Кар'ер
Шрифт:
Вячэралі таго дня на цесненькай кухні Бараноўскай. У якасці сына гаспадыні Агееў мог не хавацца, хаця і лішні раз вылазіць на людзі таксама было недарэчы. Маленькая, абклееная шэрымі шпалерамі кухня рабіла прыемнае ўражанне чысцінёй, нейкай ненатуральнай у такі час акуратнасцю: падлога, два гнутыя крэслы і падаконнік былі чыста выскрабены нажом, цёмны буфет засланы вязанай белай сурвэткай, акно да палавіны завешана марляй. На дварэ змяркалася, і яны ў цьмяным вечаровым святле, з адзінага акенца ў двор, сядзелі за вялікім круглым сталом з толькі што зваранай і перасыпанай у гліняную міску бульбай. Побач ляжалі свежыя агуркі на талерцы, хлеба
— Варвара Мікалаеўна, скажыце па шчырасці… Вось вы мяне тут корміце, аберагаеце… Гэта як — па сваёй волі ці таму, што гэты… Волкаў загадаў? — запытаўся Агееў, разразаючы напалам агурок. Ён даўно збіраўся запытаць аб гэтым у гаспадыні, каб даведацца аб сутнасці яе да яго адносін.
— А чаму вы думаеце, што мне загадаў Волкаў? З якой нагоды ён мне будзе загадваць? — здзівіліся Бараноўская.
— Ну, аднак жа вось вы мяне прытулілі. І нават болей — далі дакументы сына. А хіба вы мяне ведаеце?
— Чаму ж не ведаю? Ведаю. Вы — камандзір Чырвонай Арміі. Паранены ў баі з немцамі. Вы ж загінеце, калі вам не памагчы. Хіба не так?
— Можа, і так…
— Дык як жа я магу адмовіць вам у дапамозе? Гэта ж было б не па-людску, не па-боску. А я ж хрысціянка.
— Скажыце, вы дужа ў бога верыце?
— А ў што ж мне яшчэ верыць?
— І моліцеся? Ну, там і другія абрады выконваеце?
— Абрады тут ні пры чым. Верыць у бога — зусім не значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй — мець бога ў душы. І паступаць адпаведна. Адпаведна сумленню, гэта знычыць па-боску.
Яна змоўкла, седзячы за сталом насупраць, і ён падумаў, што ўсё ж, мабыць, не надта разбіраецца ў гэтай рэлігіі, аб якой пачаў гутарку. Сапраўды, што ён пра яе ведаў? Хіба тое, што яна — опіум для народа.
— Вы святое Евангелле чыталі? — запытала Бараноўская, уставіўшыся ў яго ўважлівым паглядам нябачных у прыцемку вачэй.
— Не, не чытаў. Таму што…
— Ну зразумела. А, напрыклад, хоць бы Дастаеўскага чыталі?
— Дастаеўскага? Чуў. Але ў школе не праходзілі.
— Не праходзілі, канечне. А гэта ж вялікі рускі пісьменнік. Нароўні з Талстым.
— Ну, пра Талстога я ведаю, у Талстога было шмат памылак, — сказаў ён, узрадаваўшыся, што ўжо тут трохі ведае. — Напрыклад, непраціўленне злу.
— Далося вам гэтае непраціўленне. Толькі гэта і запомнілі ў Талстога. Хаця і непраціўленне ў многім справядлівае, але спрэчнае, дапусцім. А вось калі б вы прачыталі Дастаеўскага, дык бы ведалі, што калі ў душу не пусціць бога, дык у ёй абавязкова паселіцца д'ябал.
— Д'ябла мы не баімся, — усміхнуўся Агееў.
— Д'ябла мы не баімся, гэта канечне. Але вось немцаў мусім баяцца. А яны для нас і ёсць увасабленнем д'ябла. Гэта значыць злой, разбуральнай сілы.
— З сілай нельга не лічыцца.
— Во! А як процістаяць гэтай сіле?
— Супраць сілы — толькі сілай, зразумела.
— Ну, дык гэта армія — супраць арміі. Там, канечне, дзве сілы. І хто — каго. Гэта вайна. А вось нам, мірнаму насельніцтву, як? Мы што
можам? Дзе наша сіла?Яна задавала яму нялёгкія пытанні, блытана адказваючы на якія ён адчуваў недастатковасць сваіх ведаў і напружваў думку, каб знайсці і найлепш выказаць сваю праўду, у якой быў упэўнены. Хаця гэта было няпроста.
— Трэба не падчыніцца акупантам.
— Не падчыніцца, канечне! Але як? Вунь усіх яўрэяў знішчылі. Як яны маглі не падчыніцца? Для непадчынення патрэбна хаця зброя, а дзе яе ўзяць?
— Ну, і што ж рабіць, па-вашаму? — запытаўся ён, сам не знайшоўшы адказу на яе пытанне.
— Калі нічога немагчыма зрабіць, трэба сабраць сілы, каб застацца сабой. Не мітусіцца душой, як некаторыя — з разліку ці ад страху. Вось я хачу застацца сабой, няхай сабе ў адпаведнасці з хрысціянскай мараллю, каб памагчы бліжняму. Вам ці Волкаву, бо вы маеце патрэбу ў дапамозе і ваша, вам богам дадзенае жыццё знаходзіцца пад пагрозай. Зноў жа, я не магу не памятаць, да якога народа належу сама, якія пакуты стрываў на фронце мой муж у тую, мікалаеўскую, вайну. Ад чыёй рукі загінуў мой брат. І я бачу, што робіцца цяпер. Як жа я магу сядзець склаўшы рукі.
— Але ж вы разумееце, што пагражае за гэта?
— Слава богу — не маленькая. І тут я ўжо нічога не магу зрабіць. Што будзе, тое і будзе. Ад лёсу не ўцячэш. Не надта разумна, але суцяшальна ўсё ж. А чалавек заўжды мае патрэбу ў суцяшэнні.
— Гэта вядома, — пагадзіўся ён. — А я, прызнацца, апасаўся…
— Гэта чаго? Мабыць, таго, што я пападдзя?
Ён прамаўчаў, але яна ўсё зразумела і з уздыхам ціха сказала:
— Гэта, вядома, мне непрыемна. Тым больш што даўно ўжо не пападдзя. Але бог вам суддзя. Я разумею вас.
— Вы ўжо даруйце, што я загаварыў пра тое, — сказаў Агееў, сапраўды пашкадаваўшы, што ўсчаў гэтую размову. Але, можа, і добра, што ўсчаў, яны высветлілі штосьці важнае паміж імі, і хоць Агееў не ва ўсім разабраўся, але, здаецца, вызваліўся ад сваіх сумненняў наконт гаспадыні — мабыць, ёй можна верыць. Чалавек з такой цвёрдасцю поглядаў заўжды што-небудзь значыць і міжволі выклікае давер. Можа, яму яшчэ і пашэнціла на гаспадыню, падумаў ён, хаця і без асаблівай упэўненасці. Але — час пакажа.
Ён даеў бульбу, і яна першай узнялася з-за стала, пачала прыбіраць посуд. Памаўчаўшы, сказала:
— Мне трэба будзе адлучыцца дні на тры. З'ездзіць у адно месца. Думаю, вы тут без мяне ўправіцеся.
Сказала яна гэта ціха, амаль спакойна, але за гэтым яе спакоем Агееў адчуў ледзьве прытоенае напружанне і насцярожыўся.
— Думаю, управіцеся. Цяпер, калі вы ўжо шавец, з голаду не памраце. Айцец Кірыл паўтара года з ботаў карміўся.
— Ды я што… Я калі ласка. Калі трэба, дык трэба, — паспешліва сказаў ён, аднак чакаючы, што яна растлумачыць прычыну яе нечаканай адлучкі. Яна ж, нічога больш не тлумачачы, сказала толькі:
— Спаць можаце ў хаце. Калі там холадна стане.
— Дзякуй.
— Бульбы капайце, колькі вам трэба. Хлеб я ў Казловічавых купляла. Гэта во цераз дарогу насупраць. Яны могуць і пазычыць. Я ім сказала.
— Добра. Дзякуй.
Агееў асцярожна вылез з-за стала, пашукаў у прыцемках ля парога свой ляшчынавы кіёк. Усё ж нага балела, і ён падумаў, што заўтра перавяжа рану. У застаронку яшчэ заставаўся чысты ласкут — можа, хопіць на адну перавязку.
— Дык мы яшчэ ўбачымся? — спыніўся ён ля парога. Бараноўская з ручніком у руках выцірала талеркі і жвава павярнулася да яго ў прыцемках кухні.