Кар'ер
Шрифт:
— Але ж і там патрэбны… давер. З падазрэннем як жа ў атрад?
— Гэта правільна, — памаўчаўшы, сказаў Агееў, устаў і зноў сеў на тапчан.
Вось пра гэта ён не падумаў. Яму здавалася: толькі б вырвацца адсюль у лес, у партызанскі атрад, дзе вакол будуць свае, і ён вызваліцца ад гнятлівай няпэўнасці, ад зняважлівай падазронасці з боку сваіх жа. Але ж і там з падазрэнне немагчыма — такі ён там проста непатрэбны.
Дык што ж яму рабіць?
Што рабіць, не параіў і Малаковіч, які, мабыць, сам ведаў не больш за яго. Агееў разумеў тое і звяртаўся да яго толькі таму, што лейтэнант быў мясцовы, ведаў большую колькасць людзей і, думалася, — сувязь у яго павінна быць болей надзейная. Аказваецца, са знікненнем Кіслякова ў яго таксама шмат што абарвалася.
Агееў праводзіў Малаковіча да канца гародаў, і яны стрымана развіталіся. Калі б ведалі абодва, што ім так нядоўга засталося быць на волі, што гэта ў іх апошняя магчымасць адкрыта і па шчырасці пагутарыць пра ўсё… Але — не ведалі. І лёгка рассталіся. Малаковіч, як здалося Агееву, — з палёгкай нават,
Не, мабыць, калі нічога не варты адзін, дык мала чаго варта і дзесяць тасяч. Такі ўжо элементарны закон арыфметыкі. Арыфметыкі, але не вайны. У вайны свае, далёка не людскія законы, і яны будуць правіць людзьмі, пакуль будуць войны.
Ну што ж, што будзе, тое будзе. Галоўнае — не мітусіцца, не вукручвацца, думаў Агееў, застацца чалавекам, якім ён быў дваццаць шэсць пражытых гадоў. Тыя чатыры гады, што ён праслужыў у арміі, ён імкнуўся быць спраўным камандзірам і, мабыць, такім быў. Па крайняй меры, у яго асабовай справе, якая некалі была ў страявой часці палка, значылася восем падзяк і ніводнага спагнання, хаця сутычкі з начальствам не былі для яго рэдкасцю, здараліся і заслужаныя ім наганяі. Але, апроч службовых адносін з начальствам, былі яшчэ рознага роду адносіны з роўнымі сабе, сярэднімі камандзірамі, сябрамі, былі, нарэшце, адносіны з падначаленымі сяржантамі і чырвонаармейцамі. І для Агеева, можа, даражэй за думку начальства была дзе-небудзь бегла прамоўленая фраза: «А ён быццам някепскі мужык, гэты наш начбой!» Да іншых водгукаў пра сябе ён не прывык за жыццё, і тое, што цяпер закручвалася вакол яго ў гэтым мястэчку, проста кідала яго ў роспач.
Растрывожаны і апанураны, ён пайшоў на кухню і толькі ў цемры зашчапіў дзверы, як трапіў у абдымкі цёплых дзявочых рук. Марыя падвяла яго да стала і зашаптала, падсоўваючы крэсла:
— Ну, зараз я цябе накармлю… Зараз, зараз…
Перш чым ён што-небудзь паспеў зразумець, яна сунула яму ў рукі вялізную скібіну хлеба, ад якой апетытна запахла кменам, у другую — вялікую кварту з малаком.
— Еш! Ну? Смачна?
Сапраўды, гэта было надта смачна, здавалася, ніколі не еў ён такога смачнага хлеба і такога малака, ён знемагаў у асалодзе, моўчкі праглынуў усё, запіў рэштаю малака.
— Ну, пад'еў? Хочаш яшчэ?
Агееў больш не хацеў — ён ужо зразумеў, што яна выбягала кудысь, можа, да сястры ці суседзяў, і яму зрабілася страшна. Марыя была тут адзінаю яго ўцехай і, напэўна, адзінай апорай, на якую можна было спадзявацца. Небяспека страціць яе азвалася ў ім спалохам, якога ён не ведаў нават перад пагрозай уласнай пагібелі.
— Дзякуй! — сказаў ён, цалуючы ў цемры мяккія яе далонькі. — Але я цябе папрашу: не хадзі болей нікуды! Не трэба! Як-небудзь. Пойдзем разам…
— Куды? — з наіўнай паспешнасцю запытала яна, быццам гатовая зараз жа бегчы разам з ім.
— Куды? Пойдзем куды-небудзь. Настане час — і пойдзем.
— Настане час! Я веру, што настане часю павінен настаць. І скончыцца гэтая ноч. І ніхто не будзе нам пагражаць. Ой, як я хачу дажыць да таго часу… Мілы, Алежка мой!..
Яна апусцілася долу каля яго калень, абедзьвюма рукамі абняла іх, і яны лашчыліся так, ледзьве стрымліваючыся, каб не плакаць. І ён моўчкі выціраў яе мокрыя шчокі, напружана думаючы, як уратаваць яе і сябе ад бязлітаснай калясніцы знішчэння. Можа быць, менавіта ў той вечар ён адчуў тое, што раней неяк не даходзіла да яго свядомасці — што ён кахае яе, — насуперак сваім намерам, насуперак вайне і нават здароваму сэнсу. Напэўна, яму трэба было сказаць ёй пра тое, але хіба і без слоў не было зразумела ўсё…
Надвор'е рэзка павярнула на восень, зачасцілі нудныя слотныя дажджы, а калі яны пераставалі, асабліва ўранні, напаўзалі туманы, у якіх патаналі дамы, гароды, платы і дрэвы. Аднаго разу, устаўшы на світанні, Агееў не пазнаў двара — усё, што было перад варотамі, знікла ў стылай шэра-малочнай навалачы. Сядзіба сціхла, неяк дзіўна, затоена, вуліца нібы вымерла, змоўкла і ўсё мястэчка.
Той ноччу Агееў з Марыяй заснулі толькі перад світаннем, усю ноч праседзеўшы ў застаронку ад незразумелай трывогі, якая падняла на ногі местачковыя ўлады і паліцыю. Пачалося ўсё са здзічэлага крыку дзесь на ўскраіне, у раёне могілак, пасля раздаліся стрэлы ў ваколіцы, і па іх Зялёнай вуліцы прабегла некалькі чалавек — усё туды ж, у бок могілак. Тупаценне іх ног глуха аддалося ў начы, але галасоў не было чуваць, быццам гэта прабег
строй салдат ці паліцыі. Пасля на суседняй, болей наезджанай вуліцы застукалі фурманкі, там жа пачуліся галасы, нават крыкі, а недзе ля цэнтра і царквы прагырчэлі цяжкія машыны, і святло ад іх фар жоўтымі плямамі мільганула ў тумане над дахамі местачковых хат. Сцяўшы дыханне, Агееў слухаў, спрабуючы зразумець, што адбываецца ў мястэчку, але зразумець было не так лёгка. Марыя, прыпаўшы да яго і абхапіўшы ягоныя плечы рукамі, дробна дрыжала, нібы ў гарачцы, ён хутаў яе ў кажушок і думаў, як бы не давялося ратаваць яе ў гэтую трывожную ноч. Ніжнюю адарваную дошку ў сцяне застаронка ён паказаў ёй даўно, дзяўчына магла пралезці ў гарод, але што далей? Куды ратавацца з гарода, яны так і не вырашылі.Яны не вырашылі шмат чаго ды так і занулі пад ранак у пяшчотных абдымках, калі гэтая малазразумелая трывога неяк сама па сабе ўляглася і ўсё навокал паступова заціхла.
У волглым застойным тумане ўсё на падворку было настылае, золкае і няўтульнае. На змакрэлым голлі віселі празрыстыя кроплі, сцякалі па мокрых камлях дрэў; туман ціха ахутваў рыжае лісце клёна і, чапляючыся ў суках, ціха клубіўся там, марудна спаўзаючы на чорны, набрынялы вільгаццю дах хаты. Агееў схамянуўся ад сцюжы і перш за ўсё падышоў да дзвярэй на кухню — клямка звечара некранутай ляжала на прабоі, значыць, Бараноўскай усё не было. Ён перастаў ужо лічыць дні і тыдні, што мінулі пасля яе ад'езду; мабыць, сапраўды ягоная гаспадыня прапала назаўжды і без знаку. Яны з Марыяй ужо з'елі паўагарода бульбы, падабралі, што можна было падабраць з ежы ў кладоўцы, але з маёмасці нічога не чапалі, абыходзіліся пакуль кажушком ды стракатаю ватнай коўдрай, што была на гарышчы. Кожны раз, прачынаючыся ў застаронку, Агееў чакаў, што хто-небудзь з'явіцца ў двары і скажа: «Ад Волкава». Але ішлі дні, а ніхто не прыходзіў, мех з адрамантаваным абуткам па-ранейшаму ляжаў пад сенам. Не паявіўся і Кіслякоў. Агееў адчуваў сябе абсалютна закінутым і забытым, і адзінаю ягонай уцехай была Марыя.
Ён не мог даўмецца чаму, але Марыя ўжо ўладарна і без рэшты захапіла яго пачуцці, запоўніла сабой ягоную істоту — яго памяць, увагу, думкі — і, здаецца, ужо стала яго каханнем. Не перастаючы, ён думаў пра яе і пра іхні няўдалы лёс. Наяве ці ў марах яна штодзень была з ім, і ён заўжды бачыў перад сабой яе мілае аблічча, слухаў яе асаблівую, парывістую манеру гаварыць, гатовы быў глядзець і глядзець, як яна ў размове адкідвае з ілба светлую пасмачку валасоў ці, трошкі схіліўшы галаву, прычэсваецца маленькім празрыстым грабеньчыкам, які заўжды блішчэў у яе на патыліцы. Яе тонкія трапяткія рукі былі ўвасабленнем клопату і руху, калі яна гаварыла пра што і нават калі маўчала, папраўляючы кароткі сарафанік на каленях, ці парывіста абдымала яго за плечы, прыціскаючы маленькія далонькі да яго лапатак, ці лахмаціла яго валасы. Асаблівае задавальненне для яе рабіла барада, якую ён разы два падстрыгаў нажніцамі, але пагаліць якую ў яго не было чым. Марыя лахмаціла яе рукамі, цалавала і цёрлася шчокамі, гарэзліва прыгаворваючы: «Якая ў цябе барада! Якая калючая! А ты адпусці яе, як у дзеда, во здорава будзе!»
— Што — да твару?
— Пытаешся! І кашуля гэтая дужа табе да твару. Вышытая! Ну, проста былінны герой! Ілья Мурамец!..
— Які Мурамец! Можа Салавей-разбойнік…
— Не, не… Ты такі… Праўда! Адразу відаць — камандзір.
— Во гэта і кепска, што адразу відаць.
— Ну і нічога, ну і нічога… Ну і добра! — горача пераконвала яна, цалуючы яго ў бараду, у шчокі, у вусны…
У такія хвіліны ён чуўся расслабленым, размораным, але амаль шчаслівым, калі б тролькі не яго турботныя думкі, якія не пакідалі яго ні на імгненне, і ён усё думаў і думаў бясконца — лежачы з ёю пад кажушком, седзячы побач на коўдры, калі яна спала, на адзіноце ў двары, слухаючы гукі з вуліцы, імкнучыся заўважыць сярод іх тыя, што былі яму так патрэбны. Гаротная думка тачыла ягоную душу ўдзень і ўначы — дабром гэта не скончыцца! Не можа гэта скончыцца дабра ў такі бязлітасны час, на краі прадоння, за два крокі ад паліцыі, немцаў, СД. Будзе бяда! Але ён нічога не мог зрабіць з сабой і сваім непаслухмяным пачуццём, нібы ведаючы, што іншага часу для іх не будзе — што такое не паўторыцца болей. Сапраўды, цудоўнае не доўжыцца і не здараецца часта, яно — шчаслівая рэдкасць, што выпадае чалавеку як узнагарода. Вось іх узнагародзіў лёс — добры жартаўнік ці крывадушны д'ябал, як бы ён хутка не паздзекаваўся з іх.
Яны стараліся не марыць пра будучае, не меркаваць нават, што чакае іх заўтра, а то і сёння, увечары, ноччу. Яны жылі кожным імгненнем зараз, бо толькі гэтае імгненне належала ім. Заўтра магло для іх не наступіць ніколі, учора было даўно і таксама належала не ім, хаця яны і ўспаміналі пра яго. Абуткам Агееў больш не займаўся, мястэчка, падобна, ігнаравала яго няпэўнае шавецкае майстэрства, і ён, некалькі разоў нядоўга пастаяўшы ў альтанцы, болей там не паказваўся. Харчаваліся бульбай. Апошнім часам налаўчыліся пячы яе ў прыску — печаная бульба здавалася смачнейшай, а галоўнае, была больш сытная, чым звараная. Неяк Марыя напарыла буракоў з градкі, і яны елі іх два дні — спярша гарачыя, а пасля астылыя. Удзень звычайна сядзелі на гарышчы пад дахавым акенцам, даючы волю неспатольным абдымкам і пацалункам. Размаўлялі шэптам ці напаўголасу. Зрэшты, ён болей маўчаў, Марыя ж здольная была шчабятаць, не перастаючы, і ён зрэдзьчасу перапыняў яе: «Ціха!» Рана ў Агеева амаль загаілася, толькі з ніжняга канца разрэзу сачылася брудная сукровіца, павязка трохі макрэла. Ён даўно ўжо ўпэўнена ступаў на левую нагу, хаця, калі спяшаўся, трохі кульгаў, што было прыкметна, і ён стараўся ісці цішэй; часам браў кій.