Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– Аддайце назад, - злосна шыпеў Азазела, - аддайце назад, i на д'ябла мне ўсё гэта. Няхай пасылаюць Бегемота.
– Э, не!
– працягвала Маргарыта, мiнакi здзiўлена азiралiся на яе.
– Я згодная на ўсё, згодная на гэту камедыю з намазваннем, згодная да чорта на рогi. Не аддам!
– Во!
– раптоўна зароў Азазела, вытрашчыўся на садовую рашотку i паказаў пальцам.
Маргарыта павярнулася туды, куды паказваў Азазела, але нiчога там не заўважыла. Тады яна адвярнулася назад да Азазелы, каб растлумачыў сваё недарэчнае "Во!", але тлумачыць не было каму: таямнiчы субяседнiк Маргарыты Мiкалаеўны знiк. Маргарыта хуценька сунула руку ў сумачку, куды схавала каробачку, i пераканалася, што яна там.
Раздзел 20
КРЭМ АЗАЗЕЛЫ
Поўня ў вячэрнiм чыстым небе вiсела, бачная скрозь кляновае голле. Лiпы i акацыi размалёўвалi зямлю стракатым плямiстым карункам. Акно было адчынена, завешана фiранкай, але свяцiлася шалёным электрычным святлом. У спальнi ў Маргарыты Мiкалаеўны гарэлi ўсе свяцiльнiкi i асвятлялi поўны рэзрух. На ложку на коўдры ляжалi сарочкi, панчохi, бялiзна, пакамечаная бялiзна валялася на падлозе побач з растаптаным у мiтуснi папяросным карабком. Туфлi стаялi на начным столiку, побач з недапiтым кубачкам кавы i попельнiцай, у якой дымiўся недакурак, на спiнцы крэсла вiсела чорная вячэрняя сукенка. У пакоi пахла духамi, акрамя гэтага, патыхала аднекуль нагрэтым прасам.
Маргарыта Мiкалаеўна сядзела перад трумо ў адным купальным халаце, ускiнутым на голае цела, у замшавых чорных туфлях. Залатая бранзалетка з гадзiннiкам ляжала перад Маргарытай Мiкалаеўнай, побач з каробачкаю, якую яна атрымала ад Азазелы, i Маргарыта не адводзiла вачэй ад цыферблата. Часам ёй пачынала мроiцца, што гадзiннiк зламаўся i стрэлкi спынiлiся. Але яны рухалiся, хаця i павольна, быццам прыклейвалiся, i нарэшце доўгая стрэлка легла на дваццаць дзевятую хвiлiну. Маргарыцiна сэрца моцна грукнула, гэтак, што яна не магла адразу ўзяцца за каробачку. Саўладала з сабою, адчынiла i ўбачыла ў каробачцы тлусты жаўтлявы крэм. Ёй здалося, што запахла балотнаю тванню. Кончыкам пальца Маргарыта паклала невялiкi мазок крэма на далоню, i адразу яшчэ мацней запахла балотнымi травамi i лесам, потым далонямi пачала расцiраць крэм па лбе, па шчоках. Крэм лёгка мазаўся i, як здалося Маргарыце, адразу i выпараўся. Пасля некалькiх расцiранняў Маргарыта зiрнула ў люстра i ўпусцiла каробачку проста на шкло гадзiннiка, i тое адразу пакрылася трэшчынамi. Маргарыта заплюшчыла вочы, потым зiрнула яшчэ раз i гучна засмяялася.
Вышчыпаныя па краях у нiтачку пiнцэтам бровы пагусцелi i чорнымi роўнымi дугамi леглi над зазелянелымi вачыма. Тонкая вертыкальная маршчынка над пераноссем, якая з'явiлася тады, у кастрычнiку, калi не стала майстра, знiкла бясследна. Знiклi i жоўтыя ценi ля скроняў, i дзве ледзь прыкметныя сетачкi маршчынак ля воч. Скура на шчоках налiлася роўным ружовым колерам, лоб зрабiўся белы i чысты, а завiўка рассыпалася. На трыццацiгадовую Маргарыту з люстра глядзела ад прыроды кучаравая чорнавалосая жанчына гадоў дваццацi, нястрымна рагатала, скалiла зубы.
Нарагатаўшыся, Маргарыта выскачыла з халата, адным махам зачарпнула лёгкi тлусты крэм i пругкiмi мазкамi пачала расцiраць яго па ўсiм целе. Яно адразу паружавела i загарэлася. Потым iмгненна, быццам з мазгоў выцягнулi iголку, сцiхла боль у скронi, якая не пакiдала ўвесь вечар пасля спаткання ў Аляксандраўскiм садзе, мускулы рук i ног памацнелi, а потым усё Маргарыцiна цела стала бязважкiм.
Яна падскочыла i павiсла ў паветры невысока над дываном, потым яе паволi пацягнула ўнiз i яна апусцiлася.
– Вось дык крэм! Вось дык крэм!
– закрычала Маргарыта i кiнулася на крэсла.
Расцiранне змянiла яе не толькi знешне. Цяпер ва ўсёй ёй, у кожнай частачцы цела ўскiпала радасць, якую яна адчувала, як паветраныя бурбалачкi, якiя паколваюць па ўсiм целе. Маргарыта адчула сябе вольнай, вольнай ад усяго. Акрамя гэтага, яна даволi выразна зразумела, што здарылася якраз тое, пра што яшчэ зранку гаварыла прадчуванне, i што яна пакiдае гэты асабняк i гэтае жыццё назаўсёды.
Але ад былога жыцця ўсё ж адкалолася адна думка пра тое, што трэба споўнiць адзiн апошнi абавязак перад пачаткам чагосьцi новага, незвычайнага, якое iмкнула ўгору, у паветра. I яна, голая, са спальнi перабегла ў мужаў кабiнет, запалiла святло, кiнулася да пiсьмовага стала. На вырваным з блакнота аркушы яна хутка, буйна i без памылак напiсала запiску: "Даруй мне i як мага хутчэй забудзь. Я пакiдаю цябе навек. Не шукай мяне, гэта будзе марна. Я стала ведзьмаю ад гора i бед, якiя абрынулiся на мяне. Мне час. Бывай. Маргарыта".Са спакойнай душой Маргарыта прыляцела ў спальню, следам за ёй туды ўбегла i Наташа, нагружаная рэчамi. I адразу ўсе гэтыя рэчы - драўляныя плечыкi з сукенкамi, карункавыя хусцiнкi, сiнiя шаўковыя туфлi на распялках i паясок, усё гэта пасыпалася на падлогу, i Наташа ўспляснула рукамi.
– Што, прыгожая?
– моцна крыкнула ахрыплым голасам Маргарыта.
– Як гэта?
– шаптала Наташа i адступалася назад.
– Як вы гэта робiце, Маргарыта Мiкалаеўна?
– Гэта крэм! Крэм, крэм, - адказала Маргарыта, паказала на залатую каробачку i павярнулася перад люстрам.
Наташа забылася пра пакамечаныя сукенкi на падлозе, падбегла да трумо, прагнымi вачыма вытрашчылася на астаткi крэму. Вусны яе нешта шапталi. Яна зноў завярнулася да Маргарыты Мiкалаеўны i прамовiла з нейкiм утрапеннем:
– Скура! Скура, га? Маргарыта Мiкалаеўна, ваша скура ажно свецiцца.
– Тут яна апамяталася, падбегла да адзення i пачала абтрэсваць яго.
– Кiньце! Кiньце!
– крычала ёй Маргарыта.
– На чорта яно, усё кiньце! Хаця не, бярыце яго сабе на памяць. Кажу, на памяць бярыце! Усё забiрайце, што тут ёсць!
Наташа аслупянела, глядзела на Маргарыту, потым павiсла ў яе на шыi, цалавала i крычала:
– Атласная! Свецiцца! Атласная! А бровы, бровы якiя!
– Бярыце ўсе анучы, бярыце духi i цягнiце да сябе ў куфэрак, хавайце, крычала Маргарыта, - але каштоўнасцей не бярыце, а то абвiнавацяць у кражы.
Наташа згрэбла ў клунак усё, што ёй трапляла пад руку - сукенкi, туфлi, панчохi, бялiзну, i вылецела прэч са спальнi.
У гэты час, аднекуль з другога боку завулка, з адчыненага акна вырваўся i паляцеў грамавы вiртуозны вальс, i пачулася пыхканне машыны, якая пад'ехала да варот.
– Хутка пазвонiць Азазела!
– усклiкнула Маргарыта, слухаючы вальс з завулка.
– Ён пазвонiць! Ён пазвонiць! А чужаземец не шкодны. Цяпер я разумею, што ад яго не будзе шкоды!
Машына зашумела, ад'ехала ад варот. Грукнулi варотцы, па плiтках на сцяжынцы пачулiся крокi.
"Гэта Мiкалай Iванавiч, па хадзе пазнаю, - падумала Маргарыта, - трэба зрабiць нешта на развiтанне смешнае i забаўнае".
Маргарыта махнула штору ўбок i села на падаконнiк бокам, абхапiла каленi рукамi. Месячнае святло лiзнула яе з правага боку. Маргарыта паглядзела ўгору на поўню i зрабiла твар задуменным i паэтычным. Крокi шухнулi яшчэ два разы i раптоўна зацiхлi. Маргарыта яшчэ палюбавалася на поўню, дзеля прылiку ўздыхнула, павярнула голаў у сад i сапраўды ўбачыла Мiкалая Iванавiча, якi жыў на першым паверсе ў гэтым самым асабняку. Поўня залiвала Мiкалая Iванавiча святлом. Ён сядзеў на лаўцы, i зразумела было, што апусцiўся на яе ён мiжволi. Пенснэ ў яго на твары неяк перакасiлася, а партфель ён сцiскаў у руцэ.
– А, добры вечар, Мiкалай Iванавiч, - з сумам у голасе сказала Маргарыта, - добры вечар! Вы з паседжання?
Мiкалай Iванавiч нiчога не адказаў.
– А я, - працягвала Маргарыта i ўсё больш высоўвалася з акна, - сяджу адна, бачыце, сумую, гляджу на поўню i слухаю вальс.
Левай рукой Маргарыта правяла па скронi, паправiла пасмачку валасоў, потым сказала сярдзiта:
– Ну, гэта няветлiва, Мiкалай Iванавiч! Усё ж я жанчына! Гэта хамства - не адказваць, калi з вамi гавораць!