Кар'ер
Шрифт:
…Агееў нетаропка працаваў у кар'ры, акуратна сачыў за часам і роўна праз сорак пяць хвілін даваў сабе адпачынак. Тры чвэрці гадзіны мернай, без асаблівага напружання працы і пятнаццаць хвілін адпачынку, якія ён скарыстоўваў тут жа, прысеўшы на кінуты кружок фанеркі — сядзенне ад старога крэсла. У небе плылі разрозненыя кучавыя аблокі, часам закрываючы гарачае сонца, і голы абрыў насупраць то нікнуў у цяні, то ярка і горача ззяў сваім вымытым, гліністым бокам. Агееў працаваў усё ў тым жа сінім трыко, якое дужа аблезла за лета. Было душна, грудзі і плечы надта пацелі, хацелася піць, але да перапынку ён наважыўся ўстрымацца ад вады, каб не перагружаць сэрца. У поўдзень смага пабольшала, і ён рашыў даць сабе перапынак на абед, а галоўнае, прынесці свежай вады і напіцца. Тая, што заставалася ў бітончыку ля палаткі, мабыць, ужо нагрэлася і гадзілася хіба што памыцца.
Уваткнуўшы ў зямлю рыдлёўку, ён выйшаў з кар'ера, і ягоную ўвагу чымсьці прыцягнулі могілкі. Паміж чорных каравых камлёў дрэў, драўляных і металічных надмагільных
Палатка яго хаця і стаяла наводшыбе, але была навідавоку; ён спаласнуў рот цёплай вадой з бітончыка, паліў на рукі і падумаў, што ў такую хвіліну заставацца тут будзе няёмка, мабыць, трэба схадзіць на пахаванне. Нетаропка, адольваючы стому, пераадзеўся ў непрасаваную, але трохі чысцейшую кашулю ў дробную клетачку і пайшоў уніз на дарогу. Цераз пралом у каменнай агароджы, затулены з дарогі дзядоўнікам і крапівой, на могілкі прашмыгнулі знаёмыя яго хлапчукі Шурка з Артурам, ён хацеў іх гукнуць, каб запытацца, каго хаваюць, але не паспеў. Праз высокі арачны праём увайшоў у густы прахалодны цень ад старых вязаў, якія зусім самкнуліся ў вышыні, дарожкай прайшоў да блізкае павароткі паміж магіл. Самотная кучка людзей цесна стоўпілася каля свежага землянога насыпу, мабыць, ужо ў апошнія хвіліны развітання, данесліся асобныя галасы, апошнія словы пахвалы нябожчыку:
— А які ж чулы быў…
— Заслужаны быў, усю вайну прайшоў…
— Не ганарысты, не… Мяккую душу меў…
— Царства яму нябеснае, — выдыхнуў немалады жаночы голас, і Агееў пашукаў вачыма, каб знайсці каго-небудзь знаёмага, лепш бы, вядома, Сямёна. Ужо ён павінен тут быць. Мяркуючы па ўсім, хавалі чалавека сталых гадоў, можа, якога адстаўніка ці настаўніка-пенсіянера — на пахаванне кіраўніка раённага звяна гэта было мала падобна — не той маштаб, не такі характар гаворкі.
Трохі не дайшоўшы да магілы, Агееў спыніўся — два мужчыны ўжо апускалі на вяроўках труну ў вузкую шчыліну магілы, здушана заплакала жынчына ў цёмнай касынцы, астатнія стаялі моўчкі, з панылай засяроджанасцю на немаладых, аднолькава журботных тварах. Ён не стаў падыходзіць бліжэй, пазіраючы збоку, і да яго не падышоў ніхто. Знаёмых тут не было відаць, ні Сямёна, ні нават таго падпалкоўніка, якога ён згледзеў з-за агароджы. Раптам усе ў гэтым натоўпе заварушыліся, па адным і па два пачалі кідаць жменькі зямлі ў магілу, і Агееву прыпомнілася такая вось сцэна на могілках у яго даўнім маленстве, як хавалі цётку. Тады гэта было ўвосень, парой лістападу, усе магілы і чорныя помнікі гарадскіх могілак былі ўсыпаны чырвона-жоўтым разлапістым лісцем клёнаў, цётчын твар у белых карунках прыгожа вылучаўся васковай схуднеласцю ў чорнай труне, і было падобна, што цётка толькі прылегла і ўсё чуе, што адбываецца навокал. Нябожчыца ўсё жыццё пражыла ў горадзе, ён яе бачыў усяго разы два да таго і цяпер вось бачыў у труне. Тады яму было ўсяго гадоў пяць, і ён упершыню прысутнічаў на такой важнай падзеі, як пахаванне, дзе ўсё здавалася такім страхавіта цікавым і значным. Толькі калі цётку накрылі ў труне чорным векам і пачалі забіваць па краях даўгімі цвікамі, ён раптам заплакаў, спалохаўшыся, што цётка цяпер не вылезе з забітай труны. Маці, што трымала яго за руку, скаланулася і таксама заплакала, пакуль астатнія, як вось зараз, не пачалі кідаць жмені зямлі ў магілу. Тады яна пацягнула яго за руку — ён таксама павінен быў кінуць свае тры жменькі — каб не хварэць і жыць доўга, як цётка Вольга. Тое пахаванне было для яго першай і самай памятнай падзеяй у раннім дзяцінстве; пасля ён і хварэў, і ваяваў, сам забіваў ворагаў і яго хацелі забіць, і вось ён стаў дзедам. Колькі разоў даводзілася яму хаваць ці ўдзельнічаць у пахаванні, але заўжды ў апошні момант ён стараўся кінуць у магілу тры свае жменькі зямлі — так моцна ўвайшоў у яго свядомасць гэты старажытны звычай, які валодаў нейкаю незразумелай чароўнаю сілай.
Магілу закопвалі ў тры ці чатыры рыдлёўкі. Спярша там гулка аддаваліся цяжкія ўдары зямлі аб века труны, пасля гэтыя ўдары пачалі глухнуць і сціхлі зусім, калі магіла напоўнілася зямлёй. На тым баку нехта ўжо трымаў чырвоную пірамідку з чорнай таблічкай на баку, і Агееў раптам ірвануўся наперад. Ён нічога яшчэ не разабраў на гэтай таблічцы, здалёку яшчэ нельга было згледзець ніводнай там літары, але, адчуўшы знянацку ўдар пад сэрцам, сцяміў — гэта ж ён! Бог мой!.. Як жа так?.. Як жа?..
Ад магілы адступіліся, двое мужчын падбіралі рыдлёўкамі зямлю, трэці раўняў яе на магілцы. Штурхануўшы худога мужчыну з рудой ад загару шыяй, Агееў праціснуўся наперад і блізарука нагнуўся да пірамідкі.
Зрэшты, ён ужо ведаў, што там напісана, і хвіліну пазіраў недаўменна, не ў стане засвоіць дзікі сэнс трох слоў, не надта прыгожа выведзеных белаю фарбай на чорным фоне:СЯМЁНАЎ
Сямён Іванавіч
1916–1983 гг.
Ашаломлена замёршы каля магілы, ён не адчуваў, як з-пад ног выграбалі рэшту зямлі і ён яўна замінаў рабочым. На хвіліну страціў сілы і — падобна — розум, так яго збянтэжыла гэтая нечаканая смерць. «Толькі ж яшчэ заўчора… Толькі тут сядзелі… Заўчора…» — праносілася ў яго збянтэжанай свядомасці.
Гэтыя ці падобныя да іх думкі авалодвалі ім не ўпершыню. Многа разоў, калі ён чуў пра нечаканую смерць знаёмага чалавека, разам з міжвольным пратэстам супраць таго паяўлялася адчуванне недарэчнасці, непаразумення, і ў глыбіні свядомасці бліскала надзея, што вось-вось нешта зменіцца, справядлівасць пераможа і вестка пра смерць акажацца фальшывай. Трохі пазней і паступова розум прывыкаў і мірыўся, але спярша, як цяпер вось, гэтае пачуццё-пратэст было такім моцным, што смерць здавалася нерэальнай, нібы яна толькі прыснілася.
Але і на гэты раз смерць не прыснілася, усе дробязі гэтага пахавання былі надта рэальныя і зусім паслядоўныя. Магілу закапалі, усё зараўнялі, падчысцілі, зверху паклалі кветкі з пасялковых гародчыкаў. Ля пірамідкі барвова чырванела плюшавая падушачка з узнагародамі — адна на ўсе, заслужаныя нябожчыкам: сярод тузіна старых медалёў на заношаных стужках вылучаліся два ордэны Чырвонай Зоркі. Побач у журботна знямелых паставах стаялі два высокія маладыя яшчэ чалавекі, зірнуўшы на аднаго з якіх — у вайсковым, з пагонамі прапаршчыка, — Агееў зразумеў, што гэта — сын. Напэўна, такім жа калісьці быў Сямёнаў-бацька: хударлявы, шырокай касці, даўганогі і даўгарукі малады чалавек з трошкі плоскімі грудзямі і шырокім разваротам плячэй.
Людзі з пахавання пачалі разыходзіцца, па адным і групамі пакідаючы магілу, засталося некалькі чалавек, можа, самых блізкіх нябожчыку, і сярод іх той самы адстаўны падпалкоўнік, якога ён убачыў здаля. Спатнелы, не зважаючы на засень, у цёмным пінжаку з многімі радамі ордэнскіх планак на грудзях, ён і тут па-начальніцку распараджаўся, тупаючы каля магілы.
— А ўзнагароды чаму аставілі? Не палагаецца. Таварыш Хаміч, вазьміце! — загадаў ён нізенькаму пажылому ўжо чалавеку ў ботах, і той узяў падушку, перакінуў яе пад паху — медалі ціхенька забразгалі на яго баку. Усе з палёгкай накіраваліся да выхада. На могілках засталіся толькі дзве жанчыны, якія заканчвалі прыбіраць магілу: стараватая ў цёмнай хусцінцы і маладзейшая з тонкай, туга сцятай джынсамі таліяй. Усё пакутуючы ад нечаканасці гэтае смерці, Агееў запытаўся:
— Як гэта здарылася?
Маладая зірнула на яго і не адказала, ставячы букеты ў шкляныя слоікі, а стараватая, не адразу, памаўчаўшы, сказала, тоячы пэўнае значэнне:
— Здарылася! Даўно павінна было здарыцца…
Агееў не адчуў у яе словах ні жальбы да нябожчыка, ні належнай добразычлівасці да сябе і падумаў: жонка.
Жанчыны яшчэ заставаліся, а ён пайшоў па дарожцы з могілак, выйшаў на дарогу, падняўся па адхоне да сваёй палаткі. Рабіць тут не было чаго, блізкасць свежай магілы, а галоўнае, гэтая нечаканая смерць прыгняталі яго, і ён задуменна пабрыў далей, да самага абрыву. За тыдні ягонай працы ў гэтым кар'еры ён неяк неўпрыкмет прывык да Сямёна, яго бясхітраснай прастадушнай натуры, якой, можа, не хапала яму для дружбы ці проста прыяцельскіх узаемаадносін у яго гарадскім жыцці. Сярод саслужыўцаў па інстытуце такіх, пэўна, не было ніводнага, мабыць, такія па адным ужо выводзіліся, уступаючы месца іншым характарам з яўна выяўленым імкненнем да лідэрства, рознага роду пераваг, напоўненых клопатамі аб дабрабыце і дробязнай прэстыжнасці. Сямён жа не прэтэндаваў ні на што, апроч хіба шклянкі віна ды кароценькай увагі да яго апавяданняў пра перажытое мінулае. І трэба ж — такая раптоўная смерць! А яму нават не прыснілася ноччу нічога такога, што б прадказала гэты канец, проста ноч выдалася на рэдкасць глухой, без сноў. Ці, можа, ён забыў усё да світання?
Па той бок кар'ера ад поля расло некалькі чэзлых, абгрызеных козамі дрэўцаў, якія кідалі вузкія цені ад абрыву. Ён падышоў да іх, стомлена апусціўся на траву і пачаў задумліва азіраць зверху свой злашчасны кар'ер, могілкі, магутны заслон старых дрэў на іх, зеляніну садкоў і дахі ўскраінных хат пасялковай вуліцы. За аброслым крапівой і дзядоўнікам плотам насупраць ярка ззяла насустрач нізкаму сонцу некалькі жоўтых галовак сланечніку, і Агееў прыпомніў, як Сямён некалькі дзён таму абяцаў расказаць, што калісь ледзьве не атрымаў Героя. Аркадзь, мабыць, усумніўся, палічыўшы тыя словы пахвальбой, але Агееў быў гатовы паверыць. Шкада, цяпер ужо ніколі ён не раскажа пра свае ваенныя подзвігі і пра свае пакуты, што, зрэшты, на вайне адно і тое ж.
Агееў сядзеў і думаў, што нябожчык і на самай справе мог заслужыць Героя, такія характары здольныя на самыя высокія, часта нават не зусім усвядомленыя імі подзвігі, бо ім не ўласцівы разлік, хітрасць — як дзеці, яны дзейнічаюць па першым клічы натуры. Натура ж іх недалёка адышлася ад прыроды, дзе ўсё рашаюць, эмоцыі, і істота цалкам належыць віду, наследуючы ўсе яго характэрныя рысы і падпарадкуючыся яго спрадвечнае логіцы. Напэўна, таму такія рэдкія і нехарактэрныя выпадкі ўзаемазнішчэння ўнутры віду, які ўвасабляе сваю відавую мудрасць у паводзінах сваіх істот.