Кар'ер
Шрифт:
— Сядай во на парог. Ці во на сена. Сена там. Сухое.
— Дзякуй.
Ён змоўк, услухоўваючыся, як яна ў цемры месцілася на шархоткім сене і неўзабаве сцішылася, быццам яе і не было тут зусім. Знадворку ад дошкі сцяны ўсё біўся дождж, ірваў страху вецер. Агееў пачаў грэцца пад кажушком, як пачуў яе неспакойнае дыханне на сене — мабыць, яна скаланалася ад сцюжы.
— Што — холадна? — запытаўся ён.
— Холадна, — ціхенька адказала яна.
— А ватоўка?
— Мокрая…
Агееў паляжаў трохі, у думках злым словам памінаючы гэтую дзяўчыну, і нарэшце падняўся на тапчане.
— Ану, ідзі сюды!
— Не, не, — спалохана азвалася яна з цемры.
— Ідзі во на тапчан, пад кажушок сагрэешся… Ну!! Хуценька…
— Не, не…
— Прасіць цябе трэба, у канцы канцоў? — раззлаваўся Агееў.
Рашуча ўстаўшы з тапчана, ён намацаў у цемры яе плячо і, схапіўшы за руку, падняў з сена.
— Кладзіся там. Я — на сене.
Яна пакорліва
— Ну як — сагрэлася?
— Грэюся. Дзякуй табе. Вялікі дзякуй…
— Ладна. Спі. Ранкам падніму. Удзень тут заставацца нельга.
— Добра. Я ўстану. Ты прабач мяне, Алег.
— Ладна ўжо… Прабачу.
Раздзел пяты
Праз два-тры дні пасля ліўню зямля ў кар'еры падсохла. Лужыны яшчэ заставаліся на сваіх месцах, але вады ў іх прыкметна паменшала, на гліністых берагах засталіся крывулястыя паралельныя рысы — сутачныя адмеціны ўзроўняў. Дажджу больш не было, стаяла сухое і ветранае надвор'е, аднак на поўнае высыханне лужын можна было разлічваць хіба ў канцы месяца, што было, вядома, занадта. Агееў не мог затрымлівацца тут да канца лета, хаця пачуванне яго пасля сынавага прыезду патроху выраўнялася — усё ж, мабыць, імпартныя таблеткі яму памаглі. Наступным днём, праводзіўшы Аркадзя, ён нядоўга пасядзеў на абрыве і спусціўся ў кар'ер — трэба было неяк скапаць гэты чортаў абвал.
Канечне, у душы ён разлічваў на дапамогу сына, мабыць, для таго і выклікаў яго тэлеграмай, але ў той вечар так яму і не сказаў нічога: думаў, здагадаецца сам. Аднак сын не здагадаўся, раніцай адразу ж пачаў збірацца ў дарогу. Размова ў іх не клеілася, і хоць Агееў за лета нямала перадумаў пра сына і збіраўся пра што-колечы з ім пагутарыць, цяпер таксама не знаходзіў ні слоў, ні патрэбнага для таго настрою. І калі ён усё ж сказаў Аркадзю, што аднаму труднавата ў кар'ры, той, крута павярнуўшыся ад узнятага капота, кінуў:
— Вось што! Хопіць! Збірайся, паедзем!
У яго штосьці не ладзілася з рухавіком, зранку сын злаваўся, і ўсё ж Агееў сказаў, што не можа ўсё кінуць пасля таго, як перакапаў тут гару зямлі і засталася дробязь. Удвух бы яны за пару дзён усё скончылі. Сын з прыкрасцю сказаў, усё калупаючыся пад капотам:
— Знаеш, я не землякоп, я — электроншчык. Хочаш, дамоўлюся ў райкоме, прыгоняць бульдозер. За паўгадзіны ўсё раскапае.
— Мне не трэба бульдозер.
Больш пра кар'ер яны не размаўлялі. Пускаючы дым з глушыцеля, машына паўгадзіны трэслася ад вялікіх абаротаў рухавіка — сын рэгуляваў карбюратар. Пасля было няёмкае, паспешнае развітанне, ляснулі дзверцы, і чырвоны «жыгуль», апісаўшы па роснай траве даўгую дугу, пакаціў на дарогу. Агееў пайшоў да кар'ера.
Ён працаваў без імпэту, не спяшаючыся, імкнучыся браць неглыбока — на паўштыка, не болей, і кідаў недалёка, сочачы позіркам за кожным камяком вільготнага, яшчэ не прасохлага суглінку. Нічога, аднак, яму не траплялася — відаць па ўсім, гэты куток кар'ера быў менш за іншыя асвойтаны людзьмі — на паверхні і ў глыбіні ўсюды ляжаў некрануты, дзікі суглінак. Агееў думаў пра сына, які цяпер каціў дзесь па новай, нядаўна пракладзенай бетонцы на Мінск. Канечне, у сына хапала ўласных клопатаў і сваіх няпростых праблем, ці варта крыўдаваць на недахоп увагі або ветлівасці — у кожнага свой нораў і свой чалавечы лёс. Бацькам нярэдка здаецца, што дзеці недадаюць ім, што ім як старэйшым у родзе належаць нейкія правы ў адносінах да малодшых, якіх яны нарадзілі, выхавалі, выпусцілі ў вялікі складаны свет і таму могуць разлічваць на ўдзячнасць, што рэдка маюць у жыцці. Але па спрадвечных законах жыцця ўвесь дынамізм дзяцей скіраваны ў будучыню, туды, дзе пралягае іх нязведаны шлях, і бацькам на гэтым шляху месца ўжо няма, ён цалкам заняты ўнукамі. Што ж, усё правільна, усё ў поўнай адпаведнасці з законамі жыцця і жывой прыроды, але чаму чалавечая натура так неахвотна мірыцца з такой відавочнай данасцю? Уся яе духоўная сутнасць бунтуе супраць гэтай завядзёнкі прыроды, чаму тут такая дысгармонія — таксама ад прыроды?
Хіба таму, што мы — людзі. У жывёлы ўсё прасцей і больш гарманічна.
Незразумелая, складаная, супярэчлівая істота — чалавек!
Сын ажаніўся з харошай, любімай дзяўчынай з суседняга дома, калі тая стала студэнткай — жывой, мілавіднай, выхаванай дзяўчынкай, якая падабалася ўсім без выключэння — і родзічам, і суседзям. Жаніховы бацькі прыглядаліся да яе яшчэ з таго даўняга часу, калі яна сярод іншай дваровай дзятвы гуляла пад грыбком у пясочніцы, і яшчэ больш — калі вырасла ў бойкую, спрытную дзяўчынку, якая з заўсёднай мілай ветлівасцю на тварыку віталася з дарослымі і лёгка праскоквала насустрач у цесным пад'ездзе. Сын таксама любіў яе, гатовы быў на ўсё дзеля яе, пасля ў іх паявілася малое,
што зусім ужо аб'яднала ў адно дзве ўвогуле малазнаёмыя да таго сям'і. Агееў нечакана лёгка сышоўся з яе бацькам, палкоўнікам у адстаўцы, былым ваенным лётчыкам, з якім яны ўвечары любілі гуляць у шахматы. Свацці таксама знайшлі адна ў адной сардэчных і адданых сябровак з безліччу агульнага ў характарах; суседзі, не перастаючы любавацца знойдзеным на схоне гадоў сямейным саюзам, нават нібы раўніва адасобіліся ад іх. Але вось мінуў год ці болей, і ўсё рассыпалася дашчэнту, ператварыўшыся ў поўную сваю процілегласць, і тады яны з недаўменнем убачалі, як шмат у гэтых іх адносінах трымалася на ўзаемным пачуцці двух юных сэрцаў, са знікненнем якога разбурылася і ўсё астатняе. Мабыць, занадта шмат нагрузілі яны на эфемерныя крылы гэтага кахання людзей, якія, можа, былі і някепскія паасобку, але так і не сталі сям'ёй. І хто вінават? Тых, хто пацярпелі, шмат, вінаватага ж не знайшлося нікога.Нябожчыца-маці вінаваціла ва ўсім нявестку, другі бок дружна бэсціў сына, Агееў жа звычайна маўчаў. Ён ужо ведаў, што здольнасць да самаадданага кахання ці дружбы — не частая якасць у людзей, што яна рэдка выяўляецца ў выпадковых ці пэўных камбінацыях, што тут трэба абавязковыя даныя, якімі ў гэтай гісторыі не валодалі ні бацькі, ні іх дзеці. З самага пачатку іхняга сямейнага жыцця Агееў адчуў, што надта яны розныя ў іх духоўнай аснове, з чаго, аднак, зусім не вынікала нічога. Гэтая іх рознасць магла стаць асновай гармоніі, але магла быць і асновай разладу, чым нарэшце і стала. Таксама як і аднолькавасць у пэўных выпадках прыводзіць да краху. Сын валодаў выразна пастаўленым інстынктам мэты, мабыць, занадта сучасным інстынктам, які, аднак, быў трохі чужы «абкатанаму жыццём» Агееву-бацьку, але які той увогуле не мог не цаніць у людзях. Аркадзь з малых гадоў ведаў, што яму трэба, і заўжды ўпарта ішоў да ажыццяўлення свайго імкнення, што наогул было і някепска, калі б не адна асаблівасць — ён меркаваў, што ягонаму руху да мэты павінны спрыяць усе астатнія, тым больш родзічы, жонка, бацькі. Быстравокая худышка Светачка, таксама адзінае дзіця ў бацькоў, была надзелена ад прыроды надта развітым пачуццём годнасці і нікому не даравала крыўды — міжвольнай ці тым больш знарочыстай. Кожная мэта для яе была другараднай у параўнанні са сродкамі, якія азначалі для гэтай дзяўчыны ўсё.
Першае іх непаразуменне, непрыметная спярша шчылінка, якая неўзабаве з грукатам расшчапіла небасхіл іхняга кахання, здарылася на вачах у Агеева і ўжо тады непрыемна ўразіла яго.
Пасля вяселля маладыя нейкі час жылі ў сям'і палкоўніка, які меў больш-менш неблагую кватэру на тры пакоі, у адным з якіх мясцілася старая бабуля, істота бесславесная, як і бяскрыўдная. Аднак бабуля не спадабалася Аркадзю, які неўзабаве пасля нараджэння сына перавёз жонку на кватэру да бацькі. Тут стала цеснавата; зноў жа, кватэра ўсімі вокнамі выходзіла на ажыўленую вуліцу, форткі заўсёды былі зачынены, і вельмі хутка ўсе зразумелі, што такое жыццё не прынясе радасці. Агееў яшчэ працаваў на паўстаўкі, чытаў у інстытуце лекцыі, і вось маці з сынам пачалі заводзіць гаворку пра тое, што трэба паклапаціцца аб пашырэнні жылплошчы — перагаварыць на рабоце, сустрэцца з некаторымі гарадскімі начальнікамі, з якімі былі старыя сувязі. Настаў жахлівы для Агеева-бацькі час, пачуццё абавязку прыгнятала яго, але ўсё было вышэй за яго магчымасці — не хапала ні настойлівасці, ні ўмельства, ні проста чалавечага шацунку. Ды і было сорамна — столькі яшчэ супрацоўнікаў у інстытуце мелі патрэбу хоць у якім-небудзь жыллі, а ў яго была ўтульная, хоць і невялікая кватэра ў цэнтры, якая яшчэ гадоў дзесяць назад лічылася амаль раскошай. А галоўнае, ён так і не мог зразумець, якія мае перавагі перад іншымі, асабліва перад зусім бескватэрнымі, каб хадайнічаць пра сябе, аббягаючы астатніх?
Калі стала зразумела, што справа палепшання жыллёвых умоў дацэнта Агеева зацягвалася на няпэўны час, за яе ўзяўся Аркадзь. І пачаў ён не з сядзення ў прыёмных начальства, якое прымала раз ці два ў месяц, ветліва слухала наведвальніка, але прыктычна нічога не рабіла для яго просьбы, а са збору розных папер, дакументаў, абследаванняў, характарыстык, пісьмаў-адносін адміністрацыі і грамадсках арганізацый. На здзіўленне бацькі, нарэшце ён атрымаў ордэр на маленькую, але вясёлую кватэру ў новым квартале Зялёнага Луга. Калі ж бацька пацікавіўся, на якой падставе, аказалася: па-першае, як малады спецыяліст, а па-другое, як член сям'і ветэрана і падпольшчыка, што ледзьве не быў расстраляны ў гады акупацыі.
— Ну, што скажаш? — урачыста пытаўся сын, памахваючы перад бацькам свежанькім ордэрам.
— Далёка пойдзеш! — са злым захапленнем сказаў бацька.
— Цудоўна! Калі б не так подла, — кінула нявестка.
— Ну вы даёце! — здзівіўся Аркадзь. — Я вас не пайму.
Мяркуючы па ўсім, ён і сапраўды не зразумеў нічога, і Агееў-бацька не стаў тлумачыць, тым больш што маці тут жа атэставала яго з уласцівай ёй лаканічнай катэгарычнасцю: «Дурань!» Ён толькі прыпамятаў недзе пачуты ім каламбур на кватэрную тэму: «Партызаны хай пачакаюць, яшчэ партызанскія дзеці не ўсе забяспечаны».