Нічые
Шрифт:
Людзі стаялі шчыльным натоўпам - цёмнай плямінай на белым снезе, - самі цяпер бы тая скаціна ў гурце. На пярэдніх нацэлены былі два «максімы». Акружаў натоўп разрэджаны ланцуг чырвонаармейцаў з вінтоўкамі.
Непадалёку, пры дарозе, размясціліся цыганскім табарам некалькі падвод, упрэжаных худымі чырвонаармейскімі коньмі. Адна стаяла асобна, зусім блізка - акурат па цэнтры перад людзьмі, каб кожны мог убачыць паклажу на ёй.
І людзі глядзелі. Заднія прабіраліся бліжэй, напіралі на пярэдніх, выцягвалі шыі... Некаторыя хрысціліся. Мала паклажы - два абледзянелыя, раскірэчаныя трупы з раскіданымі рукамі, нібы абняўшыся, ляжалі ў задку (праз дзірку драбіны звешвалася знаёмая доўгая брудная абмотка), - воддаль сярод гуртка чалавек з пяці начальнікаў, што пазнаваліся па сваіх рамянях, партупеях ды фуражках, тырчэла постаць... Косціка Кецкі. Таго самага, якога ўчора звязалі і павялі, а вось ён раптам тут, жывы, здаровы, нават у тым жа сваім фарсістым скураным палітоне!
Тым часам рэўкамавец штось тлумачыў сваім таварышам, найбольш звяртаючыся да невысокага барадатага чалавечка з чарнявым, нетутэйшым тварам, да таго ж у акулярах; пярэднія чулі толькі Кецкава да яго: «таварыш Губмян... таварыш Губмян...» Таварыш Губмян слухаў няўважліва, нахохлена азіраўся, прытупваў снег хромавымі ботамі на высокіх абцасіках - знарок нажыўленых, каб выглядаць на большы рост.
Усё было зразумела. Адпусціць Кецку хлопцы не маглі, значыць, проста ўцёк, такі адкуль хочаш выкруціцца - і навёў на вёску атрад... А перад гэтым паказаў, дзе хлопцы прыхавалі забітых чырвоных, іх уночы сюды і падвезлі... Ніякай вялікай мудрасці, каб зразумець гэта, не трэба было. Мудрасць трэба была, каб угадаць - далей што, чаму іх сюды сагналі і што сабраліся з імі рабіць?
І людзі гадалі. Учарашні дзед у белых валёнках - той самы, што прапаноўваў запрэгчы «чорта бяспалага» Кецку заместа каня, і цяпер стаяў паперадзе ўсіх, абапіраючыся на крывуліну. Сёння пры ім было ўсё сямейства: два рослыя, здаровыя сыны, дзве нявесткі, вакол - грыбкамі ля старога баравіка - россып унукаў і ўнучак... Што гэта радня, лёгка пазнавалася па аднолькавых на ўсіх, з белага лямцу пашытых валёнках - сам стары, мабыць, і быў спецыялістам. Нават на самым меншанькім, які спакойна спаў у маці на руках, былі такія ж - белыя, яшчэ й са скуранымі трохкутнічкамі на задніках. Гарбаты Карпа стаяў, засунуўшы даўжэзныя рукі, як у муфту, у рукавы кажуха, нізка апусціўшы галаву, нібы згубіў штось і зараз сіліўся адшукаць пад нагамі. Побач стаяла нявестка, як заўсёды з каменна-застылым тварам, трымаючы вусенічкай спавітае немаўля. Калі свёкар уперыўся вачыма ўніз, дык нявестка, наадварот, не міргаючы пазірала кудысь далёка (ва ўчарашні ці ў заўтрашні дзень?)... Было відаць, што нічога ёй тут не абыходзіла: ні аднавяскоўцы, ні чырвонаармейцы, ні забітыя, ні жывыя. Тут жа, побач, тулілася сям'я Ладуся - сам гаспадар цікаўна круціў ва ўсе бакі галавою, задаволены ўжо тым, што разам з багатырамі стаіць. Ён ужо выгледзеў, што няма ні яго дачкі, ні Карпавага сына, якія ўчора разам сышлі, таму і прывёў сям'ю бліжэй да Карпы, і стаў побач - як бы нешта ўжо давала яму права на нейкае сваяцтва...
Усё больш святлела. Ружавеў снег і далёка-далёка, дзесь там, куды ўглядалася Карпава нявестка - аж за полем, зліваўся з такой самай ружовай палоскаю неба.
Кецка ўсё даказваў штосьці начальству. Слоў не было чуваць, затое цяпер, у гэтай перадсвітальнай яснасці, добра бачна было, што твар у рэўкамаўца пакрыўджаны, нават сярдзіты. Кожнае слова падмацоўвалася нервовымі рухамі; найчасцей Кецка проста рассякаў зверху ўніз марознае паветра выцягнутай у напрамку лесу рукой (так цяпер галасуюць, спыняючы таксі ці папутку). Маленькі барадач слухаў яго няўважліва, азіраўся, пабліскваючы шкельцамі акуляраў, і ўсё паплёўваў...
Нічога пакуль не адбывалася. Усё выглядала задужа будзённа: ні спешкі, ні камандаў, ні крыкаў, ні стрэлаў... Салдаты з ачаплення паапускалі вінтоўкі прыкладамі ў снег, хто, як той стары Карпа, грэў рукі ў рукавах шынялёў, хто, прытрымліваючы зброю сціснутымі каленямі, прыкурваў... Чырвонаармейцам каля падводаў была яшчэ большая вольніца. Там смяяліся, прытанцоўвалі, ляпалі сябе па плячах і па баках; некаторыя, каб сагрэцца, нават дурэлі, валтузячыся з таварышамі. Нічога не адбывалася - і пакрысе акружаныя, сагнаныя ў натоўп людзі таксама спакайнелі. Мала-памалу і да іх пераходзіў гэты дураслівы настрой, перадавалася гэтае адчуванне будзённасці. Нічога ж няма пакуль страшнага, а раз няма, дык і наўрад ці будзе, бо адкуль, з якой прычыны гэтаму страшнаму ўзяцца? І вось ужо сёй-той таксама пачынаў прытупваць і паляпваць сябе па баках, грэючыся. Ужо смялей, гучней гаварылі; пазіраючы на чырвонаармейцаў, самі не заўважалі, што механічна ўжо і іхнія вусны крывяцца ў тупых ухмылках... Не прыцягвала больш, бы магнітам, вачэй падвода з трупамі - абвыкліся: стаіць падвода, ну і стаіць сабе. Да таго ж як знарок, як у пацверджанне гэтай абвыкласці прыбеглі раптам ад «табара» сюды, да падводы з забітымі, два маладыя сабакі, відаць, чырвонаармейскія, у сяле такіх прыгожых не было. Аднолькавыя, кашлатыя, жоўтай масці і з чорнымі вясёлымі мусамі. Прыбеглі, адразу здагадаліся, што не пагоняць іх адсюль, бо гэтыя акружаныя людзі хоць і не на прывязі, але самі ў нейкім такім, на іхняе сабачае падобным, становішчы. Ажывіліся абодва, замахалі веернымі хвастамі, сарваліся з месца і пачалі насіцца перад людзьмі і вакол падводы... І што яны толькі не выраблялі!.. Круціліся клубком, грызучы і ўласны, і чужы хвост, ляскалі прытворна
зубамі, хапалі на хаду снег, вілі пад возам васьмёркі, грудзьмі адзін аднаго збівалі, а то, разам спыніўшыся, парабіўшы морды сур'ёзнымі, задзіралі ногі адзін на адно кола, другі на другое, пакідалі меціны, дзелавіта абнюхвалі іх і зноў як па камандзе зрываліся гойсаць; пакуль адзін ці выпадкова, ці, можа, знарок, з шалу, не ўшчаміўся паміж спіцаў у коле - ні ўзад ні ўперад... Тут жа падскочыў бліжэйшы з акружэння чырвонаармеец і ўрэзаў яму прыкладам пад зад. Чарнаморды куляю прашыў два колы, вылецеў па той бок падводы і з галашэннем панёсся да «табара». Таварыш яго, падціснуўшы хвост, - следам.– Ата-ту!
– Лаві яго!
– Во надаў ускарэнне!
Рагаталі вяскоўцы, рагаталі чырвонаармейцы; яшчэ больш прымірыў, неяк аб'яднаў, здалося, гэты эпізод акружаных з тымі, хто акружыў. Усе людзі, усе аднолькавыя, з аднаго й таго ж смяюцца і плачуць...
Не адразу, зацікаўленыя гэтым сабачым цыркам, пачалі даваць увагу, што паміж начальствам адбыліся змены, што галоўнае дзеянне нарэшце пачынаецца. Купка камандзіраў перамясцілася бліжэй да падводы, а Кецка дык і зусім блізка стаіць, узняўшы руку і патрабуючы цішыні. Пярэднім відаць былі нават кропелькі ў яго пад носам, на чорным кусціку вусоў.
Ён ужо і гаварыў нешта ціхім голасам. Твар сярдзіты, адна шчака торгаецца, а ў вачах, чырвоных, нявыспаных, - як бы трывога ці нават так - трывожная просьба (падалося тым, хто стаяў бліжэй).
Натоўп закалыхаўся, заднія загукалі:
– Гучней!
– Што там такое?
– Не чуваць нічога!
– ...абітыя таварыш-шы!
– узвысіў голас рэўкамавец.
– Банда, якая атабарылася ў Семежаве пад палякамі... Калі да гэтага дня глядзелі праз пальцы, дык учарашні інцыдэнт...
– ...І не так сабе нападзенне адбылося каля вашай вёскі! (Ізноў падалося пярэднім, што ён просіць аб чымсьці вачыма, як нейкія знакі падае.)
– ...Усе вы тут, хто стаіць, не маўчыце! Калі хто ведае, як гэта было, ці чуў што-небудзь, ці здагадваецца, як напалі на нашых дарагіх таварыш-шаў, зараз жа выходзьце і расказвайце! Можа, хто ведае, у каго бацькі, сыны ці радня ў семежаўскай бандзе, таксама выходзьце і гаварыце і нікога і нічога не бойцеся! Тут, на чырвонай Случчыне, не бываць больш ні паляку, ні германцу, ні чорту лысаму - акрамя нашай савецкай улады, якая ўмее мілаваць, але ўмее і караць! Таму...
Дзядок у белых валёнках, прыставіўшы далонь да вуха, слухаў і пасміхаўся бяззуба, нічога не разумеючы. Затое да іншых, у каго былі лепшыя слых і розум, дайшло. Падняў галаву Карпа, пераглянуліся з Ладусем. Па натоўпе прашалясцела... Што такое?.. Гэта ж атрымліваецца... Гэта ж выходзіць, што Кецка не сказаў чырвоным нічога?.. Атрымліваецца, ён знарок адводзіць ад вёскі... і аб гэтым (здагадайцеся, дурні!) - просяць увесь час яго вочы!.. Вось табе і Косцік бяспалы, вось табе і камуняка-рэўкамавец!..
Аднак, былі, канечне, кемлівыя і ў тым лагеры. Таварыш Губмян, заклаўшы, як Ленін за камізэльку, за рамяні партупеі вялікія пальцы, стаяў і патрошку ківаўся з пят на насы; паблісквалі шкельцы акуляраў. Насмешлівы выраз яго дробненькага, бародкаю апраўленага тварыка выдаваў: мялі, Ямеля!
– усе вы тут адным мазаныя, нават балбочаце па-свойму, не зразумець анічога... Калі Кецка ў трэці ці ў чацвёрты раз прапанаваў выйсці і пакаяцца тым, у каго сваякі ў бандзе, таварыш Губмян паманіў пальцам і спытаўся штось (хутчэй за ўсё цікавіўся, аб чым так доўга можа бубнець Кецка) у хлопца гадоў дзевятнаццаці. Хлопец, як і ўсе ў гэтым начальніцкім кодле, быў перацягнуты паверх кажуха партупеямі, у шырачэзных - пухірамі на каленях - галіфэ, з аграмаднай кабурою браўнінга на паясніцы; нагнуўшыся, ён выслухаў Губмяна і пахітаў адмоўна галавою - таксама, відаць, не разумеў тутэйшай гаворкі.
Урэшце камісару надакучыла. Перастаўшы ківацца, ён выцягнуў з задняй кішэні галіфэ пляскаты сярэбраны гадзіннік, паднёс перш да вуха, а затым пстрыкнуў крышачкай і даволі доўга, - прынамсі, даўжэй, чым калі хочуць даведацца, каторы час, углядаўся ў іх - бы не адно дванаццаць лічбаў і дзве стрэлкі бачыліся яму ў гэты момант на матавым цыферблаце, як на экране, а цэлы малюнак: вузенькая і брудная, крывымі гарбатымі домікамі пад чырвоным гонтам сціснутая бакінская вулачка, аблезлая сціплая шыльда над нізенькім - бесталковыя «азеры» ніяк не маглі прывыкнуць і вечна разбівалі галовы - уваходам: «Часовых Дел Мастера Губмян и Сын», усё з вялікіх літараў...
Але вось гадзіннік апусціўся беражлівым рухам назад у кішэню.
Сын гадзіннікавых спраў майстра загаварыў:
– А дабы не павадно было!..
– І многія ў натоўпе ўздрыгнулі і пачалі азірацца, не разумеючы, што гэта? Адкуль гэтыя рэзкія, дзеравяныя, непамысныя гукі? Хто іх утварае?
– Каб яшчэ лепш дайшло да вас...
– Губмян высунуўся наперад - маленькі барадаты карла, а Кецка, абарваны на паўслове, збянтэжаны, зараз жа адступіў назад, растварыўся ў начальніцкай кучы.
– За смерць кожнага дарагога таварыша... суровая плата па законах ваеннага камунізму! Нашая рабоча-сялянская ўлада самая гуманная... Але грош ёй цана!.. Нічога не вартая тая ўлада, якая не здольна пастаяць за сябе і жалезнай рукою...