Любіць ноч — права пацукоў
Шрифт:
а ззаду, у цяні клёнаў, тоўпілася некалькі постацяў, адна з якіх — жанчына гадоў трыццаці — аддзялілася ад астатніх і рэзка выгукнула
радамашаталаза!
падышла да малалеткі і забрала ў яго грошы, якія адразу зніклі ў рукавах яе адзення, а Даніла Прусак зайшоў у краму, а калі выйшаў адтуль, то ўбачыў, што папрашайка зноў сядзіць на сваім месцы, а метраў праз дзвесце са здзіўленнем заўважыў амаль такога ж малалетку, і скрыня была амаль такая ж, і надпіс, а калі звярнуў на бліжэйшую бакавую вуліцу, то і там ўбачыў постаць на тратуары, але гэта была ўжо дзяўчынка, і мужчына нейкі час раздумваў над усім гэтым, пакуль ішоў, усё болей адхіляючыся ад цэнтральных вуліц, дзе пад нагамі ўжо дзе-нідзе бліскалі жоўтай, застаялай вадой, пэўна, ніколі не высыхаючыя лужыны, а ля драўляных парканаў-агароджаў выглядалі з пустазелля і пырніка кучы смецця і застарэлага
ДаняДаняДаня
гаварыў ён, а Даніла спытаў
а маці дзе?
і даўнёнак сказаў
няма
і зноў пачаў свае
ДаняДаняДаня
твар яго быў заплаканы, а кашуля пакамечаная і брудная, і Даніла зноў спытаў
Люба пайшла?
але хлопчык ужо пераключыўся
кашыкашыкашы
гаварыў ён, і Даніла аддаў яму пернікі і цацку на колцах, якую купіў у краме, і даўнёнак пачаў прагна есці, а на цацку не звярнуў увагі, і мужчыну зноў стала вусцішна, і ён, раптам здагадваючыся, спытаў
а ноччу яна была з табой, ну, калі цёмна было?
і хлопчык затрос галавой
ненене
і адразу захваляваўся і пачаў енчыць
мамамамамама
а потым раптам успомніў
ПіляПіляПіля
смуткаваў ён, і Даніла падняў ужо цяжкаватага хлопчыка на рукі і выйшаў так у сад і абышоў яго, зазірнуўшы ўсюды: кусты парэчак былі абабраныя і дзе-нідзе віселі абламанымі галінкамі, на дзвюх агурковых градках было пуста, плот, за якім адразу пачыналася тэрыторыя фралоўскага маёнтка, павалены, мужчына агледзеў усё гэта, а потым паставіў хлопчыка на зямлю і, быццам нехта павёў яго, рушыў да хляўка, адчыніў дзверы і адразу зачыніў, стараючыся, каб даўнёнак не зазірнуў унутр, зноў падхапіў таго на рукі і пабег з ім у дом і сказаў
пабудзь тут, на вось еш
сунуў яму рэшткі пернікаў і паабяцаў
я зараз, ты не выходзь
а даўнёнак спытаў
ты вернешся?
але ён ужо бег да хляўка, ірвануў на сябе дзверы і схіліўся над целам сястры, якая ляжала на правым баку, рукі яе былі прыціснуты да грудзей, быццам жанчына ў апошнія імгненні спадзявалася абараніцца ад небяспекі, і на твары яе застыла маска жаху.
III. Напад
Следчы па прозвішчу Кузін — нізкарослы малады мужчына гадоў трыццаці, з вострым кірпаносым тварам і цёмнымі мангалоіднымі вачыма, прыходзіў спачатку штодня, але потым яго наведванні рабіліся ўсё больш рэдкімі, а з дня забойства і хаўтураў прайшло ўжо каля тыдня, і Даніла Прусак сам пайшоў да таго ў райаддзел, і даўнёнак быў цяпер заўсёды з ім, ён, пэўна, шмат што зразумеў, бо часта трывожыўся, плакаў і гаварыў
мамамамамама
а то яшчэ ўспамінаў труса і мармытаў
ПіляПіляПіля
а больш маўчаў і не адыходзіў ад свайго дзядзькі ні на крок, вось і на гэты раз сеў у кабінеце ля дзвярэй на зэдлік і слухаў, як следчы незадаволена казаў
пакуль нічога новага, але як толькі нешта праясніцца, то адразу вам паведамім
але мужчына перапыніў яго рэзкім узмахам рукі
вы забойцу знайдзіце, а не праясненняў чакайце
і нерваваўся, а следчы выслізгваў, як піскун, і гаварыў банальнасці і яшчэ нешта доўгае, нецікавае і неістотнае, і мужчына выслухаў, сціснуў сківіцы, а потым устаў з крэсла і пайшоў прэч, узяўшы даўнёнка за руку; яны ішлі вуліцай, было горача ад сонца, якое вісела прама над імі на бясхмарным небе, дрэвы, пакрытыя пылам з-пад колаў грузавікоў, якія раз-пораз грукаталі побач, амаль не варушылі лісцем і здаваліся штучнымі ў бязветранай прасторы, даўнёнак часта спыняўся і прасіў
піцьпіцьпіць
Даніла Прусак напаіў яго квасам, а потым яны рушылі ла цэнтра горада, дзе месціўся паштамт, і мужчына тэлефанаваў сыну — той праходзіў вытворчую практыку і якраз быў дома
я бы прыехаў
апраўдваўся той
але ж вы мне не паведамілі, хоць бы сказалі, дык мяне б адпусцілі
і Даніла сказаў
так, без цябе Любу пахавалі, але тут яшчэ шмат спраў розных, я затрымаюся
і потым спытаў
грошы хоць ёсць, стыпендыя нябось скончылася?
і той адказаў бадзёра, як у фільмах, якія глядзеў бясконца па тэлевізары
няма праблем
пасля чаго мужчына сказаў, што яшчэ хутка патэлефануе, а даўнёнак стаяў побач і енчыў
піцьпіцьпіць
а потым яны пайшлі дадому, толькі ў завулку ля сваей брамы спыніліся, бо на вуліцы стаялі двое ўжо ладных ладлеткаў, па выгляду з фралоўскага дома, і мачыліся прама сабе пад ногі, і Даніла Прусак не стрываў і сказаў
прэч адсюль, вырадкі
але тыя не спяшаліся, нахабна зыркнулі на яго вачыма і загаварылі па-свойму, а потым пайшлі, азірнуўшыся, і мужчына адамкнуў хату, зварыў хлопчыку кашу, адкаркаваў кансервавую бляшанку з рыбай, і яны паелі, і адразу даўнёнка змарыў сон, а мужчына пайшоў і за дзве гадзіны паставіў плот, рыдлёўкай перакінуў за яго на былы фралоўскі пляц бруд і смецце, якое накідалі чужынцы, — там броўнаўскім рухам брутальна віравала незнаёмае яму жыццё: бегалі мурзатыя дзеці, крычалі жанчыны, пад’ехала «вольва», адкуль жукаватыя мужчыны вынеслі некалькі кардонавых скрыняў і занеслі ў дом, потым уключылі магнітафон, і Даніла Прусак адразу кінуў працу, аднёс на веранду рыдлёўку і інструмент, і ўвесь час за ім назіралі — у расчыненых вокнах з’яўляўся то адзін твар, то адразу некалькі, а затым прачнуўся даўнёнак і пачаў смуткаваць
ПіляПіляПіля
і мужчына пайшоў з ім у краму, перад якой, глытаючы з рыльца піва, звыкла лаяліся некалькі прыблатнёных і апушчэнцаў, і купіў у ей хлеба і малака, а потым шукаў і ўрэшце дачакаўся няўлоўнага ўчастковага, і той з прыхаванай незадаволенасцю ад таго, што патурбавалі, гаварыў яму
тактак, яна скардзілася, па суседству большасць так скардзяцца і гавораць, хаця, канешне, новыя вашы суседзі турботныя, ды прыгожа жыць не забароніш — зараз так?
але Даніла Прусак перабіў яго
яны гандлююць наркатой, хіба вы не ведаеце пра тэта? любы падлетак з вуліцы пацвердзіць, у вас жа, пэўна, ёсць інфарматары
а ўчастковы ўсміхнуўся
тактак
гаварыў ён,
усё магчыма, але паспрабуйце даказаць — гэта не так проста, мы іх там усіх дапыталі, а доказаў ніякіх, вашу сястру мог забіць чалавек і з вуліцы, так, хіба хто з яе старых знаёмых, мо ў яе была з кім, ну, скажам, любоўная сувязь
але пасля гэтых яго слоў Даніла Прусак завярнуўся і пайшоў, хлопчык цягнуўся ўслед за ім і гаварыў трывожна
ДаняДаняДаня
быццам адчуваў стан мужчыны, і яны пайшлі па забруджанай смеццем вуліцы — апошнім часам яго выкідвалі прама на дарогу, хілілася ўжо к вечару, хмара набегла на сонца, і на кароткі час дыхнула прахалодай, і даўнёнак пакінуў выпрошваць піць і пайшоў шпарчэй, а потым, калі зайшлі ў дом, адразу лёг на каналу і заснуў; мужчына хацеў сказаць яму, што не варта спаць на захадзе сонца, але той усё роўна не зразумеў бы яго, таму накрыў хлопчыка посцілкай і выйшаў на панадворак, прайшоў у сад і тут убачыў, як двое падлеткаў, ускрыкваючы і смеючыся, але досыць настойліва, цягнулі да хляўка дачку старызніка Манюкі, непаўналетнюю Рэгіну, якая хіхікала і нескаардынавана ўзмахвала рукамі, — пэўна, далі глынуць спіртнога, — падумаў Даніла Прусак, — можа, і падсыпалі яшчэ пару таблетак атаміналу натрыя ці яшчэ чаго, — колькі дошак з плота, які ён паставіў некалькі гадзін таму, былі выламаны і валяліся на зямлі з яго боку; мужчыну скаланула ад раптоўнага выбуху гневу, і ён зрабіў хуткі крок наперад і ўдарам кулака адразу зваліў аднаго з крыўдзіцеляў, а вось другі кінуў Рэгіну, якая шмыгнула ў дзірку ў плоце, а потым уцякла ў заўсёды расчыненыя ў тым двары дзверы, і схапіў Данілу Прусака за кашулю, — ён быў па-мужчынску дужы — і дыхнуў на яго сумессю алкаголю з часнаком, выскаліўшы зубы з жоўтага металу, другі ўжо падымаўся з зямлі, і Даніла Прусак саўгануў праціўніку каленам у пах, а потым зачапіў кулаком знізу ў падбародак — калісьці ў юнацтве ён баксіраваў, і зараз вось спатрэбілася, — нахабнік рохкнуў і заваліўся на спіну, а яго хаўруснік кінуўся ў дзірку ў плоце і ўзняў у двары былога фралоўскага дома лямант
бугуламудулага!
крычаў ён нешта па-свойму, а Даніла Прусак зайшоў у дом, зняўшы з цвічка на сцяне веранды сякерку, зноў зыйшаў у сад да дзіркі ў плоце, за якой ужо лямантавалі, узмахваючы ў яго бок кулакамі, жанчыны, а падлеткі брыдкасловілі і рабілі яму непрыстойныя жэсты, і, скарыстаўшы тую ж кухарскую сякерку, узняў плот: прыбіў цвікамі дошкі да жэрдак, а потым на верандзе пачаў гатаваць ежу, паступова супакойваючыся, і тут якраз прачнуўся даўнёнак і сказаў ласкава і сумна