Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Я — для сябе, — сказаў ён пасля паўзы. — Для ачысткі сумлення.

— А, сумлення… Тады іншая справа, — стрымана сказаў Аркадзь, сядаючы на нізкае крэсла. Жуючы бутэрброд, ён хвіліну напружана згадваў нешта. — Вось часам думаю: многа ўсё ж вы нахамуталі з гэтай вайной, — холадна сказаў ён.

— Гэта чаму — нахамуталі?

— А во ўсё капаеце, шукаеце, разбіраецеся. Пішаце яшчэ. Некаторыя сорак гадоў ваююць, спыніцца не могуць.

— Значыцца, ёсць прычыны.

— Прычыны! А жыць калі будзеце? У другім сваім жыцці, пра якое тыбецкія мудрацы пішуць?

— Другога жыцця не будзе.

— Вось

іменна. Ды і гэтае дай бог пражыць па-людску. Калі ядзерны грыб не паставіць кропку на ўсім.

Сын папракаў, амаль выгаворваў, не так словам, як тонам, якім былі вымаўлены тыя словы. Менавіта ў ягоным тоне Агееву пачулася штосьці знаёмае, што ён не ўпершыню чуў, хаця, можа, і не заўсёды адказваў на тое. Аднак цяпер гэта яго пачынала злаваць.

— Ну, во скажы мне, — трохі з намаганнем, каб гаварыць спакайней, пачаў ён. — Што значыць, па-твойму, жыць ці дажыць па-людску? Зрабіць кар'еру? Атрымаць ступень? Заслужыць прэміі? З'ездзіць у загранку?

— Ну, бог з табой, чаму ты так думаеш? Не ўскладняць жыццё псеўдапраблемамі, так я думаю. У нашым жыцці рэальных праблем процьма…

— Гэта якіх праблем?

— А то сам не ведаеш?! Ці мала ў вас у інстытуце было праблем? Успомні, калі забыўся. Ды і ў жыцці, у быце. Вунь ехаў, нідзе заправіцца не мог. То для дзяржтранспарту, то па талонах. А талоны немаведама дзе. Кажуць, у горадзе.

— Праблема гаручага — глабальная праблема.

— Ды ніякая яна не глабальная. Якія ў нас пры такіх запасах нафты могуць быць праблемы з гаручым? Безгаловая арганізацыя, во што! Пралікі планавання. І гэта ў эпоху НТР, калі ўсё на камп'ютэрах лічаць.

— Справа не ў камп'ютэрах…

— Не ў камп'тэрах, вядома. Для таго, каб ведаць, колькі трэба паветраных фільтраў для «жыгулёўскага» парка, не трэба лічыць на камп'ютэрах апошняга пакалення. Дастаткова пасадзіць цёцю Машу з арыфмометрам. А то вунь аўтапарк падвоіўся, а фільтр пяць гадоў замяніць немагчыма. Мусіць, справа ў тых, хто лічыць.

— Вось іменна. А лічаць людзі. Значыць, праблема ў людзях. Чалавечая праблема. Вунь яшчэ адна «праблема» ідзе, — сказаў Агееў, зірнуўшы па-над галавой сына. — Давай сюды, Сямён!

На дарозе з-за могілак паявіўся ў сваёй жоўтай безрукаўцы Сямён, які, мабыць, згледзеўшы, што Агееў тут не адзін, запаволіў крок, ці не мяркуючы павярнуць назад. Агееву тым часам расхацелася прадаўжаць пачатую размову з сынам, і ён амаль узрадаваўся нечаканаму прыходу новага госця.

— Здрасце, — падышоўшы, ветліва павітаўся Сямён, звяртаючыся да Аркадзя.

— Гэта мой сын, — кіўнуў Агееў. — А гэта Сямён Сямёнаў, ветэран, як бачыш. Во цяпер мы і пагамонім. Вазьмі там вядзерца і сядай. Самы раз будзеш.

Для прыліку трохі патаптаўшыся, Сямён перакуліў вядзерца і прысеў збоч ад стала. Ценю там ужо не было, і руды, маршчыністы твар яго хутка пакрыўся дробнымі кроплямі поту, але ён не выціраў яго, звыкла трываючы санцапёк.

— Бацьку праведаць, так сказаць? Гэта добра, гэта бацьку заўжды прыемна, — загаварыў ён, азіраючы стол, і затрымаўся паглядам на бутэльцы.

— Во, налі госцю, — сказаў Агееў. — Мабыць жа, не адмовішся, як я, напрыклад?

Сямён знарок паморшчыўся.

— Мы тут болей да віна прывыклі.

— А чаму іменна

да віна? — запытаўся Агееў-малодшы, наліваючы каўпачок. — Што дзешавей, напэўна?

— Не-а. Што болей вып'еш, — заўсміхаўся Сямён.

— Гэта рэзон! — адобрыў Аркадзь. — Ну, выпіце!

— А вы?

— А я ўжо ўсё. Выпіў, болей не п'ю.

— Дык аднаму неяк нязручна…

Закарузлымі пальцамі правай рукі Сямён няспрытна падабраў з паперкі скрылёк грудзінкі, уладкаваў яе на кавалак хлеба, пакрахтаў. Спаважна і нетаропка ён рыхтаваўся да самага важнага ў гэтым пачастунку, прымерваўся, уздыхаў. Агееў амаль з дзіцячай любасцю сачыў за яго свяшчэннадзействам, яўным захапленнем, якое адбілася на яго прасветленым зараз твары, загарэлым ілбе з белымі дугамі злінялых за лета броваў. Нарэшце, закінуўшы галаву, Сямён важна выпіў — худы кадык на яго доўгай, зморшчанай шыі саўгануўся знізу ўгару і апусціўся.

— Харашо, аднак жа!..

— Закусвайце чым ёсць.

— Дзякуй.

— Дзякуем ліманад закусваюць, — трохі павучальна заўважыў Аркадзь, і бацька зноў злавіў у яго тоне непрыемную ганарыстую нотку, якая нядаўна стала раздражняць яго ў характары сына.

— Сямёнаў сапраўдны трудзяга вайны, — сказаў ён, звяртаючыся да сына. — У разведцы ваяваў. Май гэта на ўвазе.

— Разведчык — цяпер герой! Разведчыкаў паважаюць. Шцірліц і так далей, — тут жа падхапіў Аркадзь.

— Не Шцірліц! — павысіў голас Агееў. — Вайсковы разведчык. І гэта, будзь упэўнены, болей, чым Шцірліц.

Сын хлёсткім ударам забіў капронавы корак у рыльца бутэлькі.

— Канечне, канечне.

— Ветэран, інвалід і так далей, — ужо раздражнёна сказаў Агееў. — Не выгадваў, як некаторыя. Тыя, што на печы адседжваліся. Ці адразу пабеглі ў паліцыю.

Сямён спакойна слухаў трохі нервовую размову Агеевых, пабліскваючы металічнымі зубамі, нетаропка жаваў закуску. Выбраўшы прыдатны момант, разважна сказаў:

— Але не ўсе і ў паліцыю ішлі па сваёй ахвоце. Былі і такія, што па прымусу. Каторых заставілі. Або па глупасці…

— Як можна па глупасці? На такую справу — і па глупасці? — здзівіўся Аркадзь.

— А здаралася. Як я, напрыклад.

— А вы што — і ў паліцыі былі? — здзівіўся Агееў-малодшы. Агееў-старэйшы недаўменна ўставіўся ў Сямёна, а той як ні ў чым не бывала спакойна дажаваў закусь.

— Быў. Дзе я толькі не быў! У паліцыі, у парцізанах. У палоне быў. І ў арміі. Да Віслы дайшоў і вось, — ён сутаргава варухнуў кульцёй. — Шчытай, на тым свеце пабыў. Ды я расказваў…

Аркадзь перавёў недаўменны пагляд на бацьку, але той зрабіў выгляд, што не заўважае ягонага пагляду, і сядзеў раздражнёны і пахмурны. Такога абароту ў іхняй размове ён не прадбачыў.

— Я пра ўсё расказваю. А што? Падумаеш, сакрэт! Знаеш, налі ты мне яшчэ трохі… А то… Малюпашка такая…

— Гэта калі ласка.

Аркадзь з гатоўнасцю адкаркаваў бутэльку і наліў поўны, па берагі, каўпачок. На гэты раз Сямён выпіў залпам і, не закусваючы, дастаў з кінэні, як заўжды, пакамечаны пачак «Прымы».

— Гэта ўпачатку, мабыць? У сорак першым? — насуплена запытаўся Агееў.

— У сорак другім, вясной.

— У сорак другім болей у партызаны ішлі. Масавы прыход пасля зімы. Па чорнай трапе.

Поделиться с друзьями: