Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

Цераз плот пералазіў ужо Хаміч з дзвюма бутэлькамі ў адцягнутых кішэнях штаноў. Лісліва ці, можа, вінавата ўхмыляючыся, ён паставіў бутэлькі на траву перад Еўсцігнеевым.

— Хаця вы і проціў, Еўсцігнеевіч, але…

— Я не проціў, — насупіўся адстаўны падпалкоўнік. — Цяпер ёсць прычына, значыць, палагаецца…

— Канечне, канечне, — таропка пагадзіўся Хаміч і звярнуўся да Агеева: — Нябожчык таксама не проціў быў. Колькі мы з ім тут прабяседавалі!..

— Ды і ты недалёка ад яго адышоўся, — строга перапыніў яго Еўсцігнееў.

— Што зробіш! Такая наша судзьба!

Усё таямніча ўсміхаючыся, Хаміч нецярпліва ашчаперыў

бутэльку, вялікімі плоскімі пальцамі пачаў калупаць з рыльца бліскучы металічны каўпачок.

— Што яны перасталі са свінымі вушкамі выпускаць? — паскардзіўся ён. — А то пакуль скалупнеш гэтую бесказырку…

— Нічога, скалупнеш. Калі выпіць захочаш…

— Ды ўжо як-небудзь.

Тым часам праз гарод ужо рупна тупалі нізенькі вяртлявы брунет у сіняй з белымі палосамі на рукавах спартыўнай куртцы і даўгалыгі бландзін у шэрым гарнітуры і дзіўнаватым выразам хударлявага твару. Калі яны падышлі бліжэй, Агееў убачыў, што твар у бландзіна — на адзін бок, левая шчака была ўся зморшчаная, скура на падбароддзі туга напятая, і ўвесь твар нёс выраз спалоху або здзіўлення. Мужчыны прыйшлі пад дубок і селі побач з астатнімі — брунет каля Еўсцігнеева, а бландзін ля Агеева — выцяг у роў свае доўгія, у сандалетах, ногі і выняў з кішэні цыгарэты.

— Курыце?

— Не, дзякуй, — кіўнуў галавой Агееў.

— Ну, а мы закурым, — сказаў ён густым басам і азірнуўся. — Пакуль Жалудкоў закусь нясе.

Цераз плот пералазіў з выгляду худы і невялічкі, але цвёрды, бы ядловец, жвавы чалавек з папяровымі скруткамі ў абедзвюх руках. Ён быў у зялёнай вайсковай сарочцы з цёмным гальштукам, кароценькі хвосцік якога матляўся на яго кастлявых грудзях.

— Во і закусон!

— Ну што ж, сядайце, Жалудкоў. Хаміч, налі патроху, — звыкла распараджаўся Еўсцігнееў, спатнелы мясісты твар якога ўжо трохі астыў у засені. Пакуль Хаміч разліваў, усе глядзелі на дзве скасабочаныя ў траве шклянкі, а Жалудкоў, седзячы на кукішках, разгортваў жоўтую паперу з кавалкамі селядца.

— Значыць, за старшага сяржанта Сямёнава. За ягоную памяць! — абвясціў Еўсцігнееў, падняў шклянку і моўчкі перадаў яе Агееву. Другую шклянку ўзяў Жалудкоў.

— Знаеце, я не магу, — сумеўся Агееў.

— Ну, колькі можаце.

Ён паднёс шклянку да рота, гарэлка ўдарыла ў нос амаль што агідным пахам, і ён апусціў руку. Жалудкоў спаважна, мернымі глыткамі дапіў сваю да канца. Агееў аддаў шклянку Хамічу, які без слоў узяў яе, наліў з бутэлькі спярша суседу Агеева — бландзіну з абпаленым тварам, пасля даліў троху сабе.

— Ну, каб яму там было чым пахмяліцца!

Еўсцігнееў незадаволена хмыкнуў.

— Хаміч, няўжо ты думаеш, што і там гэта самае… як тут. Ніякага парадку. Усё б вам адно і тое ж…

— Не, там парадак! — зыркнуўшы яршыстым позіркам, запярэчыў Жалудкоў. — Там не тое, што тут. Там як у войску!

— Тожа найшоў парадак! — усумніўся Хаміч.

— А ты адкуль ведаеш, як у войску? Ты што, доўга служыў? — настырчыўся Еўсцігнееў.

— У мяне зяць прапаршчык. Начуўся…

— Не гаварыце пра тое, чаго не ведаеце! — адрэзаў Еўсцігнееў. — У войску парадак. А во на гражданцы далёка не заўсёды.

— Ён ведае, — падміргнуў Агееву Жалудкоў. — Дваццаць пяць год адбахаў.

— Дваццаць восем, да вашага ведама. Год вайны лічыцца за два.

— На тваім месцы, Еўсцігнеіч, можна было і трыццаць. Ты ж у штабе сядзеў?

— Ну, у штабе! — падабраўся Еўсцігнееў. — А што думаеш, у штабе лёгка?

— Дужа

цяжка, — з'едліва пацвердзіў Жалудкоў і нагнуўся па кавалак сялёдкі. — Паперы заелі.

— А думаеш, не? Колькі мне весці належала? Улік асабовага складу па пяці формах. Перамяшчэнне і перастаноўкі. Журнал беззваротных страт. Страявыя ведамасці. Загады! А матэрыял да ўзнагарод?

— Ага, спіна не разгіналася, — ранейшым тонам сказаў Жалудкоў, жуючы хлеб з селядцом.

— І што ж ты думаеш: было, тыднямі не разгінаўся, — усё гучней сказаў Еўсцігнееў. — У добрага работніка, які хоча выконваць усё, што паложана, заўжды плечы мокрыя. А я ніколі разгільдзяем не быў, можаш быць упэўнены.

Ён абвёў усіх запытальна-насцярожаным позіркам, трохі затрымаўся на Агееве, які з некаторай нават цікавасцю слухаў грубаватую размову гэтых, відаць, даўно і добра знаёмых між сабою людзей. Ён жа тут быў чалавек выпадковы і не спяшаўся судзіць каго ці апраўдваць — хацеў толькі паслухаць, каб зразумець кожнага. Яны выпілі і яшчэ, хаця на гэты раз Агееву ўжо не прапаноўвалі, і ён быў удзячны за тое: піць ён і сапраўды не мог, тым болей гарэлку. Мабыць, пакрыўджаны чымсь Еўсцігнееў расхваляваўся і гаварыў, ні да каго не звяртаючыся:

— Некаторыя думаюць, што толькі яны і ваявалі. Калі ён там лётчык, дык ужо і герой! Але ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны чорным па белым напісана, што перамога здабыта сумеснымі высілкамі ўсіх радоў войск…

— Гэта мы чулі, — адмахнуўся Жалудкоў.

— Не, Еўсцігнеіч кажа праўду, — раптам уставіў паўнаваты брунет. — Мы гэта недаацэньваем.

— Што недаацэньваем? — раптам напяўся Жалудкоў. — Ты, Скараход, кім на вайне быў?

— Ну ваенным журналістам. А што?

— Журналістам? У якім гэта ты журнале тады пісаў?

— Не ў журнале, а ў газеце гвардзейскай паветранай арміі.

— А ты што — лётчык? — не сціхаў Жалудкоў.

— Я не лётчык. Але я пісаў пра ўсё, у тым ліку і пра лётчыкаў.

— Дык як жа ты пра іх пісаў, калі сам не лятаў?

— З зямлі лепей відаць, — хітра падміргнуў Хаміч.

— А што ж, бывае і лепей, — сур'ёзна адказаў Скараход. — Знаеш, каб ацаніць яечню, не абавязкова самому несці яйкі.

— Яйкі! — усхапіўся Жалудкоў і нават прыўстаў на каленях. — Вось бы цябе ў стралковы ланцуг. Ды пад кулямётны агонь! Ты ведаеш, што такое кулямётны агонь? Ты не ведаеш…

— Навошта мне ведаць? Ты ж усё ведаеш…

— Я-та ведаю. Я ж камандзір кулямётнай роты. Кулямётны агонь — гэта агняны тайфун! Гэта канец свету! Во што такое кулямётны агонь! — выпаліў Жалудкоў і павёў над галовамі слухачоў нейкім дзіўнаватым, амаль адсутным позіркам.

Нязгодна паёрзаўшы на сваім месцы, Еўсцігнееў сказаў:

— Ну, дапусцім, ёсць рэчы, страшнейшыя за твой кульагонь.

— Няма нічога страшней. Я заяўляю!

— Ёсць.

— Напрыклад?

— Напрыклад, бамбёжка.

Жалудкоў амаль па-дзіцячы свіснуў.

— Я думаў, ты скажаш — начальства! Для штабнікоў, мабыць, самы вялікі страх на вайне — начальства.

— Не! — рашуча махнуў рукой Еўсцігнееў. — Калі афіцэр дысцыплінаваны і дбае пра сваю службу, яму няма чаго баяцца начальства. А во бамбёжка — сапраўды…

Утаропіўшы позірк у Еўсцігнеева, Жалудкоў зноў прыўстаў на каленях.

— А што, апроч бамбёжкі, ты бачыў там, у сваіх штабах? Артылерыя да вас не даставала, мінамёты таксама. Снайперы вас не турбавалі. Шасціствольныя не дакідвалі. Адно што — бамбёжка.

Поделиться с друзьями: