Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

З раніцы ён чакаў ля палаткі, але калі ў поўдзень стала прыпякаць сонца, узяўшы вядро, перайшоў у цень пад агароджай могілак. Тут было не так горача, уздоўж невысокай, па грудзі чалавеку, каменнай сцяны часам павяваў ветрык, ціхенька шумела лісце таполяў угары, і наогул было добра ў спакоі, калі б толькі лепш працавала сэрца. Але сэрца працавала па-ранейшаму кепска. Прыступы арытміі з невялікімі прамежкамі адбіралі сілу, часам выклікаючы страх смерці, і ён палохаўся ад думкі, што можа не дачакацца сына і наогул нічога не дачакацца. Так мінула багата часу, сонца павярнула на захад, шырокі з раніцы цень ад дрэў звузіўся да няроўнай паласы пад сцяной, і ён ужо

думаў, што прыйдзецца перабірацца адсюль, калі на дарогу з-за могілак выскачыў «жыгулёнак» — чырвоны, нібы вугольчык з жару, трэцяй мадэлі выпуску. Агееў адразу пазнаў машыну і, спалохаўшыся, што яна праскочыць далей, замахаў рукой. Машына прытармазіла, быццам нават спынілася, а затым крута павярнула на пагорак і падкаціла да ягонай палаткі.

— Баця!

Сын быў вялікі, барадаты, як і належыць сучасным маладым мужчынам, ён далікатна абняў паўнаватае, неяк ненетуральна абмяклае цела бацькі, паляпаў яго па плячах.

— Ну, што ты? Ну, як? Прыціснула, ага?

— Нічога, нічога, — сказаў Агееў. — Знаеш, так вось… Дзякуй, Аркадзь, што прыехаў.

— Атрымаў тэлеграму, якраз з Худзяковым сядзелі. Ну, кажа, едзь. Два дні назад квартальную справаздачу здалі, так што…

— Ну, дзякуй…

— А я думаў, што ты ў гасцініцы. Прыехаў, кажуць: не значыцца, — ажыўлена расказваў сын, памахваючы ланцужком ад ключа. — А ты, значыць, на свежае паветра перабраўся? Ці выселілі?

— Не, чаму? Проста бліжэй… — сказаў Агееў і змоўк: пра сваю працу ў гэтам пасёлку ён нічога не расказваў сыну, проста сказаў неяк па тэлефоне, што затрымліваецца, ёсць старыя, з вайны, справы. Сын ведаў, што ў сорак першым ён нядоўга жыў тут, удзельнічаў у падполлі.

— Хіба адсюль бліжэй? — здзівіўся Аркадзь і павярнуўся да бацькі — рослы, шыракаплечы, у імпартнай, на кнопках, кашулі з кішанямі на грудзях і выцертых да белых плям джынсах, якія туга сядзелі на яго худым задзе. — Можа, кіламетр ад цэнтра.

— Ну, каму як, — няпэўна сказаў Агееў. Сэрца яго білася трохі часцей, па-ранейшаму, аднак, са збоем рытму, але цяпер ён не зважаў на сэрца, не прыслухоўваўся да сябе. Ён думаў, чым частаваць сына, які, напэўна, згаладнеў у дарозе, ды той адразу ступіў да машыны.

— Я тут табе адно лякарства дастаў. Імпартнае. Выдатна памагае пры сардэчнай недастатковасці.

Выхапіўшы з салона маленькую скураную сумачку з пятлёй-ручкай, ён расшпіліў маланку.

— Вось: дзі-гак-сін. Учора ў Ермалаева дастаў. Спецыяльна для цябе.

— Ну, дзякуй, — сказаў Агееў, беручы невялікую каробачку з сінім лацінскім надпісам. — Калі паможа.

— Паможа, паможа! Наш дырэктар толькі ім і ратуецца. Выдатнае лякарства. І яшчэ што-нішто паесці. Думаю, ты тут не галадаеш, канечне, не сельскіх харчах, ды ўсё ж…

Ён расчыніў багажнік і пачаў вымаць з яго глыбіні акуратныя магазінныя скруткі, кулькі і пакеты, бохан чорнага барадзінскага хлеба; падкінуў угару і спрытна падхапіў бутэльку грузінскага каньяку з сіняй наклейкай.

— Гэта не трэба, — сказаў Агееў.

— Нічога, спатрэбіцца. Я пытаўся, сказалі, каньячок табе можна. Для расшырэння сасудаў.

Што ж, мабыць, самая пара была перакусіць, і, каб не сядзець на сонцы, яны перайшлі пад сцяну — у засень. Праўда, сын неўпрыкмет паморшчыўся, мабыць, ад такога суседства, але перанёс туды два невялікія складаныя крэслы з машыны, хутка раскінуў дзюралевыя ножкі партатыўнага століка, які на такі выпадак вазіў у машыне. Агееў прынёс з палаткі свой паляўнічы нож, тэрмас, у якім яшчэ штосьці пляскалася, і яны прыселі па абодва бакі століка, адзін перад адным.

— Ну,

дык вып'ем трохі? — запытаўся сын, выкалупваючы пальцамі капронавы корак.

— Не, не буду.

— А я, знаеш, вып'ю. Сёння за руль болей не сяду. Уездзіўся.

— Выпі, што ж, — сказаў бацька.

— Для расслабкі нерваў. Дык за цябе, баця! — падняў ён да паловы наліты пластмасавы каўпачок, і Агееў кіўнуў галавой. Сын асабліва не захапляўся алкаголем, і ў гэтым сэнсе бацька мог быць спакойны.

Відаць, згаладаўшыся за доўгую дарогу, ён выпіў і з зайздросным апетытам закусваў вэнджанай грудзінкай і сырам, накладваючы вось такі, з дзіцячых гадоў звыклы для сябе бутэрброд, і Агееў прыпомніў, што яны з маці не мелі вялікага клопату з кармленнем сына — той еў усё і заўжды, будучы, як і бацька, зусім непатрабавальным да ежы. Наогул, пакуль жыў з бацькамі, клопату з ім было няшмат: добра скончыў школу і з першай спробы паступіў у інстытут — не спатрэбілася ніякай падстрахоўкі, някепска вучыўся, цяпер працуе над кандыдацкай — разумны, энергічны спецыяліст, някепскі знаўца сваёй справы. Хіба што ў сямейным жыцці не пашэнціла адразу, год таму развёўся, пакінуўшы малое дзіця ў жонкі.

— Як унучак? — успомніўшы аб тым, запытаўся Агееў.

— Расце, што яму. На тым тыдні бачыў… У двары. Праўда, усяго хвіліну, не было часу.

— А Света?

— Што Света? Якая мая справа, — паўзіраўся ўбок Аркадзь і перавёў размову на іншае: — Ну, а як ты? Дабіў свае справы?

— Не, не дабіў, — сказаў Агееў, уздыхнуўшы, і паглядзеў удалячынь на патанулыя ў садках дамы за дарогай. У адным з двароў былі расчынены веснічкі, і таўстая жанчына заганяла ў іх гагаткую чараду гусей з велічным гусаком наперадзе. У гэтай жанчыне ён лёгка пазнаў Казлову.

— Слухай, во не разумею, — сказаў сын. — Якая тут у цябе справа? Расследаванне якое? Што ў цябе тут здарылася, у вайну?

— Ды штосьці здарылася, — няпэўна сказаў Агееў.

— Помніцца, ты нешта расказваў. Маці казала, быццам цябе расстрэльвалі. Гэта тут хіба?

— Тут, — сказаў ён, зірнуўшы ў ажыўлены ад выпітага ці, можа, ад цікаўнасці сынаў твар, і сціх, чакаючы новых пытанняў, адказаць на якія не быў гатовы. Сын, аднак, кінуўшы вакол хуткім позіркам, спыніў яго на стале.

— Я сабе яшчэ трошкі пляснэ. Калі ты не супраць?

— Я не супраць.

Ён і яшчэ трохі выпіў, пасля ўзяўся закусваць, а Агееў наліў з тэрмаса цеплаватага чаю, роздумна памяшаў лыжкай у кварце.

— Во на гэтым абрыве, — чамусь дрыготкім голасам сказаў ён, кінуўшы ў бок кар'ера.

— Як?

Здаецца, гэта здзівіла сына, які, папярхнуўшыся, з кавалкам хлеба ў руцэ ўскочыў з крэсла і выцяг шыю.

— У гэтай яме?

— У гэтай.

Сын пабег да абрыву, а Агееў застаўся сядзець з квартай цёплага чаю і на ўстрывожаны голас сына ціха сказаў:

— На тым самым месцы.

Хвіліну разгублена пастаяўшы над кар'ерам, Аркадзь энергічным крокам вярнуўся да бацькі.

— Гэта ты капаеш?

— Я.

— Навошта?

— Ну, разумееш, хачу знайсці некаторыя сляды. Што-нішто рэканструяваць. Таму што не ўсё зразумела ў гэтай гісторыі з расстрэлам.

— А што незразумела?

— Ну, хаця б тое — колькі тут расстраляна.

— А нашто табе гэта? Ты што — следчы па асабліва важных справах?

Агееў марудна ўзняў галаву, узіраючыся ў нечакана пасуравелы твар яго дваццацівасьмігадовага сына. Гэтая суровасць скіраванага да бацькі пагляду магла б абурыць Агеева, але ўсё ж ён адчуў, што сын не ад злосці, а з прычыны неспакою за бацьку, за яго здароўе.

Поделиться с друзьями: