Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

На гэты раз чакаць давялося нядоўга. Грукат дзвярэй. Крокi сцiхлi. Адчайны крык. Кацiнае мяўканне. Крокi хуценькiя, дробненькiя, унiз, унiз, унiз!

Паплаўскi дачакаўся. Хрысцячыся i штосьцi мармычучы, праiмчаў журботны чалавек, без капелюша, з вар'яцкiм тварам, паабдзiранаю лысiнаю i ў зусiм мокрых штанах. Ён пачаў тузаць ручку выхадных дзвярэй, ад страху забыўся, у якi бок дзверы адчыняюцца - вонкi цi ўсярэдзiну, - нарэшце справiўся з дзвярыма i вылецеў пад сонца на двор.

Кватэра была праверана. Максiмiлiян Андрэевiч не думаў болей нi пра нябожчыка пляменнiка, нi пра кватэру, шаптаў толькi два словы: "Усё зразумела! Усё зразумела!", вылецеў на двор, сцiнаючыся

ўвесь ад аднае толькi думкi пра тую небяспеку, якая яму пагражала. Праз некалькi хвiлiн тралейбус iмчаў эканамiста-планавiка на Кiеўскi вакзал.

З маленькiм чалавечкам, пакуль эканамiст сядзеў унiзе ў каморцы, адбылася надзiва непрыемная гiсторыя. Чалавек гэты быў буфетчык у Вар'етэ i звалi яго Андрэй Фокавiч Сакаў. Пакуль iшло следства ў Вар'етэ, Андрэй Фокавiч трымаўся збоч ад усяго, што дзеелася, можна было толькi прыкмецiць, што з выгляду зрабiўся ён яшчэ больш сумным, чым быў звычайна, i, акрамя ўсяго, ён пацiкавiўся ў кур'ера Карпава пра тое, дзе спынiўся прыезджы маг.

Такiм чынам, пасля таго як развiтаўся на пляцоўцы з эканамiстам, буфетчык дабраўся да пятага паверха i пазванiў у кватэру No 50.

Яму адразу ж адчынiлi, але буфетчык скалануўся, адступiў назад i ўвайшоў не адразу. Гэта зразумела. Адамкнула дзверы дзявуля, на якой нiчога не было, акрамя какетлiвага карункавага фартушка i белае наколкi на галаве. Ды на нагах яшчэ былi залатыя туфлi. Сама сабою дзявуля была - нi да чога не прыдзярэшся, усё як след, калi не лiчыць барвовага шрама на шыi.

– Ну што ж, заходзьце, калi званiлi!
– сказала дзявуля, гледзячы на буфетчыка зялёнымi распуснымi вачыма.

Андрэй Фокавiч толькi вохкнуў, замiргаў вачыма, ступiў у пярэднi пакой i зняў капялюш. У гэты момант у пярэдняй зазванiў тэлефон. Бессаромная пакаёўка паставiла адну нагу на крэсла, зняла слухаўку з рычага i сказала ў яе:

– Алё!

Буфетчык не ведаў, куды глядзець, пераступаў з нагi на нагу i думаў: "Ну i пакаёўка ў чужаземца! Цьфу ты, брыдота якая!" I каб уратавацца ад брыдоты, глядзеў па баках. Увесь вялiкi i прыцемны пярэднi пакой быў завалены нязвыклымi прадметамi i адзеннем. Напрыклад, на спiнку крэсла быў накiнуты жалобны плашч з вогненнай чырвонаю падкладкаю, на падлюстравым столiку ляжала доўгая шпага з блiскучым залатым тронкам. Тры шпагi з тронкамi срэбнымi стаялi ў кутку гэтак жа звычайна, як нейкiя парасоны альбо кавенькi. А на аленевых рагах вiселi берэты з арлiным пер'ем.

– Так, - гаварыла пакаёўка ў тэлефон, - як? Барон Майгель? Слухаю. А! Пан артыст сёння дома. Ага, будзе рады сустрэцца з вамi. Ага, госцi... Фрак цi чорны гарнiтур. Што? А дванаццатай ночы.
– Пакаёўка скончыла размову i сказала буфетчыку: - Што вам трэба?

– Мне трэба бачыць пана артыста.

– Што? Усяго толькi яго самога?

– Яго, - сумна адказаў буфетчык.

– Спытаюся, - сказала няўпэўнена пакаёўка, прачынiла дзверы ў пакой нябожчыка Берлiёза i паведамiла: - Рыцар, тут з'явiўся маленькi чалавек, якi гаворыць, што яму патрэбен месiр.

– А няхай заходзiць, - пачуўся з кабiнета голас Кароўева.

– Заходзьце ў гасцёўню, - сказала дзявуля звычайна, быццам была адзета па-чалавечы, прачынiла дзверы ў гасцёўню, а сама выйшла з пярэдняга пакоя.

Увайшоўшы туды, куды яго запрасiлi, буфетчык забыўся, дзеля чаго ён сюды прыйшоў, гэтак уразiла яго ўбачанае. Праз каляровыя шкельцы ў вялiкiх вокнах (фантазii ювелiршы, якая знiкла бясследна) наплывала незвычайнае, падобнае на царкоўнае, святло. У старадаўнiм вялiзным камiне, хоць быў гарачы вясновы дзень, палалi дровы. А ў пакоi не было нi кроплi гарачынi, наадварот нават, чалавека ахоплiвала нейкая

падвальная вiльготнасць. Перад камiнам на тыгравай шкуры сядзеў i дабрадушна прыплюшчваўся на агонь чорны кацiла. Быў стол, на якi набожны буфетчык зiрнуў i аж скалануўся - стол засланы царкоўнаю парчою. На парчовым настольнiку стаяла мноства бутэлек - пузатых, зацвiлых i запыленых. Мiж бутэлькамi паблiсквала блюда, i было вiдаць, што блюда гэтае з чыстага золата. Ля камiна маленькi рыжанькi на доўгай сталёвай шпазе пёк на агнi кавалкi мяса, сок капаў на агонь, i дым вывiваўся ў комiн. Пахла не толькi смажаным, але яшчэ i нейкiм моцным адэкалонам i ладанам, ад чаго ў буфетчыка, якi ўжо ведаў пра гiбель Берлiёза i пра месца яго пражывання, мiльганула думка, цi не служылi, чаго добрага, царкоўную панiхiду, i ад думкi гэтае ён адмахнуўся адразу ж, як ад недарэчнае.

Ашаломлены буфетчык нечакана пачуў цяжкi бас:

– Ну, што вам трэба ад мяне?

Тут буфетчык i заўважыў у цянi таго, хто быў яму патрэбен.

Чорны маг развалiўся на нейкай вялiзнай канапе з раскiданымi на ёй падушкамi. Буфетчыку здалося, што на артысце была адна толькi чорная бялiзна i чорныя вастраносыя туфлi.

– Я, - горка сказаў буфетчык, - з'яўляюся загадчыкам буфета ў Вар'етэ...

Артыст працягнуў руку, на пальцах якой ззялi каштоўныя камянi, быццам затыкаў буфетчыку рот, i загаварыў палымяна:

– Не, не, не! Нi слова болей! Нiзашто i нiколi! У рот нiчога болей не вазьму ў вашым буфеце! Я, шаноўны, праходзiў учора паўз вашу стойку i да гэтага часу не магу забыць нi пра асятрыну, нi пра брынзу. Залаты мой! Брынза не бывае зялёнага колеру, гэта нехта абмануў вас. Яна павiнна быць белая. Ага, а гарбата? Ды гэта ж памыi! Я сваiмi вачыма бачыў, як нейкая неахайная дзявуля падлiвала з вядра ў ваш вялiзарны самавар негатаваную ваду, а гарбату працягвалi прадаваць. Не, дарагi мой, гэтак нельга!

– Я перапрашаю, - загаварыў ашаломлены гэтым нечаканым нападам Андрэй Фокавiч, - я не з-за гэтага, i асятрына тут нi пры чым.

– Як гэта - нi пры чым, калi яна сапсаваная!

– Асятрыну прывезлi другое свежасцi, - паведамiў буфетчык.

– Галубок, глупства кажаш!

– Што - глупства?

– Другая свежасць - вось што глупства! Свежасць бывае толькi адна першая, яна i апошняя. А калi асятрына другое свежасцi, то гэта абазначае, што яна прытухлая!

– Я перапрашаю...
– пачаў iзноў буфетчык, не ведаючы, як адчапiцца ад артыста.

– Прабачце, не магу, - цвёрда сказаў той.

– Я не з-за гэтага прыйшоў!
– зусiм засмучана прамовiў буфетчык.

– Не з-за гэтага?
– здзiвiўся чужаземны маг.
– А з-за чаго ж яшчэ вы можаце прыйсцi да мяне? Калi памяць служыць мне, то з такiх людзей я знаёмы быў усяго з адной маркiтанкаю, але ж гэта даўно, калi вас i на свеце не было. Усё роўна я рады. Азазела! Табурэтку пану загадчыку буфета.

Той, што смажыў мяса, павярнуўся, жахнуў буфетчыка сваiмi iкламi i спрытна падаў яму адну з цёмных дубовых табурэтак. Iншае мэблi ў пакоi не было.

Буфетчык прамовiў:

– Вялiкi дзякуй, - i сеў на табурэтку. Задняя яе ножка адразу з трэскам адламалася, буфетчык балюча ўдарыўся задам аб падлогу i вохнуў. Калi падаў, зачапiў нагою другую табурэтку, якая стаяла перад iм, i вылiў сабе на штаны поўную чашу чырвонага вiна.

Артыст усклiкнуў:

– Вой! Цi не скалечылiся?

Азазела памог буфетчыку ўстаць, падаў другую табурэтку. Гаротным голасам буфетчык адмовiўся ад прапановы гаспадароў зняць штаны i высушыць iх перад камiнам на агнi, адчуваючы сябе няёмка ў прамоклым да бялiзны адзеннi, з аглядкаю прысеў на другую табурэтку.

Поделиться с друзьями: