Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Пад’ехаў тралейбус, Вінярскі механічна зайшоў у яго і неўзабаве ўжо сыходзіў на сваім прыпынку, каля фінскай запраўкі. Дома ён скінуў плашч, але пераапранацца не стаў, не стаў і есці, нават не зайшоў на кухню. Сеў у сваім пакоі ў крэсла і выдаўжыў ногі. Пастукала матка, зайшла.

— Будзеш есці на кухні ці прынесці сюды?

— Не, прынясі лепш кавы.

— Што-небудзь здарылася?

— Нічога, толькі галава баліць.

— Можа, не пі кавы? — яна падышла і пагладзіла сына па галаве, патрымала ў руцэ касу. Спытала проста так, ведаючы, што ён усё адно зробіць па-свойму.

…Доўга сядзеў, піў каву і ўсё пра нешта думаў у той вечар Вінярскі.

IV

Назаўтра зноў з самай ночы ўсю раніцу ішоў дождж. Вінярскі, ужо адзін, стаяў каля адчыненай форткі ў кабінеце, курыў, пазіраў на мокрыя клёны, але сёння ў яго вачах ужо не было ўчарашняй нуды. Нешта зусім іншае свяцілася ў

іх. Ён раптам заўважыў, што курыць і міжволі кратае пальцамі ніжні шпінгалет на раме, спалохаўся нечага і адышоў ад акна.

Зрэшты, увесь ранак ён потым быў узбуджаны, вясёлы, нават спрабаваў жартаваць з хворымі — аднаму, з нагою ў гіпсе, сказаў: «Добра, што нага, а не шыя», — але ніхто не засмяяўся; а загадчык аддзялення Сцяпанаў чамусьці здзіўлена падняў вочы на маладога доктара. У абед Вінярскі пайшоў у другі корпус, спусціўся ў сталоўку, зазірнуў у маленькія паўпадвальныя вокны. Выйшаў на лесвічны марш і падняўся да апошняга, пятага паверха. Ні са сталовай, ні з паверхаў не было відаць не тое што акна іхняга кабінета, а і сам іхні корпус амаль увесь быў закрыты клёнамі. Ён вярнуўся ў кабінет. Стэльмах так і не прыходзіў. Вінярскі агледзеўся яшчэ раз. Ну, так: іхняе акно можна ўбачыць толькі з вуліцы і ніадкуль з бальнічных карпусоў. Пад акном, паміж сцяною і кусцікамі паўз тратуар— чыстая паласа асфальту з паўметра шырынёю. I гэта варта запомніць… На мокрым асфальце слядоў жа не застаецца…

Вінярскі ўзяўся за аконную ручку, моцна пацягнуў на сябе. Шпінгалеты і ўверсе і ўнізе сядзелі ў сваіх дзірках-гнёздах як улітыя. Але гэта былі ўжо дэталі.

Цяпер Вінярскі маліў Бога толькі аб тым, каб Іван Змітравіч не прыйшоў да канца рабочага дня.

Стэльмаха не было ў пяць, не было ў палове шостай, і без дваццаці шэсць Вінярскі, не могучы больш трываць, не зачыняючы дзверы ў кабінет («калі зойдзе хто-небудзь, скажу, што пакасілася рама, папраўляю»), дастаў з кішэні падрыхтаваную яшчэ дома веласіпедную адвёртку, падняў ніжні шпінгалет і хутка, каб адрэзаць шляхі да адступлення, вывернуў адвёрткаю гняздо. Трэснулі сухія бялілы, адкалоліся разам з трэскаю, лёгка вывернулася гняздо разам з іржавымі шурупчыкамі… I тады яго як аглушыла — ды што ж я раблю?! Хто ж, лезучы з вуліцы, будзе ламаць шпінгалеты на палавінках з пакоя?! Ламаць будуць толькі з двара, а потым проста стануць на падаконнік, прасунуць у фортку руку…

З адчаю ён ударыў далоняй па знадворнай раме, дзе сыходзіліся палавінкі — і здалося, гэты гук, трымценне шкла, пачула ўся клініка, уся вуліца, што Стэльмах ці яшчэ нехта нячутна зайшоў і стаіць за спіною. Але Вінярскі нават не азірнуўся. З мясам павыкалупваў з гнілаватай рамы гнёзды, апусціў назад шпінгалеты… Нечакана ўся яго выдумка здалася яму страшэнна арыгінальнай і праўдападобнай, выцягнулася ўся ў ланцужок — ён аж засмяяўся, закурыў, тады толькі агледзеўся, прыслухаўся. Нідзе нікога, звычайныя гукі бальніцы. «Проста націснулі на створкі з двара, створкі падаліся, трошкі адышлі, тады падсунулі знізу, у шчылінку, звычайную адвёртку, вывернулі гняздо, тое ж зрабілі зверху, залезлі на падаконнік… не, не залезлі, а, стоячы знізу, нечым выламалі і ніжні шпінгалет унутраных палавінак… А потым схамянуліся, што фортка адчыненая і можна рукою дастаць… Тады залезлі на падаконнік — і ўсё. Чаго сюды лезлі? Гэта трэба пытацца ў тых, хто лез. Ці не думаеце вы, што гэта я зрабіў? Калі б я хацеў нешта тут украсці, я зрабіў бы гэта, не ламаючы рамы!..»

Самае дзіўнае, што гэты доказ — калі б ён, Вінярскі, краў, дык не ламаў бы рамы — здаваўся яму ў той момант абсалютна пераканаўчым.

Не стаў чапаць больш створкі («хай будуць прычыненыя, наўрад ці той, хто вылез бы праз акно, клапаціўся б зачыняць іх»), хуценька замкнуў дзверы, стаў на крэсла, выцягнуў з-пад папак «дыпламат» і толькі калі саскочыў на падлогу і паклаў яго на стол, падумаў: «А што, калі б яго не было тут? Вельмі проста, сто разоў Стэльмах учора мог бы забраць…» Але «дыпламат» быў, вось ён, ляжыць на стале. Вінярскі паспрабаваў адчыніць яго — нічога не выйшла. Божа мой — код!.. Ен зачынены на код! Ліхаманкава, дрыготкімі пальцамі Вінярскі пачаў круціць узад-уперад гранёныя круглікі пад ручкаю, пакуль не зразумеў, што проста марнуе час. Ні з таго ні з сяго ён ударыў раптам з усяе сілы адвёрткаю ў бок «дыпламата» і прабіў дзірку, потым апамятаўся і пачаў хапатліва заціраць яе рукою, але толькі падрапаў аб востры пластык далонь. Нейкі час ён стаяў і залізваў кроў, тады паставіў «дыпламат» пад стол Івана Змітравіча, доўга тыцкаўся ключом у замок. Выглянуў у калідор. Нікога не было.

Трэба было вяртацца і забіраць грошы. Прайсці па трох даўжэзных калідорах трох карпусоў, каля сталовай, праз вестыбюль з «дыпламатам», якіх ён зроду не насіў. Але рабіць не было чаго: Вінярскі вярнуўся, узяў «дыпламат» і, сабраўшы ўсю рашучасць, пайшоў. Ногі былі ватныя, а ўсярэдзіне ўсё трымцела. Калі б яго зараз паклікалі, ён, напэўна, выпусціў бы «дыпламат» з рукі. Але на калідоры нібы ўсё вымерла. Вось пачатак тэрапеўтычнага

аддзялення, вось дзверы ў падвал. Нібы нехта падштурхнуў яго ў спіну — Вінярскі паслухмяна павярнуўся, спусціўся ў падвал… Вось дзверы на двор — і хоць бы дзе адзін чалавек! (Успамінаючы пасля той дзень, Вінярскі думаў, што чалавеку даволі ўсяго толькі захацець зрабіць якуюсьці гадасць, а там чорт сам давядзе ўсё да канца. Не магло ж так шэнціць яму тады само па сабе!)

Ужо на двары, ідучы паўз сваё акно, скасіў вочы. З дарожкі з адлегласці трох метраў не было відаць нічога падазронага. Хіба калі ўжо добра прыгледзецца, маленькая шчылінка…

Ён ехаў дамоў тралейбусам і думаў, што каля фінскай запраўкі яго ўжо чакаюць, каб арыштаваць, і трэба, як расказваў Стэльмах, ці пераехаць, ці недаехаць. Але сіл ужо не было ніякіх. Ніхто яго, вядома, не чакаў.

Дома ён запіхнуў нагою «дыпламат» пад ложак і бухнуўся ў любімае крэсла. Ён адчуваў сябе цяпер самым большым у свеце дурнем. Божа мой, ды нават калі дапусціць самае шчаслівае, самае неверагоднае — што ўсё абыдзецца: заўтра ён прыходзіць на працу, Стэльмаха не было і яшчэ няма, прыбіральшчыца ўжо выклікала міліцыю («забыў паставіць на месца крэсла! забыў зачыніць дзверцы антрэсоляў!»), тут прыходзіць Стэльмах, расказвае пра грошы, паказвае на Вінярскага; ён, Вінярскі, і слухаць не хоча — і яму вераць, што гэта не ён украў, а Стэльмаху не вераць — адкуль у цябе столькі грошай? Хто твае грошы бачыў? Чаму хаваў у кабінеце, а не ў банку, не дома? А калі хаваў, нашто расказаў пра гэта Вінярскаму, потым спакойна аставіў столькі грошай і пайшоў?..

Дык вось, калі нават дапусціць гэтае самае шчаслівае — дык будуць жа і допыты, і павесткі, завядзецца справа, узнікнуць следчыя, пачнуцца вочныя стаўкі, вобыск… За ім пачнуць сачыць. А галоўнае, хіба ён не ведае нашай міліцыі?! Не чытаў кніг, не глядзеў фільмаў? Ды ім варта толькі захацець, і яны дакажуць, што ён не толькі злодзей, а і забойца, маньяк, і так дакажуць, што ён сам паверыць і прызнаецца!

Галава проста трашчала, свярбелі скроні і шыя. Ён устаў, выйшаў у залю — бацькі толькі што павячэралі і глядзелі тэлевізар, — дастаў з аптэчкі ўпакоўку мепрабамата, вярнуўся і выпіў таблетку, пасядзеў трохі і выпіў другую. Каб лепш падзейнічала, пачаў чытаць на ўпакоўцы: «Здымае пачуццё страху, трывогі, супакойвае… Рэкамендуецца перад аперацыямі…»

«Дачцэ Стэльмаха патрэбна аперацыя», — падумаў ён і пачаў лічыць — марудна, заплюшчыўшы вочы: раз… два… Далічыў да 60, глянуў на гадзіннік — адна хвіліна прайшла. Такіх 60, і будзе гадзіна. А ўсіх гадзін — дваццаць чатыры. 60 памножыць на 24…

Раптам ясна падумалася, што ніколі не выбрацца яму ні за якую мяжу, а будзе ён проста хадзіць і ездзіць з дня ў дзень, з месяца ў месяц у сваю клініку, будзе не любіць сваіх пацыентаў і ўсіх вакол, слухаць Стэльмаха і злавацца на яго, будзе да канца жыцця марыць пра свой домік, гарадок з чарапічнымі дахамі, клумбы з ружамі, з часам зробіцца такім, як Стэльмах… Але вось жа! Цяпер такая перспектыва не толькі не спалохала яго, а здалася раптам проста шчасцем — ціхім, спакойным…

V

Белы, з сінімі плямамі на шчоках, трымаючыся за сэрца, Іван Змітравіч паўтараў і паўтараў сваімі адвіслымі дрыготкімі губамі:

— Ай-яй, што ж гэта я?.. Нашто ж я так?..

Яны з Вінярскім сядзелі побач на крэслах каля сцяны. За акном ізноў было цемнавата, церусіў дождж, у кабінеце ізноў гарэла лямпачка. Следчы — малады, прылізаны, ветліва-жорсткі капітан — сядзеў за сталом Вінярскага і пісаў. Тоўсты, як бочка, міліцыянер у фуражцы аглядаў падаконнік. Маленькі, спалоханы загадчык аддзялення Сцяпанаў стаяў каля дзвярэй, трымаючы рукі ў кішэнях халата, а за Сцяпанавым, у самым парозе, — санітарка, яшчэ ніжэйшая ростам за галоўнага хірурга. Пазіраючы на іх, асабліва на Сцяпанава, заўсёды такога ветлівага, ціхага, Вінярскі падумаў, што вось-вось не вытрымае ўсяго гэтага і прызнаецца — не ад таго, што так страшна бегала па паперы рука следчага, не ад рухаў каля акна тоўстага міліцыянера і нават не ад таго, што Стэльмах толькі што пры ўсіх расказаў сваю гісторыю і яму, безумоўна, паверылі, — Вінярскаму захацелася прызнацца ад жалю і скрухі, якія ён бачыў у вачах Сцяпанава і санітаркі, калі тыя на яго глядзелі…

— Вы можаце ісці, — сказаў капітан, не падымаючы галавы, але ўсе зразумелі, каго гэта тычыцца, і санітарка выйшла, а следам, спатыкнуўшыся, бокам вылез Сцяпанаў.

Міліцыянер скончыў агляд і павярнуў да следчага свой пляскаты, бы аладка, абыякавы твар.

— Што, з кабінета ламалі? — спытаў следчы.

— Адсюль. З сярэдзіны ўсё вывернута. На падаконніку нават следу няма.

Міліцыянер зняў фуражку, абапёрся шырокай задніцай на падаконнік.

— Стэльмах (Іван Змітравіч зрабіў спробу ўстаць, капітан кіўком далоні паказаў, што можна сядзець), я буду зараз чытаць, а вы папраўляйце. I так, сёння, каля сямі нуль-нуль гадзін раніцы, вы адначасова з санітаркай Зінько Марыяй Зыгмундаўнай, полькай, 37-га года нараджэння, беспартыйнай, несудзімай, зайшлі ў свой кабінет і ўбачылі, што акно прачыненае…

Поделиться с друзьями: