Карусь Каганец: Кроў з крыві беларуса...
Шрифт:
Браты Іваноўскія разам з бацькамі жылі ў Пецярбурзе ў адным з лепшых кварталаў горада — ля Ізмайлаўскага праспекта, у доме, які належаў сям’і правадзейнага дзяржаўнага дарадцы. Бацька, Леанард Іваноўскі, працаваў у міністэрстве сельскай гаспадаркі. На той час Карусь Каганец ужо ведаў ледзь не ўсю перадгісторыю выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца»…
Малады выпускнік Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута інжынер-тэхнолаг В. Іваноўскі пасля праходжання дыпломнай практыкі ў пачатку . вярнуўся ў Пецярбург і распачаў навуковую працу ў лабараторыі інстытута — і пачаў трызніць ідэяй стварэння беларускага выдавецтва (ён, прынамсі, ужо меў «падпольны» вопыт выдання ў . у радзінным лідскім котлішчы — Лябёдцы — газеты «Свабода», а таксама «Каляднай пісанкі» і «Велікоднай пісанкі»). Не дачакаўшыся фундатарскай дапамогі (ад Аляксандра Ельскага і Эдварда Вайніловіча), была створана выдавецкая суполка на прынцыпах акцыянернага таварыства. 1
Каруся Каганца і самога ўжо каторы год хвалявала гэтая справа! І атрымлівалася няблага: досыць даступна, не загрувашчана лішніцай, пазнавальна і займальна, у «складовым» прынцыпе, са сваімі ілюстрацыямі да тэкстаў. Ды і стыль — як простыя добрыя парады: «Даўней вучылі чытаць год або два, а цяпер і ў два месяцы навучыш, — зазначаў Карусь Каганец у прадмове да свайго лемантара. — Не паказвай зараз усіх знакаў, а так, як тут напісана: знак за знакам, і адразу вучы чытаць цэлы склад і слова, склад за складам. Ня так, як раней вучылі: бэ– а – ба, а зразу: б– а – ба. Пакуль пачнеш вучыць чытаць у новым месцы, прачытай раду, што дробнымі знакамі напісана…».
Карусь Каганец адразу ж, не затрымліваючы, выслаў першую частку «Беларускага лемантара…» ў Пецярбург, а праз два месяцы (у ліпені) атрымаў адказ. «Пане Казіміру! — пісаў беларускай лацінкай ужо сам В. Іваноўскі. — Часьць кніжкі для дзяцей ужо дастаў і вельмі дзякую. <…> Паночку, пішыце часта і многа, я тут ішчэ Вам матэрыялу да кніжкі пастараюся. Можа б Вы адразу маглі і рысуначак які <…> зрабіць. Вы, здаецца, і раней мелі шмат чаго напісанага, што ішло б да такой кніжкі. Давай, здаецца, у вас былі апісаны Дзяды, хаўтуры — гэта можна было б таксама ўставіць. <…> Будзьце здаровы. Ваш шчыры друг В. Іваноўскі».
Карусь Каганец адашле другую частку «Беларускага лемантара…», а праз тыдзень (!) паспее атрымаць ад В. Іваноўскага адказ, у якім змяшчаліся некалькі заўваг (па змесце кнігі) і выдавецкіх пажаданняў.
Неўзабаве «Загляне сонца…» выпусціць у свет першы беларускі падручнік Каруся Каганца для дзяцей, і беларускія кнігарні, як затым апавяшчацьмуць усе выданні ад «Нашай Нівы» да «Крывіча», будуць прапаноўваць сваім чытачам усяго за 6 капеек «польскімі і рускімі літэрамі» (лацінкай і кірыліцай) «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання».
Выдавецтва прышле аўтару некалькі сігнальных асобнікаў кнігі, і яны прыдадуцца ў навучанні яго сынам Янку і Мірону. У лісце-падзяцы выдаўцам Карусь Каганец пажадае, каб сонца прасветы як мага часцей заглядвала ў хаты беларусаў. І яно, разбадзёранае, у хуткім часе асвеціць старонкі і «Першага чытання для дзетак беларусаў» Алаізы Пашкевіч (Цёткі), а ў . падорыць досыць аб’ёмную (у 68 старонак) кнігу «Гутаркі аб небе і зямлі», перакладзеную і апрацаваную Карусём Каганцом і С. Шаўлоўскім (мяркуюць, што апошні — псеўданім В. Іваноўскага). «Гутаркі…» былі трэцяй кнігай, з якой «Загляне сонца…» ішла ў зрабаваны беларускі свет, здабываючы свайго чытача…
…А ў сям’і Кастравіцкіх нараджаецца малодшая дачка Мілена.
Вясёлыя, жыццярадасныя матывы прабіваюцца ў Каганцовых вершах, але... не надоўга. Радзей змочваецца ў атрамант яго пісьменніцкае пяро ў ., зусім не дайшло да нас вершаў ці празаічных твораў, пазначаных . На яго пачатку Карусь Каганец атрымаў месца ляснічага ў Патоку каля Клічава на былой Ігуменшчыне.
Валадарства родных краявідаў, раздолеч Любашанскіх пушчаў графа Патоцкага захопліваюць яго ў сваю ратавальную стыхію. З недзе пачутага, падслуханага ў гэты час узнікае апавяданне-абразок «Забойства Захаркi», гepoi якога — «быўшыя стральцы графа Патоцкага» — мелі, бясспрэчна, cвaix прататыпаў.
Вандроўкі i новыя сустрэчы даюць шмат патрэбнага матэрыялу — разгараецца Каганцовае «мовазнаўчае полымя». Ён жыў сярод простых людзей, пераважна сялян, і гэта асабліва спрыяла працы. У частцы папер, якія захоўваліся ў розных архівах, у Каруся Каганца, па сведчанні М. Каспяровіча («Маладняк», 1928, №10, с. 95), было звыш тысячы чарнавых запісаў аўтэнтычна-народных слоў, згрупаваных як па сэнсе, так і па алфавіце. З найбольш цікавых яго запісаў можна адзначыць назвы звяроў і дрэў, паняцці сваяцтва: залоўка (залвіца), дзевер, сястрэніца і сястрэніч, братаніца і братаніч, стрый (стрэчны) і інш.; розныя назоўнікі: гал, земец, зубель, цамак, пачынак, подкур, талька, тонь, стрынгаль, цемравін, цэд, чмыс; прыметнікі: галюзны, зазрывы, зяхраты, карабаты, кваплівы, мнявы, мярэжаны, панявы, сьмялявы, тужны, чмары; дзеясловы: верадзіцца, зырыцца, майначыць, смычыць…
Адначасова са «зборам слоў» Казімір Карлавіч запісваў народныя песні, казкі, прыказкі, абрады, гульні. Яго фальклорныя штудыі мелі не толькі практычнае значэнне для літаратурна-мастацкай дзейнасці (шмат што ён творча пераўзнаўляў), але і навуковае, бо ўсе тэкстуальныя адзінкі запісваліся ў фаналагічных адметнасцях, з пазнакамі месца пашырэння ды іншых неабходных звестак.
Падыходзячы да моўных пытанняў творча, як філолаг-самавук, ён адстойваў думку аб тым, што «беларуская мова е адна з найстарэйшых і найчысцейша з усіх моваў славянскіх: у ёй захаваліся яшчэ ўсе хвормы старыя пры спражэнні і пры скланенні, і яна можа служыць як бы ключом для ўсіх славянскіх моваў; яна дзеліцца на многа гутарак, але галоўным чынам на дзве: на паўночну, чы беларуску, і палуднёву, чы палеску».
Карусь Каганец спрабаваў укласці і беларускі алфавіт. Яго праект — гэта спроба вылучыць найбольш прыдатныя для перадачы беларускіх гукаў знакі, аналізуючы , і графічныя сістэмы. Захаваўся чарнавы варыянт распрацовак Каруся Каганца, які пачынаецца разважаннямі аб найважнейшым прынцыпе, на якім павінен грунтавацца новы алфавіт — на прынцыпе : «Даўно людзі стараюцца наладзіць пісьменнасьць так, штобы яна была як можна прасьцейша, а затым і лягчэйша для навучаньня. Адно яны разумеюць, што чым у абэцадле меней знакаў, то яно лягчэйшае, а па майму разуменню трохі не так, бо калі мала знакаў зычных, то на адзін зык прыходзіцца ставіць колькі знакаў, як, прымерам, у англікаў, французаў. Да навошта далёка шукаці, калі ў нашых суседзяў палякаў, калі трэба паставіць х, ч, ш, то мусіма пісаці ch, cz, sz, што дужа затрудняе навуку граматы. Калі бо прыняці на ўсякі зык асаблівы знак, то хоч будзе трудней трохі наўчыцца гэтых знакаў, но пісаці ўжо будзе шмат лягчэй. І славянскае абэцадла і е найлепшае з усіх еўрапейскіх, бо яно падходзіць да ўсіх славянскіх гутарак, адно пачамусь закінулі, а пільнуючыся якойсь-та моды, стараюцца пісаці латынскімі знакамі, каторыя ні да адной з цяперашніх моваў не падходзяць, а тым болей да беларускае мовы, катора багата зыкамі».
За аснову свайго алфавіта Карусь Каганец узяў рускі варыянт традыцыйнае кірыліцы, а таксама прапанаваў і тры новыя літары: «», «», «». Апошнюю, напрыклад, — для перадачы гука «ц» на месцы этымалагічнага мяккага «т».
Карусь Каганец адзначаў і неабходнасць уводу асобнай літары для дыграфа «д», якое «беларусы найбольш гавораць востра, з прысвістам, і цяперашнія пісьменнікі пішуць дз».
Самавук-навуковец уклаў і граматыку беларускай мовы, часткі якой захаваліся ў чарнавых паперах Каруся Каганца, некаторыя ж тэрміны і азначэнні — як і яго вопыт стварэння алфавітнай сістэмы беларускай мовы — увайшлі ці яшчэ могуць увайсці ў сучасныя граматыкі і правапіс.
Варта прыгадаць хоць бы пашыранае паседжанне творчай і навуковай інтэлігенцыі ў . (Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі і супрацоўнікаў Акадэміі Навук) па праблемах актывізацыі дзейнасці дзяржаўнай Правапіснай камісіі і Кантрольнай інспекцыі па ўрэгуляванні пытанняў беларускай мовы. У гаворцы, сярод іншых, прынялі ўдзел народныя пісьменнікі Беларусі Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства АН Беларусі Аляксандр Падлужны, літаратар, доктар філалагічных навук Аляксандр Яскевіч. Апошні ў сваім дакладзе «Правапіс: вяртанне ці ўсё ж удасканаленне» між іншага адзначыў: «Не знята яшчэ і сёння праблема ўзбагачэння нашага алфавіта, якую ўзнімаў хай сабе і самавукам Карусь Каганец, і, у прыватнасці, распрацоўка лігатур для больш зручнага абазначэння афрыкатаў «дз» і «дж», а для апошняй дык і, магчыма, удакладнення гукаспалучэнняў… Зноў жа пытанне — як пазначаць пазіцыйную мяккасць на пісьме. Ва ўсякім выпадку — толькі не ерам (ь). Нам мог бы тут прыдацца вопыт Каруся Каганца, які ўважліва вывучаў славянскую, лацінскую, арабскую і іншыя алфавітныя сістэмы, шукаючы прыдатныя для ідэнтыфікацыі беларускіх гукаў знакі <…>. Адораны незвычайным талентам самавук адчуваў усю важнасць паўнаты нацыянальнай алфавітнай сістэмы і звязанага з ёй перыядызму, што пропуск, недахоп у ім патрэбных літар старажытнай алфавітнай шкалы будзе скоўваць мову на гукавыя адценні, патэнцыяльна аслабіць яе энергію. З прапанаваных ім знакаў <…> мы б маглі выкарыстаць яго знак мяккасці (')» (Літаратура і мастацтва, 1993, 29 мая – 4 чэрвеня).