Кар'ер
Шрифт:
— Куды ты?
— Ціха, ціха. Спі. Я гэта… Тут павінен адзін чалавек прыйсці.
— Які чалавек?
— Ну, панімаеш, знаёмы.
— З мястэчка знаёмы?
— З мястэчка.
Быстрымі рухамі маленькіх рук яна паправіла на сабе падол сарафаніка, маленькім перламутравым грабеньчыкам трохі прычасала на патыліцы кароткія валасы. Здаецца, яна нічога не падазравала і ні пра што не здагадвалася.
— А мне… Тут быць?
— Ага. Ты сядзі тут. Як толькі я яго адпраўлю, дык і прыйду.
Ён пацалаваў яе мяккія пакорлівыя вусны і злез па драбіне ўніз. Гультай, які драмаў ля парога на кухні, неахвотна падняўся, пацягнуўся,
— Во сябрука табе. Каб не сумавала.
Агееў выйшаў на двор. У небе ўжо плылі грувасткія кучаравыя аблокі — пэўна, на лепшае надвор'е, і ён падумаў: як утаіць яго справы ад Марыі? Утаіць, канечне, было неабходна, ён не меў права самавольна давяраць ёй тое, што не было ягоным сакрэтам, але і ўтаіць што-небудзь пры такіх з ёю адносінах было няпроста. Хоць бы таго ж Малаковіча. Яна магла яго ўбачыць, падслухаць іх гутарку — што яна магла падумаць пра іх? Вядома, лепш за ўсё, каб яна была ў курсе іх спраў, але яшчэ без прычыны, амаль падсвядома, ён баяўся ўцягваць яе ў гэтыя іх няпростыя справы, якія штодня маглі кепска скончыцца. Навошта рызыкаваць яшчэ і ёю?
Тупаючы па двары, Агееў чакаў Малаковіча, пасля выйшаў на мокрую сцежку ў гародзе. Ён узіраўся ў бок рова, але Малаковіча не было. Пачало ўжо змяркацца, з садкоў і гародаў пацягнула золкай вільгаццю, зрабілася халадней, і ён падумаў, што, мабыць, трэба ісці ў застаронак. Малаковіч ведае, дзе гэта, ён павінен знайсці. Толькі Агееў падумаў так, стоячы каля расчыненых дзвярэй хлява, як за домам, дзесьці ў баку местачковага цэнтра, раздаліся стрэлы — два вінтовачныя і некалькі разрозненых аўтаматных чэрг. Агееў знерухомеў, прыслухаўся, але стрэлы на тым і спыніліся, крыкаў быццам не было чутна, і ён занепакоена падумаў: ці не па Малаковічу гэта? Усё ж пачынаўся каменданцкі час, немцы і паліцыя лютавалі па вуліцах і дарогах, спыняючы кожнага, хто там паяўляўся. Увесь местачкавы люд імкнуўся ў гэтую пару быць дома і не вытыркаць носа з сваіх двароў. Але Малаковіч мог прыйсці да яго толькі ўначы, калі ніхто яго не мог пазнаць у мястэчку.
Агееў пазіраў у абодва канцы двара, але часцей — на межавую сцяжыну паўз гарод, думаў, што Малаковіч паявіцца з рова. А той раптам выслізнуў з-за вугла хлеўчука і апынуўся перад Агеевым.
— Добры дзень!
— Ну, напалохаў!.. Там стрэлы, чуў? Гэта не па табе?
— Я хаджу там, дзе стрэлаў не бывае, — пахваліўся Малаковіч, аднак цяжка дыхаючы ад хуткай хады. Яны прайшлі праз хлеў у застаронак, дзе ўжо было амаль цёмна. Агееў апусціўся на тапчан, Малаковіч, як і ў мінулы раз, прысеў на парозе.
— Што-небудзь здарылася? — запытаўся ён ціха.
— Нічога такога, — супакоіў яго Агееў. — Проста некаторыя пытанні.
Мне ж забаронена сустракацца з вамі. Але тут хлопец сказаў…
— Я ведаю. Але ў мяне не было выйсця. Я страціў сувязь з Кісляковым.
— Гэта горш, — памаўчаўшы, сказаў Малаковіч. — Я таксама не маю з ім сувязі.
— Можа, яго ўзялі?
— Не, бытта. Калі б узялі, было б вядома. У паліцыі яго няма. Можа, якая накладка? Або эсдэ сцапала?
— Можа, і накладка. У мяне вось гаспадыня прапала. Ужо два тыдні. Сказала: адлучуся дні на тры — і знікла.
— Ну, цяпер усё можа быць. Дзе-небудзь напаролася. Схапілі. Або застрэлілі дзе-небудзь. Як ваша нага?
— Нага больш-менш. Хаджу ўжо. А як плячо?
— Ды што
плячо? Зарасло як на сабаку.— Значыць, можна ўжо дзейнічаць, калі тут сядзець. Што-небудзь плануецца? — запытаў Агееў і сціх, увесь поўны ўвагі.
Малаковіч прыслухаўся да цішыні ночы і адказаў на адразу.
— Нешта задумалі. Днямі правернем. Толькі са ўзрыўчаткай кепска.
— А якая трэба ўзрыўчатка?
— Ды хоць якая. На харошы выбух.
— На харошы выбух трэба харошы зарад. А як сувязь з лесам?
— Цяжка з сувяззю. Усё пад наглядам. Усе дарогі, вуліцы. Ні праехаць, ні правезці.
— Што чуваць на фронце?
— Ерунда на фронце, — паныла сказаў Малаковіч. — Немцы пад Масквой.
— Да-а, — расчаравана працягнуў Агееў, непрыемна ўражаны гэтай невясёлай навіной.
— Але ўсё роўна хутка падавяцца. Ужо Маскву ім не аддадуць.
— Ну, а мы што ж, тут і будзем сядзець? У гэтай нары? — з прыкрасцю запытаўся Агееў.
— А што ж нам рабіць? Дагнаць фронт? Далекавата, напэўна?
— Далекавата, канечне. Але ж мы вайскоўцы. Камандзіры ўсё ж. З дзеючай арміі.
— Дзейнічаць і тут можна. А там відаць будзе.
Можа, Малаковіч казаў і праўду, яны абавязаны былі дзейнічаць, вось толькі тыя дзеянні, што выпалі на долю Агеева, былі не надта яму па натуры. Нават супраць яго натуры. Ужо лепш які бой, адкрытая агнявая сутычка з ворагам, чым гэтая незразумелая гульня, спрэс няпэўнасць, маркотнае чаканне невядома чаго. Ён думаў цяпер, як сказаць Малаковічу пра паліцыю і Кавешку. Як зрабіць, каб выбрацца з мястэчка куды далей, можа, у лес, у партызанскі лагер, бо яму тут не месца. Але зноў жа, што карысці гаварыць аб тым Малаковічу, у якога таксама няма ні з кім сувязі. Толькі выклікаць падазрэнне ў апошняга, які пакуль што яму верыць.
— Але куды ж прапаў Кіслякоў? — зноў сказаў ён у роздуме.
— Кіслякоў знойдзецца. Можа, пайшоў у лес. А на яго месца другі прыйдзе.
— Прыйшоў бы хутчэй.
— А ў вас што — тэрміновыя справы? Ці паведамленні?
— І тое, і другое… Панімаеш, тыдзень назад прывезлі мех абутку. Ну, пачыніў. І ніхто не забірае.
— Забяруць. Спатрэбіцца — і забяруць, — супакоіў Малаковіч.
— А можа, чакаюць, не давяраюць?
— Ды ну? З якой прычыны?
— Прычына ёсць. Начальнік паліцыі панадзіўся. Угаворвае на супрацоўніцтва.
— У даносчыкі? — напружана выпаліў Малаковіч.
— У даносчыкі. Раз ледзьве ў шталаг не адправіў. Нямецкі оберст загадаў адправіць, — сказаў Агееў і пачакаў, што на гэта скажа Малаковіч. Малаковіч, аднак, прыціх, і Агееў зразумеў адразу: дарма сказаў. Паўтарылася ранейшая гісторыя з Кісляковым — яго паведамленне толькі насцярожыла, нічога не праясніўшы, ускладніла і без таго іх няпростыя адносіны.
— Да-а-а… Што ж, кепскія справы, — няпэўна сказаў Малаковіч. — А выкруціцца нельга?
— Я, канечне, супрацоўнічаць з імі не стану, але зразумей і маё становішча: прама адмовіцца я не магу. Яны ж мяне адразу возьмуць, — хвалюючыся, сказаў Агееў.
— Гэта канечне.
— Таму мне тут болей нельга. Трэба ў лес.
— Мабыць, так, — вяла пагадзіўся Малаковіч. Ён не пярэчыў і не спрачаўся, ён быццам разумеў Агеева, але па тым, як ён адразу абвяў у размове, Агееў зразумеў, што гэтая іх сустрэча не палепшыць яго становішча. Як бы не пагоршыла.
— Пры выпадку ты там скажы каму… Каб перадалі Волкаву. Бо я тут — кругом на падазрэнні.