Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Любіць ноч — права пацукоў

Станкевіч Юры

Шрифт:

небяспеканебяспеканебяспека

пакуль аднойчы яна не вырашыла па-добраму пагаварыць з іхнімі жанчынамі, — няхай ей і не пашанцавала з суседзямі, дый і ўсёй вуліцы таксама, але паразуменне павінна быць знойдзена, трэба ж неяк жыць далей, і ўзяла з сабой пакет з пернікамі — гасцінцы іх дзецям — і пайшла прама цераз павалены плот, — жанчыны на былым фралоўскім падворку таксама к вечару збіраліся разам, — яна пачула тэта па рэзкіх крыках і дзіцячаму віску, але размовы, як і раней, і тады ў іх не атрымалася, а разам з тым і паразумення, бо хаця дзеці іх і павырывалі і расхапілі ў яе з рук пернікі, жанчыны тыя абмежаваліся двума-трыма фразамі, нават у дом не запрасілі, хаця яе здзівіла тое, што яны ведалі і імя яе, і прозвішча, калі пыталі бесцырымонна на ламанай рускай мове

а брат, сэстра ў тэбя ест?

а што

ў малчыка?

а гдэ работаеш?

пасля чаго ўвогуле хутка страцілі да яе цікавасць, тут якраз да брамы пад’ехала іншамарка, адкуль вылезлі некалькі жукаватых і крыклівых мужчын і жанчын, і яна скіравала назад, цераз павалены плот, і дома ўжо з раптоўным сорамам успамінала, як стаяла перад імі: проставалосая, з чырвонымі плямамі на шчоках, прыніжана стараючыся знайсці паразуменне там, дзе ім і не пахла, а потым, ужо ўвечары, прывезлі з гартапа выпісанае на зіму паліва — крыху дроў і брыкету, і скінулі ўсё гэта на вуліцы перад брамай, і яны ўдваіх з даўнёнкам насілі ў хлявок, але перанеслі няшмат, бо наступіла ноч, і яны пайшлі ў дом, дзе яна накарміла даўнёнка кашай і напаіла гарбатай, а потым паклала яго спаць і легла сама, а калі прачнулася — ужо світала, яна выйшла на падворак, зазірнула за браму і ўбачыла, што ні брыкету, ні дроў ужо не засталося, а напярэдадні яны з хлопчыкам перанеслі ў хлявок хіба трэцюю частку таго паліва, і скамянела, сціснуўшы вусны, бо нават слезы не хацелі з’яўляцца ў вачох, мо тады яна адчула б палёгку, але жанчына адагнала гэтыя думкі, як не маючыя сэнсу, і скіравала прама цераз павалены плот, які яна ўжо не раз падымала і ўмацоўвала, але яго валілі зноў і зноў, і пачала грукаць у дзверы былога фралоўскага дома, але ніхто ей і не думаў адчыніць, хаця фіранкі на вокнах варушыліся і за ей відавочна назіралі, і так яна прастаяла нейкі час, а потым завярнулася і пайшла, і тут ззаду бразнула фортка, і ўслед ей паляцеў кусанак яблыка, які ўпаў пад нагамі, ледзь не трапіўшы ў спіну, а потым фортка з трэскам зачынілася, і жанчына на некалькі секунд знерухомела, ліхаманкава шукаючы варыянт далейшых паводзін, але сітуацыя была ўжо небяспечнай не толькі для яе — яна з усіх сіл імкнулася стрымацца, бо памятала пра дзіцё там, у хаце, і вярнулася дадому, дзе села ў крэсла і пачала думаць, як жыць далей, але тут прачнуўся хлопчык і завёў свае

ПіляПіляПіля

і трэба было дапамагчы яму апрануцца і накарміць: яна рабіла ўсё механічна, як заведзеная лялька, толькі вусны шапталі, па меры таго як яна супакойвалася

небяспеканебяспеканебяспека

а потым пайшла да суседа, які жыў з іншага боку ад фралоўскай хаты і якога звалі Іосіф Манюка — гэта было сапраўднае яго прозвішча, а наколькі ён адпавядаў яму яна б завагалася адказаць, бо Юзік, як яго тут звалі, працаваў у райспажыўсаюзе нарыхтоўшчыкам, а прасцей кажучы, старызнікам, збіраў па горадзе розны хлам, і ўвесь двор і гарод яго былі заўсёды завалены ржавымі трубамі, анучамі, сапсаванымі чыгунньші радыятарамі, бочкамі ды розным іншым жалеззем, чаму нават адпаведную назву ці слова цяжка было знайсці, і вось яна прабралася праз увесь гэты хлам і зайшла ў дом, дзе яе сустрэла пятнаццацігадовая Рэгіна — дачка Манюкі: ужо зусім аформленая ў жанчыну, чарнавокая і з крыху выцягнутымі наперад, як і ў яе бацькі, сківіцамі — і паведаміла

а бацька дома, адпачывае

і пайшла праз вітальню наперад, адкуль ужо даносілася мармытанне тэлевізара, а потым з’явіўся і сам Іосіф Манюка; высунутая яго сківіцы нешта жавалі, і сказаў

праходзь, Люба

і тут жа спытаў асцярожна

ну, як жывеш, з чым прыйшла?

і запрасіў сесці, сеў сам на пацёртую, у плямах канапу, і жанчына пачала нервова расказваць пра тых прыхадняў-бежанцаў, голас яе задрыжаў ад хвалявання, пакуль яна гаварыла пра тое, што адбылося з ей за апошнія суткі, але раптам нібы ачуняла, бо Манюка зірнуў убок і перабіў яе трывіяльнымі словамі

усе яны — таксама людзі і ім жыць трэба, анягож

і адвёў вочы, а яна пасля яго слоў сцялася і зірнула на Манюку больш уважліва, але ўжо праз якую секунду збянтэжанасці знайшлася што адказаць, і словы яе прагучалі, як прыхаваны ўкол гаспадару дома, калі яна вымавіла

і ты б, сусед, за Роняй сваей прыглядваў, а то ля яе занадта тыя чужынцы пачалі круціцца

але Манюка, пэўна, ужо нешта ў сваей галаве абмазгаваў, пралічыў і вырашыў, бо сказаў

што мы зробім,

калі і ўлады і міліцыя рады не могуць даць

і дадаў

а можа, і не хочуць

але яна ўжр не слухала, бо яе на ваніты пацягнула ад такіх слоў, і яна паднялася з крэсла, таропка кіўнула, развітваючыся, і пайшла, а гаспадар цягнуўся следам, жаваў выцягнутымі наперад, як у малпы, сківіцамі і гнуў свае

усім жыць трэба, усе хочуць есці, піць, анягож

а яна ішла па вузкай, заваленай смеццем і зарослай ля плота дзядоўнікам, падбелам і падарожнікам вуліцы і думала, што жаданні есці, піць і спажываць як мага болей — хіба не гэтыя інстынкты валодаюць светам, і калі свет толькі такі, дык ён варты свайго лесу, а даўнёнак ужо чакаў яе на верандзе, бо ў сад ён, як яна адзначыла, без яе не выходзіў, і гаварыў

ПіляПіляПіля

а потым сумна ўсміхнуўся, зусім як дарослы, і сказаў

мы грэбаныя псіхі

і папрасіў

кашыкашыкашы

а яна, унутрана сцепануўшыся, пацікавілася

хто табе пра псіхаў давёў?

на што даўнёнак паказаў пальцам у бок фралоўскага дома, а яна сказала

не гавары так, а то прыедзе Даніла і будзе на цябе крычаць

і даўнёнак адразу пераключыўся

ДаняДаняДаня

а яна пайшла ў хлявок па сіта, каб працерці парэчкі хлопчыку на джэм, стараючыся не глядзець на абабраныя і абламаныя кусты і яблыні ля плота, а ля самых дзвярэй у хлявок спынілася, бо пачула адтуль галасы: спачатку дзявочы, які прасіў

ну, не трэба, не

а потым мужчынскі, які гучэў неразборліва і гугнява

бугубудубугуду

ціха прыадчыніла дзверы і ўбачыла на старой канапе, якую сама калісьці выкінула сюды з хаты, дзяўчыну ў жоўтай трыкатажнай майцы, светлавалосую, з вострым тварыкам, на якім выдзяляўся тлуста падведзены памадай рот, спадніца яе была заголена, майткі валяліся на падлозе, аголеная рука звісала з крэсла, што стаяла побач з канапай, а да яе спінай, так, што твару не было бачна, а толькі чорная валасатая патыліца, сядзеў, пэўна, адзін з тых падлеткаў, што пасяліліся ў фралоўскім доме, торкаў шпрыцом і гаварыў гугнява

ну, рука ў цябе, в натуре, «дарогу» не знайсці

зноў торкаў, а жанчына праз прыадчыненыя дзверы назірала ўсё гэта і стаяла так з паўхвіліны, пакуль урэшце яе ўбачылі, пасля чаго дзяўчына падхапілася на канапе і абцягнула ногі сукенкай, але хлопец стрымаў яе палахлівы імпэт і, нахабна вышчарыўшы ў залатых каронках зубы на цёмным, вузкалобым твары, на якім, здаецца, валасы раслі ад самых брывоў, абарваў

тусуй ты адсель на х…, сука старая

спрытна падскочыў да дзвярэй і захлопнуў іх знутры

бугубудубугуду

яшчэ гугнеў ён там і мацюкаўся, а яна ўжо бегла да веранды, дзе, як ведала, стаяла ў шкапчыку бутэлька з бензінам, адшукала і, не памятаючы сябе, кінулася назад, да хляўка, вырвала зубамі корак і лінула з бутэлькі на дзверы і на сцены, але запалак у кішэні фартука не знайшлося, і яна зноў памкнулася на веранду, а калі вярталася, ўбачыла дваіх — зусім не тых дзяўчыну і хлопца, а іншых падлеткаў, — на яе погляд, з дома, які быў прыбудаваны за фралоўскім: чорнавалосых, у спартыўных касцюмах, адзін трымаў у роце цыгарэту, і ўвогуле падлеткамі іх можна было назваць умоўна, бо яны былі па-мужчынску дужыя і, пэўна, ужо галіліся; і раптоўная здагадка маланкай працяла яе: яны ж чакаюць сваей чаргі, і стаялі за хляўком з паўночнага боку — там ёсць маленькае акенца, і цікавалі праз яго на тое, што робіцца ўнутры, і рукі ў яе затрэсліся, калі яна выцягвала з карабка запалку, але падлеткі схапілі яе і вырвалі карабок

ты, бабуля, ішла б дадому

сказаў адзін, а другі толькі засмяяўся

ты свае адбегала

але раптам дадаў здзіўлена

ай! яна ж падпаліць хацела!

і піхнуў нагой напалавіну пустую бутэльку на зямлі

бензін, чуеш?

і яны загергеталі нешта па-свойму, а яна начала вырывацца і ўрэшце вырвалася з іх учэпістых рук, але тут на фралоўскім падворку бразнула брамка і пачуліся ўсхваляваныя галасы, раптам стала ціха, а потым зноў пачаўся вэрхал, і яна зірнула праз павалены плот і са здзіўленнем убачыла Кліма Фралова, які стаяў у сваім двары і шчэрыў вузкагубы жабін рот, і бровы яго — шырокія і чорныя, зусім як у бацькі-нябожчыка — былі з непаразуменнем узняты, а вакол яго ўжо бегалі, то хапаючы яго за кашулю, то запрашаючы ў дом — разбірацца, і пайшла на веранду, дзе дзіцё даўно чакала яе і адразу пачало свае

Поделиться с друзьями: