Любіць ноч — права пацукоў

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Любіць ноч — права пацукоў

Любіць ноч — права пацукоў
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

I. Уварванне

Цяпер, праз адфільтраваную ў часе памяць, мінулыя гады ўжо не ўспрымаліся нешчаслівымі, і ўсё было па-за парогам адчування, нават нараджэнне хворага хлопчыка і смерць мужа не здаваліся ей катастрофамі, як тады, пакуль не з’явіліся тыя людзі, — раптоўна, быццам з іншага вымярэння, і яна не ведала, адкуль яны і чаму не тлумачылі свае з’яўленне, бо спачатку яны пасяліліся на ўскраіне ў канцы вуліцы, якраз за ўчасткам маёра Фралова, бо той русак выйшаў у адстаўку і пасля вайны асеў у іх мясцінах, тут яму пабудавалі дом, ён недзе служыў, але неўзабаве кінуў, і ў яго доме пачалі піць, і не так, як пілі суседзі ці ўвогуле мясцовыя, — у доме Фраловых пілі ўсе: ён, яго жонка і дарослыя дзеці — дачка Феня і сын Клім; маёр сядзеў штодня на лаўцы перад сваім домам, брывасты, з жабіным ротам, і па-дурному ўсміхаўся ці зрэдку пачынаў выкрыкваць нешта пагрозлівае

так, маць вашу, так, уга-ха

яго і знайшлі неяк раніцай ля той лаўкі, а потым усё пацягнулася як і раней,

пакуль дом не апусцеў — Феню звёз малады афіцэр, а апошнім знік маёрскі сын Клім: казалі, што яго асудзілі па «хуліганцы» — дзвесце першаму артыкулу — і ён хутка выйдзе на волю, але ён так і не вярнуўся, і тады, стаяла якраз лета, з’явіліся тыя людзі, з імі шмат крыклівых дзяцей — быццам сям’я, і ветліва віталіся

зрасстэ, зрасстэ

а на якой мове яны размаўлялі паміж сабой, яна так і не здолела зразумець, і іх рабілася ўсё больш і больш: яны пакрысе асвоілі пуню і павець у маёрскім садзе, а потым быццам папрасілі дазволу (хутчэй за ўсё і не думалі прасіць — у каго, дарэчы?) пасяліцца ў яго кінутым доме, бо нашчадак (Клім), пэўна, згубіўся, ці то ў лагерах, ці то на расейскіх прасторах, але гэтага ніхто не ведаў; дык вось, яны ададралі неяк удзень дошкі з вокнаў маёрскай хаты і пачалі там жыць, і амаль адразу ж да іх панаехалі аднекуль здалёк, спачатку на машынах простых, на «капейках», а потым і на іншамарках, а затым да дома зрабілі прыбудову з цэглы і там пасяліліся яшчэ людзі, а потым за павеццю вырас перанесены аднекуль зблізу драўляны дом — усё гэта адбывалася хутка, амаль што імкліва, яна нават не паспявала заўважаць, але не заўважаць, быццам іх і не было, не даводзілася, бо яны ўжо не казал і пры сустрэчы

зрасстэзрасстэзрасстэ

а не віталіся зусім, быццам яе тут не існавала, і тут якраз паваліўся плот, ці, можа, яны знарок гэта зрабілі, бо іх жанчыны пачалі карыстацца той яе дальняй часткай саду як прыбіральняй, выходзілі з раніцы, падбіралі спадніцы і гадзілі там, а дзеці іх ужо сноўдаліся па ўсім гародзе, выядалі ўсё, што спела, расло, і крычалі адно аднаму, здавалася, толькі адно зразумелае ей слова

дайдайдайдай

і вырывалі адно ў другога з рук, з рота, а потым яны раптам заўважылі хлопчыка, дакладней, заўважылі, што ў таго не ўсё ў згодзе з псіхікай, са здароўем; адкуль ім было ведаць, што хлопчык нарадзіўся з хваробай Даўна па той простай прычыне, што быў зачаты там, дзе дазіметры паказвалі больш як пятнаццаць кюры, да таго ж муж пачаў піць і не захацеў спыніцца, так яно і атрымалася — бяда адна ніколі не ходзіць, казалі ей, яна і сама не раз упэўнівалася ў той вядомай усім ісціне, але штоодня глядзець на хлопчыка ўсё роўна было балюча, хаця той быў такі рахманы і ціхі і размаўляў з птушкамі, пчоламі, восамі, чмялямі, жабамі, трусом у клетцы, якога зваў Піля (зменшанае ад Піліпа) і карміў таго дзьмухаўцамі, прыгаворваючы

ПіляПіляПіля

Трус белага колеру, атлусцелы, як шар, хутка-хутка працаваў сківіцамі за дротавай рашоткай клеткі, паядаючы траву, і пазіраў на хлопчыка круглым чырвоным вокам, і калі што яму не падабалася, гучна грукаў аб падлогу заднімі лапамі

трахбах

даўнёнак радасна ўсміхаўся і рабіў выгляд, што пужаецца, і гаварыў

ешешешеш

вось дзеці тых перасяленцаў ці бежанцаў (як яны пра сябе казалі) пачалі падбірацца да яе Улі (так яго звалі ад сапраўднага, дадзенага пры нараджэнні, Юльян), бо даўнёнак сам казаў пра сябе

Уля

і спачатку быццам жартавалі: шчыкалі, тузалі яго, але іх жарты набывалі ўсё больш садысцкае адценне, і даўнёнак пачаў іх баяцца, хаця ўвогуле любіў вазіцца з дзецьмі, пакуль яны, тыя дзеці прыхадняў, не пачалі піхаць і штурхаць яго, а потым і біць па твары, па руках, і даўнёнак не разумеў гэтага і хаваўся ў хаце і не хацеў потым выходзіць у сад, а затым з клеткі знік трус — ўвогуле гэтага трэба было чакаць, бо яго проста скралі і з’елі, нават косткі не пасаромеліся выкінуць за павалены плот, дзе ўтварылі сметнік, і яна каторы раз пайшла з імі сварыцца, але, як і першы, і другі, і трэці раз, з гэтага нічога не атрымалася — яе проста не заўважалі, і тады яна звярнулася да ўчастковага, былога вяскоўца, зухаватага, маладога яшчэ, гадоў трыдцаці, вузкага ў плячах і ўжо аб’ёмнага ў паясніцы чалавека, які дасягнуў межавай для сябе вышыні — падняўся да лейтэнанцкага звання, і той хадзіў разбірацца і на яе пытанні заўсёды казаў

тактак

нешта з паважным выглядам крэсліў у сябе ў блакноце асадкай, пукаціў чорныя, ухілістыя вочы і зноў казаў

тактак

і яна ў думках ужо зняважліва звала яго Тактакам і разумела, што спадзявацца на яго ці на які закон дарэмна, бо Тактак збольшага растлумачыў ей, што тыя першыя бежанцы ўжо прапісаліся праз гарвыканкам і набылі нават грамадзянства, і каб даказаць, што яны гандлююць наркатой (а яна ўсё часцей заўважала, як да чужынцаў звярталіся маладыя дзяўчаты і хлопцы, а апошнім часам і падлеткі, і некаторыя з іх так спяшаліся, што карысталіся шпрыцамі прама на вуліцы, за плотам), трэба сур’ёзныя доказы

тактактак

тлумачыў ей участковы і адводзіў вочы, у яго ўжо з’явілася іншамарка, ён увесь час некуды спяшаўся, і яна канчаткова дапяла, што ніхто не паварушыць і пальцам у яе абарону, бо суседзі, што жылі далей па вуліцы, займаліся кожны сваім і рабілі выгляд, быццам навакол нічога не адбываецца, і заставалася адно —

прасіць парады і, магчыма, дапамогі ў брата Данілы, які калісьці жыў тут, разам з ёй, і тады быў невялікі правінцыйны горад Янаўск (такі ён, дарэчы, і застаўся) і была сям’я, а цяпер яна засталася ў гэтым Янаўску адна: хіба даўнёнка можна лічыць за памочніка, меркавала яна і з жахам чакала кожнай ночы, бо начамі, як ні дзіўна, актыўнасць прышэльцаў узрастала: рыкалі маторы аўто, нехта прыязджаў ці, наадварот, ад’язджаў, даносіліся ўвесь час чыесьці галасы, крыкі, а то па садзе нехта хадзіў, яна была ўпэўнена, што часам і заглядвалі ў вокны, але чамусьці асабліва страшылася яна па начах хляўка ў глыбіні саду, ля самага паваленага плота, свайго хляўка, адкуль ужо неаднойчы знікалі то рыдлёўка, то граблі, то што з інструмента мужа-нябожчыка, а пільнаваць усё гэта яна не магла, і ніякія замкі тут не дапамаглі б, яна была ўпэўнена, пасля таго, як купіла адзін такі ў гаспадарчай краме і навесіла, але ён знік разам з клямкай на другую ж, здаецца, ноч, і яна зразумела, што захаваць тут нічога немагчыма, але, тым не менш, трэба было, бо насоўваліся восень і зіма, а з надыходам халадоў ей неабходна было апальваць дом, хіба дзеля даўнёнка, дзеля таго, каб неяк жыць далей, бо яна ведала, што адказвае за гэта безабароннае жыццё, анягож, і ў думках хацела толькі аднаго — каб аднойчы яна прачнулася і ўбачыла, як згінулі, праваліліся скрозь зямлю нахабныя чужынцы, гэтая набрыдзь, але пакуль усё заставалася па-ранейшаму, бо ў тым хляўку не толькі выкруцілі лямпачку і адарвалі провад, а і ўвогуле звечара станавілася вусцішна, нават дзіка, бо аднойчы, калі яна пайшла туды са свечкай, каб адшукаць сокавыціскалку, і запаліла тую свечку сярнічкай, то раптам агеньчык патух, быццам з-за пляча яе нехта яго задзьмуў, і жанчына спачатку анямела ад незразумелага ей жаху, а потым кінулася да дзвярэй і апамяталася толькі ў хаце, і шкадавала, што няма тэлефона (яшчэ не падышла яе чарга, хаця, як настаўніца, яна мела нейкія нязначныя прывілеі), гладзіла па галаве даўнёнка, які, хоць і было позна, чамусьці не спаў, і гаварыла

у доме павінен жыць мужчына, інакш гэта не дом

а даўнёнак, які церабіў старую цацку і пазіраў убок, сумна ўсміхаўся і паўтараў у прастору перад сабой

ПіляПіляПіля

і тут яна канчаткова вырашыла паведаміць брату, але не званіць яму, не прасіць прыехаць неадкладна, а проста напісаць ліст, у якім хіба што збольшага прыгадаць пра ўсё тое, што адбывалася тут з ей, і папрасіць парады, што ей рабіць далей, і на другі дзень выбрала час, знайшла канверт, аркуш паперы і пачала выводзіць словы

«Дабрыдзень, Даня…»

і надоўга задумалася, але потым рашуча працягвала пісаць, пакуль не напісала ліст і не заклеіла яго ў канверт, а даўнёнак сядзеў побач і казаў

ДаняДаняДаня

бо акрамя пчол, восаў, якія, дарэчы, ніколі не кусалі яго, розных раслін, мошак, жаб і птушак ён любіў яшчэ яе і свайго дзядзьку Данілу якога зваў, як і яна, памяншальна — Даня, і голас яго радасна зазвінеў

ДаняДаняДаня

казаў ён, а яна ківала хлопчыку галавой і думала пра тое, як ей пакінуць яго аднаго, пакуль яна ходзіць у краму, бо цяпер, хаця і лета і ў яе адпачынак, а значыць, што дзіцё пры ей, але яна апошнім часам стала ўсяго баяцца, а гэта ўжо зусім не жыццё, калі ўвесь час у галаве, нібы цвік, адна і тая ж думка

небяспеканебяспеканебяспека

і яшчэ ў чужынцаў з’явілася пакаёўка, — яны прывезлі яе аднекуль здалёк, пэўна, адтуль, дзе жылі раней, і якую звалі Васіліна, — русачка гадаў сарака пяці, высокая, худая, з вульгарным тварам крымінальніцы і моцнымі, доўгімі рукамі, але яе ніколі не бачылі п’янай ці з цыгарэтай у руцэ; у яе былі чорныя блукаючыя вочы і цупкі і прывязлівы позірк, часам як у вар’яткі, а ей падпарадкоўваліся дзве паслугачкі ў гадох — яны то мылі бялізну, то даглядалі і мамчылі дзяцей, якіх станавілася ўсё больш і больш, і ўсіх гэтых траіх, найбольш Васіліну, жанчына чамусьці вылічыла і не засцерагалася, як тых чужынцаў, асабліва пакаёўку, якая здавалася ей хаця і прымітыўнай і незразумелай, але ўсё-такі больш блізкай істотай, з якой яна аднойчы нават перакінулася словам, хаця тая і не вельмі хацела размовы, у рэшце рэшт і сама размова атрымалася імклівай і нелагічнай, але, меркавала яна, так і бывае ў жанчын, успамінаючы, як тады спытала ў пакаёўкі

здалёк прыехалі?

і нервова рыхтавалася задаць яшчэ пытанні, іх было шмат: пра тое, хто яны такія, чаму з’явіліся і чаго хочуць, якія ў іх мэты — павінны ж быць у людзей нейкія мэты, але пакаёўка пакінула яе пытанні без адказу, а ў сваю чаргу пыталася

а чорны хлеб можна есці?

і тлумачыла

у ім, кажуць, радыяцыя, бо ён з жыта, а пшаніца прывазная і цікавілася а тут правяралі зямлю, паветра?

і, калі пачула, што радыеактыўнасць тут значна меншая, чым, напрыклад, у паўднёвых раёнах, адразу перапыніла размову, проста завярнулася і пайшла, і ўсё гэта здалося тады жанчыне нерэальным і невытлумачальным, як бывае ў сне, але ж гэта было наяве, і яна ўсё-ткі супраціўлялася і імкнулася шукаць хаця б паразумення, але тыя прыхадні рабілі сваю справу з механічнай мэтанакіраванасцю насякомых, якія адкладваюць свае яйкі на аблюбаваныя імі ахвяры, і вынік нібы быў імі прадугледжаны, быццам яны толькі выканаўцы непаразумелага ей і адхіленага ў часе валявога акту, і жанчына хадзіла ля дома, пазіраючы ў бок суседзяў, і вусны яе зноў варушыліся, каб вымавіць адно і тое ж

Комментарии: