Любіць ноч — права пацукоў
Шрифт:
ррррррррррррррррррр
а потым гук паступова заціхаў, толькі праз паўзы ажываў стары халадзільнік на кухні
ўжыўжыўжыўжы
і звыклая туга і сум авалодалі ім, але тут ён заснуў ізноў; ужо ў сне, пабачыў раптам тую раку, быццам ён плыў па ей на хісткім чоўне, голы і, вяслуючы, усё трывожыўся пра тое, як ён голы выйдзе на бераг, пэўна, яму ж сустрэнуцца людзі, але раптам прачнуўся і ляжаў у ложку, а потым задрамаў зноў, ваўсю раўлі ўжо маторы на вуліцы, але сон быў павярхоўны, неглыбокі, і — калі ён прачнуўся другі раз — трэба было збірацца, ён памыўся, апрануўся, ускінуў на плячо сумку і сказаў сыну, які якраз выйшаў са свайго пакойчыка,
ну, нашчадак, я на дзень, два знікаю, пазваню, калі што, ты ўжо тут сам воз вязі, грошы я пакідаю, прадукты ёсць, жыві.
Сын кіўнуў — ён быў яўна задаволены, пэўна, намеціў ужо прывесці дзеўку нанач, а пры бацьку саромеўся, падумаў
уй, какіе мы холосенькіе, правда, правда мы холосенькіе
а потым аддала яго жанчынам — яны ўжо быццам усміхаліся, і Даніла Прусак зноў заплюшчыў вочы, доўга раздумваючы пра тое, што бачыў, і так даехаў да патрэбнай яму станцыі, дзе пакінуў свае месца, яшчэ праз вакно выхапіўшы вачыма шыльду над будынкам вакзала
ЯНАЎСК
што азначала назву гэтага сярэдніх памераў раённага цэнтра, такіх гарадоў ён пабачыў за свае жыццё нямала, але гэты ведаў больш за ўсіх, бо нарадзіўся і жыў тут даволі доўга, і, як заўсёды, на некалькіх прыпынках стаялі паныла купкі людзей, швэндаліся бамжы, а ўбаку, ля крамак, дзяжурылі дзве маладыя прастытуткі, і адна з іх беспамылкова пазнала ў ім прыезджага і заўсміхалася, выставіўшы наперад далоні з растапыранымі пальцамі, што азначала, пэўна, лічбу — дзесяць даляраў, і ён не стаў чакаць аўтобус, пайшоў пешшу, бо вакзалы заўсёды наганялі на яго трывогу, а да дома, дзе жыла сястра Люба, было з паўгадзіны хады, прахожыя ішлі яму насустрач, а то і абганялі, гучна прамаўляючы паміж сабой, значна гучней, чым у сталіцы, а то часам брыдкасловілі, пускаючы ў паветра дымкі цыгарэт і адкідваючы прама пад ногі ці ў бакі недакуркі
так яго і разгэтак
чуў ён і паволі ішоў далей, удыхаючы паветра, і паветра тут было нават горшае, чым у сталіцы, думаў ён, разглядаючы рэдкія вітрыны і прыцэньваючыся — варта купіць што-небудзь для даўнёнка, — але раптам заўважыў на тратуары аднакласніцу Алесю, якая раней была звычайная школьніца з пышнымі прыгожымі валасамі колеру спелага жыта, гэтыя валасы, падумаў Даніла Прусак, і саслужылі ей дрэнную службу, бо ў горадзе неяк пабудавалі новы завод, вядома, ваеннага прызначэння, але ў адным з цэхаў дзеля камуфляжу пачалі распрацоўваць бытавыя прыборы, у тым ліку і фен для валасоў, і на вокладку ўпаковачнай каробкі спатрэбіўся рэкламны здымак маладой дзяўчыны — вось яна і трапіла на вока фатографу, і выява яе галавы з распушчанымі валасамі з’явілася на каробках з фенамі, а потым гэтыя здымкі пачалі наклейваць маладыя вадзіцелі на свае грузавікі
АЛЕСЯ
чыталі гараджане на скрынях з фенамі і на кабінах машын, якія вадзілі чырванашыія ўчарашнія армейцы, а потым у правінцыйны гарадок завітаў сталічны кінарэжысёр, які здымаў тут царкву і мост, і паабяцаў зняць у фіьме Волечку: яе сапраўднае імя было Вольга, і яна хадзіла да рэжысёра ў гасцініцу, а потым, калі той з’язджаў назад у сталіцу, спрабавала засіліцца — звычайны «тэатральны суіцыд», і вось цяпер яна ўбачыла Данілу і адразу пазнала яго (заўсёды пазнавала), памяць яна мела надзвычай учэпістую, пераходзіць на другі бок вуліцы было позна, і Даніла Прусак сказаў
ну, прывет, Волечка, усё прыгажэеш
а яна заўсміхалася гнілымі ад незалечанага карыесу зубамі і папрасіла адразу
дай цыгарэтку
і ён сказаў
я і ў школе не курыў, ты ж памятаеш
хацеў ісці далей, але яна спытала неспадзявана
навошта ты прыехаў у гэты горад, Данііл?
ўдакладніла
ён жа мёртвы, тут усе мёртвыя
быццам з вачэй яе на імгненне-другое ўпала заслона, бо ён убачыў раптам у іх асэнсаванасць, тугу і боль, і сказаў
ты ж жывеш у ім, і іншыя людзі, бо не могуць жа ўсе перасяліцца ў Парыж
ці Прагу ці нават у якую Вільню па суседствуале яна сумна ўсміхнулася
таму і не могуць, бо з іх жыццё высмактана, уцякай адсель, Данііл, а то ён змарнуе і цябе, высмакча і твае сілы, забярэ ўсё, — ты ненадоўга сюды, праўда?
і дадала настальгічна
а памятаеш наш клас?
на што Даніла Прусак адказаў
а як жа, памятаю, сустракаю таго-сяго іншым разам, вось як цябе
і адчуў сябе ніякавата, бо не любіў пустых успамінаў і робленых размоваў, але яна перапыніла
з таго класа амаль палова ўжо на могілках ляжаць, я запісваю ўсіх, па нумарах
і тут ужо ён па-сапраўднаму здзівіўся
навошта ж запісваць, які сэнс?
а Вольга-Алеся адказала
яны ўсе кпяць з мяне, смяюцца, а спачатку зайздросцілі, дык хто тут застаўся, не з’ехаў — адыходзяць цяпер адзін за другім, я апошняя буду, ужо тады толькі перадусім пасмяюся
але, быццам заслона з’явілася зноў, яна захіхікала, а з апухлага, у зморшчынах, твару глядзелі ўжо на яго вочы той, якой яна была хвіліну назад, — вочы напаўюродкі
усіх перажыву
какетліва парасмыкнула плячыма, падміргнула, а калі ўбачыла, што мужчына збіраецца крочыць далей, дадала
ты адзін, Данііл, з мяне ніколі не смяяўся, не думай, я ўсё бачыла
і затрымала яго за кашулю
дай хоць пару паперак, я за півам збегаю, тут недалёка
і ён дастаў з кішэні некалькі дробных банкнот і, не гледзячы, сунуў ей у рукі, і твар яе — старэчы, у зморшчынах — палагоднеў, а ей жа толькі і ўсяго — каля сарака, думаў Даніла Прусак, ідучы далей па цэнтральнай вуліцы, і гэтая вуліца была яму знаёмая: з пяціпавярховымі дамамі, у якіх жылі ў асноўным рускамоўныя вайскоўцы ці былыя вайскоўцы, і ў памяці яго раптам узнік успамін пра тое, як ішла яшчэ на пачатку той перабудовы па гэтай вуліцы рэдкая рыска людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і як на іх зверху, з вокнаў, ляцелі агрызкі і смецце, і мужчына па прозвішчу Даніла Прусак перасмыкнуў плячыма і спыніўся ля вітрыны крамы, дзе пабачыў сябе ў люстэрку — хударлявага, сярэдняга росту бландзіна з шэрымі вачыма і вузкім доўгім тварам, — продкі яго былі са Случчыны, а там здаўна аселі балты, прусакі, адсюль, пэўна, яго і прозвішча, цэлы сельсавет так і называўся — прускі; ён паволі пайшоў, азіраючыся па баках, але ўсё навокал было як раней, хіба толькі яшчэ больш адчуваўся агульны заняпад: у многіх кватэрах вокны былі выбітыя і закладзеныя фанерай, а то і заткнутая рыззём, каналізацыйныя люкі зеўралі пустатой, там-сям іржавелі паваленыя агароджы, а каля харчовых крамаў тоўпіліся брудныя мужчыны і жанчыны з азызлымі азіяцкімі тварамі ў чырвоных пражылках — тварамі аматараў спіртнога і апушчэнцаў, і адтуль даляталі ўвесь час рэзкія крыкліва-істэрычныя воклічы
матахудабатак і гэтак!
чуў ён, але да боек пакуль не даходзіла, хаця на тварах некаторых з іх бачныя былі старыя і свежыя драпіны і сінякі, тут жа ішоў гандаль цыгарэтамі, жавальнай гумкай — той драбязой, што давала ім магчымасць зноў выпіць шклянку-другую таннага віна і выкрыкваць свае незадаволенае
хуратаматак і разгэтак!
але ім гэта жыццё было даспадобы, не інакш, думаў Даніла Прусак, бо хто перашкаджаў любому з іх перайсці на другі бок вуліцы і трапіць у іншы свет, дзе заняцца чым-небудзь больш прыстойным, толькі яны не жадалі і не хацелі альбо не разумелі, як тая Алеся, якой калісьці ўсміхнуўся выпадак, але тут жа засмактала, быццам саромеючыся за сваю памылку, бездань, і, абыходзячы лужыны, смецце і бруд, ля якіх там-сям ляжалі, праважаючы яго залепленымі гноем вачыма, худыя, заражоныя лішаём, бадзяжныя сабакі, мужчына ямчэй перахапіў сумку і пакрочыў па вуліцы, якая вяла да ўскраіны, і горад быў ужо быццам той і не той, нешта няўлоўнае змянілася ў паветры, мо таму, што памяняліся некаторыя шыльды і з’явіліся прыватызаваныя крамы, а над мэрыяй зноў лунаў чырвона-зялёны сцяг, і яшчэ ў нечым зусім іншым, хто ведае, ці, можа, у тым, што пабольшала жабракоў і папрашаек, як вось цяпер, думаў мужчына, калі ўбачыў на тратуары сляпога цемнаскурага і чорнавалосага малалетку гадоў дзесяці-дванаццаці, які сядзеў, вытарашчыўшы ў неба бялкі вачэй, а побач стаяла невялікая картонная скрыня, на пярэднім баку якой было выведзена па-расейску і з памылкамі
«…подайте люди добрые Христа ради инвалидам бежинцам кто чьто можит»
і прахожыя кідалі ў скрыню, асабліва жанчыны, а Даніла Прусак запаволіў крок ля крамы і хацеў ужо зайсці ўнутр, але міжволі спыніўся, бо ў люстэрку ў вітрыне ўбачыў, як жабрак-малалетка за яго спінай раптам спрытна ўскочыў на ногі і, зыркнуўшы па баках цалкам здаровымі і відушчымі вачыма, а побач з ім якраз нікога не было, выграб са скрыні грошы і крыкнуў, азірнуўшыся назад, на незразумелай мове
будулагашарага!