Ланцуг
Шрифт:
— Чыёй?
— Стэльмахавай.
— А… што такое?
— Іван Змітравіч у рэанімацыі цяпер. З сэрцам кепска. Я думала, вы таму і прыехалі…
Не верачы раптоўнай здагадцы, ад якой перахапіла дыханне і застукала ў скронях, баючыся распытваць далей, Вінярскі як быў — з «дыпламатам» у руцэ — павярнуўся, каб бегчы ў свой корпус.
— У кабінеце схапіла, — сказала яму ў спіну вахцёрка. — Прыйшоў сюды гадзін у сем, такі рады — а чаго прыйшоў?..
Дзверы ў кабінет былі адчыненыя. У дзвярах Вінярскі сутыкнуўся з медсястрою — яна саступіла, прапускаючы яго. Ён, задыханы, спыніўся ў парозе, аббег вачыма кабінет, стараючыся
— А дзе… — прамовіў Вінярскі, паказваючы на кушэтку.
Сцяпанаў страсянуў галавою і перастаў глядзець так дзіўна.
— У рэанімацыі, наверсе, — адказаў ён.
— Ёсць надзея?
— Мала. Доўга ляжаў тут, позна знайшлі… Інфаркт!
— Нічога дзіўнага, з такой камплекцыяй, — адазваўся тэрапеўт, павярнуўшыся і выціраючы рукі аб кішэні халата.
Вінярскі прайшоў да акна — палавінкі былі прачынены, як ён і пакідаў. «Бачыў хто, ці не, што шпінгалеты зламаныя?! Сказаць зараз пра гэта? Ці зрабіць выгляд, што нічога не заўважаю і проста хачу прычыніць акно?..» Ён узяўся за ручку.
— Не трэба, — пачуўся ззаду голас Сцяпанава. — Хай праветрыцца.
— Я падымуся наверх, — сказаў тэрапеўт, — пазваню, калі што.
Сцяпанаў правёў яго да парога і ў парозе зноў пагаварыў з ім пра нешта; калі тэрапеўт пайшоў, павярнуўся да Вінярскага:
— А ты як тут сярод ночы?
— Выпадкова ехаў на таксі, з Жанаю… Убачыў з вуліцы, што святло гарыць… Жана, сяброўка, жыве ў Вяснянцы, можаце праверыць…
— Па мне — хоць у Серабранцы! — усміхнуўся Сцяпанаў. — Я проста гляджу — ты з чамаданчыкам.
— А, гэта так, браў з сабою, — Вінярскі асцярожна паклаў «дыпламат» на стол дзіркаю ўніз. — Але як тут Стэльмах апынуўся? Уночы… У яго ж адпачынак з учарашняга дня.
— Мала што. Забыў нешта, прыйшоў забраць.
— А як яго знайшлі?
— З суседняга корпуса ўбачылі, што святло гарыць.
— Адтуль жа не відаць нашага акна.
Вінярскі ведаў, што так гаварыць нельга, але спыніцца не мог.
Ізноў здзівіўся Сцяпанаў:
— Удзень, можа, і не відаць, а ўночы ўсё тут свеціцца… Ды і бачылі яго. Зайшоў — і няма, і няма.
— Ён… — Вінярскі сабраўся з духам, — нічога не казаў?
— Якое казаў. Сіні ўвесь. Вось страшная, дурная смерць — доктара ў бальніцы!
— Ды якая смерць? Нічога невядома яшчэ! Пакуль у рэанімацыі — нічога яшчэ невядома!
Сцяпанаў памаўчаў, сказаў:
— Я ў сябе буду, — і пайшоў.
Калі за ім зачыніліся дзверы, Вінярскі зноў, на гэты раз добра, уважліва агледзеў кабінет. Дзверцы антрэсоляў у шафе былі зачынены, крэсла каля шафы не стаяла. Але гэтага не магло быць! Ну, няхай крэсла ў мітусні, у беганіне маглі адсунуць, але каму трэба было зачыняць дзверцы, да якіх не дацягнуцца з падлогі рукою нават высокаму чалавеку?! Няўжо…
Вінярскаму ўявілася, як прыходзіць шчаслівы Іван Змітравіч, блізарукі, нават не заўважае, што з акном нешта не тое, становіцца на крэсла, корпаецца пад папкамі… Пуста! Яму робіцца блага. Ён злазіць ці мо нават падае з крэсла… Не, не падае! У тым і справа, што ён адразу здагадаўся,
хто злодзей! I, не жадаючы «падстаўляць» яго, злодзея Вінярскага, зачыняе дзверцы, знаходзіць сілы злезці, адсунуць ад шафы крэсла і толькі тады валіцца на кушэтку… Калі б ён пакінуў расчыненымі дзверцы ды крэсла каля шафы — маглі б западозрыць, што яму стала кепска пасля таго, як ён нешта ўбачыў — там, у шафе… Ці павінен быў убачыць і не ўбачыў… Пачаліся б разборкі, і рана ці позна выйшлі б на Вінярскага…Выходзіла, што стары доктар свядома, смерцю сваёй ратаваў Вінярскаму жыццё.
«Ды што за смерцю?! — жахнуўся раптам Вінярскі. — А калі выжыве?! А калі нават памрэ, перад тым, як памерці, тысячу разоў усё расказаць можа!»
Ён сяк-так паправіў шпінгалеты, закрыў акно — хоць у вочы не так кідаецца, схапіў невядома чаму «дыпламат» і пабег да Сцяпанава.
Калі ён зайшоў, Сцяпанаў клаў на апарат тэлефонную трубку. Вінярскі глянуў яму ў вочы і ўсё зразумеў.
— Трэба жонцы званіць… — ціха сказаў Сцяпанаў.
Вінярскі прысеў на крэсла каля парога. У вісках у яго тахкала: «Гэта я — забойца, я — забойца, я — забойца…»
VII
Дождж на пахаванні — заўсёды натуральна; прырода нібы сама смуткуе па нябожчыку, плача, шкадуе яго… Рэдкі дождж, нізкія цёмныя хмары, крыжы, помнікі, пах сырой могілкавай цвілі, высокія, мокрыя, строгія дрэвы, кроны якіх абляпілі чорныя вароны і зрэдку крычаць, у тон ціхаму галашэнню… Усё гэта так падыходзіць да настрою людзей, што сабраліся разам, кінуўшы ўсе справы, на самую важную ў жыцці, самую страшную цырымонію — назаўсёды закапаць у зямлю аднаго з іх.
Зрэшты, людзей на пахаванне Стэльмаха прыйшло нямнога. Дождж, нібы разумеючы, што гэта на развітанне, шчодра крапіў труну, белы, мёртвы твар чалавека ў труне, церусіўся на жоўты, гліністы жвір каля ямкі, і жвір проста на вачах меншаў, асядаў і нібы сам прасіўся, каб яго хутчэй вярнулі дамоў — ссунулі назад у яму. Стоячы вакол ямы, людзі пераміналіся, пацепвалі плячыма, крадком пазіралі на нізкае неба, на гадзіннікі, перашэптваліся.
— Якое дажджлівае лета…
— Труну, хоць труну трэба было ўзяць пад плёнку…
— Яму ўжо ўсё роўна…
— Не разумею, чаму нельга раскрыць парасон?..
На пахаванні розныя прыкметы, розныя рытуальныя дзеянні набываюць асаблівае значэнне — нават самы зацяты які-небудзь нявернік міжволі пачынае сачыць за сабою і за іншымі і рабіць тое, што ўсе. Сапраўды, ніхто не раскрываў парасон, хоць наўрад ці хто ведаў, можна гэта ці не. Быццам нейкая ланцуговая рэакцыя ўзнікла паміж людзьмі, і адзін глядзеў на другога, і кожны баяўся першы зрабіць нешта будзённае, жыццёвае, што магло б парушыць цырымонію. Ніхто не курыў.
Вінярскі стаяў па другі ад труны бок ямы, утуліўшы галаву ў плечы, схаваўшы рукі ў кішэні курткі, пад густой акацыяй, з якой яшчэ больш, чым з неба, капала, і, як і ўсе, не раскрываў парасон, хацеў курыць, але не асмельваўся. Ён толькі ў думках хваліў сябе, што, збіраючыся сюды, у апошні момант замест свайго заўсёднага белага плашча надзеў шырокую скураную куртку. Цяпер было і цяплей, і куртка была чорна-шэрая — не белы ж плашч на пахаванне! — а самае галоўнае, куртка была прасторная і ўнізе, на поясе, сцягвалася, таму пакунка з грашыма, што ляжаў за пазухай, зусім не было відаць. I рукі былі вольныя.