Крыніцы
Шрифт:
Міхась Кірылавіч схаваўся ад яе ў сваім кабінеце, зразумеўшы з радасцю i страхам, што тайны больш не існуе.
«Трэба папярэдзіць Наташу!»
У настаўніцкай пачуўся голас Сяргея.
— Кірылавіч тут?
— Тут, тут! — не адказала, а, здалося, праспявала Прыходчанка з такой іроніяй, насмешкай, што Лемяшэвіч не ведаў, куды дзецца: лепш выскачыць праз акно, чым сустракацца з ім.
Сяргей жартам стукнуў у дзверы i шырока адчыніў ix, вясёлы, прыветлівы.
— Ты чаго снедаць не прыйшоў? — спытаў ён, паціекаючы Лемяшэвічу руку.
— Праспаў!
— Што за далікатнасці — праспаў, дык не снедаць! Маці дагэтуль чакае. Схадзі.
— Ды не,
— Ты сапраўды чырвоны нейкі. Можа, захварэў? — занепакоіўся Сяргей. — Зайдзі да Наташы.
Лемяшэвіча ажно перасмыкнула ўсяго.
— Не, не, тэмпература нармальная, я мераў.
— Глядзі… Ты, здаецца, хацеў ехаць у раён?
— Так, так, чакаю Валатовіча.
— Пакуль той Валатовіч — я еду на «казле» да станцыі. Трэба ў Гомель. Стары сам хацеў ехаць, ды занядужаў… Ледзь угаварыў, каб паляжаў. Калі не хочаш снедаць — паедзем зараз.
У машыне ехалі таксама бухгалтар МТС, фінагент, студэнтка, якая прыязджала на выходны i затрымалася праз завіруху. Размова была агульная — звычайная дарожная, жартаўлівая. Лемяшэвіч не актыўна браў удзел у ёй: яму не давала спакою думка, як пагутарыць з Сяргеем, расказаць яму пра ўсё, што здарылася. Галоўнае — ён не мог уявіць, як Сяргей можа рэагаваць на гэта. Такія ціхія, разважлівыя, чыстыя i па-свойму рамантычныя натуры часта бываюць страшныя ў крытычныя для ix хвіліны жыцця. Страшный па-рознаму: адны ў адносінах саміх сябе, другія — да тых, хто закрануў ix, парушыў надзеі. Лемяшэвіч баяўся, што Сяргей здольны нарабіць глупства, якое можа адбіцца на яго з Наташай будучыні. «Няхай ён лепей даведаецда ад другіх».
— Што ты, Міхась, сёння нейкі? — спытаў Сяргей, калі набліжаліся да райцэнтра.
— Які? Сумны?
— Не. Як змоўшчык. У каўнер хаваешся.
Лемяшэвіч паціснуў плячамі.
— Не, нічога. Думаю. Здараецца, што прыходзіць жаданне пафіласофстваваць.
— Ого! — засмяяўся Сяргей. — Са мной гэтага не здараецца, я — чалавек навук дакладных, над старымі поршням! не пафіласофствуеш. Я вось еду па дэталі, буду сварыцца, але вырву, што трэба… Ад гэтага ў мяне i настрой добры.
На пераездзе Сяргей i студэнтка саскочылі з машыны i пайшлі на станцыю.
Уладзіўшы ўсё ў райана, фінаддзеле i банку, Лемяшэвіч заглянуў у райком. Была невялічкая справа, але галоўнае — яму захацелася пабачыць Рамана Карпавіча, пагутарыць з ім, паглядзець, як адчувае сябе новы сакратар. У прыёмнай было пуста, i ён пастукаў у вушак дзвярэй, на палінялай абіўцы якіх ярка выдзяляўся прамавугольнік ад знятай шыльдачкі, якая некалі паведамляла: «Сакратар PK КПБ Бародка А. 3.»
Новай шыльдачкі не было. За дзвярамі бубнелі галасы двух чалавек. Стуку яго, відаць, не пачулі. Лемяпіэвіч прыадчыніў дзверы, спытаў:
— Можна?
— Хто там? Лемяшэвіч! Заходзь, заходзь!
Раман Карпавіч прыветліва пайшоў насустрач. У вачах яго іскрыўся смех, на твары вясёлая задаволенасць, таксама свяціўся твар i ў яго субяседніка — Кляўкова. Відаць па ўсім — перад гэтым гутарылі цікава i весела. Лемяшэвіч падумаў, што ён, напэўна, перашкодзіў, i адчуў сябе няёмка. Але Кляўкоў весела прывітаў яго i паведаміў сам:
— Іду старшынёй у Чкалава. Дубадзела мы выгналі… І я, Раман Карпавіч, усё-такі патрабую аддаць яго пад суд за ўсе махінацыі. Бародкіна гадаванец! — Кляўкоў ажно сціснуў кулак.
Жураўскі з усмешкай паківаў галавой.
— Бязлітасны вы чалавек. Аб адсутных не гавораць кепска.
— Я i мёртвых добрым словам не ўспамяну. Аднак я засядзеўся…
Кляўкоў пачаў развітвацца.
— Дык дамовіліся, Раман Карпавіч. Паслязаўтра я вас
чакаю. І ведайце, калі не тыдзень, то тры дні.— нікуды не выпушчу. Абяцанне даражэй за ўсё, як кажуць… А далей: буду рабіць памылкі, якія мог бы не рабіць, — лупцуйце без усялякіх скідак. За аднаго бітага трох нябітых даюць. Закон! Толькі, вядома, не на смерць… Ад забітага карысці ніякай… Але ўлічыце, што i я зубасты… Калі што не так — ведаю, куды падацца. Ды i прафесію сваю ўспомню. — Ён перавёў позірк на Лемяшэвіча. — Прывет Валатовічу перадайце — у госці прыеду, павучыцца ў старога.— Добры старшыня будзе! — сказаў Раман Карпавіч, калі Кляўкоў з элегантнай спрытнасцю надзеў новае драпавае паліто з шэрым каракулевым каўняром i, махнуўшы ад дзвярэй шапкай, выйшаў. Да паліто гэтага не пасавалі старыя стаптаныя валёнкі.
— Энтузіяст. Энергіі ў гэтага чалавека, я табе скажу!.. — Сакратар хадзіў з другога боку стала, задаволена паціраючы рукі.— З такімі людзьмі працаваць — адно задавальненне. І дзіўна, што ёсць кіраўнікі, якія баяцца такіх неспакойных людзей, намагаюцца пазбавіцца ад ix. А таго не разумеюць, што неспакойныя людзі — самыя працавітыя, што не раўнадушныя, a іменна неспакойныя робяць вялікія справы… Страчваюць, сукіны дзеці, веру ў энтузіязм, у гераізм, прызямляюць усё… З гэтым таксама трэба змагацца! За рамантыку ў жыцці i працы!
Лемяшэвіч моўчкі слухаў i з цікавасцю назіраў за сакратаром. Крыху нязвыкла бачыць яго ў бурках, у футравай камізэльцы пад новым пінжаком, бездакорна пашытым. Лемяшэвіч ведаў, што толькі ў вельмі добрым настроі Жураўскі бывае такі красамоўны, як бы хоча выкласці ўсе прычыны свайго ўзнёслага настрою. Выкарыстаўшы паўзу, ён спытаў, як адчувае сябе Раман Карпавіч на новым месцы. Жураўскі сеў насупраць.
— Для мяне гэта не новае месца, Міхась Кірылавіч. Але многа змянілася, многа новага. Усе дні займаўся старшынямі: калі гэта галоўнае звяно, дык яму i галоўная ўвага! Вынікі, скажу табе, не вельмі суцяшальныя. Толькі адна трэць старшынь — людзі тыпу Валатовіча i Кляўкова, а гэта ўсяго сем чалавек. Другія сем-восем чалавек могуць стаць добрымі старшынямі, калі памагчы ім. Але колькі працы трэба для гэтага! О-хо-хо! І нарэшце вось гэтыя. — Ён працягнуў руку i ўзяў на пісьмовым стале спіс, паказаў на прозвішчы, падкрэсленыя чорным алоўкам, — гэтых трэба мяняць неадкладна. Чым хутчэй, тым лепш! З ix два прыйшлі пасля пленума, добраахвотнікі. Да вялікай справы заўсёды прымазваецца дрэнь…
Загадчык аддзела партучоту прынёс дакументы камуніста, які браўся на ўчот.
— Будзёце гутарыць, Раман Карпавіч?
— Абавязкова. Няхай заходзіць зараз жа, — і да Лемяшэвіча: — Прабач, пасядзі, пазнаёмімся з новым чалавекам. Я заўсёды з прыемнасцю знаёмлюся з новымі людзьмі.
Жураўскі перасеў за рабочы стол, разгарнуў чырвоную кніжачку — асабовую картку члена КПСС.
— Беларыбкін, Леў Макаравіч. Ану, што за леў?
Увайшоў сярэдніх год мужчына, па-вайсковаму падцягнуты, у ботах, у галіфэ, але ў цывільным пінжаку, у расшпіленым асеннім паліто. «Відаць, зволены ў запас афіцэр», — падумаў Лемяшэвіч.
Чалавек першы працягнуў сакратару руку i, не чакаючы запрашэння, сеў, аглянуўся на Лемяшэвіча, кіўнуў яму галавой i асцярожненька, нібы баючыся, што яны адпадуць, прыгладзіў адным пальцам свае франтаватыя вусікі.
Раман Карпавіч раптам нахмурыўся i пільна пагля дзеў на Беларыбкіна.
— Суровую вымову завошта маеце?
— Там напісана.
— Я ў вас пытаю!
— At, старая гісторыя… Пара зняць. Гэта — калі я яшчэ ў органах працаваў… Пасядзеў адзін… нявінна…
— З-за вас?