Любіць ноч — права пацукоў
Шрифт:
бляматахушаварот!
і ноч згусцілася яшчэ болей, а даўнёнка працяў холад, які, як ён адчуваў, ішоў ад зямлі, хаця і не ведаў, што зямля заўсёды цягне ў сябе, і хлопчык выпаўз з-пад клеткі, абмацаў у цемры свой распухлы, у балячках твар і застагнаў ад болю, але адразу сцішыўся, бо спужаўся, што яго могуць зноў убачыць, высачыць нават тут, у цёмным куце саду, і не ведаў, што яму рабіць далей, бо ісці ў дом было нельга, а побач не было ні маці, ні дзядзькі Данілы, — быццам разам абарваліся ўсе сувязі са звыклым, цёплым, бязбедным і сытым светам, які акаляў яго раней, і ўсё навокал накрыла ноч, і тут раптам пайшоў
ш ш ш ш ш ш ш ш ш ш ш ш ш ш
а потым ціхія галасы, настолькі ціхія, нібы шамацела паветра
не бачу яго, дзе ён?
гаварыў нехта, а другі, быццам жаночы, голас адказваў
тут ён, дзе ж яму быць
і першы голас сказаў
вось і разбярыся сама
а жаночы адказаў
ш ш ш ш ш ш ш ш
і спытаў
чуеш?
і тут жа сцвердзіў
крокі, я чую крокі
а першы голас казаў
тады ідзём, заўтра ноч будзе
і жаночы зноў папярэдзіў
ш ш ш ш ш ш ш
і небяспека быццам адступіла, прамень святла прабіўся праз шчыліну ў дзвярах, і раптам дзверы рыпнулі і паехалі ўбок, а ў праёме ўзнікла постаць у плашчы і капялюшы, бліснула святло ліхтарыка, і малы пачуў голас старога Антона Кнігі, які гаварыў яму ціха
ну, вось я цябе і знайшоў, ад мяне, братка, не схаваешся, я тое і дзядзьку твайму даводзіў
і бедаваў
хто ж тэта цябе так, нябогу?
і прыспешваў
цяпер пойдзем хутчэй, а то дзядзька зачакаўся, а яму сюды нельга
і пытаў
а Ігнат, брат твой, дзе? хіба ён не прыехаў?
даўнёнак не разумеў пра брата, але радаваўся і паўтараў
дзедадзедадзеда
і стары павёў яго праз сад і браму на вуліцу, у ранішняй цішы толькі пачыналі гаманіць птушкі; стары насцярожана азіраўся і трымаў правую руку за крысом плашча і гаварыў
ну, а я спачатку ў хаце цябе шукаў, а як пабачыў там тых прыхадняў, то зразумеў — там цябе няма, а тыя спяць моцна, так, пеўня ім туды б чырвонага, а Ігнат, значыць, не прыехаў, ну-ну
а малы ледзь плёўся, і Антон Кніга шкадаваў
няма сілы, а то ўзяў бы цябе на рукі
і азіраўся і гаварыў
каб толькі не высачылі, куды мы ідзём, дзе наша лежка
і голас яго гучэў усё больш бадзёра, па меры таго як яны набліжаліся да дома, і ўрэшце стары і малы апынуліся перад брамкай, за якой ужо чакаў Даніла Прусак, і даўнёнак зрабіў спробу пабегчы да яго, але не здолеў, а мужчына, як толькі пабачыў яго твар, пабялеў і спытаў
хто тэта цябе, малы?
але хлопчык толькі шаптаў
ДаняДаняДаня
а Даніла Прусак пабляднеў яшчэ больш і сказаў, звяртаючыся да старога
ну, а зараз давайце мне тую штуку, што хаваеце пад плашчом, і хутчэй, бо цяпер мая чарга ісці ў адведкі
і Антон Кніга ўжо ў сенцах выцягнуў з-пад плашча на святло лёгкі кароткаствольны малакаліберны карабін, але ахалодзіў мужчыну
найперш малога пакарміць трэба, абдумаць усё, пра сына вашага даведацца, схадзіць на пошту і патэлефанаваць яму, а потым ужо і дзейнічаць
пяшчотна паляпаў па прыкладу, засунуў за шафу ў шчыліну і дадаў
гэта трафейная штука мне даражэйшая за ўсё зараз, бо яна кошт жыцця мае, я яе ды вядро патронаў у знаёмага старога на вёсцы выменяў, па аднаму артыкулу з ім калісьці праходзілі, ён захварэў, ведаў, што памрэ, — таму і аддаў
і падсумаваў
ну, а цяпер усё ад нашай волі і розуму залежыць, тут спяшацца не варта, вам пакуль увогуле лепш не высоўвацца, бо вас ужо шукаюць, ну а я на пошту схаджу, потым усё і вырашым
і бурчэў звыклае
…я гэтых жывёл тэлеграфным слупам праз памыйную яму
а гадзіны праз дзве, калі даўнёнак спаў, абодва сядзелі за сталом і стары казаў
сын ваш, Ігнат, дома, пэўна, сюды і не думае збірацца, ды я і не высвятляў, нельга, а ён да таго ж мяне і ведаць не ведае
Даніла перабіў жорстка
ён мяне не цікавіць болей
і працягваў
згода, спяшацца не буду, але ноччу я выберуся да тых пацукоў, і зброю вы мне дасцё
і стары не аспрэчваў
бярыце, інакш вы ўсё роўна ў іншым месцы возьмеце, ды толькі пачакайма, пакуль я вам, калі атрымаецца, сюды аднаго чалавека прывяду, вось тады ўсё і вырашым
і Даніла Прусак спытаў
якога яшчэ чалавека?
але стары перавёў гутарку на іншае
вы не апошні, хто хоча перамяніць наш свет
гаварыў ён
але перамяніць яго магчыма толькі яшчэ большым страхам, ад адваротнага
і пытаў
хіба не так? вось я лагеры прайшоў — і што змянілася? колькі інфармацыі выплюхнулася наверх — і што? уся ў пясок пайшла
а Даніла Прусак пацікавіўся машынальна — ён у падсвядомасці, у думках быў ужо там — у маючай наступіць ночы
ну і вы, вядома, у будучыя перамены не верыце?
і стары адказаў
не, не і яшчэ раз не, бо ваду, якая пераплюхнула цераз дамбу, назад не вернеш — хіба не так? успомніце, вы мне раней Гумілёва ў прыклад прыводзілі, памятаеце, пра ўзрост народа гаварылі, магчыма, усё і так, магчыма, мы зараз зрасходаваны матэрыял, але ж, прабачце, — каб так свае задніцы падстаўляць, — гэта ўжо ўсе межы прыстойнасці пераўзыходзіць, не, гэты народ дабром не скончыць
і гнуў свае
…я гэтых самаедаў тэлеграфным слупам
і ставіў кропку
праз памыйную яму
і ў вачах яго раз-пораз успыхвалі агеньчыкі нянавісці, нязломнасці і супраціву.
VII. Зыход
Набліжаўся поўдзень, калі стары Антон Кніга зноў апынуўся ў завулку ля былой фралоўскай сядзібы і з цяжкасцю прайшоўся побач — раз, другі, назіраючы, як бегаюць туды-сюды шматлікія дзеці чужынцаў, завіхаюцца крыклівыя гаспадыні, загадваючы нешта дзвюм жанчынам-паслугачкам з мясцовых, што няньчылі, не выпускаючы з рук, іх зусім яшчэ малых дзяцей, а трэцяя мыла на двары бялізну; некалькі іншамарак туліліся ля плота, а на лаўцы ўжо сядзелі тутэйшыя дзяўчаты з навакольных дамоў і палілі цыгарэты, манерна адстаўляючы пальцы рук і папраўляючы прычоскі, а перад імі праходжваліся некалькі ўзмужнелых падлеткаў з чужынцаў і гергеталі па-свойму, а то мацюкаліся па-расейску