася памылка.

Жывёлы выслухалі гэта з вялікай палёгкай. І калі Віскун расказаў пра іншыя падрабязнасці апошніх хвілін Баксёра, пра выдатны медыцынскі дагляд, пра дарагія лекі, за якія Напалеон заплаціў не думаючы, іх апошнія сумненні зніклі, і смутак па памерлым таварышу быў палегчаны думкаю, што, прынамсі, ён памёр шчаслівы.

Сам Напалеон паказаўся на сходзе ў наступную нядзелю раніцай і выступіў з кароткай прамовай у гонар Баксёра. Было немагчыма, сказаў ён, перанесці астанкі памерлага таварыша для пахавання на ферме, але ён загадаў сплесці вялікі лаўровы вянок і паслаў, каб яго ўсклалі на магіле Баксёра. А праз некалькі дзён свінні мелі намер наладзіць жалобны банкет у памяць Баксёра. Напалеон скончыў сваю прамову, нагадаўшы два ўлюбёныя Баксёравы лозунгі — «Я буду працаваць яшчэ старанней» і «Таварыш Напалеон заўсёды кажа праўду» — лозунгі, сказаў ён, якімі мусіць узброіцца цяпер кожная жывёліна.

У прызначаны для банкету дзень з Уілінгдона прыехаў фургон бакалейшчыка і выгрўзіў каля сядзібы вялікую драўляную скрынку. Вечарам з сядзібы даносіліся шумныя спевы, пасля якіх чулася нібы бурлівая спрэчка, і ўсё скончылася каля адзінаццатай гадзіны жахлівым грукатам бітага шкла. Назаўтра да паўдня ў сядзібе ніхто не варушыўся, і па ферме пайшла пагалоска, што свінні здабылі аднекуль грошай і купілі сабе яшчэ адну скрынку віскі.

X

Міналі гады. Адна пара змяняла другую, мінаўся кароткі жывёлін век. Настаў час, калі ніхто ўжо не памятаў старых дзён да Паўстання, апроч Канюшынкі, Бэнджаміна, крумкача Масея і некалькіх свінняў.

Мюрыэль памерла; Званочак, Джэсі і Пінчар памерлі. Памёр і Джоўнз — у доме для алкаголікаў, у другім канцы краіны. Пра Сняжка забыліся. Пра Баксёра забыліся, апроч тых нешматлікіх, хто ведаў яго. Канюшынка была цяпер тоўстай кабылай з нягнуткімі суставамі і слязлівымі вачамі. Ужо два гады, як мінуў яе пенсійны ўзрост, але яшчэ ніводная жывёліна не была адпушчаная на пенсію. Даўно ўжо забыліся пра гаворкі аб выдзяленні кутка на выгане для старых жывёлаў. Напалеон быў цяпер мажным кныром на дзесяць пудоў вагою. Віскун так растлусцеў, што амаль не мог расплюшчыць вачэй. І толькі стары Бэнджамін заставаўся такі, як і раней, хіба што больш ссівеў ды пасля Баксёравай смерці зрабіўся больш змрочны і маўклівы.

На ферме цяпер было значна болей жывёлаў, хоць прырост быў і не такі вялікі, як спадзяваліся ранейшымі гадамі. Нарадзілася шмат жывёлаў, для якіх Паўстанне было ўсяго толькі нейкай невыразнай легендай, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, іншыя ж,

купленыя па-за фермай, ніколі і не чулі пра гэта раней. Цяпер, апроч Канюшынкі, на ферме было яшчэ трое коней. Гэта былі прыгожыя стварэнні, сумленныя працаўнікі і добрыя таварышы, але надта дурныя. Ніхто з іх не здолеў вывучыць алфавіт далей за літару «Б». Яны паслухмяна прымалі ўсё, што ім казалі пра Паўстанне і пра прынцыпы Жывялізму, асабліва калі гаварыла Канюшынка, якую яны паважалі, як маці; але наўрад ці яны шмат з таго разумелі.

Ферма цяпер была багацейшая і лепей арганізаваная: яна нават пашырылася за кошт двух палёў, купленых у містэра Пілкінгтана. Вятрак нарэшце быў паспяхова дабудаваны, ферма мела цяпер сваю малатарню і сянажную вежу, з'явілася шмат розных новых пабудоў. Уімпэр купіў сабе калымажку. Вятрак, аднак, так і не выкарыстоўваўся для выпрацоўкі электрычнага току. Ён працаваў як млын і прыносіў немалы грашовы прыбытак. Жывёлы заўзята працавалі цяпер на пабудове другога ветрака, і калі ён будзе збудаваны, як казалі, на ім усталююць генератары. Але пра тыя выгоды, што некалі выхваляў перад жывёламі Сняжок — стойлы з электрычным святлом, з гарачай і халоднай вадою, трохдзённы працоўны тыдзень, — пра гэта ўжо ніхто не гаварыў. Напалеон асудзіў гэтыя ідэі як супярэчныя духу Жывялізму. Сапраўднае шчасце, казаў ён, палягае ў тым, каб старанна працаваць і сціпла жыць.

Аднак жа неяк здавалася, што хоць ферма і пабагацела, самі жывёлы багацейшымі не зрабіліся — апроч, вядома, свінняў і сабакаў. Можа, часткова гэта тлумачылася тым, што цяпер было вельмі шмат свінняў і вельмі шмат сабакаў. І не сказаць, каб гэтыя стварэнні на свой манер не працавалі. Віскун ніколі не стамляўся тлумачыць, што ў іх было незвычайна шмат працы ў даглядзе за фермай і яе арганізацыі. Але збольшага гэта была такая праца, што астатнія жывёлы былі занадта дурныя, каб зразумець яе сэнс. Напрыклад, Віскун казаў, што свінням даводзілася траціць штодня шмат часу і сілы на нейкія загадкавыя рэчы, што зваліся «даклады», «справаздачы», «пратаколы» і «дакладныя запіскі». Гэта былі вялікія аркушы паперы, якія трэба было густа запоўніць літарамі, і як толькі яны былі запоўненыя, іх палілі ў печы. Усё гэта надзвычай важнае для павышэння дабрабыту фермы, казаў Віскун. Аднак усё ж ні свінні, ні сабакі не выраблялі сваёй працай ежы; а іх было вельмі шмат, і апетыт яны заўсёды мелі добры.

Што да астатніх, дык іх жыццё, наколькі яны ведалі, было такое самае, як і заўсёды. Звычайна яны былі галодныя, спалі на саломе, пілі з лужыны і цяжка працавалі на полі; узімку іх даймаў холад, улетку авадні і мухі. Часам старэйшыя з іх напружвалі сваю слабую памяць і спрабавалі вызначыць, ці ў даўнія дні Паўстання, калі яшчэ быў свежы ўспамін пра выгнанне Джоўнза, усё было лепшае ці горшае, чым цяпер. Яны не маглі прыгадаць. Не было нічога, з чым яны маглі б параўнаць сваё цяперашняе жыццё: ім не было на што абаперціся, калі толькі не на Віскуновы лічбы, якія нязменна паказвалі, што ўсё навокал няспынна паляпшалася. Гэтая задача здалася жывёлам невырашальнай; ва ўсялякім разе, цяпер у іх не было часу паразважаць над гэтым. І толькі стары Бэнджамін заяўляў, што памятае да драбніц усё сваё доўгае жыццё і ведае, што нічога не было, дый не магло быць ні лепшым, ні горшым — голад, цяжкая праца і нягоды былі, як ён казаў, нязменным законам жыцця.

І ўсё ж жывёлы ніколі не трацілі надзеі. Больш таго, іх ніколі, ні на хвіліну, не пакідала пачуццё гонару за тое, што яны — жыхары Фермы Жывёлаў. Яны па-ранейшаму заставаліся адзінай фермай ва ўсім графстве — ва ўсёй Англіі! — якою валодалі і кіравалі жывёлы. Ніводзін з іх, нават маладзейшыя, нават новапрыбылыя, выхаваныя на іншых фермах за дзесяць і за дваццаць міляў адсюль, не пераставалі захапляцца гэтым. І калі яны чулі стральбу і бачылі, як зялёны сцяг лунае ў паветры, сэрцы іх напаўняліся бязмежнай гордасцю, а гаворкі вярталіся заўсёды да былых гераічных часоў, да выгнання Джоўнза, да напісання Сямі Запаведзяў, да вялікіх бітваў, у якіх былі разбітыя чалавечыя захопнікі. Рэспубліка Жывёлаў, якую прадказваў Маёр, калі зялёныя палі Англіі не будуць болей таптацца чалавечаю нагою, усё яшчэ заставалася іх светлаю марай. Аднойчы яна здзейсніцца: можа, яшчэ не хутка, можа, нават нікому, хто жыве цяпер, не ўдасца яе пабачыць, але гэтая мара станецца явай. Нават мелодыя «Звяроў Брытаніі» часам патаемна сям-там напявалася: ва ўсялякім разе, кожная жывёліна на ферме яе ведала, хоць ніхто б не наважыўся спяваць яе ўголас. Можа быць, жыццё ў іх было цяжкае і не ўсе іх спадзяванні спраўдзіліся, але яны ўсведамлялі, што яны былі не такія, як іншыя жывёлы. Калі яны галадалі, дык не таму, што ім даводзілася карміць бязлітасных ненажэрных людзей; калі яны цяжка працавалі, дык, прынамсі, працавалі на сябе. Ніхто сярод іх не хадзіў на дзвюх нагах. Ніхто з іх не называў адзін аднаго «Гаспадар». Усе жывёлы былі роўныя.

Поделиться с друзьями: