Кар'ер
Шрифт:
Надвячоркам ён ужо выразна адчуў, што прайграў, што дапусціў фатальную памылку, і толькі той факт, што ўсё ж да скону дня да яго ніхто не з'явіўся, даваў яму нейкае апраўданне — не перад Марыяй — перад сэнсам барацьбы, у якую ён быў уцягнуты. Усё ж, мабыць, трэба было праявіць ініцыятыву, паклапаціцца даставіць тол куды было трэба, дзе чакалі яго. Тут сваю задачу ён зразумеў правільна і пастараўся яе выканаць.
Вось толькі якімі сродкамі?
Калі ў кухні нарэшце зусім запанавала вечаровае цемрыва, хваляванне яго дасягнула мяжы. Ён ужо з рашучасцю прыкідваў, куды падацца — на станцыю па яе слядах ці яшчэ раз паспрабаваць знайсці Кіслякова. Можа, трэба было ўзяць пісталет? Усё ж са зброяй
— Во ён! І не хаваецца, сука!..
Па голасе ён пазнаў адразу: то быў Драздзенка. Аднак, зусім аслеплены скіраваным у вочы святлом, Агееў нічога не бачыў там, і люты знянацкі ўдар у левае вуха змусіў яго адляцець убок. Ён наткнуўся на паваленае крэсла, але паспеў ухапіцца рукой за рог пліты і ўстаяў на нагах.
— Ах ты б…! Здраднік! Ану, перавярнуць усё дагары нагамі! Абшукаць кожную дзірку! Пахом, дзействуйце! — з лютасцю распараджаўся Драздзенка. — А гэтага — марш у падвал! Ужо я пагавару з ім!..
Усё слепячы яго промнямі з двух ліхтароў, яны таропка аблапалі яго ватоўку, кішані брыджаў, пад пахамі, пасля злосна піхнулі ў насцеж расчыненыя дзверы, і ён з амаль заплюшчанымі ад святла вачамі слепа патупаў знаёмым падворкам да вуліцы…
Раздзел шосты
Пасля пахавання Агееў у сумнай адзіноце сядзеў над сваім абрывам, аддаваўся малавясёлым думкам, як раптам згледзеў на дарозе ля могілак Шурку з Артурам. Апранутыя ў летнія безрукаўкі з моднымі лацінскімі надпісамі на грудзях, у кароткіх штанах, хлапчукі, яўна спяшаючыся, кіравалі да яго на пагорак, і Агееў зразумеў: на гэты раз у іх была справа. Яно так і сталася.
— Вас там просяць прыйсці, — яшчэ здалёку задыхана паведаміў Шурка.
— Хто просіць? — здзівіўся Агееў.
— Ну там, на памінкі.
— Ага. Дзядзька Еўсцігнееў сказаў, — пацвердзіў Артур.
«Во як!» — трохі здзіўлена падумаў Агееў. Гэты адстаўнік, які нядаўна яшчэ на цэлы дзень сапсаваў ягоны настрой, цяпер запрашаў яго на памінкі. Канечне, лішні раз сустракацца з ім у Агеева не было вялікага жадання, але ўсё ж памінкі былі па Сямёну, і ён падумаў, што трэба пайсці.
— А дзе гэта?
— Ды тут, недалёка. Мы пакажам, — прыжмурыўся пад нізкае сонца Шурка. — Ідзёмце…
Што ж, надта збірацца не было патрэбы, наогул Агееў быў унутрана гатовы да таго і, цяжка падняўшыся, пайшоў па адхоне за хлопцамі. Капаць сёння ўсё роўна ўжо не было настрою, і ён падумаў, што, можа, лепш будзе пасядзець з людзьмі за агульным сталом, памянуць чалавека. Аднагодкі ўсё ж.
Хлопчыкі хутка беглі ўзбочынай вуліцы, зрэдзьчасу азіраючыся на цяжкаватага такі ў хадзе Агеева, за мастком павярнулі ў зарослы дзядоўнікам завулак, пералезлі самі і пачакалі, пакуль пералезе ён цераз жэрдку невысокага плота, затым сцежкай па краі бульбы выйшлі на незнаёмую вулічку паблізу ад узроўка. Зады тутэйшых сядзіб, як і на яго Зялёнай, упіраліся ў аўражныя зараснікі, над якімі велічна ўзвышалася некалькі вязаў — гэтаксама, як некалі па-над сядзібаю Бараноўскай. Тут, у новым, нядаўна зрубленым дамку са стромкім вільчыкам і насцеж расчыненымі вокнамі, чуўся стрыманы гоман; у двары стаяла
некалькі мужчын і жанчын, гэтыя або маўчалі з журбою на тварах, або скупа перамаўляліся каля паркана. З хаты якраз насустрач Агееву выйшаў разамлелы ад духаты Еўсцігнееў у сваім нязменным цёмна-сінім гарнітуры, пачаў абмахваць счырванелы твар жорсткім капелюшом з капрону.— Духата, як у лазні, — проста паведаміў ён. — Ведаеце, пойдзем куды на паветра. Вецер каб…
— А вунь бугарок, — ступіўшы ад паркана, сказаў немалады мужчына ў кірзавых ботах. Еўсцігнееў падумаў, па-начальніцку агледзеўся.
— Правільна, Хаміч! Паклічце там каго… Вунь Скарахода з Панамарэнкам, — кіўнуў ён на двух мужчын, што ціха курылі на траве пад плотам. — Усё-такі ветэраны.
— І гэтага прыхапіць, ага? — з намёкам запытаў Хаміч, і Агееў пазнаў у ім чалавека, які на могілках нёс падушку з Сямёнавымі ўзнагародамі.
— Як хочаце, — махнуў Еўсцігнееў. — Пайшлі, таварыш Агееў.
Усё махаючы на сябе капелюшом, ён гаспадарскім крокам нетаропка пайшоў па падворку, каля хлявоў і дрывотні, гучна крэкнуўшы, падлез пад жардзіну ў гарод. Утаптаная сцежка між градак бегла ўніз, да рова, Агееў спаважна ішоў следам.
— Вы гэта, таварыш Агееў, думаю, не пакрыўдзіліся на нас? — не паварочваючы да яго галавы, запытаў Еўсцігнееў. — Ну, за праверачку! Ведаеце, сігнал быў, а сігналы мы далжны правяраць.
— Ды не, я нічога, — сказаў Агееў. — Яно панятна.
— Ну і добра. А то некаторыя, ведаеце, крыўдуюць. Крытыка, яна, ведаеце, асабліва для маласвядомых…
Агееў змоўчаў, іранічна падумаўшы, што ўсё ж вось не трапіў у разрад маласвядомых. І то добра.
— А нябожчык і да вас наведваўся? — між тым прадаўжаў Еўсцігнееў. — Наўродзе сябры былі…
— Ды так, знаеце…
— Ну, а мы тут з ім дзесяць гадоў… Яшчэ як я ваенкомам быў.
— Тут — ваенкомам? — перапытаў Агееў.
— На працягу раду гадоў, — з важнасцю ўдакладніў Еўсцігнееў. — Да выхаду ў адстаўку.
Яны перайшлі праз гарод і яшчэ раз адолелі плот — не дужа спрытна пераваліліся цераз яго верхнюю жардзіну — і апынуліся на ўзроўку. Невялічкі прыгорак-палянка з дробнай травой у цяні бухматага маладога дубка быў трохі ўтаптаны людскімі нагамі, але яшчэ меў выгляд наогул утульнага месца, адкуль адкрываўся нешырокі маляўнічы від на аўражныя зараснікі і другі, таксама густа парослы хмызняком схіл.
— Во і прысядзем. Цяпер тут добра. І нябожчык, кажысь, любіў сюды забягаць. З дружкамі, канечне, — з нязлосным папрокам гаварыў Еўсцігнееў, усаджваючыся на прытаптанай траве і з палёгкай выпростваючы караткаватыя, мабыць, не дужа здаровыя ногі ў туга забэрсаных чорных гамашах. Агееў прымасціўся праз тры крокі на ўзмежку.
— Я, ці ведаеце, чалавек прамы. Як і паложана вайскоўцу. Не буду таіць — люблю парадак. А як жа інакш? Ва ўсім павінны быць дысцыпліна і арганізаванасць.
Акругліўшы белаватыя, трохі выпуклыя вочы, ён быццам з некаторым здзіўленнем агледзеў Агеева, і той паспяшаўся згадзіцца:
— Канечне, канечне…
— А ў нас яшчэ непарадкаў вялікае мноства. Асабліва на перыферыі. Во і нябожчык!.. Нядрэнны чалавек, ветэран і так далей… А парадку не прызнаваў.
— Во як?! — трохі фальшыва здзівіўся Агееў.
— Іменна! Піў.
— Але, ведаеце, цяпер гэта…
— Не, я не супраць. Не падумайце, што я адмаўляю наогул. Атнюдзь! Але і ў выпіўцы павінен быць нейкі парадак. Калі ў суботу, нядзелю… Калі свята якое або дзень нараджэння… Але калі пачаць кожны дзень…
— А ён што — кожны дзень?
— Іменна! І ніякай увагі на грамадскасць. Я ўжо не кажу пра гэты бандарны цэх, дзе ён працаваў. Там яны ўсе такія… Але я сам з ім бяседаваў, можа, разоў з дзесяць…
— І які ж вынік?
— А ніякага! — рашуча махнуў капелюшом Еўсцігнееў.