Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ну, і чорт з імі! Пакурым на прыродзе. Прахарэнка, дай цыгарэту, — сказаў ён амаль спакойна.

Яны закурылі ўтрох, памаўчалі. Хаваючы ў кішэню цыгарэты, Прахарэнка памяркоўна заўважыў:

— Не трэба было яго чапаць. Даваў, не даваў, каму даваў — якое нам дзела.

— Яму ж да ўсяго ёсць дзела. Надта актыўны.

— Ды ён няшкодны, — уставіў дабрадушна Хаміч. — Шабуршыць, ды ўсё без толку. Цяпер сядуць са Скараходам у шахмацікі.

— Ды ну іх, гэтых шчалкапёраў, — зноў нервова загаманіў Жалудкоў. — Не паважаю такіх! І на вайне не паважаў. За што іх паважаць? Бывала, калі якая аперацыя намячаецца, тэрміны ж заўсёды малыя, дык гэтыя штабы ўвесь час на сябе і сцягнуць. Месяц з паперамі возяцца, графікі малююць, перарабляюць, утрасаюць і ўзгадняюць. Пасля ніжэй спускаюць, зноў чэрцяць і малююць, дакладваюць і ўзгадняюць. А прыйдзе нарэшце такі план да таго, каму яго крывёю выконваць —

у полк, батальён, — тэрмін і скончыўся. Камбату няма калі на мясцовасць зірнуць, дзе наступаць будзе, — да атакі гадзіна засталася. Ну, гэта правільна?

— Паперы, яны і на вайне — немалаважнае дзела, — задумліва сказаў Прахарэнка.

— Яны, аднак, супакойваліся. Жалудкоў ужо не зыркаў вакол напружаным паглядам. Прахарэнка быў наогул спакойны, а на старэчым, у зморшчынах твары Хаміча раз за разам з'яўлялася амаль дураслівая дзіцячая ўсмешка.

— І гэты Скараход, ужо два гады на пенсіі, а глядзі ты, гонару колькі! У паветранай арміі ваяваў! — успомніў Жалудкоў.

Прахарэнка сказаў:

— Цяпер што! А во паглядзеў бы ты на яго, як ён дэмабілізаваўся ў пяцьдзесят пятым! Блакітны кант, фуражка з крабам над казырком, усё лётчыкам называўся. Аўтарытэт быў, ого! На ўсё мястэчка адзін лётчык. Уладкаваўся ў абласную газету сабкорам. Усё пра дасягненні пісаў. І загалоўкі якія: «На фронце ўборачнай страды», «Бітва за ўраджай», «Атака на безгаспадарчасць»… Ці бачыў ён хоць раз за вайну атаку…

— Ладна, ну іх! — махнуў рукою Хаміч.

Але цяпер, хоць і спазнела, мабыць, захацелася выказацца і Прахарэнку.

— На фронце пад Сандамірам адзін такі прыехаў у брыгаду. Далі яму ў штабе спісы перадавікоў, і ён кажа: «Хачу сам у танку паехаць». У атаку, значыць. Ну, камбат кажа: «Прахарэнка, возьмеш карэспандэнта». А ў нас быў некамплект, радыста параніла. Праўда, і рацыя не працавала, толькі кулямёт. Так што вольнае месца. Надзеў ён шлем, усеўся, паехалі. Немцы як пачалі балванкамі лупіць, толькі акаліна ад сцен ляціць, пасажыр наш сцяўся, разгубіўся, бадай што «мамачка» закрычыць. А пасля нас падбілі на мінным полі, каля першай траншэі. Добра, не загарэліся, але маторную групу раскурочыла здорава. І гэты друг першы — у ніжні люк. Лейтэнант Агурцоў крычыць: «Стой, сядзі!» Бо куды ж лезці, з траншэі адразу падстрэляць. А так, можа, яшчэ што-небудзь і выседзім… Яшчэ па нас некалькі разоў балванкамі ўрэзалі, праламалі браню, здорава брашнёра ранілі. Брашнёр крывёю сплывае, а мы сядзім. Таму што няма куды лезці — верная смерць пад такім агнём, ды і гэтага друга ледзь стрымліваем. Башнёр надвячоркам памёр. Дасядзелі да ночы, па адным выбраліся, з горам напалам дапаўзлі да сваіх, і пасажыр наш наўпрасткі ў санбат — нервовае патрасенне. А мяне ранічкай у другую «трыццацьчацвёрку» перасадзілі, зноў рычагі ў рукі і — упярод, за Радзіму.

— Гэта што, танк — усё ж браня, — паказваючы нездаровыя зубы і зганяючы з твару наіўную ўсмешку, пачаў Хаміч. — А во як у нас, у партызанах… Вясной сорак чацвёртага, як прарыў быў, ага… Вырваліся, ды на ўсе. Некаторыя не паспелі — захлопнуў ён той калідор. І ўзяў у кальцо. Ды як пачаў па пушчы ганяць, разрыўнымі хрысціць, толькі трэск стаіць. Ну, адстрэльваліся, бегалі, кідаліся сюды-туды, і засталося нас з гулькін нос, два дзесяткі хлопцаў, амаль усе параненыя. Ноччу, як трохі ўціхла, перасядзелі ў балоце, раніцай вылезлі — куды дзявацца? А ён ланцугамі пушчу прачэсвае, усё абстрэльвае, куды не дастане — аганьком! Ну, знайшліся ў нас некаторыя, кажуць: на елку ўзлезці. Елкі густыя, знізу нічарта не відаць, во хлопцы і паўзлазілі, дзягамі да ствалоў папрывязваліся, каб не зваліцца, значыць, — доўга сядзець сабраліся. Я тожа ўзлез высока, прывязаўся, сяджу, гойдаюся на ветры — любата! Але чую: ужо затрашчала, ідзе ланцуг, значыць. І тут чую — аўчаркі! Э не, думаю, ад гэтых не схаваешся. Каменем уніз, яшчэ бок да крыві абадраў, і — дай бог ногі! Бегаў ад тых ланцугоў і так і сяк, зноў ноч на балоце адседзеў, пад выварацінай хаваўся, ля дарогі ў пыльнай канаве паўдня праляжаў, усё ж неяк выкараскаўся. Калі ачапленне знялі. Затым на фронт трапіў, ва Ўсходняй Прусіі адваяваўся. Восенню сорак пятага па першай дэмабілізацыі прыходжу дамоў (я ж з Ушацкага раёна), чую, нехта расказвае: у Селіцкай пушчы шкілеты на елках вісяць. Неяк выпадкам заехаў. Сапраўды, вараннё каркае, кружыць, прыгледзеўся, знаёмыя мясціны. А на елках белыя костачкі праз голле блішчаць, рамянямі папрывязваныя, некаторыя з вінтоўкамі нават. Знімалі пасля, хавалі…

— Ну, а як жа ён іх усё ж згледзеў — на елках? — запытаўся Агееў.

— У тым-та і справа, што ён нічарта не згледзеў — аўчаркі! Тая сцерва ўчуе, падбягае да елкі і брэша. Ну, аўтаматчык падыходзіць і — чаргой угару, па голлі. Ну, і крышка! Каторыя адразу забітыя, каторыя параненыя, самі пасля даходзяць.

Але ж прывязаны, не ўпадуць. За паўтара года вараннё абгладала…

— Да-а, — сказаў Жалудкоў. — Было дзела! Ды ну яго к д'яблу! Во нахлынула праз Сямёна гэтага. А так я і ўспамінаць не хачу… Харошае надвор'е, рыбалка. Хутка грыбы пачнуцца.

— А па грыбы туды і дагэтуль не ходзяць — усё замініравана. Колькі пасля вайны пападрываліся! — не мог спыніць успаміны Хаміч.

Агееў ціха сядзеў на траве, пакорліва слухаючы то ўсхвалявана-зласлівыя, то ўціхаміраныя і невясёлыя, аднак, размовы ветэранаў, і ўнутры ў яго ўзнімалася трошкі нават зайздроснае пачуццё да іх — яму такой вайны не дасталося. Яму выпала іншая, пра якую і расказаць гэтак вось шчыра, як расказвалі гэтыя людзі, не адразу наважышся. Ён і не расказваў нікому, доўгія гады насіў усё ў сабе. Хіба што-колечы сказаў жонцы пра сваё нядоўгае партызанскае жыццё, у якім для яго было мала цікавага, бо на заданні ён не хадзіў — плавіў на базе пол, рыхтаваў узрыўчатку. Пасля вызвалення ў сорак чацвёртым яго як спецыяліста паслалі ў артзабеспячэнне, дзе ён свету не бачыў за штабелямі мін, снарадаў, патронаў, гранат, пагрузкай і выгрузкай, справаздачамі і ўлікам. А колькі клопату было з транспартам, якога заўжды не ставала. Але гэта звычайныя клопаты, якіх процьма ў кожнага забеспячэнца або гаспадарніка. Хоць бы і на вайне.

— Вы ўжо на пенсіі? — запытаўся Агееў у Хаміча, які тут здаўся яму самым старым, апроч хіба Еўсцігнеева. Хаміч нязгодна смыкнуў рэдкімі брывамі.

— Раблю. Ваабшчэ мог бы ісці, але, ведаеце… Грошы трэба.

— Ён у нас многасямейны, — сказаў Прахарэнка. — Бацька-герой!

— Ну. Пяць дачок, восем унукаў. Мусіш рабіць, памагаць трэба.

— А што, у дачок мужыкоў нама? — запытаўся Агееў.

— Ёсць, чаму! Адна толькі ў разводзе. А так зяці, усё як мае быць. Калі ўлетку наедуць — цэлы ўзвод. Аж гул у хаце стаіць. Ну, і трэба даць кожнай: сальца, кілбас, вясковага масліца — гарадскія цяпер падабаюць. Гародніны таксама. Ну, яблыкаў, грыбкоў, варэння. А затым трэба і паслаць! Адна кааператыўную кватэру будуе, другая машыну купляе. Трэцяя прадаўшчыцай у Мінску рабіла, недастача выйшла, трэба пакрыць, бо ў турму сядзе. Усё трэба.

— Панятна, — задуменна сказаў Агееў, а Жалудкоў растлумачыў проста:

— Паразіты яны ў цябе, Хаміч. І дочкі, і зяці твае.

Цень заклапочанае нязгоды прабег па добразычлівым Хамічовым твары.

— Ну, чаму — паразіты? Цяпер ва ўсіх так. Валакуць з вёскі ў горад. Што толькі можна. Во ў Прахарэнкі адзін сын, а што — ён меней за маіх дачок цягне?

— Не меней, — трасянуў сівой галавой Прахарэнка. — Трэцяя жонка, аліменты, што ж застаецца. Прыходзіцца.

— Нам хто калі так дапамагаў?

— Ну, мы — іншая справа, — адразу пазмрачнеў Прахарэнка. — У нас іншае жыццё было. Можна сказаць — не было ніякага. Адна пагібель! Хай цяпер гэтыя жывуць. Пакуль вайны няма.

— Во-во! Пакуль няма вайны, — падхапіў Хаміч. — А то як лясне гэты атамны грыб, дык нічога і не застанецца. Кажуць, што адны мурашы толькі выжывуць. І то яшчэ невядома, навука сумняваецца.

— Ну, лясне, дык лясне, тут ужо нічога ад нас не залежыць, — загаварыў Прахарэнка. — Але я так думаю, пакуль мы таго дачакаемся, палавіна з глузду з'едзе. Хаця б ад гэтага жывадзёрства ў эфіры. І яшчэ ад гарэлкі. Вы чулі, учора Грыбанаў сына з ружжа застрэліў — шафёра з нашай аўтабазы.

— Гэты пенсіянер? Што ў райфо працаваў?

— Той самы. Сын выпіць не даў, без апахмелкі пакінуў, бо сам выпіў. Ну, і той у яго — з ружжа. А затым і сябе з другога ствала.

Яны ўсе змоўклі, уражаныя гэтай навіной, і Агееў хвіліну самотна пазіраў на аўражныя зараснікі. Роў быў развалісты, глыбокі і маляўнічы, як і сорак гадоў назад, а можа, і яшчэ больш, чым тады, — густое, ужо кранутае восеньскай жаўцізной голле кашлатых дрэў знерухомела ў вечаровай цішы — кожнае дрэва асобна ад іншых, сярод маладняку і драбналесся; сонца свяціла збоку і ярка высвечвала той, другі схіл рова да абрывістай крутой павароткі; гэты ж, аўражны бок — высокі і стромкі — амаль увесь цямнеўся ў засені. Угары, у дубовым суччы над імі, шорхнуўшы жорсткай, бы бляшанай, лістотай, пырхнула нейкая пташка, піскнула раз-другі і паляцела ў роў. Нядоўга падумаўшы, Прахарэнка сказаў:

— Я так мяркую, не дажывём мы да гэтага грыба, і на тым вялікае дзякуй. Вось лёг у зямлю Сямён, там жа хутка ляжам і мы. Усе гэтыя жахі будуць без нас. Яшчэ нам пазайздросцяць.

— Яно-та так, — журботна ўздыхнуў Хаміч. — Унукаў шкада!

— Гэта праўда, гэта канечне…

Жалудкоў раптам падхапіўся, далоняй абтрос на каленях штаны.

— Ладна! Ну вас з вашымі размовамі. Паслухаеш — ужо цяпер гатоў пазайздросціць Сямёну. Трэба яшчэ выпіць.

Ні з кім не развітаўшыся, ён палез цераз плот у гарод, і Прахарэнка з Хамічом пераглянуліся.

Поделиться с друзьями: