Ланцуг
Шрифт:
— Фрэйдызм, — канстатаваў Сымон.
Ізноў выпілі, на гэты раз многа, амаль па поўнай шклянцы, ізноў пабег да стойкі Васіль…
Вінярскі нечакана для сябе раптам заспяваў:
— Ці помніш ты, Жана, шчаслівы мамэнт…
Стары адразу ж падцягнуў:
— Як граў раз на дудцы нябожчык Вінцэнт…
«Гэта проста нейкі гімн іхні… Ах, што за цікавыя людзі! Як добра, лёгка з імі!..»
Калі Васіль вярнуўся са звычайным сваім наборам, Вінярскага ўжо зусім развезла — і ад таго, што вопыту такога, як у сваіх новых кампаньёнаў, не меў, і ад духаты — ён так і не здымаў куртку. Колькі яшчэ пілі і пра што гаварылі Васіль з Сымонам, ён не ведаў, бо проста заснуў. Апамятаўся ён на вуліцы, у прыцемках.
— Дзе ты жывеш?
— У… Вяснянцы, — ледзь прагаварыў Вінярскі.
— Ну і добра… Па дарозе.
Даехалі хутка, выбраліся з таксі каля нейкага пад’езда. Васіль паспрабаваў завесці Вінярскага ў гэты пад’езд, Вінярскі заўпарціўся.
— Я ведаю, куды ты мяне вядзеш! — упіраўся ён. — Але ўсё роўна люблю цябе… Гадзіннік прапіў… Ты — будучы наш гонар! — казаў ён Сымонавымі словамі і чамусьці ніякіх іншых не мог падабраць. — Н-на!.. — дастаў і пачаў піхаць у рукі Васілю пакунак з далярамі, — і адпусці мяне…
Той узяў пакунак, плюнуў:
— А, чорт з табою!.. Не хочаш, не трэба, — і пайшоў у пад’езд.
Вінярскі пастаяў, паазіраўся. Усе аднолькавыя вокны свяціліся, было халаднавата.
— Так — там кальцо, там — гастраном… Дык я недзе каля Жанінага дома! Значыць, мне туды.
Ён паплёўся на вуліцу і не паспеў выбрацца з-за дома, як ледзь не стукнуўся аб міліцэйскую «Волгу» з мігалкаю. Машына стаяла за вуглом, на тратуары. Яго заўважылі, дзверцы адчыніліся:
— Хадзі сюды!
Ён ступіў, стараючыся не хіснуцца, але, відаць, ад гэтага перабольшанага старання так хіснуўся, што ледзь не ўпаў.
— Што, паддаў? Дай закурыць, — папрасілі ў машыне. (Міліцыянеры заўсёды так робяць, каб праверыць, наколькі чалавек адэкватны.)
Вінярскі ляпнуў па кішэнях — пуста, якія там цыгарэты, усе скурылі ў кавярні. А мог бы аддаць пачак, як вучыў Васіль, і адмазацца…
— Я з пахавання… іду, — сказаў ён, нібы просячыся, замест таго, каб сказаць, што цыгарэт няма.
— Ну і што? Заблудзіўся?
— Не!
— Дзе ты жывеш?
— Каля фінскай запраўкі, — ён назваў дом і кватэру, але сам не быў упэўнены, што называе правільна.
— Добра, сядай.
Ён пакорліва залез на задняе месца, «Волга» развярнулася і паехала ў двары.
— Што вы пілі хоць? — спытаў міліцыянер за рулём, і ў яго голасе Вінярскаму пачулася зайздрасць.
— Гарэлку, — адказаў ён, цверазеючы з кожнай хвілінай, — водку, тоесть.
Ён сабе не паверыў, калі неўзабаве машына спынілася каля яго дома, доўга потым глядзеў у прахадны двор, куды, высадзіўшы яго, паехала «Волга». Затым няўмела перахрысціўся. «Хто ведае, што было б, калі б не аддаў Васілю даляры?!» — зусім ужо цвяроза падумаў ён.
Ў тую ноч Вінярскі спаў як забіты і прачнуўся з яснай, лёгкай галавою — радасны, дужы, адчуваючы ў сабе невядомую раней вольнасць; прачнуўшыся, успомніў учарашні вечар, як перадаў Васілю грошы, як яго адпусцілі, п’янага, міліцыянеры і як пасля таго нібы камень зваліўся з душы. Быццам не ад даляраў пазбавіўся, а ад жывой гадзюкі ў пакунку, якую вымушаны быў насіць за пазухай.
X
Сюды, у Вяснянку, Васіль, які за два гады пасля ўніверсітэта стаміўся цягацца па чужых людзях, перабраўся не так даўно, і перабраўся з вялікай радасцю. За кватэру трэба было плаціць большую частку яго карэктарскай зарплаты, затое — адзін, сам сабе гаспадар. Да таго ж у іх з Мілаю яшчэ пры жыцці Стэльмаха было вырашана, што ўвосень, калі Міла паступіць вучыцца, яны пажэняцца і ён пераедзе да Стэльмахаў (цяпер, пасля смерці Івана Змітравіча, гэтая жаніцьба, вядома, на пэўны час адкладвалася).
Кватэра была двухпакаёвая, і Васіль плаціў за яе як за двухпакаёвую, хоць на самай
справе адзін пакой быў зачынены на ключ — там захоўваліся рэчы і мэбля гаспадароў. У другім, дзе ён жыў, абстаноўка была спартанская: ложак, два чамаданы ў адным кутку, звязкі кніжак, папкі з паперамі — у другім. Пісаў Васіль на падлозе, лежачы на жываце, альбо на кухні, дзе быў столік і табурэт. Сябры, калі заходзілі ў госці, хвалілі яго і называлі такую абстаноўку «нармальнай творчай», затое Міла заўсёды жахалася і кожны раз упрошвала яго забраць ад іх і перавезці сюды хоць бы стары стол, які, разабраны, ляжаў у Стэльмахаў на балконе — яго трэба было толькі трошкі падрамантаваць. Васіль, смеючыся, адмахваўся, казаў, што на падлозе лепш пішацца…На раніцу пасля пахавання Стэльмаха і п’янкі ў кавярні Васіль ачомаўся, як ад штуршка, яшчэ ў прыцемках. Не было шасці, маўчала ўключанае радыё на кухні. І першае, што ён адчуў, быў боль галавы — знаёмы, невыносна-нудны; і разам з гэтым болем закруцілася ў галаве з рэальнай, каляровай, выпуклай яснасцю ўсё адразу: абяцанне Міле быць разам з ёю ў гэтыя дні, яго бесталковая мітусня на могілках, як потым пацягнуў гэтага хірурга ў кавярню, як там балбатаў і піў, піў, бы гарэлкі ў вочы не бачыў… I гэта замест таго, каб пасядзець ціхенька з людзьмі на памінках, суцешыць Мілу!..
Ён застагнаў уголас, зашыўся галавой пад падушку, паспрабаваў перабіць уяўленні ўчарашняга дня. Лепш уяўляць зіму, сіні лёд, чырвонае неба на захадзе, шоргат канькоў, стук шайбы аб клюшку, прыцэльны пас праз усё лёдавае поле — і шайба ляціць роўна, чуць падскокваючы на трэшчынках… Не, лепш хай лета, цупкі выган, Васіль — лёгкі, малады, шчаслівы, у белай майцы з 11 нумарам — прабягае з мячом па самым краі поля, падае, але мяч так цудоўна кладзецца на нагу, і ён паспявае зрабіць апошні, прыцэльны, салодка-жаданы пас — паміж двух абаронцаў, туды, на пустое месца перад самымі варотамі…
«Гадзіннік прапіў! — раптам успомнілася. — Японскі, падарунак Мілы…»
Ах, каб хоць так не муціла, каб хоць галава не раскалвалася! Каб хоць трохі зменшыліся фізічныя пакуты, а з душэўнымі ён бы тады як-небудзь разабраўся… А так — вось як цяпер жыць, падымацца, ісці на працу — на што ён такі варты?!
Няўжо гэта цяпер ён — той самы белагаловы ціхмяны хлопчык, які колісь трымаўся за руку маці, які любіў хадзіць у грыбы, у школе на кожнае пытанне цягнуў угару руку, умеў лавіць любую рыбу ў любой вадзе, зімою марыў, як добра было б цяпер у лёгкіх кедах на зялёнай траўцы падбіваць тугі паслухмяны мяч, а летам — як добра было б апынуцца ў зімовым заснежаным лесе, на лыжным следзе… І яшчэ шмат-шмат чаго іншага. I ён быў такім, любіў усё гэта, аказваецца, толькі для таго, каб раптам апынуцца на кватэры ў чужых людзей, на мулкім, вузкім ложку, з якога спаўзла на падлогу коўдра, прасціна скруцілася ў жгут і муляла бок, — апынуцца няшчасным, хворым, хаваць галаву пад збітую ў камень падушку…
Васіль — у каторы раз пасля такіх прачынанняў! — захацеў падмануць сябе, паспрабаваў марыць, як ён сёння ж звольніцца з працы, кіне тут усё, і Мілу, сяброў, паедзе ў вёску, у сваю хату, да маці, стане памагаць ёй, кіне піць… Гэта быў апошні сродак уратавацца ад пахмельнага раздзірання, і колькі разоў ужо гэты сродак яго выручаў!.. Здаралася, ён сапраўды не йшоў на працу, ехаў на вакзал, купляў білет (які потым здаваў назад); але часцей не даходзіла нават да білета — пакуль стаяў у чарзе, паступова «перахворваў», галава яснела, новыя думкі і пачуцці спачатку нясмела, а потым усё больш настойліва пачыналі даказваць яму, што нікуды не трэба ехаць, што маці сама не будзе рада яго вяртанню, што ў вёсцы ён элементарна не знойдзе нават капеечнай працы і яму не будзе за што купіць пачак цыгарэт — атрымаецца, ён прыедзе, каб сесці матцы на шыю.