Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісце каштанаў

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Устала. І тут нечакана ўзняўся і Навум. Падышоў да яе. Вусны яго неяк дзіўна ўздрыгвалі.

– Ну, бывай, Ліз... Я... я асабіста цябе ўзяў бы. І не чхнуў бы, і аб тым, што можа быць, не думаў бы. Ды тут пачынаецца тое, што ён... камандзір.

– Ненавіджу яго, - з сухімі вачамі сказала малая.

– Не трэба. Але я цябе ўзяў бы, Ліз. Дальбог бы ўзяў. Бывай.

Узяў у далоні яе галаву.

– Навуме, чаму я заўсёды такая няшчасная? Чаму ўсё заўсёды на мяне? Чаму варта мне кагосьці добрым палічыць, і ён мне адразу - вораг?
– яна пытала гэта шэптам, так, што чуў, бадай што, ці не адзін я.

– Я - не вораг. Бывай.

І ён...

пацалаваў яе. Гэта было так непадобна на яго, што я не паверыў вачам. А яна нечакана зноў заплакала. Можа, ад пяшчоты - дзяўчат і жанчын увогуле ніколі нельга гладзіць па галаве ў падобных абставінах, заплачуць горш, - а можа, таму, што зразумела нешта?

І так, плачучы, яна пайшла. І такога гаротнага плачу мне, дзякуй богу, не давялося пачуць яшчэ раз у маім жыцці.

...Мы маўчалі. Толькі Фінеес падышоў да вогнішча і кінуў у яго некалькі галін. Ускінулася польмя. Барва і чорныя цені заскакалі па твары, зрабілі Навумаў твар яшчэ больш суровым.

– Ты з заўтрашняга дня наш камандзір?
– спытаў Навум.

– Ну, - Раланд высакамерна (і гэта была хлусня) глядзеў убок.

– Тады - свіння, свіння і яшчэ раз свіння. Ты што ж, не бачыш?

– Ну, - суха сказаў Дзмітрэнка.

– А я занадта добра бачу. І подаўна. Таму што ў мяне вочы такія: бачаць, калі другому кепска, калі ў іншага душа мучыцца. І яшчэ таму бачу...

– Ну, і яшчэ чаму?

– І яшчэ таму, што... Таму што... А-а, - Навум махнуў рукою, вусны ягоныя скрывіліся.
– Ні вам, ні ёй гэта няважна. Важліва іншае. Свінні вы, шкадавання ў вас да гэтай маленькай няма. Да маленькіх, да страшэнна пакрыўджаных. А яна большая за вас. Так пакрыўдзіць яе, свінні. Яе! А я...

– Мае рацыю, - сказаў Карл.
– Каб мы з гэтага дня не камрады - я б вам морду набіў.
– І дадаў пасля паўзы: - Ты прабач мне, Навуме. За ўсё і ўсіх.

– Ты прабач.

Мне здалося, што ў абодвух неяк нязвыкла блішчаць вочы, і я адвярнуўся. Я тады не любіў сцэн, падобных на гэтую. А можа, рабіў выгляд, што не люблю.

Нончыны пальцы ляглі на маё перадплечча. Я здзіўлена зірнуў на яе і ўбачыў, што яна глядзіць на Раланда амаль з нянавісцю. Дорага б я даў, каб даведацца аб сапраўднай прычыне гэтай нянавісці.

– Быдла ты, - сказала Нонка.
– Ну і хай з раніцы камандаваць пачынае. А сёння мы самі сабе атаманы. Хадзем адсюль, Васілько. Хадзем адсюль, мілы.

"Як пашалелі яны ўсе, - падумаў я, - хто з-за сукенак, хто з-за портак. Проста масавае вар'яцтва нейкае".

Мы пайшлі ад агню ў ноч.

X

– А мы не пашалелі?
– сумна сказала Нонка.- Ўсе пашалелі, а я болей за ўсіх.

Мы ішлі па Уладзімірскай горцы. Падол спаў увесь у рэдкіх, дужа рэдкіх, агнях. Ноч дыхала цеплынёй. У ртутна-цьмяным люстры Дняпра адбіваліся буйныя зоры.

– Было аднойчы на Урале. Ішоў я да сваёй вёскі, дзе наш інтэрнат, з раскольніцкай вёскі Падавіха. Восем кіламетраў тайгою. Мароз - не ведаю, які мароз. Тэрмометр на сельсавеце ляснуў. Жалеза крохкім рабілася: грукнеш сякераю, то палену нічога, а лязо - напалам. Зор - у тысячу разоў болей, чым заўсёды. Ды рэзкія, ледзяныя, без літасці. Іду - шолах, нібы нехта гоніцца. Стану - і той стане. Пабягу - і той за мною бяжыць. І ўвесь час шоргат, шоргат, шастанне. А вакол - ну нічога не варухнецца. Тайга ў снягах замерла, нічога жывога, што магло б шаргатаць, толькі зоры рухаюцца, міргаюць. Ясна, што болей

няма каму. Яны! Славутае паўночнае "голас зор", або "размова", ці "песня" зор. Гэта я пасля даведаўся, што той шум - дыханне, якое на ляту замярзае, і крышталікі лёду адзін аб адзін шоргаюць і звіняць. А тады страшна стала. Колькі іх! Якія калючыя! Вось памру, і такое ж ледзяное будзе давеку. І хто зведае, каму да гэтага справа будзе? Гэта я вось так упершыню зразумеў - менавіта зразумеў, што канец будзе. І развее, разнясе ў гэтым ледзяным пыле. Бог - і той слядоў не знойдзе.

– А цяпер баішся?

– Цяпер не. Іду вось з табой і проста не думаю аб тьм, аб чьм тады думаў. І не буду я думаць. Мне здаецца, таму людзі і ходзяць удваіх.

– Удваіх?- спытала яна.

– Ну так. Вось я цябе за руку трымаю, і ніякай мне няма справы, што яны ледзяныя, вялізныя, што там такая бездань... Нонка, каб мне ўжо зусім лепей за ўсіх на свеце было... Можна мне цябе пацалаваць?

– Пацалаваць? Ах так, так. Не ведаю, па-мойму, пра гэта не пытаюць. Ты таксама можаш пра гэта не пытаць цяпер. Я ж сама ўсім сказала.

Я абняў яе, няўмела прыцягнуў да сябе, убачыў цераз яе плячо цені каштанаў, узнесены ў зіхоткае - ад безлічы зор - неба Уладзіміраў крыж і апусціў твар у яе валасы.

...Гэты халаднаваты пацалунак! Той, калі вусны яе амаль не рухаюцца. І ўсё ж я не мог адарвацца ад гэтай першай смагі і першага паталення, і мне гэта было нават лепей: адчуваць яе холад, але яшчэ і яе пакору, тое, што яна нікуды не здолее пайсці, што яна мая. Хаця я й не дужа, не ў поўным сэнсе разбіраўся ў тым, што азначае "мая".

Холад адданых вуснаў. Я стаяў, прыціскаючыся да яе, і разумеў яшчэ мацней, зусім несумненна, безнадзейна і беспаваротна, што я для яе - нішто. Але побач з несамавітай горыччу, з сысучым болем жыла ў глыбіні яшчэ і трапяткая радасць, такая, якой мне пасля ніколі не даводзілася перажываць.

Яна раптам узняла руку і дакранулася да маёй шчакі.

– Ты што?

– Нічога, - сказаў я.
– Зусім нічога. Нонка, мілая, ты думаеш, я не бачу? Не адчуваю ўсяго? Цябе зараз як агнём пякуць. Мне б трэба пайсці, саступіць. Але я не магу гэтага, проста не магу. Хачу, каб ты была тут, побач, хаця сёння. Хачу цалаваць рот. Такі ён у цябе безуважлівы! І твае валасы, і ўсё... І ты ўсё ж паруш сваё слова, Нонка. Не мучай сябе. Мяне - калі хочаш, а сябе - не. Мне ўжо і тое добра, што ты жывеш.

– Глуптасю ты. Куды ўжо мне ісці адсюль? Ты не звяртай увагі. Ты проста гладзь мае валасы... вось... вось так. І, калі захочаш, цалуй мяне. Я пастараюся, каб ты не адчуваў таго, аб чым па дурасці падумаў. Я пастараюся.

Я захутаў яе плечы крысом пінжака, успёр руку на спінку лаўкі. Цяпер яе плячук быў у мяне пад пахай, яе галава на маім плячы. І я гладзіў і гладзіў гэтыя цяжкія валасы, баючыся паварухнуцца, баючыся неяк спалохаць гэты дзіўны сон наяве.

А яна тулілася да мяне ўсё шчыльней і шчыльней. Я не цешыў сябе гэтым.

Яна гарнулася не да мяне, а да цёплага побач з сабою і ад гэтага свету, ад гэтых халодных зор, ад усяго, што здарылася.

І раптам заплакала. І гэта было немагчыма: Нонка - і заплакала. Я абхапіў яе і сціснуў так, што аж сам задыхнуўся.

– Ды што? Што з табой? Мілая мая. Нонка мая.

Яна ўся абвіснула ў маіх руках, я адчуваў, як уздрыгваюць ад плачу яе маленькія цвёрдыя грудзі.

– Суцеш мяне, Васілько. Кепска мне. Ой, як мне кепска! Пашкадуй мяне. Ты добры, харошы, лепшы за іх усіх, але што я магу, што я магу зрабіць з сабой?!

Поделиться с друзьями: