Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісце каштанаў

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І я рашыўся.

Цяпер-то я ўпэўнены: яна ўсё ведала, прадчувала, знала так цвёрда, нібы я ўсё гэта, так, здавалася, надзейна схаванае ў душы, сказаў уголас. І з міжвольным, ужо зусім жаночым какецтвам нібы правакавала мяне, прымушала выказацца, адкрыцца, сказаць урэшце аб усім. Правакавала і маўчаннем, і гэтай загадкавай у змроку ўсмешкай, і гэтымі - скосу - чакаючымі і крыху спалоханымі позіркамі, вільготна-бліскучымі ў цемры. Дзяўчаты-равесніцы ў гэтым узросце куды больш разумныя, абазнаныя, сталыя і дарослыя, чым хлопцы. І калі я быў дурны шчанюк, то яна была ўжо дзяўчына, амаль падрыхтаваная да вялікай сваёй місіі на Зямлі. І няхай нават

я і не падабаўся ёй - усё адно ёй было прыемна лішні раз пачуць гэтыя словы, гэтае пацвярджэнне сваёй прыгажосці, сталасці, якая абуджалася, прывабнасці, годнага месца сярод дачок Евы на гэтым улонні зямным.

Мне здавалася, што зараз я скажу ёй самыя прыгожыя словы на свеце, словы, ад якіх плачуць, пасля якіх цалуюць і, пачуўшы іх, ніколі-ніколі не йдуць да іншага. Словы, якіх ніколі не чуў ні гэты цьмяны начны Дняпро, ні гэты старажытны, зачараваны ноччу горад, ні вечныя зоры над ім. Замест гэтага я, як то і належала сыну свайго часу, ляпнуў ідыёцкае, грубае, як бурчанне ў жываце, усё тое ж, крэцінскае:

– Нонка, давай дружыць.

На большае ў мяне не хапіла ні таленту, ні розуму, ні красамоўства.

Відаць, і яна была расчараваная. Сярод нас лічылася, што я "адукаваны, начытаны і гаварыць умею". І - нa табе. Яна паціснула плячамі. Ясна, каму ахвота бавіць час у бяседзе з гэткім ёлупам хвашчоўскім?

– А мы хіба што, не дружым?
– з наіўнымі вачамі спытала яна.
– Мы дружым. Усе.

Я разумеў, што ўсё скончана, што яна чакала ад мяне зусім іншых, незвычайных слоў. Але ўсё ж я безнадзейна паспрабаваў вярнуць беспаваротна страчанае. Толькі тут, ад адчаю, прарэзалася ў мяне слова:

– Я не пра тое, Нонка. Я пра тую дружбу, калі для мяне ёсць толькі ты. Пра тую, калі абараняць цябе хаця й да смерці, дзяліцца апошнім, заўсёды быці з табою. І на Дняпры, і на гэтых вуліцах ноччу, і ў доме, і ў дождж, і ў агні. Таму што я цябе кахаю, Нонка. І калі б'ешся, і калі нарадная, і калі ў латанай сукенцы акно мыеш, і калі здзеклівае спяваеш. Усякую, паўсюль цябе люблю. Я дзеля цябе ўсё зраблю. Хочаш - чэмпіёнам стану ці адны пяцёркі хапаць буду? Або па поручнях мост перакідны ля "Дынама" прайду. Або навучуся і напішу такія вершы, што ўсе здзівяцца. Я табе слова гонару даю, што зраблю ўсё гэта. Таму што ты мне і сонца, і старарэчышча на Труханавым, і таполі, і ўся Украіна, і ўся мая Беларусь. Таму што без цябе мне ні Дняпро, ні гэты найпрыгажэйшы горад, ні зоры - нічога гэтага не трэба.

Я гаварыў гэта глуха, бо нехта моцна і балюча сціскаў мне глотку - аж шчымела - і душыў. Я гаварыў гэта амаль шэптам і разумеў толькі адно. Спазніўся. Позна.

– Я не магу, Васілько. Так не магу. Толькі ты не пабівайся, толькі ты не мучайся, любенькі.

І гэта была задзірыстая калючая Нонка? Не, гэта была дзяўчына ва ўсёй мяккасці і бязмернай ласкавасці першай сапраўднай сваёй вясны, чыстая, цёплая, добрая, з голасам, поўным музыкі, пакоры і шкадавання. Уся нібы са святла.

– Нехта яшчэ?
– спытаў.
– Што, Раланд? Карл?

Яна была добрая дзяўчына, ёй было, відавочна, шкада мяне, яна належала да таго самага гатунку людзей, што і я. Людзей, якім не так моцна баліць, калі іх адштурхнуць, і якім куды больш нясцерпная пакута - адштурхнуць руку, працягнутую да цябе ў маленні аб тваёй любві.

Мне гэта заўсёды кранала сэрца. Лепей ужо няхай заб'юць маё каханне, чым самому забіць чужое. Відаць, вось гэтак пакутавала і яна, але нічога, зусім нічога не магла з сабою зрабіць.

– Ах,

божа мой!
– Праз падслуханыя, дарослыя інтанацыі прабіваўся сапраўдны боль.- Ды хіба я ведаю? Хіба я нешта ведаю?

Мы падышлі да дома. Ля свайго пад'езда яна здзівіла мяне. Стала на дыбачкі, абхапіла далонямі маю галаву, нахіліла яе і тройчы пацалавала мяне ў вусны. Няўмела, горача, з раскаяннем.

– Васілько, любы. Ты толькі не пакутуй. Не варта. Я знаю, я дрэнная, нядобрая. Але я шкадую цябе, у мяне сэрца разрываецца... Даруй мне... Даруй мне, калі ласка.

І кінулася ў пад'езд. А я стаяў, увесь разбіты, нібы разгрузіў два вагоны бульбы. Сэрца маё скавытала, як забыты ў зімнім начным пад'ездзе шчанюк. Сэрца маё плакала.

Я адчуваў, што ёй, мабыць, падабаюцца абодва. Я ведаў, што яна адмовіла мне, але што ёй зараз вельмі-вельмі кепска, што яна мучыцца ўсім гэтым. Але ад таго мне не было лягчэй.

Шчыра кажучы, рэдка мне пасля бывала так паскудна.

Так гэта ўсё і пачалося. І ледзь не скончылася развалам нашага сяброўства, развалам кампаніі і крахам нашага плана.

А можа, і лепей было б, каб гэты план пацярпеў крах?

Хілілася да восені. Ужо моцна хілілася. Жаўцелі каштаны. Халодна сінела вада ў Дняпры. Першае лісце злятала ў густа-сінія лужыны на асфальце, і галубы з вераб'ямі пілі з гэтых лужын блакіт. Начамі - ужо разы два - кветнікі, у якіх дагаралі настурцыі, бывалі нібы прысыпаныя бязважкай саляной пудрай, але ўзыходзіла сонца, пудра таяла, клумбы былі ўжо проста мокрыя, потым высыхалі. І цэлы дзень песціліся ў гарачым дзённым святле бэзавыя з жоўтай плешынкай астры і раскошныя вяргіні.

У адзін з такіх дзён я палез на гару флігеля, адвязаў ад бэлек дзве торбы, вылез з імі на дах і высыпаў на гарачае жалеза сухары і сушаную шаўковіцу. Іх трэба было праветрыць і падсушыць.

І раптам пачуў унізе галасы.

– Вы яшчэ пабіцеся, - сказала Нонка.
– Ну што за глупствы. Дарослыя бэйбасы, а, скажы ты, як ашалелі. Ну што я вам скажу? Каго з вас мне загадаеце пакрыўдзіць, з іншымі пасварыць? Каго?

– А ты не ўнікай адказу, то ўсё будзе ў парадку, - сказаў Ролік.
– Табе што, прыемна нас абодвух за нос вадзіць? Абодвух пры сабе трымаць?

– Ну-у. Ну-у. Не думала я.

– А што ты ўвогуле думала?
– спытаў Карл.

– Я думала, што кіяўляне ўсе чыста разумныя.

– Канчай, - сказаў Раланд.
– Не даводзь ты нас, не выводзь з сябе. Зберажы сяброўства, не сей сваркі. Скажы, хто з нас табе лепшы друг, - і справа з канцом. Не круці! Не гуляй намі! Скажы!

– І не падумаю. І дурных размоў падтрымліваць не буду. І ты, Карл, харошы, добры хлопец. І ты мілы і смелы. І няма тут чаго.

Я падпоўз на край даху. Яны аддаляліся, і спрэчка, відаць, набірала сілы, бо галасы падымаліся ў тоне, а жэсты рабіліся ўсё больш рэзкія і размашыстыя. Пасля да мяне даляцелі словы Карла:

– Праўду кажуць, што ўкраінец пасля абеду - дурань.

– Угм, - сказаў Ролік, - гэта святая праўда. І ўся розніца паміж украінцам і немцам у тым, што ўкраінец дурань толькі пасля абеду.

Яны пачалі здымаць курткі. Пасля паглядзелі адзін на аднаго, амаль аднолькавым жэстам махнулі рукой і пайшлі ў розныя бакі.

– Ролік! Карл!
– пачуў я адчайдушны голас. :

У адказ маўчанне.

Я паціснуў плячамі і плюнуў. Ідыёты паршывыя! 3-за дзяўча перасабачыцца. "Верная, скупая мужчынская дружба". Таксама мне яшчэ, Рамэа з Хацэпетаўкі, Ленскія з Канатопа. Цьфу!

Поделиться с друзьями: