Мяжа
Шрифт:
— Дык вось, не бывае таннага шчасця, папомніце мяне! Шчасце трэба заслужыць, крывёю заплаціць за яго!..
Усе нагнуліся над партамі і хіхікаюць, а Тані ў такія хвіліны страшэнна сорамна за яго; яна думае, што і з яе гэтыя хіхікі; такім настаўнік перастае падабацца ёй і яна ўжо не адчувае пяшчоты, гледзячы на яго штаны, на пінжак, пацёрты на локцях,
Аднойчы пасля выхадных ніхто з класа не зрабіў хатняга задання. I Таня таксама. На выхадныя прыязджала з горада Надзя, старэйшая сяброўка, якая вучылася ў тэхнікуме, Таня пайшла з ёю ўвечары ў клуб, на танцы, потым за клубам Надзя курыла, Таня папрасіла і яе навучыць… Словам, загулялася, і не да ўрокаў было.
— Малайцы! — сказаў Міхаіл Іванавіч, прайшоўшы між радоў і глянуўшы сшыткі. — Усё правільна — гуляй, Ванька, Бога нет!
I сеў сабе моўчкі за стол і чытаў, ні на што не зважаючы. У канцы ўрока падняўся, сказаў гнеўна, ківаючы тоўстым пальцам:
А вы земле проживете, Как черви слепые живут.(Узмах рукою)
Ни сказок про вас не расскажут, Ни песен про вас не споют!— Усіх пакідаю пасля ўрокаў. (Урок беларускай мовы апошні.) Перапісвайце, спісвайце адзін у аднаго, што хочаце рабіце, хоць на галовах стойце, — але кожны падыдзе да стала, пакажа практыкаванне, тады свабодны.
Потым, пакашляўшы, але ўсё так жа строга:
— Ты, Таня, можаш ісці. Я цябе адпускаю.
— Я не зрабіла, Міхаіл Іванавіч.
— Значыць, у цябе была важная прычына, — спакойна адказвае настаўнік. — Ідзі.
Дзяўчынка не кранаецца з месца. Праз момант ёй зноў ззаду кідаюць на парту запіску — тою ж рукою зноў намаляваныя людзі, сукупленыя ў палавым акце.
Перапісваюць практыкаванне хутка, каб паспець яшчэ да званка, падносяць адзін за адным да стала. Міхаіл, нават не правяраючы, ставіць каму пяцёрку, каму чацвёрку, і адпускае. Таня, нізка схіліўшыся над сшыткам, марудна выводзіць кожную літарку.
Урэшце яны застаюцца адны ў класе, настаўнік і вучаніца.
— Таня, давай дзённік, — кажа Міхаіл Іванавіч, устае і пачынае збірацца. — Я табе даўно ў журнал пяцёрку паставіў.
Дзяўчынка бярэ партфель, сшытак, падыходзіць да стала:
— Вось… — і замест сшытка падае настаўніку запіску, дзе людзі ў палавым акце.
Той няўцямна, блізарука ўзіраецца; потым яго вялікая далонь разам з паперкаю пачынаюць дрыжэць.
— Ну, чарты дзікія… Што выдумаць… На гэта розуму хапае… На, парві хутчэй, каб ніхто не бачыў! Ты, Таня, я табе вось што скажу… Прысядзь.
Вучаніца паслухмяна сядае за першую парту, настаўнік цяжка апускаецца ў крэсла.
— Ты, Таня, менш іх слухай. Ты ім не роўня, у цябе галава светлая, табе трэба вырывацца адсюль у вялікае жыццё, бацькі ў цябе няма, памагчы ніхто не паможа, а будуць толькі…
Дзяўчынка глядзіць яму проста ў вочы, і ён ад пагляду гэтых цёмных, вільготных, нібы сонных вачэй бянтэжыцца, кашляе і нават чырванее.
— Куды вырывацца, Міхаіл Іванавіч?
— Як куды — у горад! Можа, нават у Мінск. Ты выдатніца, цягні на медаль…
— I што ў тым горадзе? Трахацца па
абшчагах? — спакойна, сваім зусім яшчэ дзіцячым голасам пытае яна.Міхаіл Іванавіч аж закрывае сабе далоняю рот, быццам гэта ў яго вырвалася гэтае слова.
— Таццяна… — шэпча ён і азіраецца на дзверы. — Цішэй, ты ж мяне падводзіш!
— Надзя вунь расказвала. Ведаеце, што яны там вытвараюць? П’юць, кураць і трахаюцца. Шчасце такое, горад…
— Надзя цябе навучыць! Ты вельмі разумная дзяўчынка, будзеш сама сябе глядзець, і… і…
Зноў яе вочы не даюць яму сабраць слоў.
Раптам ён нібы разумее нешта, замаўкае, і твар яго робіцца зусім ужо чырвоным.
— Таня, — мармыча ён, не падымаючы галавы, — Таня, у мяне ўжо ўнучка магла б быць такой, як ты… У мяне трое дачок…
— А гузікі рознымі ніткамі прышытыя. I латачка вунь на локці.
Настаўнік спалохана ўскідвае руку і глядзіць на латачку. Тані смешна гэта, і шкада яго, нейкая пяшчота да яго, як да бацькі, якога ў яе няма; хочацца ўзяць яго вялікую далонь у сваю і прыціснуцца да яго пляча… Але яна — дзяўчына, жанчына, і векавы інстынкт прымушае яе гаварыць не тое, пра што яна думае, і рабіць не так, як ёй хочацца.
— Вы не бойцеся, Міхаіл Іванавіч, — яна стараецца надаць голасу абыякавасці. — Больш такіх запісак не будзе. Я ведаю, хто іх прысылае.
Настаўнік маўчыць, Яна пстрыкае замкамі партфеля, апранае плашчык, які не здавала сёння ў гардэроб, бо ў класе халаднавата, ідзе да дзвярэй.
— Да пабачэння, Міхаіл Іванавіч.
— Таня, — ціха кажа настаўнік. — Таня!..
Але дзяўчынка, мабыць, не чуе. Зачыняюцца за ёй дзверы.
Настаўнік збірае свае кнігі і, задуменны, прыгорблены, тэпае ў настаўніцкую. Там сядзіць толькі завучыха, Паліна Пракопаўна, якую і вучні, і настаўнікі за вочы завуць проста Полька.
— Вам жонка толькі што званіла з горада, — кажа Полька, абмацваючы яго з галавы да ног насмешлівым, нячыстым позіркам. — Прасіла пазваць вас, я сказала, ён сядзіць з вучаніцай пасля ўрокаў. Тады яна наказала перадаць, каб вы не адразу дамоў ехалі, а каля вакзала зайшлі ў магазін і купілі… Вось, я запісала.
— Я помню, — суха адказвае Міхаіл Іванавіч і адводзіць яе руку з вырваным каляндарным лістком.
Ён хутчэй нацягвае сваю чорную куртку, адвярнуўшыся, каб завучыха не бачыла, што ў ёй зламаны замок-«маланка» і знізу яго трэба прымацоўваць шпількаю, урэшце спраўляецца, зашморгвае, бярэ свой пусты сакваяж і, буркнуўшы «ўсяго добрага», выходзіць на восеньскі непрыветны двор. Імжыць дождж; Міхаіл Іванавіч насоўвае на галаву капюшон, памалу ідзе да прыпынку. Па дарозе шнырыць па кішэнях курткі, знаходзіць два скамечаныя прабітыя талончыкі. Адзін, абгледзеўшы, выкідвае, другі разгладжвае, каб не было відно дзірачак — спатрэбіцца яшчэ. (Да горада ў яго праязны, а ад вакзала тры прыпынкі ехаць гарадскім аўтобусам, з вечнымі кантралёрамі.)
«Таня… Таня…» — думае Міхаіл Іванавіч і ніяк не можа дадумаць, пакуль не разумее — гэта ж ён гукае, кліча яе!..
Холадна на прыпынку, імжа, пуста — няма пасажыраў. Настаўнік ставіць сакваяж на мокрую лаўку і глыбока хавае рукі ў кішэні.
Якая тут Таня, куды ўжо табе, Міхаіл Іванавіч, зваць Таню!..
15. Здзірай з «Вожыка»
І якое ж было маё разачараванне, калі, ужо студэнтам, мы сустрэліся аднойчы з былым настаўнікам, і я памкнуўся пахваліцца (усё ж плён яго навукі, прамая сувязь з прадметам):