Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ферма

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Аднойчы на пачатку лета Віскун загадаў авечкам ісці за ім і вывеў іх на вялікую пустку на другім канцы фермы, парослую маладымі бярозкамі. Авечкі прабылі там увесь дзень, скубучы лісце пад пільным наглядам Віскуна. Увечары ён вярнуўся ў сядзібу сам, а авечкам сказаў заставацца на месцы, бо надвор'е было цёплае. І гэтак яны прабылі там цэлы тыдзень, так што ніхто з астатніх жывёлаў іх не бачыў. Віскун быў з імі большую частку кожнага дня і вучыў іх, як ён казаў, спяваць новую песню, якая патрабавала шмат стараннасці і цярплівасці.

І вось адным пагодным вечарам, якраз пасля вяртання авечак, калі жывёлы скончылі працу ды ішлі да гаспадарчых будынкаў, з двара данеслася спалоханае ржанне. Жывёлы з перапуду спыніліся. Яны пазналі голас Канюшынкі. Яна зноў заржала, і ўсе жывёлы наўзгалоп пабеглі ў двор. І яны ўбачылі тое, што пабачыла

Канюшынка.

Яны ўбачылі свінню, якая ішла на задніх нагах.

Так, гэта быў Віскун. Трохі нязграбна, быццам не зусім прызвычаены трымаць сваё важкае цела ў такой паставе, але з выдатным адчуваннем раўнавагі, ён ішоў праз двор. А праз хвіліну з дзвярэй сядзібы выйшла даўгая чарада свінняў, і ўсе на задніх нагах. У некаторых гэта выходзіла лепей, некаторыя ішлі няўпэўнена, здавалася, што ім хочацца абаперціся на кій, але ўсе яны адна за адной абышлі двор. Нарэшце пачуўся страшны сабачы брэх і пранізлівы крык чорнага пеўня, і з сядзібы выйшаў сам Напалеон і ўрачыста выпрастаўся, абводзячы двор пагардлівым позіркам. Вакол яго гайсалі сабакі.

У пярэдняй назе ён трымаў бізун.

Запанавала мёртвая ціша. Уражаныя і напалоханыя, жывёлы збіліся ў кучу і пазіралі на доўгую чараду свінняў, што паволі маршыравалі вакол двара. Здавалася, што свет перакуліўся дагары нагамі. Тады настаў момант, калі першы шок суняўся і калі, нягледзячы ні на што — на боязь сабакаў, на звычку, што развілася за доўгія гады, ніколі не скардзіцца, ніколі не пярэчыць, што б ні здарылася, — у іх ужо гатовыя былі вырвацца словы пратэсту. Але якраз у гэты момант, нібы па сігнале, авечкі выбухнулі жахлівым бляяннем:

— Чатыры нагі добра, дзве нагі лепей! Чатыры нагі добра, дзве нагі лепей! Чатыры нагі добра, дзве нагі лепей!

Яны бляялі, не спыняючыся, хвілін пяць. І калі авечкі сціхлі, выказваць свой пратэст не было сэнсу, бо свінні ўжо зайшлі назад у сядзібу.

Бэнджамін адчуў, як нехта тыцнуў носам яму ў плячо. Ён азірнуўся. Гэта была Канюшынка. Яе старыя вочы ўжо амаль нічога не бачылі. Не кажучы ні слова, яна ціхенька пацягнула яго за грыву і павяла да вялікага гумна, дзе былі запісаныя Сем Запаведзяў. Хвіліну ці дзве яны стаялі, узіраючыся ў прасмоленую сцяну з белымі літарамі.

— Я кепска бачу, — урэшце сказала яна. — Нават калі я была маладая, я не магла прачытаць, што там напісана. Але мне здаецца, што цяпер сцяна выглядае іначай. Ці Сем Запаведзяў усё яшчэ такія самыя, што і раней, Бэнджамін?

Адзіны раз у жыцці Бэнджамін згадзіўся парушыць сваё правіла і прачытаў ёй, што было напісана на сцяне. Цяпер там была толькі адна Запаведзь:

Усе жывёлы роўныя

Але некаторыя жывёлы раўнейшыя за іншых

Пасля гэтага ўжо не здавалася дзіўным, што назаўтра свінні, якія наглядалі за працай на ферме, усе насілі бізун у пярэдняй назе. Не здавалася дзіўным, што свінні купілі сабе радыёпрыёмнік, збіраліся паставіць тэлефон і падпісаліся на «Джона Була», «Тыт Бітс» і «Дэйлі Мірар». Не здавалася дзіўным убачыць Напалеона, які гуляе ў прысядзібным садзе з люлькай у зубах. Не было ўжо дзівам, што свінні дасталі адзенне містэра Джоўнза з шафы і панадзявалі яго, што сам Напалеон надзеў чорны сурдут, шырачэзныя брыджы і скураныя гетры, а яго фаварызаваная мацёра нацягнула на сябе муаравую сукенку, якую місіс Джоўнз звычайна надзявала ў нядзелю.

Аднойчы ўвечары, недзе праз тыдзень, да фермы пад'ехала некалькі калымажак. Група навакольных фермераў была запрошаная агледзець ферму. Іх правялі паўсюль, і яны выказалі вялікае захапленне ўсім, што пабачылі, асабліва ветраком. Тым часам жывёлы былі на праполцы рэпы. Яны працавалі старанна, не падымаючы галоваў, і не ведалі, каго больш баяцца — свінняў ці людзей.

Вечарам з сядзібы даносіліся спевы і гулкі смех. І раптам, пачуўшы гэты бязладны гоман, жывёлы праняліся цікаўнасцю. Што ж там можа адбывацца цяпер, калі жывёлы і людзі ўпершыню сустрэліся як роўныя? І, не згаворваючыся, яны як мага цішэй падкраліся да сядзібы.

Каля брамы яны спыніліся, баючыся ісці далей, але Канюшынка павяла іх наперад. На дыбачках падабраліся да дома, і тыя, хто быў вышэйшы, зазірнулі ў акно гасцёўні. Там, вакол даўгога стала, сядзела паўтузіна фермераў і паўтузіна выдатнейшых свінняў. Сам Напалеон займаў ганаровае месца ў канцы стала. Здавалася, што свінні вельмі ўтульна пачуваюцца ў крэслах. Кампанія забаўлялася гульнёю ў карты, але ўсе прыпыніліся на нейкі момант, відаць, каб падняць

кубкі. Па стале хадзіў наўкруга вялікі збан, і кубкі напаўняліся півам. Ніхто не заўважыў здзіўленых твараў жывёлаў, што пазіралі на іх праз акно.

Містэр Пілкінгтан з Фоксвуда ўстаў, падняўшы кубак. Ён сказаў, што праз хвіліну папросіць шаноўную грамаду выпіць. Але перад тым ён палічыў сваім абавязкам сказаць колькі слоў.

Для яго, як і для іншых прысутных, было вялікім задавальненнем адчуць, што доўгі перыяд недаверу і непаразуменняў цяпер скончыўся. Быў час — хоць ні ён, ні хто іншы з прысутных ніколі не падзяляў такіх пачуццяў, — але быў час, калі да паважаных уладальнікаў Фермы Жывёлаў іх суседзі ставіліся не тое каб з варожасцю, але, можа быць, з пэўным недаверам. Здараліся непрыемныя выпадкі, бытавалі памылковыя ўяўленні. Былі меркаванні, што існаванне фермы, якою валодалі і кіравалі свінні, было ў нейкім сэнсе ненармальным і магло мець дэстабілізуючы ўплыў на суседнія фермы. Шмат хто з фермераў лічыў, без належнае дасведчанасці, што на такой ферме мусіць панаваць дух усёдазволенасці і недысцыплінаванасці. Іх непакоіў магчымы негатыўны ўплыў на іх уласных жывёлаў ці нават на слугаў. Але ўсе гэтыя сумненні цяпер рассеяліся. Сёння ён і яго сябры наведалі Ферму Жывёлаў і агледзелі кожны куток сваімі вачамі, і што ж яны пабачылі? Не толькі сама сучасныя метады гаспадарання, але дысцыпліну і парадак, якія маглі б быць узорам для ўсіх навакольных фермаў. Ён лічыць, што не памыліцца, сказаўшы, што ніжэйшыя жывёлы на Ферме Жывёлаў працуюць болей і атрымліваюць ежы меней за любую жывёліну ва ўсім графстве. Сапраўды, ён і яго калегі сёння пабачылі шмат такога, што яны б хацелі неадкладна прымяніць у сябе.

Ён скончыць свае заўвагі, сказаў ён, падкрэсліўшы яшчэ раз, што добрасуседскія сувязі існуюць і будуць існаваць паміж Фермай Жывёлаў і навакольнымі фермамі. Паміж свіннямі і людзьмі не было і не павінна быць ніякага сутыкнення інтарэсаў. Іх аб'ядноўваюць агульнае змаганне і агульныя цяжкасці. Ці ж не была праблема рабочай сілы аднолькава важная і для адных і для другіх? І тут было відаць, што містэр Пілкінгтан збіраецца сказаць нейкі старанна падрыхтаваны досціп, але яго разабрала весялосць і ён не мог вымавіць ні слова. Пасля доўгага змагання са смехам, які душыў яго, і ад якога ягонае тлустае падбароддзе зрабілася чырвонае, ён здолеў выціснуць з сябе: «Вам даводзіцца змагацца з вашымі ніжэйшымі жывёламі, а нам — з нашымі ніжэйшымі класамі!» Увесь стол грымнуў рогатам, а містэр Пілкінгтан зноў павіншаваў свінняў з нізкімі харчовымі нормамі, даўгімі працоўнымі днямі і з абсалютнай адсутнасцю разбэшчанасці, што ён заўважыў на Ферме Жывёлаў.

А цяпер, сказаў ён нарэшце, ён хацеў бы папрасіць усіх устаць і паглядзець, ці ва ўсіх поўныя кубкі.

— Джэнтльмены, — закончыў містэр Пілкінгтан, — джэнтльмены, я прапаную тост: «За росквіт Фермы Жывёлаў!»

Пачуліся воплескі і тупат ног. Напалеон быў такі задаволены, што абышоў вакол стала, каб бомкнуцца кубкам з містэрам Пілкінгтанам. Калі воплескі сціхлі, Напалеон, застаўшыся стаяць, абвясціў, што таксама хоча сказаць пару слоў.

Як і ўсе Напалеонавы прамовы, гэтая была кароткая і канструктыўная. Ён таксама быў шчаслівы, што перыяд непаразуменняў скончыўся. Доўгі час хадзілі чуткі — пушчаныя, як ён меў падставы меркаваць, нейкім падступным ворагам, — нібыта ў ягоных поглядах і ў поглядах яго калег было нешта шкоднае і нават рэвалюцыйнае. Лічылася, што яны збіраюцца ўзняць паўстанне сярод жывёлаў на суседніх фермах. Усё гэта няпраўда! Іх адзіным жаданнем, цяпер і раней, было жыць у міры і ў нармальных дзелавых зносінах са сваімі суседзямі. Гэтая ферма, якую ён мае гонар кантраляваць, дадаў ён, была кааператыўным прадпрыемствам. Правы на валоданне, якія былі ў ягоных руках, належалі супольна ўсім свінням.

Ён не думае, сказаў ён, што яшчэ застаюцца нейкія падазрэнні, але некаторыя змены ў штодзённым жыцці фермы былі праведзеныя з мэтай выклікаць яшчэ больш даверу. Дагэтуль жывёлы на ферме мелі дурную звычку звяртацца адно да аднаго «Таварыш». Цяпер гэта будзе забаронена. Была таксама вельмі дзіўная звычка, паходжанне якой невядомае, праходзіць кожную нядзелю раніцай міма кныравага чэрапа, прыбітага да слупа ў садзе. Гэта таксама будзе забаронена, а чэрап ужо спалены. Госці маглі таксама бачыць зялёны сцяг на флагштоку. Тады яны, мабыць, заўважылі, што на ім ужо болей няма белага капыта і белага рога. Ад гэтага часу гэта будзе проста аднакаляровы зялёны сцяг.

Поделиться с друзьями: