Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісце каштанаў

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– А як дзіўна? Ну вось, што ты, напрыклад, адчуваеш, калі бачыш яе ці на мосце з ёй сядзіш?

У нас існаваў дзіўны звычай. Калі нам хацелася пагаварыць з дзяўчынай з вока на вока, мы ішлі гуляць па маршруце, канчатковай кропкай якога быў мост. Там дзяўчына сядала на парэнчы, а хлопец, абхапіўшы і нібы трымаючы яе, вёў размовы пра што хочаш, абы не пра тое, дзеля чаго яны выбраліся на гэтую прагулянку. Гаварылі, злёгку пагойдваючыся, а ўнізе шумела, бегла вада, і ўрэшце пачынала здавацца, што пагойдваецца ўвесь мост, увесь сусвет, разам з зорамі, што ты сам плывеш некуды, бязмежна заспакоены і бессаромна шчаслівы.

Разумееш, мне яе заўсёды шкада. Хаця б як ёй добра ні было, а мне ўсё здаецца, што нехта яе крыўдзіць. І мне хочацца яе абараніць, супакоіць, суцешыць. Ты толькі не смейся, мне часам нават легчы з ёй хочацца, прыціснуць да сябе, шчыльна-шчыльна. І па галаве гладзіць. Каб ніколі не плакала. Толькі...

– Што?

– Толькі, разумееш, адно мяне бянтэжыць і нібы хвалюе, і сорамна мне і няёмка. Перашкаджае мне, калі яе грудзі між ёй і мною. Няёмка, разумееш. Лепей бы не трэба гэтага. Ну, як гэта на самай справе?

– Та-ак, браце, гэта і сапраўды ўжо неяк ні да чаго.

Назаўтра абодва загінулі. І я, між іншым, дагэтуль больш за ўсё не магу дараваць усяму, што свядома сее варожасць, усёй хлусні і подласці свету, - той ціхай начной размовы.

Але пра гэта я, магчыма, раскажу яшчэ неяк пасля.

Прыблізна такое ж адбывалася з намі і тады. І калі дагэтуль мы былі занятыя "вайной", то цяпер, з такой самай нястрыманасцю, як на скрут галавы, заняліся "каханнем".

Грэх і сорам прызнацца, але паклаў пачатак гэтаму вельмі пахвальнаму занятку я. Стаў, так бы мовіць, "дзядулем ніжнядворскай закаханасці".

Здарылася так, што мы з Нонкай выпадкова сустрэліся недзе ў раёне "Арсенала". Яна ішла ад сваякоў, я проста брындаў па горадзе і цяпер збіраўся ісці дадому. Агульная наша дарога была доўгая, і я раптам да сардэчнага замірання ўзрадаваўся гэтаму, узяў у Нонкі яе лёгенькі, вельмі пацёрты і нават сям-там дзіравы пляцак, закінуў яго на плечы, і мы пайшлі, зрэдку беручы адзін аднаго за рукі.

Яна ўзрадавалася спадарожніку, я гатовы быў паклясціся ў гэтым. І я не думаў, што для гэтай радасці могуць быць і іншыя прычыны. Скажам, тое, што не так страшна будзе ісці адной па начным пустым горадзе або што дарога пад размову пройдзе весялей і хутчэй. Я не хацеў думаць пра гэта.

Таму што я раптам зразумеў, што кахаю гэтае дзяўчо. Подаўна ўжо і вельмі моцна кахаю. Кахаю гэтыя цыганскія вясёлыя і дзёрзкія вочы, кахаю тонкія моцныя рукі, цяжкія валасы, вечна падрапаныя каленкі. І - хаця я яшчэ нічога такога толкам не разумеў - кахаю ўсю яе пад гэтай чырвонай у чорныя гарохі, ужо трохі вылінялай, паркалёвай сукенкай.

Кахаю яе, калі яна смяецца, калі яна гаворыць, калі задуменна маўчыць.

І кахаў заўсёды. Кахаў, калі яна, прытанцоўваючы, спявала нахабныя куплеты пра нас. І калі ўцякала, як лань, робячы вялізныя скачкі. І калі скакала з быкоў моста, бліскуча-шакаладная пад час лёту ў паветры, серабрыста-блакітная, як рыбка, пад вадой. Кахаў тады, калі яна, пад час бойкі, верашчала, і лупіла, і брыкалася гэтымі доўгімі нагамі. Заўсёды.

На горад спускалася сутонне. Апошнія залацістыя адбіткі клаліся на муры дамоў. Вокны таямніча міргалі насустрач захаду: нібы тлелі, згасалі і зноў тлелі ў гусцеючым прысмерку тысячы жаўтавата-зялёных кашэчых зрэнак. 3 паркаў па правым баку пачало павяваць вільготнай прахалодай. Танюткі галасок нейкай птушкі далятаў

адтуль, нібы настойліва і журботна скардзіўся на нешта.

– Ціў-ціў-ціў-ці-і-іуў.

Я даткнуўся да яе рукі і адчуў, што яна пайшла гусінай скурай, адчуў нават, што валосікі ля лакцявых сугібаў натапырыліся ад холаду. І страшэннае шкадаванне ахапіла мяне (як я потым разумеў таго хлопца ў палатцы!). Я зняў з сябе футболку.

– Чакай.

Калі яна ўзняла рукі, нібы здаючыся, а я пачаў надзяваць на яе маю выгаралую, мабыць, здорава прапыленую транціну, калі я міжволі кранаўся яе рук і, прасоўваючы галаву, правёў рукамі па чорна-бурых цяжкіх валасах, па плячах, па спіне - пачуццё найглыбейшага замілавання і шчасця ахапіла мяне з такою сілай, што я ледзь не заплакаў. Рукі ў мяне дрыжалі, глотка перасохла. Каб мне ў той момант сказалі: "памры за яе" - я памёр бы, не думаючы аніводнага імгнення, і не лічыў бы гэта ахвярай, а лічыў бы, наадварот, найвялікшым на свеце шчасцем. Бо я нічога не баяўся.

І адначасова баяўся. Страшэнна, несамавіта баяўся. Баяўся гэтай дзяўчынкі, баяўся поўнай сваёй нявопытнасці перад лікам чагосьці амаль цалкам мне невядомага, таго, што я толькі прадчуваў нейкімі глыбінямі душы, аб чым толькі цьмяна здагадваўся нечым такім, што ляжала нават глыбей падсвядомасці. Баяўся гэтага раптоўнага пачуцця, ад якога я паміраў на кожным кроку, і свайго няведання, што з ім рабіць, і неабходнасці рашыцца, скочыць у невядомае, як з разбуранага моста ў Дняпроўскую плынь.

Я ведаў, што не здолею сказаць пра гэта, і ведаў, што мне абавязкова, конча трэба гэта сказаць. Іначай трэба памерці.

І я баяўся.

І з таго часу я ніколі не ўсміхаюся, калі ўбачу каханне шаснаццацігадовых. Можа, нехта і не перажыў такога, але я перажыў, я ведаю, якое яно...

Верце мне, яно бывае стократ больш моцнае, і заўсёды куды больш безнадзейнае, і горкае, чым у нас. Верце мне, дарослыя людзі.

Я баяўся, і я адчуваў неабходнасць і наканаванасць так моцна, што ведаў, я скажу і памру. Абавязкова. Толькі яшчэ не зараз. Толькі пачакаю крыху. Скажу вось ля гэтага слупа. Не, ля гэтага. Не, як толькі дойдзем унь да таго.

Сцямнела. Запаліліся ліхтары. Светамаскіроўка ў Кіеве была даўно адменена, немцам было не да налётаў. Але ўсё адно рэдкія, вельмі рэдкія і слабыя лямпачкі над праезджай часткай вуліцы былі схаваны ў самай глыбіні дужа вузкіх і доўгіх бляшаных варонак і кідалі на брук толькі цьмяныя жаўтаватыя кругі.

Зняволенае святло.

– Зоры якія, - сказала Нонка.
– Нібы ў вёсцы. У Кіеве да вайны столькі святла было, што зор не відаць.

– Будзе яшчэ тое святло. Столькі святла, што зорак не ўбачыш. А паглядзець зоры будзем на вёску ездзіць. Станем там ля пералаза і глядзець будзем. І ціха-ціха, анідзе ані страляніны, ані выбухаў. Толькі сабакі брэшуць.

– Ты добры парубак, Васілько, - нечакана глыбокім, грудным, не сваім нейкім голасам сказала яна.

І я заўважыў, як блішчаць у цемры яе вочы, яе любыя смяшлівыя вочы. І гэта быў першы ў маім жыцці выпадак, калі мне захацелася гэтыя вочы пацалаваць. Першы раз, калі мне ўвогуле захацелася пацалаваць дзявочыя вочы.

"Ля таго слупа... Не, унь ля таго".

– Што ж ты маўчыш, Васілько, даражэнькі?
– Голас быў такі мяккі і глыбокі, што ў мяне нібы соладка абарвалася ўсё ўнутры.

Поделиться с друзьями: