Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Во туфлі прынесла…

Толькі ўбачыўшы ў яе руках пару светла-бежавых туфляў, ён пазнаў сваю ўчарашнюю знаёмую і ўспомніў, кім ён нядаўна назваўся ў гэтым мястэчку. Ён — шавец, і гэта накладвала на яго пэўныя абавязкі, якія, мяркуючы па ўсім, трэба было выконваць.

Яшчэ ўвесь растрывожаны апошняй падзеяй, ён дашкандыбаў да альтанкі, моўчкі залез за стол. Ён нават не зірнуў на дзяўчыну, якая таксама моўчкі стаяла насупраць, і, усеўшыся на табурэтцы, працягнуў руку.

— Дайце, што там?

— Ды во, бачыце, трошкі прадралася…

Заклапочаны

сваімі непрыемнасцямі, Агееў бегла азірнуў туфель: у наску каля падэшвы была невялічкая дзірка, на якую трэба было накласці лапік. Ён пакорпаўся ў скрынцы айца Кірыла, знайшоў мяккі шматок скуры, з якога касым шавецкім нажом адкроіў невялікі, з бярозавы лісцік, кавалак. Увесь гэты час дзяўчына стаяла насупраць, і ён сказаў:

— Ды вы сядайце. Зараз паспрабуем залапіць.

— З дапамогай шыла і нятоўстай дратвы ён прышываў лапік, а Марыя моўчкі сядзела побач, пільна назіраючы за яго працай. Праца, аднак, не дужа ладзілася, у вузкі насок туфлі пралазілі толькі два яго пальцы, якімі было нязручна ўхапіць іголку. Хутка ён балюча ўкалоўся, і Марыя сказала:

— Напарстак трэба.

— Які напарстак?

— Напарстак. З каторым жанчыны шыюць тоўстую тканіну.

Агееў з цікаўнасцю паглядзеў на яе лагодны, амаль не загарэлы твар з дробненькімі завушнічкамі ў вушах і раптам зразумеў, што яна нетутэйшая, зусім можа быць, як і ён, закінутая сюды жахлівымі шляхамі вайны.

— Даўно тут? — запытаў ён ціха.

— Я? З чэрвеня. Ужо трэці месяц. А чаму вы пытаецеся?

— Ды так. Бачу, нетутэйшая быццам.

— Ды і вы ж нетутэйшы. Адкуль пра мяне ведаеце?

— А адкуль вы ведаеце, што я нетутэйшы? — запытаў ён, не паднімаючы галавы ад туфля.

— А мне Вера сказала. Тая, што ўчора са мной прыходзіла.

— Вера тутэйшая?

— Амаль тутэйшая, — уздыхнула Марыя, абцягваючы на каленях падол сарафаніка. — Настаўніца, у школе рабіла. А я з Мінска. Прыехала на сваю галаву, а цяпер як выбрацца?

— Да родных прыехала?

— Да сястры. Вера ж мая стрыечная сястра. Тут жыве ў бляхара Лукаша, вунь на суседняй вуліцы. Мужа на вайну ўзялі, цяпер яна з дваіма дзецьмі…

— Да, гэта нялёгка. У такі час ды з дзецьмі, — ціха сказаў Агееў, засяроджана калупаючыся ў туфлі. Ён хацеў зрабіць усё акуратна, але акуратна ў яго не атрымлівалася — сцяжкі выходзілі няроўныя, скура лапіка моршчылася, а галоўнае — прадзець у насок іголку было вельмі нязручна, і ён пакалоў усе пальцы. Марыя, мабыць, заўважыўшы тое, вінавата сказала:

— Кепска атрымліваецца? Нарабіла я вам клопату…

— Нічога, як-небудзь.

— Канечне, вы яшчэ толькі вучыцеся. Калі-небудзь і атрымаецца.

Ён з міжвольным здзіўленнем паглядзеў на дзяўчыну.

— Гэта чаму вы так думаеце?

— А што ж, хіба не відно? Які з вас шавец? Камандзір, напэўна…

Во табе і раз, падумаў Агееў з раптоўнай непрыемнасцю ад тых яе слоў. Другі кліент запар сумняваецца ў яго шавецкім умельстве, з першага

позірку бачыць у ім камандзіра — куды гэта варта? Трэба было штосьці прыдумаць, адпусціць даўжэйшую бараду, ці што? Ці ўдасканаліць гэтае праклятае рамяство, якое яму чамусьці нечакана трудна давалася.

— А ты ў Мінску чым займалася? — грубавата запытаўся ён, трохі раззлаваўшы ад яе праніклівасці. Марыя, аднак, не пакрыўдзілася.

— Я ў педагагічным вучылася. Думала матэматыку выкладаць. Ды во, мабыць, не прыйдзецца, — сказала яна і нахмурыла светлыя броўкі.

— Нічога, як-небудзь. Галоўнае — спыніць яго, — сказаў ён даверліва, і яна горача падхапіла:

— Да? Вы так лічыце? Кажуць, за Смаленскам ужо спынілі. Нейкі горад вызвалілі. А тут што робіцца!..

— Яўрэяў пабілі?

— Расстралялі ўсіх да аднаго. Спярша сказалі, у горад пагоняць, загадалі золата ўзяць, пярсцёнкі, грошы і на трое сутак прадуктаў. А саміх у той жа дзень у тарфяніках пастралялі. Нашто было браць прадукты?

— А каб не здагадаліся, куды гоняць, — сказаў ён, адразу зразумеўшы гэтую нямецкую хітрасць. Марыя здзівілася:

— Ой, як вы разгадалі! А я вось не магла. Усё думала: ну, яны ж не дурныя, рацыяналісты, усё ў іх прадумана да дробязей — нашто прадукты? Бо ўсё ж з забітымі пакідалі ў ямы.

— Дурное дзела няхітрае, — сказаў ён і, можа, упершыню за ранак уважліва паглядзеў на дзяўчыну. На яе далікатным твары паявіўся і прапаў выраз шчырага захаплення, у глыбіні шэрых, шырока раскрытых вачэй цямнелася нейкае перажыванне, мабыць, ужо дасталося і ёй у гэтам мястэчку.

— Бацькі ёсць?

— Мама была. Семнаццатага чэрвеня паехала ў Стаўрапаль. Не ведаю цяпер, ці паспела вярнуцца.

— Наўрад ці паспела.

— Не паспела. Хто думаў, што фронт так хутка адкоціцца.

— Да, на фронце цяпер крывавая каша.

— А вас — на фронце? — кіўнула яна ў яго бок з раптоўнай цікаўнасцю ў позірку.

— Што — на фронце?

— Ну, параніла — на фронце?

— А адкуль ты ведаеш, што паранены?

— А з палкай. Учора бачыла. З вуліцы падглядзела.

— Во як! Ты ўжо і падглядваеш?

— Ды незнарок. Проста ішла па вуліцы, а вы — з палачкай. Так кульгалі, так кульгалі, што мне шкада вас зрабілася.

Агееў азадачана прамаўчаў. Сёння пасля ўсяго, што адбылося ў яго з гэтым начальнікам паліцыі, яму самому было шкада сябе, і нечаканае спачуванне Марыі амаль кранула яго.

— Нічога, нічога. Як-небудзь, — грубавата суцешыў ён дзяўчыну, але болей — самога сябе. Лапік ён ужо дашываў, на паношаныя абцасікі трэба было б набіць і набойкі, але ў яго не было чым набіць, і ён анучай старанна нацёр гладкія наскі туфляў.

— Ужо гатова? — узрадавалася Марыя і ўскочыла з лаўкі. — Ой, як добра!

— Не надта добра, — прызнаўся ён, сапраўды мала задаволены сваёй працай, і ўсміхнуўся — упершыню за сённяшні дзень. — Можа, як-небудзь навучуся. Не пройдзе і месяца…

Поделиться с друзьями: