Мяжа
Шрифт:
«Адлятае» — гэта нечы чужы, падсвядома запазычаны штамп: адлятае летні настрой, канікулы, «журавы ў вырай», пух з таполі, адлятае сум «белымі ніткамі-павуцінамі», хоць таполі даўно ўжо адцвілі, а да бабскага лета з журавамі і з павуцінамі — як да неба.
Мой шчанючок круціць галавою, не разумеючы, што яго грэе, і спрабуе нюхаць сонечныя промні. Можна ўявіць, як цяпер ягонаму носу, калі мой адрознівае сто пахаў! Я з усяе сілы цягну носам, захлынаюся паветрам, і робіцца, быццам нырнуў і набраў у нос вады,
Паўз могілкавую агароджу растуць старыя высокія вішні; у іх цяпер ствалы з аднаго боку бліскучыя, падсушаныя сонцам, у залатых шарыках соку, а з другога — шурпатыя, мокрыя ад расы і ад туману, дык вось — вішні мне пахнуць цвёрдымі белабокімі гуркамі, свежым расолам…
Матка кладзе вішнёвыя галінкі ў бочку з гуркамі…
Пахі рэзка наплываюць, змяняюцца, я ледзь перастаўляю ногі. Шчанючок таўчэцца носам у кеда, аббягае мяне, каб ісці далей самому, але пожня драпае яму па голым жываце, спераду нічога не відно, і ён, скуголячы, падае на хвост і ліжа жывот і лапы.
Я задзіраю галаву. Неба далёкае, вымытае начным туманам і высушанае ранішнім сонцам да бела-сіні. Пахне яно сама трывожна: Анжэлаю, духамі, горадам і сном, калі лятаеш над лугам, «па якім гуляюць жанчыны і коні»… Гэтыя пахі адначасна музыка: я выразна лаўлю мелодыю, паўтараю яе вуснамі, яна гайдае мяне каруселяю…
— Ды што ж гэта такое?!
Ходырам ходзіць пад нагамі пожня, падаюць з бабак снапы, рассыпаюцца, вішні пераварочваюцца дагары… хачу падумаць усё гэтае, а гук доўга, ліпуча, нудна цягне: «Сна-а-а…», і нават «снапы» не выходзіць падумаць. Мне млосна, я апускаюся на калені лбом у пожню і нюхаю часта-часта мокрае павуцінне і зелле… Ад сэрца млявасць паўзе па грудзях, па шыі, ніжэй — у лоб. Зямля паволі выцягвае яе… знікае і мелодыя… знікае… вось і следу ўжо няма.
Тое, што было МНОЮ, узлятае ўверх і трошкі ўправа, і адсюль, зверху, цікаўна і здзіўлена глядзіць, як устае з зямлі белагаловы хлопчык, абцірае штаны, кашулю, хістаючыся на роўным полі, ідзе да хатаў, заходзіць у адну, высыпае на посцілку каля поліка грыбы, сцягвае адзін аб другі кеды і валіцца ў ложак. Ужо ні голад, ні бразганне і тупат каля печы, ні радыё, ні сакатанне куры пад саменькім акном не разбудзяць яго аж да
— …а мо, як ты кажаш, і будзе які толк, — чуваць з меншае хаты салодзенькі матчын голас. — Ён жа вучыцца, маладзічко, на круглые пяць! Мо, Бог дасць, хоць ён куды выб’ецца…
— Маладзіцо — выб’ецца! — пераконвае матку паштальёнчын голас. — Ён жа і на алімпіяды нейкія ездзіць…
— Куды хочаш ездзіць…
Гэта пра мяне. Матка заўсёды і ўсім мяне хваліць, але мне гэта ні прыемна, ні непрыемна, а ніяк, а «так і павінна», бо такое заўсёды: сем гадоў я добра вучуся, і сем гадоў мяне хваляць — з чым параўнаць, каб уведаць, што пахвальба гэтая заслужаная, а не… ох, заблытаюся! — а не «так і павінна быць»?
Калі матка з паштальёнкаю выходзяць, я саскокваю з ложка, бягу ў меншую хату і ем маладыя смажаныя ў смятане грыбы, запіваючы халодным кісялём з малінаў. Выходжу на двор, за хату.
За хатаю дзядзька Сцяпан косіць на поплаўчыку атаву, а матка ходзіць следам, растрэсае. Дзядзька ў керзавых чобатах, у светлых картовых штанах, з сівымі вусамі і з моцнай загарэлай лысінаю — гэта коласаўскі дзядзька Антось! Я залажу на жэрдку і сонна пазіраю. Па плоце бяжыць некуды бліскуча-попельны кот у белых панчошках, а за ім знізу скача пад’еты шчанючок — скача як заяц, лезе на ніжнюю жэрдку і зрываецца лапамі.
Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы…Вялізны кот з касою ў лапах і падперазаны хвастом…
Усё, «Новая зямля» мяне
цяпер не адпусціць. Гэта дзядзька вінаваты са сваімі вусамі і з чобатамі. Заплюшчыўшы вочы, я гартаю па памяці знаёмую кніжку… вось старонка з прысохлым камаром: ясна бачу кожную лапку, аднаго крыльца няма, а ўверсе тэкст: I вось над садам, загуменнем Сняжынкі жвавыя гуляюць, Садок і дворык засцілаюць Бялюткім, чыстым…— Вой, вужака!
— Бі, бі! — крычыць матка і круціцца, шукаючы што ў руку. — Сынок, дай граблі, палку!
— Біце, дзядзька Сцяпан! — крычу і я здалёку, але, босы, і не думаю нават злазіць са сваёй жэрдкі.
Дзядзька, не сказаць, каб смела, тыркае кассём абы-куды. Матка самая актыўная: шукае, пора граблямі ў траву, выглядае ў баразне паўз пожню…
— У лес пабегла даўно, — махае рукою дзядзька. Ён падходзіць да мяне, садзіцца побач, закурвае.
— Добра, як у лес, а як у сноп, падлюка, зашылася, — матка шукае і ў снапах аўса, якія побач, разгорнутыя, сушацца на пожні.
Ад дыму я зусім п’янею. На імгненне раптам нашыя шулы ад варотаў робяцца беленькімі мармуровымі калонамі, бетонныя прыступкі паміж імі вядуць у нейкія дзверы, і я сам іду па гэтых прыступках, а злева — прыгожая шыльда, і пад ёй на сцяне патрэскаўся тынк формаю лацінскай літары S. Бр-р!
Дзядзька тым часам паказвае папяросаю на голую сножаць і бубніць:
— …А тут жыў сярбеец. Хата стаяла.
— А адкуль ён узяўся, дзядзька?
— Гм, чорт яго матку знае. Мы тады сільно бедненько жылі, і вось неяк я ару, матка гліцу пайшла грабці, а Валодзя ляжыць пад плотам, з голаду памірае…
Шулы як шулы. Мабыць, гэтыя калоны проста мне сёння прысніліся, і так нечакана ўспомніўся сон.
— …А тут, — дзядзька ківае за поплаўчык, дзе расце цімалы лес, — тут жыў Чуб.
— А чаго яго дражняць Чуб?
— Бо ён быў вельмі паганы! Кульгаў, падла. Неяк палез на нейкую крышу, шыфер ён хацеў там слаць ці хвароба яго знае, што ён там хацеў, да паслізнуўся, да ўпаў, да ўбіўся к… мацеры і стаў кульгаць. Яго бацька вожыкі еў. Назбірае па лесе цэлага кашаля, павысыпае іх у печ, прыпрэ засланку кірпічом, а яны пішчаць, пішчаць на ўсю хату! Пёк іх так, жывымі. Там трошкі туды, — тыча дзядзька за нашыя спіны, — жыў Палізан такі. Іхняя хата згарэла. Ён у вайну, як быў маленькі, сільненько баяўся парцізанаў. Раз парцізаны прыйшлі забіраць кабана, а маткі дома не было, ён у сена залез і калоціцца! Так баяўся. А пасля от папаплакаў: «Мамо, палізаны ходзяць, а я длізу-длізу!» Дрыжу-дрыжу, хацеў сказаць. Так і стаў — Палізан…
Дзядзька плюецца, сморкаецца, шкрабае пару разоў бруском па палатне і ідзе дакошваць. Дый пара — ужо сонца пячэ ваўсю, ужо стаіць добры
Гады з тры таму, яшчэ добра на маёй памяці, паўз самую хату, вось паўз гэты паплоўчык, дзе дзядзька цяпер косіць, цякла такая чысценькая, прыгожая, вілюжная паміж алешчынаў і вербавых карчоў рэчка. Яна паіла Прыпяць. Увесну і ўвосень яна разлівалася. Ніколі не забуду, як адзін раз вясною вада ад нечага рэзка схлынула, і ў нізінцы, на сваіх сотках, я спаймаў двух шчупакоў — даўжынёю мне да калена. Але вясновы разліў я не так любіў, як калі мая рэчка замярзала на зіму і ад хатаў аж да лесу рабілася шырокае лёдавае поле. Лёд быў празрысценькі, свяціўся да самага дна. Каля карчоў можна было напарвацца на ўмерзлых у лёд уюноў. Я лягаў тады на гэты лёд і ўглядаўся, якія ў уюна вусікі, плаўнікі, сагнуты кручком хвост і калючая палачка каля рота. Я бег дадому па сякеру, асцярожна цюкаючы, высякаў іх усіх да аднаго, і ў цёплых далонях яны адыходзілі і пачыналі слаба варушыцца… Я ў дзесяць гадоў здабываў і сабе, і матцы цэлую вячэру! Ды яшчэ якую! Ай, хопіць, не буду ўспамінаць…