Кар'ер
Шрифт:
Апрытомнеў ці не ад жудаснай пякельнай смагі, усё ў ім смылела ўнутры, паліла адбітыя вантробы, але вакол панавала цішыня, мабыць, ён быў тут адзін. Ён застагнаў, слаба паварушыў рукой, наткнуўся пальцамі на штось ліпкае — кроў, можа, ці што? Тонкая саламяная падсцілка, здавалася, уся набрыняла гэтаю ліпкасцю — сырызнаю ці крывёй, ён перавярнуўся на бок і спрабаваў падняцца на локці. З грудзей вырваўся прыглушаны хрып.
— Эй, ці хто ёсць тут?..
Але тут не было нікога, вакол панавала немата, цемра, і ён упаў на бок, зноў трацячы прытомнасць.
Ён доўга праляжаў ва ўладзе зданяў і хаосу фантасмагорый, трызніў і пакутаваў ад болю і смагі. Увесь час яму здавалася вада. Спярша
Мабыць, так цягнулася доўга, ён перастаў адчуваць хаду часу і, калі трохі ачуньваў, зусім не ўяўляў, што на дварэ — дзень або ноч. Але вось свядомасць яго праяснілася, ён выразна адчуў сябе на падлозе і, асільваючы востры боль у баку, які яму дапякаў асабліва, памацаў побач рукамі. Рукі яго наткнуліся на сцяну, і ён знямогла, не адразу падняўся, прыхінуўся спіной да сцюдзёных сырых камянёў. Вачэй можна было не расплюшчваць, у падзямеллі панавала цемра, здаецца, тут не было ніякага акна ці, можа, на дварэ была ноч. Гарачка яго, магчыма, паменшала, але смага засталася ранейшай, здавалася, свядомасць яго зноў пачала туманіцца, і, каб не спазніцца, ён закрычаў з усёй сілы:
— Эй, піць! Дайце піць!
Замест крыку, аднак, у сутарэнні глуха прагучаў і захліпнуўся яго хрыплы шэпт, які наўрад ці хто тут пачуў. Агееў зноў паваліўся на дол — на слізкую саламяную падсцілку.
Аднак гэты раз ён быў пры памяці і, можа, упершыню падумаў пра свой лёс. Хаця які ўжо там лёс, думаў ён, засталіся рэшткі сілы ў знявечаным целе, і, мабыць, чым хутчэй яны скончацца, тым будзе лепш. У такіх пакутах жыць доўга нельга, ды і ці трэба. Нашто жыць, каму ад таго карысць? Хіба што паліцаям і немцам, якія нават на парозе смерці будуць катаваць, каб штосьці ад цябе дазнацца. «А што, калі…» — нясмела падумаў ён і зараз жа ўхапіўся за тую сваю нечаканую думку. Думка пра самагубства здалася яму найбольш прыдатнай, ён памацаў паясніцу — не, дзягі ў яго не было, мабыць, знялі ў школе, калі адчэплівалі ад падвескі. Можа, разадраць на палосы вышытую кашулю? Але ці вытрымае тонкая тканіна ягонае цела? Зноў жа, за што зачапіць? Напэўна, спярша трэба было знайсці які-небудзь крук, цвік у сцяне, краты ў акне ці яшчэ што. Новы намер захапіў яго, і Агееў пачаў пакутна мацаць рукамі па шархоткіх камянях сцяны, абследаваць усе яе выступы і ямкі. Пакуль што, аднак, не траплялася нічога прыдатнага. Ды і было нізка, трэба было пашукаць вышэй.
З натугай і дрыготкаю ў целе ён прыўстаў на каленях, болей абапіраючыся на правае калена, бо левае кепска згіналася ад пухліны і балела, памацаў над галавой. Але скрозь была амаль роўная мураваная сцяна, без асаблівых выступаў ці ямак. Ён не ведаў, у якім баку былі дзверы, і баяўся наткнуцца на іх, каб знянацку не выдаць сябе за гэтым заняткам. Усё трэба было зрабіць тайна і ціха. Але ён яшчэ не дайшоў да дзвярэй, як дзесь у сутарэнні пачуліся галасы, на сцяне ўзнікла светлаватая плямка, яна рабілася ярчэйшаю, і вось з таго боку глуха стукнула, падаючы, дзвярная засаўка. Дзверы расчыніліся. Нізка над парогам праз дужа задымленае шкло свяціўся агеньчык «лятучай мышы», ён ледзьве асвятліў некалькі пар запэцканых гразёю ботаў. Пярэднія з іх пераступілі парог, і ліхтар прыўзняўся, цьмяна асвятляючы частку долу з утаптанай саломай.
— Пабудзьце
там, — кінуў пярэдні астатнім, і дзверы за ім зачыніліся.Гэта быў Кавешка, які, прыўзняўшы ліхтар, пасвяціў на Агеева.
— Да… Аднак аздобілі яны вас, — сказаў ён і ўздыхнуў, нібыта зусім спачувальна.
Агееў знясілена абвяў, упёршыся плячмі ў цвёрдыя камяні сцяны. Спачувальны тон Кавешкі ўжо не мог ашукаць яго, ён ведаў, што можа спатрэбіцца гэтаму чалавеку. Але дарма стараюцца. Ён не паддаўся Драздзенку, не паддасца і Кавешку, не зважаючы ні на якія яго спачуванні. Яму ўжо была вядома сапраўдная цана гэтых яго спачуванняў. Аднак Кавешка быццам бы не спяшаўся раскрываць свае патрэбы, з якімі прыйшоў у сутарэнне, і, як заўжды, пачаў здалёку.
— Я вам скажу: чалавеку ўласціва такое атавістычнае пачуццё — насалода чужымі пакутамі. Увогуле пачуццё тое мае кожная здаровая натура, адна ў большай, другая ў меншай ступені, і тут нічога не зробіш: прырода! У часе вайны або рэвалюцыі асабліва. Як вы чуецеся? — нечакана запытаўся ён.
— Выдатна, — выціснуў з сябе Агееў і не ў лад са сваімі пачуццямі крыкнуў: — Вады! Дайце вады!..
Тут жа, аднак, падумаў, што дарма не стрымаўся, наўрад ці варта было прасіць вады ў гэтага чалавека. На яго здзіўленне, Кавешка з ліхтаром паслухмяна павярнуўся да дзвярэй.
— Гэй там!.. Дайце вады…
Ён зноў павярнуў ліхтар, скіроўваючы святло ў камеру, пасвяціў на Агеева. Агееў маўчаў, пакутуючы ад смагі, тупога глыбокага болю ў баку і асабліва — у сківіцы. Ён не меў ні сілы, ні жадання размаўляць з інтэлектуальным земляком, ды яшчэ на такія далёкія тэмы. Але, здаецца, Кавешка нічога іншага ад яго і не хацеў.
— Во як яно палучаецца! Няшчасная нацыя! Беларусіны на працягу ўсёй сваёй гісторыі выконвалі чужыя ролі не імі напісаных п'ес. Цягалі каштаны з агню для чужых інтарэсаў. Для літоўскіх, для польскіх, для расійскіх, канечне. Што знычыць празяваць свой час, праспаць свой цягнік.
— Які цягнік? — не зразумеўшы, прахрыпеў Агееў, расплюшчыў і зноў заплюшчыў адзінае сваё відушчае вока.
— Гістарычны, канечне. Мы яго праваронілі, дарагі, а цягнікі, як вядома, назад не вяртаюцца. Ходу назад гісторыя не мае. Во напаіце яго.
— Адплюшчыўшы вока, Агееў убачыў перад сабой круглы салдацкі кацялок і прагна прыпаў да яго разбітымі вуснамі. Не спыняючыся, ён выпіў усю ваду і знясілена апусціў рукі. Кавешка спытаў:
— Яшчэ?
— Дайце і яшчэ, — сказаў ён, падумаўшы, што, пакуль ёсць магчымасць, трэба напіцца ўволю. Пасля могуць не даць.
— Прынясіце яшчэ, — распарадзіўся Кавешка і, гойдаючы ліхтаром, пратупаў па камеры. Адным вокам Агееў павёў па цьмяных водблісках на змрочных сценах — не, быццам ніякага цвіка нідзе не было, акна таксама. Толькі ў дзвярах чарнела невялікая круглая дзірка з цёмнага падземнага праходу.
— А цяпер яны скарысталі вас, — паварочваючыся ад сцяны, прадаўжаў Кавешка. — Каб цягаць каштаны з эўрапейскага вогнішча. Навошта гэтыя недарэчныя плады беларусінам?
Агееў раптам зразумеў, пра што ён, і з некаторым здзіўленнем зірнуў на цьмяную постаць у капелюшы, якая касым ценем выцягнулася па сцяне сутарэння.
— А вы для каго цягаеце? Гэтыя каштаны? — ледзьве рухаючы разбітай сківіцай, запытаў ён.
Кавешка азадачана памаўчаў, перш чым адказаць, уздыхнуў.
— Гэта праўда. І я цягаю, — раптам сумна пагадзіўся ён. — што рабіць, такая гістарычная заканамернасць. Але я з той хіба розніцай, што ўзнагародаю мне будзе жыццё, а вам, здаецца, смерць. Так вось, — пакорліва скончыў ён. — Хіба гэта разумна.
— У кожнага свой розум.
— Во гэта і кепска. У судзьбаносныя моманты гісторыі трэба ўмець падпарадкаваць свой розум логіцы гістарычнага працэсу.