Любіць ноч — права пацукоў
Шрифт:
што, мужычок, згуляем на інтарэс?
але Даніла Прусак адмоўна пахітаў галавой, і той працягваў скрозь зубы, бо паспеў уставіць у рот запаленую цыгарэту
дык не хадзі тут, бачыш — цёплай печкі няма, буфета — таксама, а ў нас свой базар
але мужчына сказаў, падлажваючыся пад іх слэнг
я б хацеў з Эмірам пагаварыць, ёсць інтарэс, можа, зацікавіцеся
і смуглява-чорны сказаў, заганяючы шар у лузу
Эмір — гэта мы
у множным ліку
так
і дадаў
толькі карацей, мужычок, а то я, бач, пенсію зарабляю
і скрывіў усмешліва шырокі вузкагубы рот
хэхэхэ
а мужчына сказаў
ды я на пару слоў
і калі яны выйшлі на прыступкі, адразу абмаляваў таму, нездаволенаму, сітуацыю з «бежанцамі» і спытаў, ці здолеюць
ну, і што з мяне за такую паслугу належыць — назавіце кошт
а яго субяседнік, гледзячы ўбок і пакручваючы кій, спытаў
дзе прыжыліся тыя «бежанцы»? у якім месцы?
і, пачуўшы адказ, раптам страціў цікавасць, быццам унутрана ўсё разлічыў і вырашыў для сябё, хаця мужчына яшчэ па інерцыі паспеў сказаць
я вашу работу кампенсую
але тут міжволі позірк яго машынальна затрымаўся на руках більярдыста, бо зблізу ён ясна разгледзеў на лакцявых згібах так званую «дарогу» — сляды ад шматлікага карыстання шпрыцам, і адразу з яго вачэй нібы ўпала заслона: гэты Эмір таксама мог быць кліентам у тым фралоўскім доме — здагадка выклікала пачуццё няёмкасці ад зробленага ім учынку, але більярдыст, сказаўшы толькі нядбайна
справы знянацку не вырашаюцца, зразумей, а пакуль расход, я падумаю, прыходзь дні праз тры
знік у памяшканні, а Даніла Прусак адабраў у даўнёнка напалову пустую бутэльку і павёў таго дамоў, абдумваючы, дзе тут была няўвязка, і згаджаўся сам з сабой: сапраўды, так не робіцца, ну, няхай нават тыя блатныя і не ездзяць па вечарах па «шмаль» да чужынцаў — усё роўна ён на іх як з каня зваліўся, адкуль таму Эміру ведаць, хто ён і што, і чаму яны адразу павінны даць яму веры, ну пастаў ён сябе на іх месца, але тут яго думкі трывожна пераскочылі на тое, што час, які яму далі на адпачынак, заканчваецца, а ён, па сутнасці, нічога не вырашыў, бо ў доме недагледжанае дзіцё, сам дом таксама патрабуе прысутнасці гаспадара, а ў сталіцы застаўся сын, якому, пэўна, няма розніцы — ёсць дома бацька ці не, а ўрэшце, хто яго ведае, што хаваецца часам у яго галаве, хаця цяпер галоўнае не гэта, а смерць сястры Любы і напад на яго самога мінулай ноччу, — за ўсім за тым ён падсвядома адчуваў прыхаваную і нябачную звонку, але мэтаскіраваную, напорыстую і акрэсленую волю, якая перакрыжавалася з яго воляй і ўступіла з ёй у адзінаборства, хаця, па сутнасці, і адзінаборства тут не мела месца, бо з чым ён пакуль змагаўся і чаму супрацьстаяў — хіба туману, цемры: ўрэшце, гэта хісткасць і няйнакш падземная нябачнасць больш за ўсё непакоілі яго, і Даніла Прусак зноў думаў пра гэта, пакуль ішоў па цэнтральнай вуліцы, аглядаючы правалы каналізацыйных люкаў, абшарпаныя, з аблупленай тынкоўкай сцены дамоў, спілаваныя ствалы дрэваў, якія ў беспарадку валяліся ля абочын, і ўвесь бруд і хлам, што выкідвалі па начах у закуткі, а потым пацягнулася другарадная вуліца, што вяла ў бок яго дома, — з пахіленымі гнілымі парканамі і развешанымі там-сям на іх старадаўнімі лозунгамі і рэкламнымі малюнкамі свіней і кароў, а даўнёнак плёўся побач, боўтаў рэшткамі вады ў бутэльцы і хныкаў
мамамамамама
а калі апынуліся ў сваім завулку, падабраў з зямлі выкарыстаны аднаразовы шпрыц, што, пэўна, выкінулі з акна аўтамабіля, і мужчына ледзь не ўпершыню накрычаў на яго і забараніў падбіраць з зямлі ўсе вострыя і колючыя рэчы, і казаў
ніколі не чапай гэтага, малы, зразумеў?
і хлопчык ківаў круглай галавой са светлым пухам валасоў, што накшталт німба абрамлялі верхнюю частку яго твару
зразумеў, Даня
гаварыў ён, і раптам успамінаў тужліва
ПіляПіляПіляПіля
і туліўся бліжэй да мужчыны, бо яны ўжо падыходзілі да свайго дома, дзе была прастора дзяцей ілжэбежанцаў, — тыя звычайна паўсюдна шнырылі тут, закідваючы дробным каменнем усіх іншых малалетак, якія рызыкавалі праходзіць паўз іх, а вуліцу і некалькі суседніх яны лічылі ўжо цалкам сваей тэрыторыяй, але на гэты раз ля фралоўскага дома было нязвыкла ціха і нават іншамарак не было бачна, стаяў толькі шэры «уазік» з брызентавым верхам, а калі Даніла Прусак наблізіўся, то пазнаў па серыі МБК нумар
міліцэйскай машыны, а непадалёку ад яе, бліжэй да яго, скупіліся некалькі жанчын, сярод якіх былі і мясцовыя і тыя, што жылі ў фралоўскім доме, — апошнія выдзяляліся рэзкімі акцэнтаванымі галасамі, і, праходзячы паўз усіх, Даніла пачуўМанюкаву Рэгіну згвалцілі ў вашым, Даніла, хлеўчыку
а гаварыла гэта адна з мясцовых жанчын, што жыла крыху вышэй, яе дом месціўся якраз за Манюкавай сядзібай, Даніла Прусак не мог успомніць яе прозвішча, а яна працягвала
так, згвалцілі, а хто, — назваць не можа, пэўна, напаілі чымсьці, не памятае нічога, от бацькам гора
і Даніла з хлопчыкам спыніліся і выслухалі навіну, а жанчына гаварыла ўжо ім у спіну
збілі так, што, кажуць, галавой кранулася
чуў наўздагон Даніла Прусак, а калі зайшоў у свой двор, убачыў, што на фралоўскім пляцы стаяць міліцыянты, і двое з іх адразу пайшлі да яго цераз мяжу — плот быў зноў павалены, а калі наблізіліся, моўчкі накінуліся на яго і зашчоўкнулі на руках наручнікі.
V. Уцёкі
З хвіліну мужчына па прозвішчу Даніла Прусак супраціўляўся, і ўтрох міліцыянты не маглі даць рады, каб упіхнуць яго ў машыну, але адзін з іх ухапіў з пярэдняга сядзення дубінку і з размаху абрынуў яе яму на патыліцу, пасля чаго яго ўцягнулі ўнутр, і машына, рыкнуўшы маторам, ірванула з месца, і тут Даніла Прусак выслізнуў з кароткага бяспамяцтва, зірнуў у задняе шкло і якраз убачыў хлопчыка, які бег следам, і як паступова, па меры таго як машына аддалялася, меншылася яго постаць, і зноў пачаў вырывацца, але адна рука яго ўжо была прыкавана наручнікамі да спінкі сядзення, і ён зразумеў, што ўсё марна і што невядома адкуль і ў якіх памерах, але прыйшла бяда, і сказаў, беручы сябе ў рукі і змушана расслабляючыся
куды вы мяне, па якому праву і ці надоўга?
патлумачыўшы нервова
там жа дзіцё засталося, вы ж бачылі на дарозе
але адказам яму была доўгая паўза, якая некалькі разоў парушылася шыпеннем рацыі ля пояса ў сяржанта, што сядзеў спераду, і некалькімі фразамі, якімі той абмяняўся па радыё, і толькі потым нядбайна кінуў
даведаецеся на месцы, вам патлумачаць
пасля чаго засталося трываць боль і чакаць, пакуль урэшце машына заехала ў двор мясцовага аддзела міліцыі, і яго адчапілі ад сядзення і пацягнулі ў следчы ізалятар — цагляную прыбудову ў самым кутку двара, там якраз ішоў рамонт, і ён адразу адчуў той характэрны пах зняволення, які, пэўна, захоўваецца ва ўсіх падобных месцах, — пах нямытых чалавечых цел, нечыстот і яшчэ чагосьці, што не перадаць словамі: магчыма, пах паразы, змешанай са страхам, і мужчына рвануўся назад і закрычаў
адвядзіце да начальніка!
але яго ўжо цягнулі па доўгім вузкім калідоры і ўрэшце затаўклі ў адну з камер, дзверы бразнулі і зачыніліся, і адразу ён удыхнуў задушлівае і смуроднае паветра — быццам да твару яму прыклалі брудную анучу, а ля сцен сядзелі і напаўляжалі некалькі постацяў: пэўна, гэта былі звычайныя апушчэнцы ці бамжы, ён не здолеў вызначыць адразу; адзін з іх, маладзейшы, паліў, яшчэ адзін вычэсваў выпадаючыя сальныя валасы на паўголым чэрапе і разглядваў іх пасмы на расчосцы, яшчэ адзін спаў, але Даніла Прусак не стаў вывучаць сядзельцаў камеры, а павярнуўся да іх спінай і загрукаў у дзверы
выпусціце мяне!
крычаў ён і грукаў мацней
я патрабую!
і яшчэ пра тое, што яму не прад’явілі абвінавачання і што дома застаўся хлопчык-інвалід, адале ўрэшце дзверы адчыніліся і двое мажных міліцыянтаў вышмаргнулі яго ў калідор і моўчкі пачалі збіваць, пакуль ён не асунуўся на падлогу, а потым зноў зацягнулі яго ў камеру і кінулі, так нічога і не сказаўшы, і толькі гадзіны праз дзве яго вывелі вонкі, правялі праз двор, і ён раптам апынуўся ў знаёмым кабінеце, дзе за сталом сядзеў побач з шэрым абшарпаным сейфам за спінай следчы Кузін і нешта пісаў, быццам не заўважаючы яго, і ўсё гэта адбывалася неяк не сапраўды, у зацягнутай штучнай паўзе; той усё пісаў, няспешна крэмзаючы белы ліст паперы, і мужчына таксама маўчаў, стрымліваючыся, пакуль ўрэшце следчы Кузін узняў на ягр цёмныя каламутныя вочы і спытаў