Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Даўно тое было! Даўно ўжо зусім іншыя асацыяцыі выклікае чырвонае на белым, даўно не адчуваеш радасці ні ў свята, ні ў будзень… Прачнешся, расчухаешся, планы на дзень прыкінеш, на працу ды назад з’ездзіш — вось табе і дня няма; і толькі засынаючы, здрыганешся раптам: ды гэта ж Мікола быў сёння! І празвініць у вушах нейкі далёкі адгалосак, ён жа прадвеснік, першы акорд будучага апавядання, расповеду пра часы, калі кароткі зімовы дзень здаваўся даўжынёю ў год, бо і ўбіраў у сябе столькі ўсяго, што хапала пасля на цэлы год успамінаў…

Было, было! Калі прачынаўся рана ад цішыні выключанага «радзьва», ад матчынага грукання ў меншай хаце, ад радасці, што хутка канікулы. Ад таго, што нядзеля сёння, заўтра ў школу, а ўрокі загадзя паробленыя. Ад таго, што раніца, а светла ад снегу за вакном. Ды яшчэ — ад ціхага, да пустаты ў

жываце прыемнага адчування сапраўднага свята, адчування такога знаёмага жыцця вакол і прысутнасьці сябе ў гэтым жыцці, і ад боязі праспаць, не паспець ухапіць нават аднаго дня гэтага жыцця — а яго трэба ўвабраць без астатку, насыціцца кожнай хвілінай яго, кожным яго пахам, колерам, кожным яго эпізодам!

Першае, што робіш, лежачы ў цёплым ложку, — гэта просіш святога Міколу, каб маці не здагадалася выцягнуць з пячуркі рукавіцы. У адной з іх дзве цыгарэты, якія выкленчыў учора ў свайго класнага кіраўніка Кацмана, паабяцаўшы яму ўвесну сажанцы чырвоных сліваў; такія на ўсю вёску чамусьці толькі ў нас і растуць. Што яшчэ? Паесці. Пакурыць з Сержыкам у кустах на рэчцы, дзе ў нас хакейнае поле. Дамовіцца, хто будзе красці з дому выпіўку, хто закуску… Праўда, сёння нам і так дазволена амаль ўсё — сядай за стол, еж, выпівай, калі дурны і хочацца… Але што ж тады за кайф? Украсці ж цікавей.

Пра Сержыка размова асобная. Мы аднагодкі, але я вучуся ў сёмым класе, ён — трэці год у пятым. Я без бацькі, радні няма, жывём з маці, канечне, бедненька. У яго бацька, матка, тры старэйшыя сястры, плойма дзядзькоў, цётак у вёсцы і ў горадзе. Я выдатнік, ён у вучобе не проста дуб, а дубалом, пень пнём, і даўно адправілі б яго ў спецшколу для разумова адсталых, каб не бацька. Бацька ў яго «хрантавік» («хрэнтавік», як сам Сержык жартуе), ваяваў разам з Гарасёвым, а Гарасёў самы большы начальнік горада і раёна. Калі-нікалі Гарасёў прызджае да франтавога сябра ў госці, Сержык кажа на «Волгі» (мініяцюрка Брыля), а часцей сам бацька Сержыкаў, напакаваўшы сумкі, цягнецца да яго ў горад. Так што чапаць Сержыка не пажадана нікому: ні дырэктару, ні завучу, і можна толькі ўявіць, што ён за падарунак, калі сам Гарасёў трэці год не можа выцягнуць яго з пятага класа! Адзіны ў сям’і сынок, позняе дзіця, з ім нянькаюцца і разбэшчваюць яго, як толькі можна. Расказвалі ды сама яго маці і расказвала — як тры сястры выстрайваліся адна за адной каля калыскі маленькага Сержыка і дзьмулі яму па чарзе ў голы пульхны зад; ілюстрацыя да раблеўскага Гарганцюа! Яму дазволена ўсё. Кожнае яго жаданне выконваецца без прамаруды. Захацеў раз Сержык мапеду — калі ласка, назаўтра атрымоўвай, ды не звычайную «Рыгу», а «Верхавіну», дзве хуткасці, амаль матацыкл. Зажадаў стрэльбу — на, сынок, бацькаву аднастволачку, «ды глядзі ж, беражыся, вочкі не павыбівай» (сабе, канечне, вочкі, не людзям). Канькі-«канадкі», клюшка за шэсць з нечым, шлем, шчыткі, накаленнікі — во да чаго зайздрасць сапраўдная, да амуніцыі хакейнай, а не да «Верхавіны» нават і не да стрэльбы… Раз захварэў Сержык, зажадалася яму, як многім хворым, што часта самі не ведаюць, чаго хочуць, — шахматаў. Лета, сенакос, бацька кідае ўсю работу, едзе на цэлы дзень у горад, прывозіць шахматы. Ды не простыя, не нашы лакіраваныя дзеравяшкі за тры шэсцьдзесят — касцяныя, з пазалочанай інкрустацыяй, у скрыначцы, абабітай усярэдзіне карычневым аксамітам. На, сынку, папраўляйся! Сынку пагуляў сам з сабою ў Чапаева, пстрычкамі збіваючы пешкі, адламаў ферзю галаву і на тым скончылася.

Я люблю яго. Мы сябры. З ім лёгка, цікава і пляваць на тое, што ён двоечнік. Затое ён ўмее, як бядулеў Салавей, размаўляць рознымі галасамі, мужчынскімі і жаночымі. Да ўсяго ж у нас з ім аднолькавае адчуванне жыцця. Нам мала яго, гэтага, калі шчыра, даволі такі нудненькага рэальнага вясковага жыцьця, мала простага сузірання гэтых хат, людзей, настаўнікаў, школы; нам хочацца самім тварыць яго, хай сабе толькі ў марах, затое па-свойму.

Фантазіі ў нас бываюць смешныя, дасціпныя, бываюць банальныя і, вядома ж, далёка не заўсёды бяскрыўдныя Мы выдумляем-фантазіруем, перабіваючы адзін аднаго, устаўляючы розныя падрабязнасці, на тэму Сержыкавага суседа дзядзькі Міколы Піцерскага. Напрыклад, як ён мог служыць у войску? Прымітыўны, непісьменны, акрамя таго дылда пад два метры ростам — усю форму, ад ботаў да пілоткі, яму шылі па спецзаказе, мы самі бачылі дакуманты, калі неяк залезлі да яго ў пограб і знайшлі кіпу

пажоўклых лісткоў з выцвілымі, пад капірку напісанымі параметрамі. Чаму так не пабеларуску Піцерскі? — неяк з жонкаю паехалі яны ў горад Ленінград (гэта не прыдумкі, а праўда), пачалі спускацца ў метро. Жонцы, вясковай цёмнай бабе, якая дасюль не была нават у райцэнтры, зрабілася блага — яшчэ б, нейкі страшны чорт жывую апускае ў апраметную! Нема яна загаласіла і, задзіраючы ногі, пачала пералазіць на суседні эскалатар, які падымаўся ўверх, які мог уратаваць яе, вынесці з гэтага пекла… Мікола хапаў за спадніцу, сцягваў назад… Дарэчы, хутка пасля паездкі яна памерла, цалкам магчыма, што і ад стрэсу, а Мікола стаў Піцерскім. Дзякуючы Сержыку і папулярнаму тады «джэнцельменскаму» фільму.

А то мы ўкладваем майго класнага кіраўніка Кацмана, ціхмянага сарамлівага яўрэйчыка, які чамусьці баіцца жанчын, у адзін ложак з Кацяй, маладой і «ранняй» настаўніцай нямецкай мовы; цымус яшчэ і ў тым, што ў нашай інтэрпрэтацыі яны нават ў ложку размаўляюць на «вы».

Я: «Повернитесь, пожайлюйста, на бочёк, дорогая Катюшенька… Так мне будет удобнее…» Сержык (Каціным голасам): «Я вам чьто, гимнастка? Может, ещё мостик прикажете сделать?!» У мяне аж дрыжыкі бягуць па спіне, бо не толькі голас, і твар у яго робіцца падобным на Кацін, і міжволі мільгане думка: ды адкуль гэта ў цябе, двоечніка, невука, які ніводнай кніжкі ў жыцці не прачытаў?! Ды ці не прыдурваешся ты, пад прасцячка ламаючыся?! Каб рабіць усё, што хочаш?!

Мы з Сержыкам залезлі ў лазовы куст, што расце проста з лёду, адразу за варотамі хакейнай пляцоўкі. Куст вялізны, памяшчаецца ў ім чалавек дваццаць і можна сядзець на галінах, як на лаўках. Іншым часам тут наша раздзявальня. Цяпер мы пакурваем тут, ганяем «цыганачку»… Ах, тая першая ранішняя зацяжка! Той шум у вушах, салодкі транс, раптоўнае абвастрэнне зроку, слыху, нюху!.. Гэта пазней, пазней забухаюць кашлем лёгкія, пазней прыдзе расплата — задышкаю, арытміяй… А пакуль што смялей! — давай, зацягвайся, каўтай дым, здароўя ж не мерана, скура гладзенькая, зубкі белыя, пальцы нікацінам не смярдзяць…

Сержык робіць доўгія зацяжкі і, выпускаючы дым, заплюшчваецца. Я падганяю: ды расказвай хутчэй! Пакуль я ўчора урокі рабіў, ён не спаў у шапку. Госці пачалі з’язджацца яшчэ з вечара. Да Гермачыхі-штунды прыехаў сын, імяніннік Мікола, таксама штунда (так у нас завуць баптыстаў), не адзін, а з дзеўкаю, нават з дзвюма дзеўкамі! Абедзьве гарадскія, бялявенькія, абедзьве, калі Сержыка паслухаць, у Бога веруюць. Мікола Гермачышын іх у малітоўным доме недзе і знайшоў.

Сержык расказвае ў ролях, разыгрывае цэлы спектакль. Гэта трэба чуць і бачыць. Канечне, ён яшчэ ўчора ўсё падгледзеў, усё выведаў.

— …Коля на гітары іграе, дзеўкі параздзяваліся і таньчаць голыя, а Гермачыха на поліку сядзіць, у ладкі пляскае… Фу-у-у! — шумна выдыхае ён дым з рота.

Трэба ж! Такі абыякавы голас, такая нявіннасць у сумленных вачах! Нават і ведаючы яго, як аблупленага, міжволі засумняваешся — а мо праўда?

— Дык а што ён ім іграў?

І на гэта ў Сержыка ёсць адказ. Словы, і нават мелодыю ўдалося яму запомніць. Ён перабірае, як па струнах, пальцамі па крысе новенькага свайго пальта і спявае рыхтык голасам Кабзона, на матыў колішніх «бамаўскіх» шлягераў:

Верце у Бога Ісуса Хрыста, І спамінайце Ліхіе дзела!

— Ды не брашы ты!

— Бля буду, — клянецца Сержык. — Яны ведаеш як усе ў Бога вераць? Ты што!

Я ўздыхаю.

— Вось каб паглядзець…

На дзевак голых? Шчасце такое!

Сержык сплёўвае. Канечне! Тры сястры дома, на вачах, хочаш не хочаш усяго нагледзішся…

Аднак хутка першы рэйс аўтобуса. Варушыцца трэба. А то засядзеліся тут, закурыліся так і галоўнае, чаго добрага, прапусціш.

Хуценька ідзем да клуба. Мароз, сонца, ружовы снег, які скрып-скрып пад чаравікамі. Здорава! Проста нейкая дурная радасць у душы. А на прыпынку ўжо людзі. І два Міколы-імяніннікі сярод іх. Адзін — Піцерскі, двухметровая тычка, у новым кажусе, у хромавых ботах, якія блішчаць на сонцы халявамі; другі — гадоў пад шэсцьдзесят інвалід па мянушцы Пісталет. Абодва чакаюць гасцей. Піцерскі — свата, якога завуць Сідар (нам напярод, ад аднаго гэтага імені ўжо радасна), Пісталет сына з горада Варапаева.

Поделиться с друзьями: