Лісце каштанаў
Шрифт:
– Кінь крата.
– А табе якая сабачая справа?
– Хлопец быў вялікі і дужы, але ён нічога не ведаў пра мой вопыт, здабыты ў партызанстве і беспрытульніцтве.
– Ты валі адсюль, рыжы, пакуль порткі...
Я быў бялявы з залацінкай, а зусім не рыжы і таму развярнуўся і ўрэзаў яму так, што ён знік, толькі пяты стырчалі з-за бервяна.
Лізка паспела перахапіць шпагат і ўзяла звярка ў руку, пачала вызваляць яму заднія лапкі. А я ж ведаў, як яна панічна баіцца ўсіх цёмных, незразумелых істот: тараканаў, кажаноў, мядзведак, тых жа кратоў.
Яна дрыжала ад агіды і ўсё ж разблытвала:
– Бо ён жа не здолее развязаць і здохне там. Пад зямлёй.
Урэшце, яна пусціла чорны камячок,
– Ну што, - сказаў я хлопцу, - досыць ці яшчэ хочаш?
– Кінь яго, - раптам сказала Лізка, - дурань ён проста. Ну вось бачыш, не пусціў ты яго, калі па-чалавечы прасілі, - ну і спаймаў па пысе. Няхораша ты рабіў таму што. Сам як фашыст. Яны ў Палессі ўсю сям'ю маёй цёткі дротам тоўстым прывязалі да прызбы, а хату падпалілі. За партызанаў. А дроту дзесяць метраў. І хата ўсё мацней гарыць... Гэх ты, свіння...
Хлопец нічога не сказаў, нават не варухнуўся, калі мы пайшлі прэч. Глядзеў у зямлю.
...І вось цяпер мы ўсе хадзілі з Лізкай, нібы наперабой выкупляючы нашу ранейшую няўважлівасць. І весялілі яе, і жартавалі, і здатныя былі каму хочаш выбіць за яе зубы. Аб іншых метадах заляцання да дзяўчат мы мелі паняцце самае павярхоўнае.
Я, шчыра кажучы, здзіўляўся, чаму ніхто не закахаецца ў яе. Я асабіста абавязкова закахаўся б, калі б не Нонка.
І малая наша цвіла. Нібы з шэрай кукалкі вылез і пачаў пакрысе распраўляць змятыя яшчэ крылы вясёлкавы матыль. Яна пачала нават смяяцца, неяк яшчэ няўпэўнена, і шчокі яе пры гэтым злёгку ружавелі, і мы ўбачылі, якія ў яе прыгожыя белыя зубкі. Толькі ўсмешка яе, збольшага, усё яшчэ была вінаватая. Ёй было дужа мала трэба. У адказ на такую звычайную штодзённую рэч, як добрыя адносіны, яна плаціла такой сабачай адданасцю ўсім, што нам было няёмка. І асабліва не сыходзіла з яе языка імя Раланда:
– Ролік сказаў... Ролік зрабіў... А Ролік думае пра гэта так.
Нам добра было хадзіць з ёю, сядзець на камянях і боўтаць нагамі ў Дняпровай вадзе, лавіць рыбу і, загарнуўшы яе ў некалькі слаёў газеты, пячы, закапаўшы ў жар. Верхнія слаі газеты згаралі, а да ніжніх не даходзіла ні паветра, ні агонь. І мы раскручвалі празрыстую ад тлушчу паперу і елі рыбу гарачай, густа яе пасаліўшы. Падпечаную, чырвоную, храбусткую. І, вядома, лепшыя кавалкі аддавалі Лізцы. Мы ўсе былі худыя і жылаватыя, як харты, хоць ты хрыбет праз жывот абмацвай, але яна была худзейшая за ўсіх, ды яшчэ і слабенькая. Ёй трэба было куды болей есці.
Малады голад вечна пакусваў нас вострымі зубамі, часам грыз. Ежы патрабавалі нашы мускулы, нервы, мозг, тое, што мы - будучыя мужчыны. І таму мы почасту елі ўсялякую дрэнь: лопух, гарчычкі, сцябліны травы - маркоўніка. І нічога з намі па гэтай прычыне не здаралася.
Божа мой, каб мне зараз такі воўчы голад! Гэта было б шчасце.
...У адзін з дужа празрыстых, крыштальных дзён позняга лета - ці можа ранняй восені?
– мы і займаліся тым, што смажылі прынесеную рыбу ў заглухлым садзе ля закінутага велатрэка. Збуцвелыя лавы і сухія галіны былі добрым палівам; галіны дрэў заглядалі ў доўгае блюда з асфальтавымі краямі і дном, што парасло пустазеллем і хмызамі, заглядалі і зрэдку ранялі ў яго першыя жоўтыя лісты. Асфальт увесь пайшоў расколінамі, праз якія выбіваліся таполевыя віцы, і шышкамі, пад якімі да часу хаваліся шампіньёны; там-сям шышка ішла трэшчынамі, развальвалася, і грыб вылазіў на святло. Паўсюль было ўвяданне і запусценне, і паўсюль, аднак, буяла і лезла на свабоду прыгнечанае, але бязмерна-моцнае, упартае жыццё.
– Калі ўцякаць, то зараз, - раптам сказаў Ролік.
– Пасля будзе позна. Восень не сёння-заўтра, халады.
– Рацыя, - падхапіў Навум.
– А то мы гэтых гадаў не дагонім.
– Чаго чакаць?
– сказаў разважліва
– Бульбу выкапалі, бацькам на гародах падмогі не трэба. І, аднак, не паўсюль жа выкапалі. Будзе прыкормак нейкі. Сёння на адным полі, заўтра на іншым. Ні калгас, ні гаспадар ад якіхсьці там пары карчоў не збяднеюць.
– Паслязаўтра давайце, чаго ката за хвост цягнуць?
– гэта нецярплівы Жэнька ўставіў свае тры грошы.
– Заўтра Ролік вось у "слупы" па зброю завядзе, пашукаем. А паслязаўтра - ф'юць...
– Мы яе за адзін дзень, можа, і не знойдзем многа. Ну, ясна, мой патаемнік. Але там мала. Давядзецца шукаць яшчэ.
– Ролік задумаўся на хвіліну і рашуча ляснуў сябе па каленях.
– А чорты б з імы! Вырашана. Паслязаўтра ці, крайні тэрмін, праз два дні.
І тут мы здзівіліся. Таму што на купе бітай цэглы з'явілася, як чорт з табакеркі, Нонка, якая цягнула за руку Карла.
– Прывітаннечка, змоўнічкі. Бач, сядзяць, нібы кашы аб'еліся. Пышныя гэткія! А сяброў, значыцца, забылі? Кінуць вырашылі?
Я ўбачыў, як у Роліка на імгненне з'явіўся ў вачах бляск. Пасля ён адвярнуў галаву.
– Вы чаго тут?
– Кінь, - умольна сказала Ліза, - яны ж таксама шмат зрабілі. Не крыўдзі іх.
– "Рыбка золотая над подводным гаем", - пацягнула паветра носам Нонка.
– Сядзяць, як нейкія ідалы турэцкія. Нума, Карло, лізь та даставай.
І сама выхапіла ў яго з-за пазухі бутэльку.
– Гэта чаго?
– варожа і непаразумела спытаў Раланд.
– Наліўка вішнёвая. Сама яшчэ тады зрабіла, летам. Думала, перад дарогай, на шчасце. Вы ўсё ж хаця і шкодныя, і злосныя, і высакародства ў вас, прабачце, ніякага, хаця і кепскаватыя, а ўсё ж мужыкамі лічыцеся... будучымі. Што ж, давайце, піндзюры, так зробім: распіваем адвальную, а тады гаршчок аб гаршчок і... вы сваёй дарогай, Карл сваёй, а я - сваёй. Нічога, дарог шмат, кудысьці ды прыйдзем, а рукі паўсюль спатрэбяцца.
Карл зірнуў на яе. Нонка стаяла, прыхіліўшыся спінаю да ствала дзікай вішні, незалежна скрыжаваўшы падрапаныя ногі. Карл уздыхнуў, пайшоў да Раланда і працягнуў яму руку.
– Гэта яшчэ чаго?
– Ролік глядзеў на яго сурова, спадылба.
– Мір, - проста сказаў Карл.
– Мір, бо яна сказала, што дурні тыя, хто сварыцца. Мы з табой дурні... Бо яна...
– Гаваркія вы, мужыкі. Красамоўны вы народ, арлы вы нашы. Проста... як варэнікі. Глядзець люба, асабліва на Карла з Раландам. Усё дабіваліся: скажы ды скажы. І прыгожа так гаварылі: "3 кім дружыць хочаш?.." А я, калі хочаце ведаць, ні з кім з вас дружыць не хачу. Я з іншым дружыць хачу.
Усе сядзелі прыгаломшаныя.
– Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падайце рукі адзін другому.
У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер - ад радасці.
– Раландзік, даражэнькі, ты ж добры. Кінь злавацца. Карлуша, ты ж такі - ну, самы найлепшы. Ну, няма ж прычыны. Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі... рукі.
– Вочы яе малілі.
– Па-мойму, дык нават... дзеля карысці справы, - буркнуў Багдан.
Лізка кінулася Роліку на шыю. І тут я ўбачыў, што Фінеес часта-часта заміргаў.
– Мірыцеся, басякі, - сказаў ён дзіўным, такога я не чуў ад яго, глухім голасам.
– Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра?
– І выбухнуў: - Падайце рукі, сволачы! Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.
Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.
– Ну, рукі. Усе - рукі, - сказаў я.
Рукі нашы сустрэліся.
– Ну вось, - сказала Нонка.
– І каб ніколі не сварыцца.
Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скруткі. Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.