Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нічые

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

XVI

А ў сяле адбывалася вось што.

Не паспелі Чуб са старым Карпам выйсці на вуліцу, як ад Дзянісавай хваробы не засталося і следу; ён вызірнуў у акно, сарваў з калочка-вешалкі шынялёк, сунуў у кішэню маўзер, выскачыў на двор і, прыгінаючыся, хуценька папраставаў агародамі да суседняе хаты - той самай, з якой быў малы Васілько, што папярэдзіў іх пра чырвоных, і, галоўнае, той самай, дзе жыла яго сястра - крэпенькая круглашчокая «безадказная» (даходзілі да Дзяніса чуткі) Лізка.

– Ай, малайцы!
– не хаваў радасці ад з'яўлення госця Лізін бацька, дзядзька Ладусь, мітусячыся каля стала.

– Трэба

ж - так спрытна ўхайдокалі! А вось я дарма што стары, а не змог бы!.. Так я што хочаш: і цяля зарэжу, і кабана, а вось чалавека - не дай Бог!
– казаў, нібы хвалячыся сваёй гэтай няздатнасцю. Невялічкі, з хітраватымі вочкамі, хуткі на язык і на рухі, падобны нечым на брыгаднага «апостала ў лапцях» Мяшочка (на якога часта, калі ён выступаў, Дзяніс з сябрам Валодзькам Піліпчуком глядзець не маглі без смеху).
– Я ж і ў варміі не быў ніколі, не ведаю, якім бокам тую стрэльбу наводзіць...

У хаце было холадна. Хоць і прапальвалі, але дзьмула з усіх шчылінаў, асабліва ад акна. Дзяніс у шыняльку, толькі фуражку скінуў, сядзеў на покуці і, панурыўшыся, не слухаючы дзядзьку Ладуся, круціў у пальцах шклянку з жаўтаватай смярдзючай самагонкаю. Даўно сцямнела. Самаробная газнічка куродыміла ў вочы і паўкругам асвятляла стол з бутлем на ім і з беднай закуссю: міска квашанай капусты, вараная бульба на ручнічку, соль ды цыбуля. У другім кутку, каля печы, гарэла, патрэскваючы, смольная лучыніна, ціха татахкала прасніца - Ладусева жонка, цётка Ёўга, ссучвала на верацяно кудзелю. Побач на поліку прыткнулася чырванашчокая Лізка, яна змотвала ў клубок гатовыя ніткі і мяняла час ад часу лучыніны (чорныя абгарышы ляцелі ў чыгун з вадою і з шыпеннем тухлі). Ногі яе, абутыя ў лапцікі, не даставалі падлогі, яна хістала імі і не зводзіла з Дзяніса бліскучых вачэй. Малы Васілько, натомлены і намерзлы, спаў на печы.

«Ды не цягні ты, расказвай!
– будзе ўмаляць Валодзька Піліпчук.
– Ну, пабілі вы чырвоных - і што далей?» - «Што-што, пайшоў вады папіў... Тады думаю, навошта мне тое Семежава здалося, гульну, думаю, хоць які дзянёк, раз ужо так падшэнціла. Да дзеўкі, думаю, адскочу».
– «Да дзеўкі?!
– абамлее ад зайздрасці, не паверыць Піліпчук.
– У цябе хіба дзеўка ёсць?» - «Ну ты смешны - і не адна. А гэтая, Лізка, ты не ведаеш яе. Кажу Чубу - так і так, захварэў, кажу, нешта горла баліць. Чуб хітры, здагадаўся, вядома. Маўзер Кецкаў пакінуў. Закурыць маеш?» - «На!» - і пакуль ён марудна пачне скручваць цыгарку, Валодзька будзе прытупваць ад нецярпячкі. «Ну, далей!» - «Што далей - не паспела ад'ехаць падвода, як я маўзер у кішэню, ногі ў рукі - і да дзеўкі. Вось... (будзе расказваць, расцягваючы словы, у доўгія паўзы пыхкаючы самакруткаю), ну, з бацькам яе пасядзелі, выпілі, значыць...» - «Выпілі?!» - «Ну ты смешны - як жа без гэтага? Гляджу - яна, ну, Лізка, ножкамі так і стрыжэ, вочкамі так і свеціць...»

– Дзяніс! О Дзяніс, чуеш?

Ён страпянуўся. Дзядзька Ладусь са шклянкаю ў руцэ сядзеў з краечку лавы, быццам не гаспадар, а госць быў тут.

– Я, Дзяніс, гэта... Кажу, не змог бы чалавека забіць...

– А ён, можна падумаць, змог, - насмешліва абазвалася з поліка Лізка.
– Нябось напалохаўся, уцякаў, як заяц!

– Так і было, - пацвердзіў Дзяніс.

Дастаў з кішэні маўзер, агледзеў яго ўважліва, дзелавіта. Паклаў назад у кішэню.

– Ага, такі спалохаецца!
– Дзядзька Ладусь з павагаю, з любоўю і з гонарам за яго сачыў за гэтымі рухамі.
– Ты, Дзяніско, сынок, на мяне не глядзі, пі сабе і закусвай!

Выпілі; дзядзька Ладусь далікатна, у шчопаць, захапіў капусты з місы - ніякіх ні відэльцаў, ні лыжак на стале не было. Дзяніс макнуў у соль цыбуліну, падумаў - ну і галота, трэба было здагадацца прынесці хоць сала які кавалачак... Ці толькі Лізку прысароміў бы гэтым?.. Які ён усё ж малайчына, што прыйшоў сюды.

Прыемна, добра, утульна было, нягледзячы на холад... Ад самагонкі, ад лісліва-хвалебных слоў дзядзькі Ладуся, які, вядома ж, як і кожны бацька, прымае яго за зяця, ад ціхага татахкання

пралкі, ад паглядаў Лізчыных, ад таго, што Васілько спіць на печы (малы - не тое што ён, дарослы хлопец Дзяніс - таму і спіць так рана)... А яшчэ больш прыемна і добра ад уяўлення, як пра ўсё гэта можна будзе расказваць Піліпчуку Валодзьку. Прычым і хлусіць не трэба.

Дзянісу раптам прыйшло ў галаву: а мо ён і праўда герой, як дзядзька Ладусь з дачкою думаюць? Згадаў Чуба - як той піў і закусваў салам без хлеба, калі на двары трупы яшчэ не астылі. Тады яго ледзь не зблажыла... А цяпер тое самае робіць, што й Чуб, адно мерцвякі ўжо не стаяць у вачах... Усё, аказваецца, прасцей, да ўсяго можна прывыкнуць. Хто і як даведаецца, што «геройства» ягонага на тое хапіла, каб вяроўку з каморы вынесці, а потым спужаўся, у атрад не паехаў, урэшце, збег да суседзяў, абы дома не заставацца?.. Гэта гледзячы як расказваць... Адны й тыя словы, па-рознаму сказаныя, могуць выставіць яго як за сцыкуна, так і за героя. Дойдзе гэтая гісторыя, напрыклад, да Чуба і да Гната з Міколам - і ўсё самым найлепшым чынам растлумачыцца. «А!
– падкруціць вусы Чуб.
– Дык ён, гад, проста паддурыў нас, не паспелі мы з хаты, як ён да дзеўкі! Спрытнюга!»

– Дзяніс! О Дзяніс!
– крануў яго за руку дзядзька Ладусь.
– Ты чуеш?

– О?

– Я гэтае, кажу, - а бацька ведае, што ты ў нас?..

Добра і прыемна таксама, што яго, Дзянісаў, бацька багаты, а гэты Ладусь - бедны. Таму і цягнецца да заможнікаў, аж карціць яму парадніцца з якім-небудзь; таму і спытаў, ці ведае Карпа, што яго сын да Лізкі ходзіць, - раз бацька ведацьме, то гэта ўжо сур'ёзна, гэта ўжо спадзеўкі на штось; таму і падстройваецца пад багатыроў - не ўступае ні ў якія камбеды, Саветы лае, «лясных хлопцаў» хваліць, на апошнія грошы выпісвае «Беларускае Слова» - маўляў, і ён не так сабе: пры патрэбе і пра палітыку ўставіць, і ў эканамічных навінах разбярэцца, і нават курсы валют (якія рэгулярна змяшчала газета) яго цікавяць - і ўсё не як Піліп з канапель, а талкова, спаважна, да месца...

– Дзяніс, чуеш?..

– Што?
– у які ўжо раз ускінуўся Дзяніс.

– Я гэта... Пытаю - хіба нашы ўрад пераехаў цяпер? Я чуў, што ўжо ў гэтым... аж у Парызе?

– Дзе-дзе?

– Ну, горад такі ёсць... Парыж называецца...

– Можа, у Рызе, вы хацелі сказаць? Парыж - у Францыі, Рыга - у Латвіі.

Ліза на поліку аж зайшлася смехам - яшчэ й газеты чытае!

Збянтэжаны, сам з сябе смеючыся, чухаючы патыліцу, дзядзька Ладусь вінавата апраўдваўся:

– Гэта ж галава трэба конская, каб разабрацца... Таму ж і пытаю, бо во - хлопец вучоны, гімназію канчаў... Пытаць жа не грэх. Дый то: хіба ж у нас адзін ён, гэты ўрад? Я хацеў неяк падлічыць - чорта з два, ніяк...

– Што ёсць, тое ёсць, - пасміхаючыся, рады нагодзе паказаць сваю дасведчанасць, сказаў Дзяніс.
– Кіраваць намі хочуць усе, хто не лянуецца, - паўтарыў ён словы Чуба, але не заўважаў гэтага, бо звыкся з імі, як з уласнымі.

– Ну-ну, - праявіў дзядзька цікавасць, - і колькі? Хоць прымерна?

– Значыць, так.
– Дзяніс пачаў загінаць пальцы.
– Урад БНР Ластоўскага ў Рызе - раз, Найвышэйшая Рада Луцкевіча-Тарэшчанкі ў Варшаве - два, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Лодзі - тры, Беларускі Нацыянальны Камітэт Ярэміча ў Вільні - чатыры, Беларускі Палітычны Камітэт недзе пры Балаховічу - пяць, так?
– Левая рука згарнулася ў кулак.
– Урад Кнорына - Чарвякова ў Менску - шэсць?

– Праўда што: у Мінску ўсё па-свінску, - уставіў да месца дзядзька Ладусь.

– Урад Літоўска-Беларускай рэспублікі недзе ў Бабруйску, ці дзе ён там - сем? Гэта не лічачы нашай Рады Случчыны, якая, праўда, Найвышэйшую Раду прызнае, не лічачы Беларускай Вайсковай Камісіі ў Горадні...

– Ой, мнагавата, ой, мнагавата, - круціў галавою дзядзька Ладусь.
– А мо яно і лепш, што мнагавата? Больш паляўнічых - ваўка лягчэй абкласці...

– Лепш-то лепш, дык яны ж грызуцца ўвесь час. Дзе два беларусы, там тры партыі, - ужо не Чуба, а Мірановіча паўтарыў Дзяніс.

Поделиться с друзьями: